1 Пятра 2 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Дык, адклаўшы ўсякую злосьць і ўсякі подступ ды крывадушнасьць і завісьць і ўсякую абмову,
 
Дык адклаўшы ўсякую ліхоту, і ўсякі подступ, і крывадушнасьць, і зайздрасьць, і ўсякія абмаўляньні,

як нованаро́джаныя дзе́ткі, палюбе́це чыстае слоўнае малако, каб ад яго ўзрасьці вам на збаўле́ньне;
 
як нованароджаныя немаўляты, зажадайце чыстага слоўнага малака, каб ад яго вы расьлі,

бо вы паспробавалі, што Госпад добры.
 
бо вы пакаштавалі, што Госпад добры.

Прыступаючы да Яго, жывога каменя, адкіненага людзьмі, але выбранага Богам, дарагога,
 
Падыходзячы да Яго, жывога Камяня, адкінутага людзьмі, але выбранага Богам, каштоўнага,

і самі як жывыя каме́ньні, будуйцеся ў дом духоўны, сьвяшчэнства сьвятое, каб прынасіць духоўныя ахвяры, любыя Богу праз Ісуса Хрыста.
 
і самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духоўны, сьвятарства сьвятое, каб узносіць духоўныя ахвяры, адпаведныя Богу, праз Ісуса Хрыста.

Бо сказана ў пісаньні: вось Я кладу ў Сыоне камень вуглавы выбраны, дарагі, і хто ве́рыць у Яго, не асароміцца (Ісая 28:16).
 
Дзеля гэтага і зьмешчана ў Пісаньні: «Вось, Я кладу ў Сыёне ку́тні Каме́нь, выбра́ны, каштоўны, і хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены».

Дык вось, Ён для вас, ве́руючых, цэннасьць, а для няве́руючых — камень, які адкінулі будаўнічыя, ды які стаўся галавой вугла (Псальм 117:22), камень спаткне́ньня і камень спакусы,
 
Дык Ён для вас, якія вераць, — каштоўнасьць, а для тых, якія ня вераць, — камень, які адкінулі будаўнікі, які стаўся галавой вугла,

аб які яны спатыкаюцца, не пакараючыся слову, на што й пакінены.
 
камень спатыкненьня і скала згаршэньня для тых, якія спатыкаюцца аб слова, не скараючыся, дзеля чаго і пакінутыя.

Але вы — выбраны род, царскае сьвяшчэнства, народ сьвяты, людзі адабраныя, каб абвяшчаць цноты Паклікаўшага вас з це́мры ў цудоўнае сьвятло Яго;
 
А вы — выбраны род, валадарнае сьвятарства, народ сьвяты, людзі, атрыманыя як удзел, каб абвяшчаць цноты Таго, Які паклікаў вас з цемры ў дзіўнае сьвятло Сваё,

не́калі не́-народ, а цяпер народ Божы; не́калі немілава́ныя, а цяпер памілаваныя.
 
некалі не народ, а цяпер — народ Божы; [некалі] не мілаваныя, а цяпер — памілаваныя.

Умілаваныя! прашу вас, як прышлых і падарожнікаў, ухіляйцеся ад цяле́сных пажаданьняў, што супраць душы ваююць,
 
Улюбёныя, прашу вас, як прыхадняў і вандроўнікаў, высьцерагайцеся цялесных пажаданьняў, якія змагаюцца супраць душы́,

і вядзе́це добрае жыцьцё між паганамі, каб яны за тое, за што словамі зьняважа́юць вас, як злачынцаў, угледзіўшы добрыя ўчынкі вашыя, славілі Бога ў дзе́нь адве́дзінаў.
 
і мейце добры лад жыцьця між паганамі, каб яны за тое, за што ачарняюць вас, як ліхадзеяў, гледзячы на добрыя справы [вашыя], славілі Бога ў дзень адведзінаў.

Дык будзьце пакорныя ўсякай уладзе людзкой дзеля Госпада: ці то цару, як зьве́рхняй уладзе,
 
Дык падпарадкоўвайцеся ўсякаму стварэньню чалавечаму дзеля Госпада, ці то валадару, як вышэйшай [уладзе],

ці то начальнікам, як ад яго пасыланым дзеля караньня злачынцаў і дзеля заахвочаньня робячых дабро,
 
ці то ваяводам, як праз яго пасыланым дзеля помсты ліхадзеям і дзеля пахвалы́ тым, якія робяць дабро.

бо гэткая ёсьць воля Божая, каб мы, робячы дабро, затыкалі вусны нявуцтву неразумных людзе́й,
 
Бо гэткая ёсьць воля Божая, каб мы, робячы дабро, прымушалі замаўчаць невуцтва неразумных людзей,

як вольныя, ды не як маючыя волю дзеля прыкрыцьця зла, але як Божыя слугі.
 
як свабодныя, і не як тыя, што свабоду маюць як падставу для ліхоты, але як слу́гі Божыя.

Усіх паважайце, брацтва любе́це, Бога бойцеся, цара шануйце.
 
Усіх паважайце, брацтва любі́це, Бога бойцеся, валадара шануйце.

Слугі, з усе́нькім страхам пакарайцеся валадаром, ня толькі добрым і лагодным, але і срогім.
 
Слу́гі, з усякім страхам падпарадкоўвайцеся ўладарам, ня толькі добрым і спага́дным, але і круце́льскім.

Бо люба Богу тое, калі хто, думаючы аб Богу, пераносе гора, церпячы несправядліва.
 
Бо гэта ласка [Божая], калі хто дзеля сумленьня Божага пераносіць смутак, церпячы несправядліва.

Бо што за пахвала, калі вы це́рпіце ды б’юць вас за грахі? Але, калі робячы дабро і ў муках це́рпіце, дык гэта Богу люба,
 
Бо што за слава, калі вы трываеце, як б’юць вас за грахі? Але калі робячы дабро і церпячы, трываеце, гэта ласка ў Бога.

бо вы на тое пакліканы; бо і Хрыстос пацярпе́ў за вас, пакінуўшы вам прыклад, каб вы йшлі па сьлядох ягоных:
 
Бо вы на гэта пакліканыя, бо і Хрыстос перацярпеў за нас, пакінуўшы нам прыклад, каб мы ішлі па сьлядах Ягоных.

Ён не зрабіў ніякага грэху, і ня было подступу ў вуснах Яго (Ісая 53:9);
 
Ён не зрабіў аніякага грэху, і не было подступу ў вуснах Ягоных.

Ён, зьневажа́ны, не зьневажа́ў узае́мна; це́рпячы мукі, не пагражаў, а перадаў Таму, Хто судзіць справядліва.
 
Ён, зьневажа́ны, не зьневажа́ў у адказ, церпячы, не пагражаў, а перадаў [суд] Таму, Хто су́дзіць справядліва.

Ён грахі нашыя сам узьнёс у це́ле Сваім на дрэва, каб мы, вызваліўшыся ад грахоў, жылі дзеля праўды: ранамі Яго аздаро́ўлены.
 
Ён грахі нашыя Сам узьнёс у целе Сваім на дрэва, каб мы, памёршы дзеля грахоў, жылі ў праведнасьці; ранамі Ягонымі вы аздароўленыя.

Бо вы былі, як авечкі блукаючыяся, але вярнуліся сягоньня да пастыра й валадара душ вашых (Ісая 53:4−6).
 
Бо вы былі як авечкі, што заблукалі, але цяпер вярнуліся да Пастыра і Епіскапа душаў вашых.