Да Эфэсянаў 5 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Дык будзьце насьлядоўцамі Бога, як умілаваныя дзе́ці,
 
Дык будзьце наслядоўнікамі Бога, як браты найдаражэйшыя,

і хадзеце ў любві, як і Хрыстос палюбіў нас і выдаў Сябе́ за нас, як дар і ахвяру Богу, на пах прые́мны.
 
і жывіце ў міласьці, як і Хрыстус узьлюбіў нас і выдаў самога сябе за нас на ахвяру і гостыю на ўспадабаньне Богу.

А блуд і ўсякая нячыстасьць або прагавітасьць няхай і не ўспамінаюцца ў вас, як і гожа сьвятым;
 
Распуста ж і усякая нячыстасьць або сквапнасьць (хцівасьць) хай і не ўпамінаюцца ў вас, як належыць сьвятым,

ані агідныя і благія словы або жарты і няпрыстойнасьці; але ле́пш падзяка.
 
або разбэшчанасьць ці ліхая гаворка, ці насьмешка неадпаведная, а толькі падзяка Богу.

Бо ве́дайце, што ніякі блудзень, ці нячысты, ці хцівец, які хваліць ідалаў, ня мае спадчыны ў Царстве Хрыста і Бога.
 
Вось гэта ведайце і будзьце перакананымі, што ні адзін распусьнік або нячысты ці сквапны, што зьяўляецца ідаласлужэньнем, ня мае ўдзелу ў валадарстве Хрыстовым і Божым.

Няхай ніхто ня зводзіць вас пустымі словамі, бо за гэтае прыходзіць гне́ў Божы на сыноў спраціўле́ньня.
 
Хай ніхто вас ня зводзіць пустымі словамі. Дзеля іх жа паў гнеў Божы на сыноў недаверства.

Дык ня будзьце супольнікамі іх.
 
Дык не станьцеся ўдзельнікамі іх лёсу.

Вы былі калісь це́мрай, а цяпе́р — сьвятло́ ў Госпадзе: паступайце-ж, як дзе́ці сьвятла́,
 
Былі бо вы калісьці цемраю, а цяпер вы — сьвятло праз Госпада, дык як сыны сьвятла і жывіце.

бо плод Духа ёсьць у ўсякай дабраце́ і праведнасьці, і праўдзе;
 
Плод жа сьвятла выяўляецца ўсякай дабратой і справядлівасьцю, і праўдай.

выпрабоўвайце, што ўгодна Богу,
 
Глядзіце, што падабаецца Богу.

і ня прыймайце ўчасьця ў бясплодных дзе́яньнях це́мры, а ле́пш дакарайце.
 
Не прымайце ўдзелу ў бясплодных справах цемры, а выкрывайце іх.

Бо аб тым, што робіцца імі тайна, сорамна й гаварыць.
 
Бо не прыстойна і казаць аб тым, што робіцца тайна, хаваючыся.

Усякі-ж дакор робіцца яўным ад сьвятла́, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло;
 
Усё, што ганіцца, становіцца яўным, бо ўсё, што выкрывае, зьяўляецца сьвятлом.

дык і кажа: устань, сьпя́чы, і ўскрэсьні з мертвых, і асьве́ціць цябе́ Хрыстос.
 
Таму Пісьмо Сьвятое кажа: "Устань, каторы сьпіш, і падыміся з умёршых, і асьвеціць цябе Хрыстус".

Дык глядзе́це, паступайце асьцярожна, не як бязглуздыя, але як мудрыя,
 
І так глядзіце, браты, асьцярожна вядзіце сябе, не як неразумныя,

выкупляючы час, бо дні хітрыя.
 
але як мудрыя, карыстаючыся часам, бо дні цяпер ліхія.

Дзеля гэтага ня будзьце неразважлівымі, але пазнавайце, што́ ёсьць Воля Божая.
 
Дзеля таго не станьцеся неагляднымі, але разумеючымі волю Божую.

І ня ўпівайцеся віном, бо ў ім распуста, але напаўняйцеся Духам,
 
Не піце лішне віна, у якім прычына распуснасьці, але напаўняйцеся Духам Сьвятым,

гаворачы ад сябе́ псальмамі і гымнамі, і пе́сьнямі духоўнымі, пяючы і іграючы Госпаду ў сэрцах вашых,
 
сьпяваючы між сабою псальмы і гімны, і кантыкі духоўныя; сьпявайце і хваліце Госпада ў сэрцах вашых.

дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу і Айцу ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
Дзякуйце заўсёды Богу і Айцу за ўсё ў імя Госпада нашага Езуса Хрыстуса.

пакараючыся сабе́ ўзае́мна ў страху Божым.
 
Падпарадкоўвайцеся адны адным у баязьні Хрыстовай.

Жанчыны, пакарайцеся сваім мужом, як Госпаду,
 
Жанчыны хай слухаюць мужоў сваіх, як Госпада,

бо муж ёсьць галава жаны, як і Хрыстос галава Царквы́, і Ён жа збавіцель це́ла;
 
бо муж — галава жанчыны, як Хрыстус — галава Касьцёла, сам Збаўца — галавой цела свайго.

але, як царква́ пакараецца Хрысту, гэтак і жонкі сваім мужом у-ва ўсім.
 
Але, як Касьцёл падчыняецца Хрыстусу, так і жонкі ў ва ўсім мужам сваім.

Мужы, любе́це жонкі свае́, як і Хрыстос палюбіў Царкву і выдаў Сябе́ за яе́,
 
Мужы, любіце жонак сваіх, як і Хрыстус любіць Касьцёл і самога сябе выдаў за яго,

каб асьвяціць яе́, ачысьціўшы купальняй воднаю у слове;
 
каб асьвяціць яго, ачышчаючы купельлю вады і словам жыцьця,

каб паставіць яе́ Сабе́ слаўнаю, Царкву гэную, бяз плямы ці заганы ці чаго гэткага, але каб яна была сьвятая і беззаганная.
 
каб стварыць самому сабе слаўны касьцёл, без пляміны ці зморшчыны або чагосьці падобнага, але каб б сьвяты і беззаганны.

Гэтак павінны мужы любіць сваіх жанок, як це́лы свае́: хто любіць жонку сваю, самога сябе́ любіць.
 
Так і мужы павінны мілаваць жонак сваіх, як уласныя целы. Хто сваю жонку любіць, сам сябе любіць.

Бо ніхто ніколі ня ме́ў не́навісьці да свайго це́ла, але жывіць і грэець яго, як і Госпад Царкву;
 
Ніхто бо ніколі не меў у нянавісьці цела свайго, але корміць і спагадае яму, як Хрыстус Касьцёлу,

бо мы — чле́ны це́ла Яго, ад це́ла Яго і ад касьце́й Яго.
 
бо мы зьяўляемся таксама часткамі цела Яго, мы з цела Яго і з касьцей Ягоных.

Дзеля гэтага пакіне чалаве́к айца свайго і матку і прыле́піцца да жонкі свае́й, і будуць двое ў адным це́ле (Быцьцё 2:24).
 
"Дзеля таго пакіне чалавек бацькоў сваіх і прылучыцца к жонцы сваёй, і будуць двое ў адным целе".

Тайна гэтая валікая; я-ж кажу аб Хрысьце́ і Царкве́.
 
Гэта вялікая таямніца, а я скажу: у Хрыстусе і ў Касьцёле.

Дык і вы, усякі па сабе́, кожны хай любіць жонку сваю як самога сябе́; жонка-ж няхай баіцца мужа свайго.
 
Вось жа і вы паасобку і кожны з вас хай любіць жонку сваю, як сам сябе, а жонка хай жа паважае мужа свайго.