1 да Фесаланікійцаў 5 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Леаніда Галяка
Аб часох жа і порах, браты, няма патрэбы пісаць да вас,
бо вы самі напэўна ве́даеце, што дзе́нь Гасподні гэтак прыдзе, як злодзей уначы.
Бо, як будуць гаварыць: мір і бясьпе́чнасьць, дык тагды неўспадзе́ўкі дасягне і загуба, быццам цяжарную мукі радзін, і яны не ўцякуць.
Вы-ж, браты, ня ў це́мры, каб дзе́нь гэты захапіў вас, як злодзе́й:
усе́ вы — сыны сьвятла́ і сыны дня: мы — ня (сыны) ночы, ані це́мры.
Дык ня будзем-жа спаць, як і рэшта, але чувайма і будзьма цьвярозымі,
бо тыя, што сьпяць, уначы сьпяць, і тыя, што ўпіваюцца, уначы́ ўпіваюцца.
Мы-ж, сыны дня, будзьма цьвярозымі, апрануўшыся збро́яй ве́ры і любві і (узьдзе́ўшы) шалом надзе́і збаўле́ньня,
бо Бог не празначыў нас на гне́ў, але на атрыманьне збаўле́ньня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
што паме́р за нас, каб мы, ці чуваем, ці сьпім, з Ім разам жылі.
Дзеля гэтага пацяшайце сябе́ ўзае́мна і навучайце адзін аднаго, як вы й робіце.
Просім жа вас, браты, ве́даць тых, што працуюць у вас і пастаўле́ны над вамі ў Госпадзе дый вас навучаюць,
і паважайце іх ве́льмі высока ў любві за дзе́ла іх; жыве́це ў згодзе міжы сабою.
Молім вас такжа, браты, навучайце свавольных, пацяшайце маладушных, паддзе́ржывайце слабых, будзьце доўгацярплівымі да ўсіх.
Глядзе́це, каб ніхто не ўздаваў каму злом за зло, але заўсёды шукайце дабра́ і адзін аднаму, і ўсім.
За ўсё дзякуйце: бо гэткая аб вас воля Божая ў Хрысьце́ Ісусе.
Прароцтвамі не пагарджайце.
Усё выпрабоўвайце; добрага дзяржыцеся.
Узьдзе́ржывайцеся ад усякага роду зла.
Сам жа Бог міру няхай асьве́ньціць вас у-ва ўсе́й поўні, і ўве́сь ваш дух, і душа, і це́ла няхай захава́ецца без заганы ў прыход Госпада Нашага Ісуса Хрыста.
Ве́рны Той, што вас паклікаў; Ён і зробіць (гэта).
Прывітайце ўсіх братоў пацалункам сьвятым.
Заклінаю вас Госпадам прачытаць гэтае пасланьне ўсім сьвятым братом.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.