1 да Фесаланікійцаў 5 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Анатоля Клышкi
Аб часох жа і порах, браты, няма патрэбы пісаць да вас,
А да часоў і тэрмінаў, браты, — вы не маеце патрэбы, каб вам пісаць;
бо вы самі напэўна ве́даеце, што дзе́нь Гасподні гэтак прыдзе, як злодзей уначы.
бо вы самі вельмі добра ведаеце, што як злодзей уначы — так прыходзіць дзень Гасподні.
Бо, як будуць гаварыць: мір і бясьпе́чнасьць, дык тагды неўспадзе́ўкі дасягне і загуба, быццам цяжарную мукі радзін, і яны не ўцякуць.
Калі будуць казаць: «Мір і бяспека», тады прыйдзе на іх раптоўнае знішчэнне, гэтак жа як родавыя мукі — на цяжарную, яны не ўцякуць!
Вы-ж, браты, ня ў це́мры, каб дзе́нь гэты захапіў вас, як злодзе́й:
Але вы, браты, не ў цемры, каб дзень заспеў вас, як злодзей.
усе́ вы — сыны сьвятла́ і сыны дня: мы — ня (сыны) ночы, ані це́мры.
Бо вы ўсе сыны святла і сыны дня. Мы не належым ні ночы, ні цемры.
Дык ня будзем-жа спаць, як і рэшта, але чувайма і будзьма цьвярозымі,
Дык не будзем спаць, як астатнія, а будзем чуйнымі і будзем цвярозымі.
бо тыя, што сьпяць, уначы сьпяць, і тыя, што ўпіваюцца, уначы́ ўпіваюцца.
Бо тыя, што спяць, спяць уначы, і тыя, што напіваюцца, п’яныя ўначы.
Мы-ж, сыны дня, будзьма цьвярозымі, апрануўшыся збро́яй ве́ры і любві і (узьдзе́ўшы) шалом надзе́і збаўле́ньня,
Але як мы належым дню, то будзем цвярозыя, апранутыя ў панцыр веры і любові і ў шлем — надзею выратавання.
бо Бог не празначыў нас на гне́ў, але на атрыманьне збаўле́ньня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Таму што Бог нас прызначыў не на гнеў, а на атрыманне выратавання праз нашага Госпада Ісуса Хрыста,
што паме́р за нас, каб мы, ці чуваем, ці сьпім, з Ім разам жылі.
Які памёр за нас, каб мы — ці чуваем, ці спім — жылі разам з Ім.
Дзеля гэтага пацяшайце сябе́ ўзае́мна і навучайце адзін аднаго, як вы й робіце.
Таму навучайце адзін аднаго і будуйце адзін аднаго, як вы і робіце.
Просім жа вас, браты, ве́даць тых, што працуюць у вас і пастаўле́ны над вамі ў Госпадзе дый вас навучаюць,
І просім вас, браты, паважаць тых, хто працуе між вас, і вядзе вас ў Госпадзе, і навучае вас.
і паважайце іх ве́льмі высока ў любві за дзе́ла іх; жыве́це ў згодзе міжы сабою.
І асабліва высока шанаваць іх любові за іх працу. Жывіце ў міры між сабою.
Молім вас такжа, браты, навучайце свавольных, пацяшайце маладушных, паддзе́ржывайце слабых, будзьце доўгацярплівымі да ўсіх.
І молім вас, браты: настаўляйце бясчынных, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце доўгацярплівыя да ўсіх.
Глядзе́це, каб ніхто не ўздаваў каму злом за зло, але заўсёды шукайце дабра́ і адзін аднаму, і ўсім.
Глядзіце, каб ніхто нікому не плаціў злом за зло, а заўсёды імкніцеся рабіць дабро і адзін аднаму, і ўсім.
Заўсёды радуйцеся.
Заўсёды радуйцеся,
Нясупынна мале́цеся.
безупынна маліцеся,
За ўсё дзякуйце: бо гэткая аб вас воля Божая ў Хрысьце́ Ісусе.
ва ўсім дзякуйце: бо гэта воля Божая ў Хрысце Ісусе для вас.
Духа не ўгашайце.
Духа не гасіце;
Прароцтвамі не пагарджайце.
прароцтвамі не пагарджайце.
Усё выпрабоўвайце; добрага дзяржыцеся.
Але ўсё правярайце. Добрага цвёрда трымайцеся;
Узьдзе́ржывайцеся ад усякага роду зла.
ад усялякага роду зла ўстрымлівайцеся.
Сам жа Бог міру няхай асьве́ньціць вас у-ва ўсе́й поўні, і ўве́сь ваш дух, і душа, і це́ла няхай захава́ецца без заганы ў прыход Госпада Нашага Ісуса Хрыста.
І Сам Бог міру няхай асвяціць вас поўнасцю, і ваш дух, і душа, і цела няхай захаваецца ў цэласці беззаганна ў прышэсце нашага Госпада Ісуса Хрыста.
Ве́рны Той, што вас паклікаў; Ён і зробіць (гэта).
Верны Той, Які заклікае вас, Які і зробіць гэта.
Браты! Мале́цеся за нас!
Браты! Маліцеся і аб нас.
Прывітайце ўсіх братоў пацалункам сьвятым.
Вітайце ўсіх братоў святым пацалункам.
Заклінаю вас Госпадам прачытаць гэтае пасланьне ўсім сьвятым братом.
Заклінаю вас Госпадам, каб гэты ліст быў прачытаны ўсім [святым] братам.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.
Ласка нашага Госпада Ісуса Хрыста няхай будзе з вамі. [Амін.]