Мацьвея 18 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
У той час вучні прыступіліся да Ісуса, кажучы: хто большы ў царстве нябе́сным?
У тую гадзіну падышлі вучні да Ісуса, кажучы: хто ж большы ў Нябесным Царстве?
Ісус, прыклікаўшы дзіця́тка, паставіў яго пасярод іх і сказаў:
I Ісус, паклікаўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх
Запраўды́ кажу вам: калі не наве́рнецеся і ня будзеце, як дзе́ці, ня ўвойдзеце ў Царства Нябе́снае.
I сказаў: папраўдзе кажу вам: калі не павернецеся і не зробіцеся як дзеці. не ўвойдзеце ў Нябеснае Царства.
Дык вось, хто ўма́ліцца, як гэтае дзіцятка, той і большы ў Царстве Нябе́сным.
Дык вось, хто ўпакорыцца, як гэтае дзіця, той і большы ў Нябесным Царстве.
І хто прыйме адно гэткае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне́ прыймае.
I хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, Мяне прымае;
А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, ве́руючых у Мяне́, таму лепей было-б, калі-б паве́сілі Яму млы́навы ка́мень на шыю і ўтапілі яго ў глыбіні марской.
А хто спакусіць аднаго з гэтых малых, што вераць у Мяне, лепей было б таму, каб павесілі яму на шыю млынавы жарон і ўтапілі ў глыбіні марской.
Го́ра сьве́ту ад спакусаў: бо спакусы мусяць прыйсьці; але го́ра таму чалаве́ку, праз якога спакуса прыходзіць.
Бяда свету ад спакусаў; бо павінны прыйсці спакусы; але бяда таму чалавеку, праз якога спакуса прыходзіць.
Калі-ж рука́ твая ці нага́ твая спакушае цябе́, адсякі іх і кінь ад сябе́: ляпе́й табе́ ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі ці без нагі, чым з дзьве́ма рукамі і з дзьве́ма нагамі быць укíненым у вагонь ве́чны.
Калі ж твая рука ці твая нага спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе: лепш табе ўвайсці ў жыццё пакалечаным ці кульгавым, чым з дзвюма рукамі ці з дзвюма нагамі быць кінутым у вечны агонь.
І калі вока тваё спакушае цябе́, вырві яго і кінь ад сябе́: ляпе́й табе́ аднавокім увайсьці ў жыцьцё, чымся з дзьвема вачыма быць укíненым у гее́нну вогненую.
I калі тваё вока спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: лепей табе аднавокім увайсці ў жыццё, чым, два вокі меўшы, быць кінутым у геену вогненную.
Глядзіце, не пагарджайце ні адным з малы́х гэтых, бо кажу вам, што Ангелы іх на не́бе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго нябе́снага.
Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых; бо кажу вам, што іх Анёлы ў нябёсах заўсёды бачаць аблічча Бацькі Майго, Які ў нябёсах.
Бо Сын Чалаве́чы прыйшоў спасаць загінуўшае.
Бо Сын Чалавечы прыйшоў уратаваць тое, што загінула,
Як вам здаецца? Калі-б у каго было сто аве́ц, і адна з іх заблудзілася, то ці не пакіне ён дзевяцьдзесят дзе́вяць у гара́х і ці ня пойдзе шукаць заблудзіўшуюся?
Як вам здаецца? Калі нейкі чалавек меў сто авечак і заблудзілася адна з іх, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблудзілася?
І, калі ста́нецца, што знойдзе яе́, то запраўды́ кажу вам: ён це́шыцца з яе́ бале́й, чымся з дзевяцьдзесяцёх дзевяцёх няблудзіўшых.
I калі ўдасца знайсці яе, папраўдзе кажу вам, што ён цешыцца ёю болей, чым дзевяноста дзевяццю, што не заблудзіліся.
Гэтак няма́ волі Айца вашага Нябе́снага, каб загінуў адзін з малы́х гэтых.
Дык няма волі Бацькі вашага, Які ў нябёсах, каб загінуў адзін з гэтых малых.
Калі-ж саграшы́ць проці цябе́ брат твой, пайдзі й дакары́ яго між табою і ім адным; калі паслу́хаецца цябе́, то ты здабыў брата твайго.
Калі ж саграшыць супроць цябе брат твой, ідзі і выгавары яму самнасам: калі паслухаецца цябе, ты прыдбаў брата твайго:
Калі-ж не паслу́хаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двох, каб вуснамі двох ці трох сьве́дак змацава́лася ўсякае слова.
Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведак змацавалася кожнае слова.
Калі-ж не паслу́хаецца, скажы царкве́, а калі і царквы́ не паслухаецца, то няхай будзе ён табе́, як паганін і мытнік.
Калі ж не паслухаецца іх, скажы царкве; калі ж і царквы не паслухаецца, няхай будзе табе ён як язычнік і мытнік.
Запраўды́ кажу вам: што вы зьвя́жаце на зямлі, тое будзе зьвя́зана на не́бе, і што разьвя́жаце на зямлі, тое будзе разьвя́зана на не́бе.
Папраўдзе кажу вам, што звяжаце на зямлі, будзе звязана і ў небе; і што развяжаце на зямлі, будзе развязана ў небе.
Запраўды́ таксама кажу вам, што, калі-б двое з вас на зямлі згодна аб кожную рэч прасілі, дык ста́нецца ім ад Айца Майго, што ў Нябёсах.
Зноў жа кажу вам: калі двое з вас на зямлі будуць згодна прасіць аб нечым, то ўсё дасць ім Мой Бацька, Які ў нябёсах.
Бо, дзе́ двое ці трое зыйшліся ў імя Маё, там Я сярод іх.
Бо дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я між іх.
Тады Пётр прыступіўся да Яго і сказаў: Госпадзе! колькі разоў дароўваць брату майму, калі ён саграшы́ць су́праць мяне́? Да сямёх разоў?
Тады падышоў Пётр і сказаў Яму: Госпадзе, колькі разоў Я павінен дараваць майму брату, калі ён будзе грашыць супроць мяне? Ці аж да сямі разоў?
Ісус кажа яму: не кажу табе́: да сямёх, але да сямёх разоў па семдзесят.
Кажа яму Ісус: Я не кажу табе: «да сямі», але аж да сямідзесяці разоў па сем!
Вось чаму Царства Нябе́снае падобна да цара́, які захаце́ў разрахава́цца з слу́гамі сваімі.
Вось чаму Нябеснае Царства падобнае да аднаго цара, які захацеў разлічыцца са сваімі рабамі.
Калі пачаў ён рахавацца, прывялі да яго аднаго, што вінен быў яму дзе́сяць тысячаў тале́нтаў.
А калі пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, што быў вінаваты дзесяць тысяч талентаў.
А як ня ме́ў чым заплаціць, то валадар яго загадаў прадаць яго, і жонку, і дзяце́й, і ўсё, што ён ме́ў, і заплаціць.
А таму, што той не меў, з чаго аддаць, загадаў пан прадаць яго, і жонку яго, і дзяцей, і ўсё, што меў, і заплаціць.
Тады слуга той паваліўся і малíў яго, кажучы: валадару! пацярпі мне́, і ўсё табе́ заплачу.
Тады раб, упаўшы, пакланіўся яму, кажучы: «уладар! пацярпі ты мне, і я ўсё табе аддам».
Валадар, зьлітаваўшыся над гэным слугою, пусьціў яго і дарава́ў яму доўг.
I, пашкадаваўшы таго раба, пан адпусціў яго і дараваў яму доўг.
Слуга-ж гэны, вы́йшаўшы, знайшоў аднаго з сябро́ў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: аддай мне́, што вінен.
А раб той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з рабоў, як сам і які быў вінаваты яму сто дынарыяў, і, схапіўшы яго, пачаў душыць, кажучы: «аддай мне, што ты вінен».
Тады ся́бра яго ўпаў да ног яго ды маліў яго, кажучы: пацярпі мне́, і ўсё вярну табе́.
Дык вось той раб, упаўшы, прасіўся ў яго: «пацярпі ты мне, і я ўсё аддам табе».
Але той на захаце́ў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўгу.
Але ён не хацеў, а, пайшоўшы, кінуў таго ў цямніцу, пакуль ён не верне доўгу.
Сябры́ яго, ба́чачы ста́ўшаеся, ве́льмі засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі валадару́ свайму ўсё, што сталася.
Убачыўшы ж гэта, яго таварышы моцна засмуціліся; і, пайшоўшы, расказалі свайму пану пра ўсё гэта.
Тады валада́р яго паклікаў яго ды кажа: нягодны нявольніку! Уве́сь твой доўг я дараваў табе́, калі ты папрасіў мяне́;
Тады, паклікаўшы яго, пан яго кажа яму: «нягодны раб, я дараваў табе ўвесь той доўг, бо ты ўпрасіў мяне;
ці-ж не нале́жала й табе́ зьмілава́цца над ся́брам тваім, як і я зьмілава́ўся над табою?
Хіба і ты не павінен быў злітавацца над таварышам тваім, як і я злітаваўся над табою?»
І, разгне́ваўшыся, валадар ягоны аддасьць яго ка́там, пакуль ня ве́рне яму ўсяго доўгу.
I яго пан, разгневаўшыся, перадаў яго катам, аж пакуль не аддасць яму ўсё, што вінаваты.
Так і Аце́ц Мой Нябе́сны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца свайго не даруе брату свайму праступкаў ягоных.
Гэтак і Мой Бацька нябесны зробіць вам, калі кожны з вас не даруе брату свайму ад сэрца свайго яго правінаў.