Мацьвея 17 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

А цераз шэсьць дзён бярэць Ісус Пятра, Якава і Іоана, брата яго, і вядзе́ іх на гару́ высокую адных.
 
I праз шэсць дзён бярэ Ісус Пятра, Якава ды Іаана, яго брата, і ўзводзіць іх адных на высокую гару;

І перамяніўся перад імі: і зазьяла аблічча Яго, як сонца, адзе́жа-ж Яго ста́лася бе́лая, як сьвятло́.
 
I ператварыўся Ен перад імі, і заззяла Яго аблічча, як сонца, а адзенне Яго зрабілася белае, як святло.

І вось зьявіліся ім Майсе́й і Ільля, размаўляючы з Ім.
 
I вось паказаліся ім Майсей і Ілія, якія размаўлялі з Ім.

І, азваўшыся, Пётр сказаў Ісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры палаткі: Табе́ адну, і Майсе́ю адну, і адну Ільлі.
 
Пётр жа, азваўшыся, сказаў Ісусу: Госпадзе, добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры палаткі, Табе адну, Майсею адну і адну Іліі.

Калі-ж ён яшчэ гаварыў гэтае, сьве́тлая хмара ацяніла іх; і вось голас із хмары гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой Улю́блены, якому спагада́ю; Яго слу́хайце.
 
Пакуль ён яшчэ казаў, вось, яснае воблака пакрыла іх; і вось голас з воблака кажа: гэта Мой Сын Улюбёны, Якому Я спрыяю; Яго слухайце.

І, пачуўшы, вучні ўпалі на аблічча сваё і дужа перапужа́ліся.
 
I, пачуўшы, вучні ўпалі ніцма і моцна спалохаліся.

Але Ісус, падыйшоўшы, дакрану́ўся да іх і сказаў: устаньце і ня бойцеся!
 
I, падышоўшы, Ісус дакрануўся да іх і сказаў: устаньце і не бойцеся.

Падняўшы-ж вочы свае́, яны нікога ня ўгле́дзелі апрача аднаго Ісуса.
 
А яны, узняўшы вочы свае, нікога не ўбачылі, апроч аднаго Ісуса.

І, калі зыходзілі яны з гары, Ісус загада́ў ім, кажучы: нікому не кажы́це пра гэтае відзе́ньне, дакуль Сын Чалаве́чы не ўваскрэсьне з мёртвых.
 
I, калі яны спускаліся з гары, загадаў ім Ісус, кажучы: нікому не расказвайце пра ўбачанае, аж пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.

І спыталіся ў Яго вучні Яго: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мусіць прыйсьці ране́й?
 
I спыталіся ў Яго вучні Яго, кажучы: што тады кніжнікі гавораць, нібыта Ілія павінен першы прыйсці?

Ісус сказаў ім у адказ: Ільля прыйдзе ране́й і падгатуе ўсё.
 
А Ісус сказаў ім у адказ: Ілія сапраўды прыйдзе і ўсё паправіць.

Я-ж кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, ды не пазналі яго, а ўчынілі проці яго, што хаце́лі; так і Сын Чалаве́чы паце́рпіць ад іх.
 
Але кажу вам, што Ілія прыйшоў ужо, ды яго не пазналі, а зрабілі з ім, што захацелі; гэтак і Сыну Чалавечаму трэба будзе пакутаваць ад іх.

Тады вучні зразуме́лі, што Ён гаварыў ім пра Іоана Хрысьціцеля.
 
Тады зразумелі вучні, што Ен казаў ім пра Іаана Хрысціцеля.

Калі-ж яны прыйшлі да народу, то падыйшоў да Яго чалаве́к і, сукланіўшы перад ім кале́ні,
 
А калі яны прыйшлі да народу, падышоў да Яго чалавек і ўпаў перад Ім на калені, кажучы:

сказаў: Госпадзе! зьлітуйся над сынам маім, які ў маладзік шале́е і цяжка му́чыцца; бо часта кíдаецца ў вагонь і часта ў ваду.
 
Госпадзе! злітуйся над маім сынам, бо ён лунатык і цяжка мучыцца; бо часта кідаецца ў агонь і часта ў ваду.

Я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі аздаравіць яго.
 
I я прывёў яго да Тваіх вучняў, але яны не маглі вылечыць.

Ісус жа, адказваючы, сказаў: о род няве́рны і распусны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпе́ць вас? прывядзíце яго да Мяне́ сюды.
 
Ісус жа сказаў у адказ: о племя бязвернае і разбэшчанае! дакуль буду з вамі? дакуль Мне вас цярпець? прывядзіце Мне яго сюды.

І крыкнуў на яго Ісус; і шата́н выйшаў з яго; і юнак паздараве́ў у тую-ж гадзіну.
 
I загадаў яму Ісус, і выйшаў з яго дэман, і паправіўся хлопец у тую ж гадзіну.

Тады вучні, прыступіўшыся да Ісуса насамо́це, сказалі: чаму мы не маглі выгнаць яго?
 
Тады, падышоўшы да Ісуса на адзіноце, вучні сказалі: чаму не маглі мы яго выгнаць?

Ісус жа сказаў ім: праз няве́ру вашую: бо запраўды́ кажу вам: калі вы будзеце ме́ць ве́ру, як гарчы́чнае зе́рне, і скажаце гарэ гэтай: перайдзі адгэтуль туды, дык яна пяройдзе; і нішто ня будзе немагчыма для вас.
 
Ісус жа сказаў ім: праз ваша нявер’е; папраўдзе кажу вам: калі вы будзеце мець веры з гарчычнае зерне і скажаце гэтай гары: перасунься адсюль туды, і яна перасунецца, і не будзе нічога немажлівага для вас.

Гэты-ж род выганяецца толькі малітваю і постам.
 
Гэтае ж племя не выганяецца нічым, апроч малітвы і посту.

У час быцьця іх у Галіле́і Ісус сказаў ім: Сын Чалаве́чы вы́даны будзе ў рукі чалаве́чыя;
 
А калі яны знаходзіліся ў Галілеі, сказаў ім Ісус: будзе выданы Сын Чалавечы ў чалавечыя рукі,

і заб’юць Яго, і на трэці дзе́нь уваскрэсьне. І яны дужа засмуціліся.
 
I яны заб’юць Яго, але на трэці дзень Ен уваскрэсне. I яны моцна засмуціліся.

Калі-ж прыйшлі яны ў Капэрнаум, то падыйшлі да Пятра зьбіральнікі даніны і сказалі: Ці ня дасьць скла́дчыны ваш Вучыцель?
 
А калі яны прыйшлі ў Капернаум, падышлі да Пятра зборшчыкі дыдрахмаў і сказалі: ці не дае ваш Настаўнік дыдрахмы?

Ён кажа: так. І, калі увайшоў у дом, то Ісус папярэдзіў яго, кажучы: як табе́ здае́цца, Сымон? цары зямныя з каго бяруць даніну ці падаткі? ці з сваіх сыноў, ці з чужых?
 
Ен кажа: дае. Калі ён увайшоў у дом, Ісус апярэдзіў яго, кажучы: як ты думаеш, Сімане? зямныя цары з каго бяруць пошліны ці падаткі? ці са сваіх сыноў, ці з чужых?

Пётр кажа Яму: з чужых. Ісус сказаў яму: значыць, сыны вольныя;
 
Кажа Яму Пётр: з чужых. Кажа яму Ісус: значыць, сыны вольныя.

але, каб нам не спакусіць іх, пайдзі на мора, кінь вуду і пе́ршую рыбу, якая пападзе́цца, вазьмі; і, расчыніўшы рот, знойдзеш стацір; вазьмі яго і аддай ім за Мяне і за сябе́.
 
Але, каб не спакушаць іх, пайдзі да мора, закінь вуду і вазьмі першую рыбу, якая выцягнецца; і, адкрыўшы рот ёй, знойдзеш стацір; узяўшы, дай яго ім за Мяне і сябе.