Да Галятаў 2 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Пасьля, цераз чатырнаццаць гадоў, хадзіў я ізноў у Ерузалім з Варнаваю, узяўшы з сабою і Ціта.
 
Потым, праз чатырнаццаць гадоў, зноў хадзіў я ў Ерусалім з Варнавам, узяўшы з сабою і Ціта.

Хадзіў-жа згодна з адкрыцьцем і вылажыу ім, асабліва-ж выдатне́йшым, Эвангельле, якое абвяшчаю між паганамі, ці не надарма хаджу я, або хадзіў?
 
А хадзіў паводле адкрыцьця і абвясьціў там, і асобна самым пашаноўным, Дабравесьце, якое я прапаведую язычнікам: ці ня марна я дзею альбо дзеяў.

Але і Ціт, што быў са мною, як Грэк, ня быў прымушаны абрэзацца.
 
Але яны і Ціта, які быў са мною, хоць і Эліна, ня прымушалі абразацца.

Фальшывым-жа братом, што паўкрадаліся, ды якія прыходзяць укра́дня падглядзе́ць нашу свабоду, якую мы маем у Хрысьце́ Ісусе, каб паняволіць нас,
 
А што да аблудных ілжэбратоў, якія пракраліся да нас падгледзець нашую свабоду, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб паняволіць нас,

мы ні на гадзіну не паддаліся і не пакарыліся, каб праўда Эвангельля захавалася ў вас.
 
дык мы ні на хвіліну не паступіліся і не ўпакорыліся ім, каб ісьціна зьвеставаньня захавалася чыстаю ў вас.

А ад тых, што лічаць сябе́ не́чым, (якімі-б яны ні былі не́калі, для мяне́ ўсё роўна: Бог не пазірае на аблічча чалаве́ка), — дык тыя, што думаюць аб сабе́, не ўзлажылі на мяне́ нічога;
 
І ў знакамітых праз што-небудзь, якія б яны ні былі калі-небудзь, для мяне няма нічога асаблівага: Бог не зважае на аблічча чалавека. І знакамітыя не дадалі мне больш анічога;

але наадварот, угле́дзіўшы, што мне даве́рана дабраве́шчаньне неабрэзаньня, як Пётры абрэзаньня, —
 
наадварот, што мне даверана зьвеставаньне неабрэзаным, як Пятру абрэзаным,

(бо Той, Хто дапамог Пётры ў Апостальстве абрэзаньня, дапамагаў і мне́ між паганамі), —
 
бо Той, Хто спрыяў Пятру ў апостальстве сярод абрэзаных, спрыяў і мне сярод язычнікаў, —

і пазнаўшы ласку, даную мне́, — Якуб і Кіфа і Іоан, што здаюцца стаўбамі, падалі мне́ і Варнаве руку лучнасьці, каб нам (ісьці) да паганаў, а ім — да абрэзаных,
 
і даведаўшыся пра мілату, дадзеную мне, Якаў і Кіфа і Ян, якія былі ўважаныя за стаўпоў, падалі мне і Варнаву руку лучнасьці, каб нам ісьці да язычнікаў, а ім да абрэзаных,

толькі каб мы памяталі аб убогіх, што я і стараўся рабіць, гэтае самае.
 
толькі каб мы памяталі ўбогіх, што і намагаўся я выканаць дакладна.

Калі-ж Пётра прыйшоў у Антыохію, дык я паўстаў супраць яго водле аблічча ягонага, бо ён заслужыў на дакор.
 
Калі ж Пётр прыйшоў у Антыахію, дык я адкрыта выступіў супроць яго, бо ён заслужыў дакораў.

Бо пе́рш, чым прыйшлі некаторыя ад Якуба, е́ў разам з паганамі; а, як прыйшлі, таіўся і ўхіляўся, баючыся абрэзаных.
 
Бо да прыходу некаторых ад Якава, еў разам зь язычнікамі; а калі тыя прыйшлі, пачаў таіцца і ўхіляцца, апасаючыся абрэзаных.

Разам з ім крывадушнічала і рэшта Жыдоў; — ажно й Варнава быў захоплены іх крывадушнасьцяй.
 
Разам зь ім крывадушнічалі і іншыя Юдэі, так што нават Варнава быў змушчаны іхняй крывадушнасьцю.

Але, калі я ўбачыў, што яны няпроста ходзяць па праўдзе Эвангельскай, дык сказаў Пётры пры ўсіх: калі ты, будучы Жыдом, жыве́ш па-паганску, а не па-жыдоўску, дык чаму паганаў прымушаеш жыць па-жыдоўску?
 
Але калі я ўбачыў, што яны ня проста дзеюць паводле ісьціны Дабравесьця, сказаў Пятру пры ўсіх: калі ты як Юдэй жывеш па-язычніцку, а не па-Юдэйску, дык навошта язычнікаў змушаеш жыць па-Юдэйску?

Мы па прыродзе Жыды, а не з паганаў грэшнікі, —
 
Мы з прыроды Юдэі, а не зь язычнікаў грэшнікі;

ве́даючы, што чалаве́к апраўдываецца не дзеламі закону, а толькі ве́раю ў Ісуса Хрыста, і мы ўве́равалі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца ве́раю ў Хрыста, а не́ дзеламі закону, бо дзеламі закону не апраўда́ецца ніводнае це́ла.
 
аднак жа, даведаўшыся, што чалавек апраўдваецца ня дзеямі закона, а толькі вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца вераю ў Хрыста, а ня дзеямі закона; бо дзеямі закона не апраўдваецца ніякая плоць.

Калі-ж, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце́, мы і самыя аказаліся грэшнікамі, дык ці-ж Хрыстос — слуга́ грэху? Няхай ня станецца!
 
Калі ж, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы і самі сталіся грэшнікамі, — дык няўжо ж Хрыстос ёсьць служка грэху? Аніяк!

Бо, калі я ізноў будую, што зруйнаваў, дык сам сябе́ стаўляю за праступніка.
 
Бо калі я зноў будую, што быў разбурыў, дык сам сябе раблю злачынцам.

Бо праз закон я паме́р для закону, каб жыць для Бога.
 
Праз закон я памёр для закона, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся з Хрыстом,

Я раскрыжаваны разам з Хрыстом. І ўжо ня я жыву, але жыве́ ў-ва мне́ Хрыстос. А што цяпе́р жыву ў це́ле, дык жыву ве́раю ў Сына Божага, што палюбіў мяне і выдаў Сябе́ за мяне́.
 
і ўжо ня я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, дык жыву вераю ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне.

Не адкідаю ласкі Божае. А калі праз закон апраўданьне, дык Хрыстос надарма́ паме́р.
 
Не адкідаю мілаты Божай. А калі праведнасьць дасягаецца праз закон, дык Хрыстос марна памёр.