Мацьвея 3 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

У тыя ж дні прыходзіць Іаан Хрысціцель і прапаведуе ў Іудзейскай пустэльні,
 
У тыя дні ў пыстыні Юдэйскай паявіўся (каля Ярдана) Ян Хрысьціцель

[і] кажа: кайцеся: бо наблізілася Царства Нябеснае.
 
Ён навучаў: "Наварачайцеся праз пакуту, бо набліжылася Каралеўства Нябеснае."

Бо гэта той, пра каго сказана праз Ісаію прарока, які кажа: Голас звестуна ў пустэльні: «Падрыхтуйце дарогу Гасподнюю, простымі зрабіце Яго сцежкі».
 
А ён быў тым, аб якім прадскзваў Ізаій прарок: "Голас гамонячага ў пустыні: прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму (Із. 40:3).

Сам жа Іаан меў адзенне з вярблюджай шэрсці і скураны пояс на паясніцы сваёй; а яго спажывай былі саранча і дзікі мёд.
 
Сам жа Ян насіў адзеньне з шэрсьці вярблюдавай і дзяжкаю скураною апясаўшы свае бёдры. А ежай яму былі шаранча і дзікі мёд.

Тады выходзіў да яго Іерусалім і ўся Іудзея, і ўся Іарданская ваколіца;
 
Дык да яго выходзілі Ерузалім, уся Юдэя ды ўсе ваколіцы каля Ярдана.

і хрысціліся ад яго ў рацэ Іардане, вызначаючы свае грахі.
 
Яны (атрымоўвалі) былі ім хрышчаны ў Ярдане, спазнаючы свае грахі.

Але, убачыўшы шмат фарысеяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысціцца, сказаў ім: Гадзючыя выпладкі, хто падказаў вам уцякаць ад будучага гневу?
 
А калі глядзеў на многіх фарызэяў і садуцэяў прыходзячых да хросту свайго, сварыўся на іх: "Зьмяіны родзе, хто заручыўся, што ўбяжыце ад будучага гневу?

Дык стварыце плод, годны пакаяння;
 
Чыніце належную пакуту.

і не думайце казаць самім сабе: «Бацька ў нас Аўраам». Бо кажу вам, што Бог можа з гэтых камянёў узвесці дзяцей Аўрааму.
 
Ня думайце і ня можаце хваліцца, што маем айца Абрагама. Бо кажу вам, што Бог магутны з гэтых каменьняў можа выклікаць сыноў Абрагаму.

Ужо і сякера ляжыць пры корані дрэў; бо кожнае дрэва, што не родзіць добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь.
 
Бо ўжо сякера прыстаўлена да карэня дрэў. Дзеля таго кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе выкарчавана і кінутае ў агонь.

Я хрышчу вас у вадзе на пакаянне, але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, я не варты панесці Яго сандаляў; Ён будзе хрысціць вас Святым Духам і агнём;
 
Я вас хрышчу вадою на пакуту, але Той, хто прыйдзе па мне, дужэйшы, чым я. Яму я не варт сандалаў насіць. Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём.

Яго веялка ў Яго руце, і Ён ачысціць Свой умалот і збярэ Сваю пшаніцу ў засекі, а мякіну спаліць непагасным агнём.
 
Ён трымае ў сваёй руцэ веялку, затым ачысьціць ток свой, ды сабярэ пшаніцу сваю ў гумно, а мякіну спаліць незгасаемым агнём.

Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Іардан да Іаана, каб хрысціцца ад яго.
 
Затым Езус перайшоў з Галілеі на Ярдан да Яна, прыняць хрост ад яго.

Іаан жа стрымліваў Яго, кажучы: Я павінен хрысціцца ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?
 
Але Ян узбараняўся дзеля яго, кажучы: "Я павінен быць ахрышчаны Табою, а Ты ідзеш да мяне?"

Ісус жа ў адказ сказаў яму: Дазволь цяпер; бо гэтак належыць нам выканаць усю праўду. — Тады ён дазваляе Яму.
 
Але Езус сказаў яму: "Не гавары гэтак, бо так нам належыцца выпаўніць усякую справядлівасьць". Тады прыняў Яго.

І, ахрысціўшыся, Ісус выйшаў адразу з вады, і вось, расчыніліся [Яму] Нябёсы і ўбачыў, як Дух Божы зыходзіць, нібы голуб, [і] спускаецца на Яго.
 
А калі Езус быў ахрышчаны, зараз выйшаў з вады. А вось жа адкрыліся нябёсы і ўвідзеў Духа Божага, сыходзячага як галубка і прыходзячага на Яго.

І вось, голас з нябёсаў кажа: Гэта Мой Сын улюблёны, у Якім Маё задавальненне.
 
Дый голас з неба, кажучы: "Ён Сын Мой мілы, Якога Я сабе ўспадабаў."