Мацьвея 13 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
У той дзень Ісус, выйшаўшы з дома, сеў каля мора;
Аднойчы Езус выйшаўшы з дому сядзеў ля мора.
і сабраліся да Яго вялікія натоўпы, так што Ён увайшоў у лодку і сеў, а ўвесь натоўп стаяў на беразе.
Пры Ім сабраліся вялікія грамады, так што ўвайшоў у лодку, сеў, а ўвесь натоўп людзей стаяў на беразе.
І гаварыў многае ў прыпавесцях, кажучы: Вось, выйшаў сейбіт сеяць.
І пачаў іх Езус навучаць у многіх прыповесьцях: Вось жа адзін сяўбіт пайшоў сеіць насеньне.
І калі ён сеяў, адны зерні ўпалі пры дарозе і, наляцелі птушкі і падзяўблі іх.
А калі сеіў, адны зярняты ўпалі пры дарозе. І наляцелі нябесныя птушкі і выдзюбалі іх.
Другія ж ўпалі на камяністы грунт, дзе няшмат было зямлі; і зараз жа ўзышлі, бо зямля была не глыбокая;
Другія жа палі на камяністаю зямлю, не мелі шмат зямлі, і ўзышоўшы зараз, бо глеба была не глыбокая.
а калі ўзышло сонца — іх апаліла; і яны, з-за таго, што не мелі карэння, засохлі.
Калі ж узыйшло сонца — павялі, бо не мелі карэньня, высахлі.
Іншыя ж ўпалі ў церні, і ўзняліся церні і заглушылі іх.
Яшчэ іншыя ўпалі між церняў, а церні вырасьлі і заглушылі іх.
Іншыя ж упалі на добрую зямлю і давалі плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсцьдзесят, іншае ж у трыццаць.
Іншыя ж упалі на добрую зямлю і прынесла плён: адно — соты, другое — шэсьдзесяты а іншае трыццаты.
Хто мае вушы, [каб чуць], няхай чуе!
Хто мае вушы слухаць, хай слухае!
І вучні, падышоўшы, сказалі Яму: Чаму Ты кажаш ім у прыпавесцях?
Затым падыйшоўшы вучні спыталіся ў Яго: "Чаму гаворыш да іх у прыповесьцях?"
Ён сказаў ім у адказ: Таму што вам дадзена ўведаць таямніцы Царства Нябёсаў, а ім не дадзена.
А Езус у адказ сказаў ім: "Вам дадзена пазнаць тайны Каралеўства Нябеснага, а ім гэта не дадзена.
Бо хто мае, таму будзе дадзена і прыспараць будзе, а хто не мае, ад таго забярэцца і тое, што мае.
Бо таму, хто мае, будзе яшчэ больш дабаўлена, каб меў шчодра; а таму, хто ня мае, дык і тое, што мае будзе аднята.
Дзеля таго ў прыпавесцях ім кажу, бо яны, гледзячы, не бачаць і, слухаючы, не чуюць і не разумеюць,
Таму гавару ім у прыповесьцях, каб гледзячы — ня бачылі, а слухаючы — ня чулі ды не разумелі.
і спраўджваецца над імі прароцтва Ісаіі, якое кажа: «Слыхам вы будзеце чуць, а не зразумееце; зрокам глядзець будзеце, а не ўбачыце.
Так спаўняецца на іх прароцтва Ізаія, які кажа: "Чуць будзеце чуць, але не зразумееце. Глядзець будзеце глядзець, але не ўвідзеце.
Бо атлусцела сэрца гэтага народа, і вушамі туга чулі, і вочы свае заплюшчылі, каб не бачыць вачыма, і вушамі не чуць, і сэрцам не разумець, і не далучыцца, каб Я вылечыў іх».
Бо сэрца гэтага народу абжырэла, вушмі слаба чулі, вочы свае заплюшчылі, каб часам вачмі не ўвідзець і вушмі не пачуць, каб сэрцам не зразумець ды не навярнуцца, каб не аздаравіў Я іх."
Але шчаслівыя вашы вочы, таму што бачаць, і вушы вашы, таму што чуюць.
Вашыя ж вочы шчасьлівыя, бо відзяць, а вушы вашыя, бо чуюць.
Бо сапраўды кажу вам, што шмат якія прарокі і праведнікі хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не пачулі.
Сапраўды кажу вам: "Многія прарокі і справядлівыя прагнулі бачыць, што вы бачыце, але ня бачылі, дый чуць, што вы чулі, але ня чулі.
Дык паслухайце прыпавесць пра сейбіта.
Вы ж слухайце прыповесьці пра сяйбіта;
Да кожнага, хто чуе слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхі і крадзе пасеянае ў яго сэрцы; гэта пасеянае пры дарозе.
Да кожнага, хто слухае слова пра Каралеўства, а не разумее яго, прыходзіць злыдня і хватае пасеў у сэрцы ягоным. Гэта той, у якога пры дарозе пасеяна.
А пасеянае на камяністым грунце — гэта той, што чуе слова і зараз жа з уцехаю прымае яго,
А ў каго пасеяна на камяністай зямлі, той слухае слова і адразу з радасьцю яго прымае.
ды ён не мае карэння ў сабе — і часовы; калі ж настане ўціск ці ганенне з-за слова, зараз жа зняверваецца.
Але ня мае кораня, ёсьць зьменны. І калі настане прыгнёт і прасьледаваньне слова, скора адпадае.
А пасеянае ў церні — гэта той, хто чуе слова, але турботы [гэтага] веку і зманлівасць багацця глушаць слова, і яно робіцца бясплодным.
А ў каго пасеяна між церняў, той, хто што праўда слова слухае, але хлопат аб справы гэтага сьвету і прывабнасьць багацтва заглушаюць слова і не прыносяць плёну.
А пасеянае ў добрую зямлю — гэта той, хто чуе слова і разумее; хто і прыносіць плод, і дае: адзін — у сто разоў, другі — у шэсцьдзесят, а іншы — у трыццаць.
У каго ж на добрую зямлю пасеяна, той слова слухае, і разумее і прыносіць (дае) плён: адно — соты, другое — шесьцьдзесяты, а іншае — трыццаты.
Іншую прыпавесць падаў Ён ім, кажучы: Царства Нябёсаў падобнае да чалавека, што пасеяў на сваім полі добрае насенне.
Іншую прыповесьць прадставіў ім, кажучы: "Падобным сталася Каралеўства Нябеснае чалавеку, як пасеіў добрае насеньне на сваёй ральлі.
А калі людзі спалі, прыйшоў яго вораг і пасеяў куколь між пшаніцы і пайшоў.
Але калі людзі спалі, прыйшоў непрыяцель ягоны і насеіў кукалю ў пшаніцу і пайшоў.
А калі прарасла рунь і дала плод, тады паказаўся і куколь.
А калі вырасла збожжа і дало плод, тады паказаўся і кукаль.
І слугі гаспадара дома прыйшлі і сказалі яму: Гаспадар, ці не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа ўзяўся куколь?
Прыйшлі тады слугі да гаспадара і сказалі яму: "Гаспадару, ці ж ты не добрае пасеіў насеньне на сваёй ральлі? Адкульжа ўзяўся кукаль?
Ён жа сказаў ім: Варожы чалавек гэта зрабіў. — А слугі кажуць яму: Дык хочаш, каб мы пайшлі і выпалалі яго?
Сказаў Ён ім: "Варожы чалавек гэта зрабіў. Сказалі яму слугі: "Хочаш, пойдзем і сабярэм яго.
А ён кажа: Не, каб, выполваючы куколь, вы разам з ім не вырвалі з коранем пшаніцы.
Але ён сказаў: "Не, каб часам сабіраючы кукаль не выкаранілі з ім і пшаніцу.
Пакіньце расці разам і тое, і другое да жніва; а падчас жніва я скажу жняцам: «Збярыце спярша куколь і звяжыце яго ў вязанкі, каб спаліць іх; пшаніцу ж знясіце ў маё гумно.
Дазвольце абаім расьці да жніва. А ў час жніва скажу жнеям: Сабярыце раней кукаль, зьвяжыце ў пучкі на спаленьне, а пшаніцу сабярыце ў маё гумно".
Іншую прыпавесць падаў Ён ім, кажучы: Царства Нябёсаў падобнае да гарчычнага зярняці, якое чалавек узяў і пасеяў на сваім полі
Іншую прыповесьць прадставіў ім, кажучы: "Падобна Каралеўства Нябеснае да гарчычнага зярняці, якое ўзяўшы чалавек пасеіў на сваёй ральлі.
і якое меншае за ўсялякае насенне, але, калі вырасце, яно большае за агародніну і робіцца дрэвам, так што птушкі нябесныя прылятаюць і гняздзяцца ў голлі яго.
Яно з усіх зярнят найменшае, але калі вырасьце становіцца большым за ўсякую гародніну. Стаецца дрэўцам, дык прылятаюць нябесныя птушкі і абжываюцца на яго галінках".
Іншую прыпавесць сказаў Ён ім: Царства Нябёсаў падобнае да закваскі, якую жанчына, узяўшы, замясіла ў тры меры мукі, пакуль не ўкісла ўсё.
Іншую прыповесьць разказаў ім: "Падобнае Каралеўства Нябеснае да квасу, які жанчына ўзяўшы ўмішала ў тры меркі мукі, аж усё закісла".
Гэта ўсё Ісус казаў натоўпам у прыпавесцях і без прыпавесцяў нічога не казаў ім,
Гэта ўсё разказваў Езус людзям у прыповесьцях, а без прыповесьцяў не гаварыў да іх.
каб спраўдзілася сказанае праз прарока, які кажа: «Адкрыю ў прыпавесцях Мае вусны; выкажу схаванае ад стварэння [свету]».
Каб споўнілася сказана Прарокам (Пс. 77:2), які казаў: "Адкрыю вусны Свае ў прыповесьцях. Высказаваць буду рэчы, скрытыя ад аснаваньня сьвету."
Тады, адпусціўшы натоўпы, [Ісус] увайшоў у дом; і падышлі да Яго вучні Яго, кажучы: Растлумач нам прыпавесць пра куколь на полі.
Затым адпусьціўшы людзей Езус вырнуўся дамоў. Тады прыйшлі да Яго Ягоныя вучні і прасілі: "Выясьні нам гэну прыповесьць пра кукаль на ральлі".
Ён жа сказаў у адказ: Той, хто сее добрае насенне, — Сын Чалавечы;
Езус у адказ выясьніў ім: "Тым, хто разсяе добрае насеньне — Сын Чалавечы.
а поле — свет; а добрае насенне — гэта сыны Царства; а куколь — сыны ліхога;
Ральлю — сьвет. Добрым насеньнем — сыны Каралеўства, а кукалем — сыны злыдні.
а вораг, што пасеяў яго, — д’ябал, а жніво — сканчэнне веку, а жняцы — Анёлы.
Непрыяцелем жа, што яго пасеіў д'ябал. Жніво — канец сьвету, а жнеямі — анёлы.
Дык як куколь збіраюць і паляць агнём, так будзе пры сканчэнні [гэтага] веку;
Як затым сабіраюць куколь ды ў агні паляць, так будзе пры канцы сьвету.
пашле Сын Чалавечы Сваіх Анёлаў, і збяруць з Яго Царства ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконне,
Пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх. Яны сабяруць з Каралеўства Яго ўсе згаршэньні і тых, што дапускаюцца беззаконьня.
і ўкінуць іх у вогненную печ; там будзе плач і скрыгат зубоў.
І ўкінуць іх у печ агністы. Там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.
Тады праведнікі заззяюць, як сонца ў Царстве іх Бацькі. Хто мае вушы, [каб чуць], няхай чуе!
Тады справядлівыя будуць ясьнець як сонца ў Каралеўстве Айца свайго. Хто мае вушы, каб слухаць — хай слухае.
Падобнае Царства Нябёсаў да схаванага ў полі скарбу, які знайшоў чалавек і схаваў, і ад радасці ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе тое поле.
Падобнае Каралеўства Нябеснае да скарбу схаванага ў зямлі. Калі яго знайшоў чалавек, схаваў і праняты радасьцю ідзе і прадае ўсё, што мае і купляе тую зямлю.
Зноў жа Царства Нябёсаў падобнае да купца, які шукае прыгожых перлаў;
Таксама падобнае Каралеўства Нябеснае чалавеку купцу, шукаючаму прыгожых жамчужын (пэрлаў).
і, знайшоўшы адну вельмі каштоўную перліну, ён пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе.
Ён знайшоўшы адну каштоўную жамчужыну, пайшоў, прадаў усё, што меў і купіў яе.
Зноў жа Царства Нябёсаў падобнае да невада, закінутага ў мора, які сабраў рыбу ўсялякага роду;
Падобнае таксама Каралеўства Нябеснае да сеткі, закінутай у мора ды захапляючай рыбы ўсякіх сартоў.
калі ён напоўніўся, выцягнулі яго на бераг і, сеўшы, сабралі добрае ў пасудзіны, а непрыдатнае выкінулі вон.
Калі ўжо поўнай была, выцягнуўшы яе на бераг, ды сеўшы на беразе: добрыя адбірае ў пасудзіну а благія вон выкінулі.
Так будзе пры сканчэнні веку: выйдуць Анёлы і аддзеляць ліхіх з асяроддзя праведнікаў,
Так будзе на канцы сьвету. Выйдуць анёлы і вылучаць благіх спасярод справядлівых,
і кінуць іх у агнявую печ, там будзе плач і скрыгат зубоў.
ды ўкінуць іх у агністую печ. Там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.
[Кажа ім Ісус]: Ці вы зразумелі ўсё гэта? — Яны кажуць Яму: Так, [Госпадзе].
Ці ўсё зразумелі?" Кажуць Яму: "Так."
Ён жа сказаў ім: Таму кожны кніжнік, што навучаны Царству Нябёсаў, падобны да гаспадара дома, які выносіць са свае скарбніцы новае і старое.
Сказаў ім: "Таму кожны вучоны па Пісаньню, умелы ў навуцы аб Каралеўстве Нябесным, падобны да чалавека гаспадара, які дастае са скарбца (скарбоўні) свайго рэчы новыя і старыя."
І сталася: калі скончыў Ісус гэтыя прыпавесці, Ён пайшоў адтуль.
Калі кончыў Езус гэтыя прыповесьці, пайшоў адтуль.
І, прыйшоўшы ў Сваю бацькаўшчыну, вучыў іх у сынагозе іх, так што яны здзіўляліся і казалі: Адкуль у Гэтага чалавека такая мудрасць і цудадзейныя сілы?
А прыйшоўшы ў бацькаўшчыну сваю, навучаў людзей у сынагогах, а яны дзівіліся і казалі: "Адкуль жа гэта мудрасьць і моц?
Ці не цеслеў Ён Сын? Ці не Яго Маці завуць Марыям37, і Яго братоў — Іякаў, Іосіф38, Сіман і Іуда?
Ці ж гэта не сын цесьлі (столяра) ды ці ж маці Яго не завуць Марыяй, а братоў яго — Якубам, і Юзэфам, Сымонам і Юдай?
І Яго сёстры — хіба не ўсе ў нас? Дык адкуль у Гэтага чалавека ўсё гэта?
А сёстры Ягоны, ці ж не ўсе знаходзяцца сярод нас? Скуль жа Яму гэта ўсё?"
І яны зняверыліся ў Ім. Ісус жа сказаў ім: Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў [сваёй] бацькаўшчыне і ў сваім доме.
Ды горшыліся з Яго. А Езус сказаў ім: "Толькі ў бацькаўшчыне і ў доме Сваім Прарок без пашаны."
І Ён не зрабіў там многіх цудаў з-за іх нявер’я.
Дзеля іхняга няверства ўчыніў Езус нямнога цудаў.