Мацьвея 15 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Тады прыходзяць да Ісуса кніжнікі і фарысеі з Іерусаліма, кажучы:
 
Затым падыйшлі да Яго вучоныя па Пісаньню і фарызэі з Ерузаліма, кажучы:

Чаму вучні Твае парушаюць паданне старэйшых? Бо не мыюць [сваіх] рук, калі ядуць хлеб.
 
"Чаму вучні Твае парушаюць традыцыі старэйшын? Ядуць хлеб нямытымі рукамі".

Ён жа сказаў ім у адказ: Чаму вы парушаеце Божую запаведзь дзеля вашага падання?
 
"Ён у адказ сказаў ім: "Чаму і вы нарушаеце пастановы Божыя дзеля вашае традыцыі? Бо Бог сказаў:

Бо сказаў44 Бог: «Шануй бацьку і маці», і: «Хто ліхасловіць бацьку ці маці, няхай кончыць смерцю».
 
"Шануй бацьку твайго і маці, (Вых. 20:12) і таксама: "Хто праклінаў бы бацьку або маці — хай будзе сьмерцю пакараны".

А вы кажаце: «Калі хто скажа бацьку ці маці: «Дар Богу — тое, чым бы ты ад мяне пакарыстаўся»,
 
Вы ж кажаце: "Хто б сказаў бацьку або маці: Ахвярай ёсьць, што належыцца ад мяне табе.

той не абавязаны шанаваць свайго бацьку [ці сваю маці]»; і адмянілі вы Божае слова45 дзеля вашага падання.
 
Не шануй бацькш свайго або маці сваёй. Так скасавалі прыказаньне Божае дзеля вашае традыцыі.

Крывадушнікі! Добра прарочыў пра вас Ісаія, кажучы:
 
Крывадушнікі, добра пра вас праракаваў Ізаій, кажучы:

«Гэты народ шануе Мяне вуснамі, сэрца ж іх далёка адстаіць ад Мяне;
 
"Гэты народ шануе Мяне вуснамі, але сэрца іхняе далёка ад Мяне,

але дарэмна пакланяюцца Мне, навучаючы навукам — запаведзям чалавечым».
 
але на дарма пашану аддаюць, калі вясьцяць навукі і пастановы людзкія (Із. 29:13).

І Ён, паклікаўшы натоўп, казаў ім: Слухайце і разумейце:
 
Затым прызваўшы людзей да Сябе, казаў ім: "Слухайце і разумейце:

не тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.
 
Не тое пляміць, паганіць чалавека, што ўваходзіць у вусны, але тое паганіць чалавека, што тое, што з вуснаў выходзіць

Тады, падышоўшы, [Яго] вучні кажуць Яму: Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы гэтае слова, абурыліся?
 
Затым падыйшлі вучні Яго і сказалі Яму: "Ведаеш, што фарызэі пачуўшы гэтае слова згоршыліся".

Ён жа сказаў у адказ: Кожная расліна, якую не пасадзіў Мой Бацька Нябесны, будзе выкаранена.
 
А Ён адказаў ім: "Усякі род, расьліна, якой не пасадзіў Айцец Мой Нябесны — выкарчавана будзе.

Пакіньце іх; яны — сляпыя павадыры [сляпых]; а калі сляпы вядзе сляпога, абодва ўпадуць ў яму.
 
Пакініце іх, бо яны сьляпыя правадыры сьляпых: а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодвы ўваляцца ў яму.

Пётр жа сказаў Яму ў адказ: Растлумач нам [гэтую] прыпавесць.
 
Дык Пётр у адказ сказаў Яму: "Выясьні нам гэту прыповесьць".

А Ён46 сказаў: Няўжо і вы яшчэ не разумееце?
 
А Ён сказаў: "Ды і вы таксама не разумееце?

Хіба [яшчэ не] разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, праходзіць у жывот і выкідваецца ў адыходнае месца?
 
Не разумееце, што ўсё, што ў вусны ўходзіць, ідзе ў жывот і выдзяляецца навонкі, на двор.

А што з вуснаў выходзіць — з сэрца выходзіць, і тое апаганьвае чалавека.
 
А што з вуснаў выходзіць, паходзіць ад сэрца і гэта паганіць, пляміць чалавека:

Бо з сэрца выходзяць ліхія намеры, забойствы, чужаложства, крадзеж, ілжэсведчанні, блюзнерствы:
 
бо з сэрца паходзяць благія думкі, забойствы, чужаложствы, нячыстасьці, пакражы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьнерствы.

гэта апаганьвае чалавека, а есці нямытымі рукамі — не апаганьвае чалавека.
 
Гэта вось, што паганіць чалавека: Але есьці немытымі рукамі, гэта не паганіць, не пляміць чалавека"

І, выйшаўшы адтуль, Ісус адышоў у землі Тырскія і Сідонскія.
 
А выйшаўшы адтуль Езус направіўся ў мясцовасьці Тыру і Сыдону.

І вось, жанчына — хананеянка, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала [Яму], кажучы: Злітуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Маю дачку цяжка мучыць дэман.
 
І якраз жанчына — хананейка выйшаўшы з тых мясцоў крычала Езусу: "Сыне Давідаў, Госпадзе, зжалься нада мной: дачка мая страшна мучана шатанам."

Ён жа не адказаў ёй ні слова. І Яго вучні, падышоўшы, прасілі Яго, кажучы: Адпусці яе, бо ідзе і крычыць за намі.
 
А Ён не адказаў ёй ані слова. Дык падыйшлі вучні Яго і прасілі Яго і казалі: "Адпусьці яе, бо яна прызывае нас."

Ён жа сказаў у адказ: Я пасланы толькі да загінулых авечак дома Ізраілевага.
 
Езус у адказ сказаў: "Пасланы Я толькі да авец, каторыя прапалі з дому Ізраеля."

А яна, падышоўшы, упала перад Ім, кажучы: Госпадзе! дапамажы мне!
 
Але яна падыйшла і пакланілася Яму, просячы: "Госпадзе, ратуй мяне!"

Ён жа сказаў у адказ: Нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.
 
А Езус адказаў: "Ня добра браць хлеб ад сыноў і кідаць сабакам."

А яна сказала: Так, Госпадзе! Але і шчаняты ядуць крошкі, што падаюць са стала іх гаспадароў.
 
А яна сказала: "Так, Госпадзе, але аднак і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іх."

Тады ў адказ Ісус сказаў ёй: О жанчына, вялікая твая вера! Няхай будзе табе, як ты хочаш. — І з тае гадзіны выздаравела яе дачка.
 
Тады Езус у адказ сказаў ёй: "О жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца, як хочаш." І ў тую хвіліну дачка яе была аздароўлена.

І Ісус, адышоўшы адтуль, прыйшоў да Галілейскага мора; і, узышоўшы на гару, сеў там.
 
Затым выйшаўшы адтуль, Езус прыбыў да мора Галілескага і ўзыйшоўшы на гару, сядзеў тамака.

І падышлі да Яго вялікія натоўпы, ведучы з сабою кульгавых, сляпых, калек, нямых і многіх іншых і клалі іх да Яго47 ног, і Ён вылечыў іх;
 
Дабраліся да Яго вялікія грамады, маючы з сабой храмых, сьляпых, калекіх ды многа іншых. І даставілі іх да Яго, а Ён аздаравіў іх.

так што натоўп дзівіўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі — здаровыя, кульгавыя ходзяць і сляпыя бачаць; і яны славілі Бога Ізраілевага.
 
Усе жа дзівіліся, бачачы, што нямыя — гавораць, храмыя — ходзяць, сьляпыя — відзяць. Дык славілі Бога Ізраеля.

А Ісус, паклікаўшы Сваіх вучняў, казаў: Шкада Мне гэты натоўп, бо ўжо тры дні застаецца пры Мне, і не мае што есці; і адпусціць іх галодных не хачу, каб яны не саслабелі ў дарозе.
 
Езус паклікаўшы вучняў Сваіх, казаў ім: "Шкада мне людзей, бо ўжо тры дні прабываюць пры Мне і ня маюць чаго есьці. А Я не хачу адправіць іх галодных, каб не самлелі ў дарозе".

І [Яго] вучні кажуць Яму: Адкуль нам узяць у пустэльні гэтулькі хлябоў, каб накарміць такі натоўп?
 
Сказалі Яму вучні: "Скуль у пустыні набяромся столькі хлеба, каб накарміць такі натоўп людзей?"

А Ісус пытаецца ў іх: Колькі ў вас хлябоў? — Яны ж сказалі: Сем і некалькі рыбінак.
 
Пытаецца ў іх Езус: "Колькі маеце хлябоў?" Яны ж сказалі: "Сем і крыху рыбаў."

І загадаў натоўпу ўзлегчы на зямлю;
 
Дык загадаў Езус людзям пасесьці на зямлі.

узяў сем хлябоў і рыбы, і, узнёсшы падзяку, паламаў і даў [Сваім] вучням, а вучні — натоўпам.
 
А ўзяўшы сем хлябоў і рыбы, падзяку складаючы, ламаў і даваў вучням Сваім, вучні раздавалі людзям.

І ўсе елі і наеліся; і пазасталых кавалкаў назбіралі сем поўных кашоў.
 
І елі ўсе і наеліся. А з кавалкаў, якія засталіся сабралі сем поўных кашоў.

А тых, што елі, было чатыры тысячы мужчын, акрамя жанчын і дзяцей.
 
А тых, што елі было чатыры тысячы, апрача дзяцей і жанчынаў.

І, адпусціўшы натоўпы, Ён увайшоў у лодку і прыбыў у межы Магадана48.
 
Адпусьціўшы людзей Езус сеў у лодку і прыплыў у край Магэдан.