Яна 15 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Я — праўдзівая вінаградная Лаза, а Мой Бацька — Вінаградар.
Я — праўдзівы куст (ушчэп) вінаградны, а Айцец мой — вінаградар.
Кожную галіну на Мне, што не родзіць плода, Ён адцінае, і кожную, што родзіць плод, ачышчае, каб радзіла больш плода.
Усякую галінку, якая ўва Мне не прыносіць плоду, адсячэ, а тую, што прыносіць плод, ачысьціць, каб болей прыносіла плоду.
Вы ўжо чыстыя праз слова, якое сказаў Я вам;
Вы ўжо ачышчаны дзеля навукі, якую вам высказаў.
Застаньцеся ўва Мне, і Я ў вас. Як галіна не можа радзіць плода сама з сябе, калі не застаецца на лазе, так не можаце і вы, калі ўва Мне не застаняцеся.
Трывайце ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка ня можа пладаваць сама з сябе, калі не застаецца ў вінаградным кусьце (ушчэпе), тык і вы, калі ня будзеце заставацца ўва Мне.
Я — вінаградная Лаза, вы — галіны. Хто ўва Мне застаецца, а Я ў ім, той прыносіць шмат плода, бо без Мяне вы нічога не можаце рабіць.
Я вінаградным кустом (ушчэпам), а вы вінаграднымі галінкамі. Хто прабывае ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць, дае многа пладоў, бо без Мяне вы ня можаце нічога (добрага) зрабіць.
Калі хто не застанецца ўва Мне, — ён будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне; і іх збіраюць і кідаюць у агонь, і яны згараюць.
Хто ня будзе заставацца ўва Мне, будзе адкінуты проч, як галінка і ссохне: сабяруць яе і кінуць у агонь і там згарыць.
Калі застаняцеся ўва Мне і Мае словы ў вас застануцца, чаго хочаце, прасіце, і будзе вам.
Калі будзеце ўва Мне, а словы Мае ў вас, аб што захочаце прасіць, станецца вам.
У тым праславіцца Мой Бацька, што вы шмат плода дасце і будзеце Маімі вучнямі.
У тым і хвала Айца Майго, каб многа плоду (дабра) прыносілі ды сталіся Маімі вучнямі.
Як палюбіў Мяне Бацька, так і Я вас палюбіў: заставайцеся ў Маёй любові.
Як Мяне ўзьлюбіў Айцец, так і Я вас умілаваў. Трывайце ў Маёй міласьці.
Калі вы будзеце выконваць Мае запаведзі, вы застаняцеся ў Маёй любові, як Я запаведзі Майго Бацькі збярог і застаюся ў Яго любові.
Калі зьберажыцё Мае прыказаньні, вытрываеце ў Маёй міласьці, як і Я зьбярог прыказаньні Айца Майго і трываю ў Яго міласьці.
Гэта сказаў Я вам, каб Мая радасць была ў вас і ваша радасць была поўная.
Гэта Я вам сказаў, каб радасьць Мая была ў вас, ды каб радасьць ваша была поўнай, дасканалай.
Гэта — Мая запаведзь, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
Гэта вось Маё прыказаньне, каб вы ўзаемна любіліся, як і Я вас узьлюбіў.
Ніхто не мае большай любові, чым тая, калі хто сваё жыццё41 аддасць за сваіх сяброў.
Ніхто ня мае большай міласьці за тую, калі хто аддае жыцьцё сваё за сваіх прыяцеляў.
Вы мае сябры, калі робіце тое, што Я запаведую вам.
Вы — Мае прыяцелі, калі спаўняць будзеце тое, што Я загадваю.
Я ўжо не называю вас рабамі, бо раб не ведае, што робіць яго гаспадар; а вас Я назваў сябрамі, бо ўсё, што пачуў ад Майго Бацькі, Я даў знаць вам.
Ужо Я вас не назаву слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць гаспадар ягоны. Наадварот назваў вас прыяцелямі, бо ўсё, што ад Айца пачуў, пераказаў вам.
Не вы Мяне выбралі, а Я выбраў вас і паставіў вас, каб вы ішлі і плод давалі, і ваш плод заставаўся, каб, чаго вы Бацьку ні папрасілі ў Маё імя, Ён даў вам.
Ня вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і пастанавіў вас, каб вы ішлі і давалі плод, ды каб ваш плод трываў і каб Айцец даў вам аб што толькі будзеце прасіць Яго ў імя Маё.
Гэта і запаведую вам, каб вы любілі адзін аднаго.
Гэта вам загадваю, каб вы адзін другога любілі.
Калі свет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне ён раней за вас зненавідзеў.
Калі вас сьвет ненавідзіць, ведаеце, што і Мяне зьневідзеў перш чым вас.
Калі б вы ад свету былі, свет любіў бы сваё; а таму што вы не ад свету, а Я выбраў вас ад свету, таму ненавідзіць вас свет.
Каб вы былі са сьвету, сьвет любіў бы тое, што яго, але калі вы не са сьвету, бо Я вас са сьвету выбраў, там вас сьвет не зненавідзіў.
Помніце слова, якое Я сказаў вам: «Раб не большы за свайго гаспадара». Калі Мяне гналі, і вас будуць гнаць; калі Маё слова выконвалі, і ваша будуць выконваць.
Прыпомніце Мае словы, якія Я вам сказаў: "Слуга ня большы ад гаспадара свайго. Калі Мяне прасьледавалі, дык і вас прасьледаваць будуць. А калі вы Маю навуку бераглі, дык і вашу будуць берагчы.
Але гэта ўсё будуць рабіць вам з-за Майго імя, бо не ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне.
А гэта ўсё зробяць вам дзеля Майго імя, бо ня знаюць Таго, Хто Мяне паслаў.
Калі б Я не прыйшоў і не казаў ім, яны не мелі б граху; цяпер жа яны не маюць апраўдання за свой грэх.
Калі б Я ня быў прыйшоўшы і не гаварыў ім, ня мелі б граха, але цяпер ня маюць апраўданьня з свайго граха.
Той, хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Майго Бацьку.
Хто Мяне ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго.
Калі б Я не зрабіў між іх спраў, якіх ніхто іншы не зрабіў, яны не мелі б граху; цяпер жа яны і бачылі, і зненавідзелі і Мяне, і Майго Бацьку.
Калі б будучы сярод іх не чыніў цудаў (чынаў), якіх не чыніў ніхто іншы, ня мелі б граха, але ж цяпер відзілі, а зьненавідзелі Мяне і Айца Майго.
Але гэта для таго, каб спраўдзілася слова, напісанае ў іх законе: «Зненавідзелі Мяне без прычыны».
Таму, каб споўнілася прароцтва (прадсказ) напісанае ў іхнім Законе: "Зьненавідзелі Мяне без прычыны" (Пс. 24, 10).
Калі [ж] прыйдзе Абаронца, Якога я пашлю вам ад Бацькі, Дух праўды, што ад Бацькі зыходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне;
А калі прыйдзе Пацяшыцель, Якога Я вам пашлю, ад Айца, Дух праўды, каторы ад Айца паходзіць, Ён аба Мне сьведчыць будзе.
і вы таксама павінны сведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.
І вы аба Мне сьведчыць будзеце, бо вы са Мною ад пачатку.