Яна 9 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І, праходзячы, Ён убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння.
Аднойчы праходзячы ўбачыў Езус чалавека сьляпога ад уроду (ад нараджэньня).
І Яго вучні спыталіся ў Яго, кажучы: Равві, хто саграшыў: ён ці яго бацькі, што нарадзіўся сляпым?
Дык спыталіся вучні Ягоныя ў Езуса: "Вучыцелю, хто саграшыў: ён ці бацькі ягоныя, што ён такім нарадзіўся?"
Ісус адказаў: Ні ён не саграшыў, ні яго бацькі, а каб на ім былі выяўлены ўчынкі Божыя.
Езус сказаў ім: "Ані ён не саграшыў, ані бацькі ягоныя, але каб справы (дзейнасьць, міласьць) Божыя выявіліся на ім.
Нам25 трэба рабіць справы Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць.
Я маю выконваць паручэньні Таго, Хто Мяне паслаў, пакуль дзень. Бо надыходзіць ноч, калі ніхто ня будзе магчы дзейнічыць.
Пакуль Я ў свеце, Я святло свету.
Пакуль Я на сьвеце — Я сьвятлом сьвету.
Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў сумесь са сліны і памазаў яму26 сумессю вочы,
Гэта сказаўшы плюнуў на зямлю, зрабіў балота са сьліны і памазаў яму вочы,
і сказаў яму: Ідзі, памыйся ў купальні Сілаам (што перакладаецца: «Пасланы»). — І той пайшоў, памыўся і прыйшоў відушчым.
кажучы: "Ідзі і абмый у сажалцы Еілёэ (што значыць Пасланы). Дык ён пайшоў, абмыўся і вярнуўся — бачачы.
Тады суседзі і тыя, якія бачылі раней яго, што ён быў папрасімцам27, казалі: Ці не той гэта, што сядзеў і прасіў?
Суседзі ж і тыя, што яго раней відзелі, што быў жабраком, казалі: "Ці ж гэта ня той, што сядзеў і жабраваў?" Ды адны казалі, што гэта ён.
Адны казалі: Гэта ён. — Другія казалі: Не, але падобны да яго. — Ён [жа] казаў: Гэта я.
А іншыя казалі што не, але падобны да яго. А ён казаў: "Гэта я той самы".
Тады спыталіся ў яго: Як [жа] адкрыліся твае вочы?
Дык пыталі тады ў яго: "Як вочы адкрыліся ў цябе?"
Той адказаў: Чалавек, Якога зваць Ісус, зрабіў сумесь, памазаў мае вочы і сказаў мне: «Ідзі ў Сілаам28 і памыйся». І вось я пайшоў і, памыўшыся, стаў бачыць.
Дык ён казаў: "Гэны чалавек, што завуць Езусам, разьвёў балота, памазаў мне ім вочы ды сказаў мне: "Ідзі да сажалкі Еілёэ і абмыйся". І я пайшоў, абмыўся і віджу".
І сказалі яму: Дзе Ён? — Той кажа: Не ведаю.
Дык спыталіся ў яго: "А дзе Ён?" Сказаў ён: "Ня ведаю".
Вядуць яго, былога сляпога, да фарысеяў.
Затым вядуць таго, што быў сьляпым да фарызэяў.
А была субота ў той дзень, калі Ісус зрабіў сумесь і адкрыў яму вочы.
А быў шабат, у каторым Езус зрабіў балота і зрок яму вярнуў.
Дык зноў спыталіся ў яго і фарысеі, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: Ён паклаў мне сумесь на вочы, і я памыўся — і бачу.
Дык ізноў пыталіся ў яго фарызэі, у які спосаб ён празрэў?" А ён сказаў ім: "Налажыў Ён мне балота на вочы, абмыўся і бачу".
Тады некаторыя з фарысеяў казалі: Не ад Бога Гэты Чалавек, бо не захоўвае суботы. — [А] іншыя казалі: Як можа грэшны чалавек рабіць такія знакі? — І быў разлад у іх.
Дык казалі некаторыя з фарызэяў: "Чалавек той, што не беражэ шабату, ня ёсьць ад Бога". Другія ж казалі: "Як жа чалавек грэшны можа чыніць такія цуды?" Гэта дайшло да раздваеньня між імі.
Тады зноў пытаюцца ў сляпога: Што ты скажаш пра Яго, бо Ён адкрыу табе вочы? — Той жа сказаў: Ён Прарок.
Пытаюцца затым паўторна ў сьляпога: "Што ты кажаш пра Таго, што табе зрэньне вярнуў? Ён жа сказаў: "Гэта Прарок!"
Іудзеі тады не паверылі яму, што ён быў сляпы і стаў бачыць, аж пакуль не паклікалі бацькоў гэтага чалавека, што зрабіўся відушчым,
Юдэі аднак не паверылі яму, што ён сьляпы і празрэў, пакуль не пазвалі бацькоў таго, хто празрэў.
і спыталіся ў іх, кажучы: Гэта ваш сын, пра якога вы кажаце, што ён нарадзіўся сляпым? Як жа ён цяпер бачыць?
Дык пыталіся іх: "Ці сапраўды ён ваш сын, аб якім кажаце, што нарадзіўся сьляпым? Дык як жа ён цяпер відзіць?"
Тады ў адказ яго бацькі сказалі: Мы ведаем, што гэта наш сын і што ён нарадзіўся сляпым;
Адказалі ім бацькі ягоныя: "Ведаем, што ён наш сын ды што сьляпым нарадзіўся,
а як ён цяпер бачыць, не ведаем, або хто адкрыў яму вочы, мы не ведаем; спытайцеся ў яго, ён дарослы, сам пра сябе скажа.
але якім чынам цяпер відзіць — ня ведаем, ня ведаем так сама, хто яму зрэньне вярнуў. У яго самога пытайцеся, мае гады, хай сам аб сабе разказвае".
Яго бацькі сказалі гэта, таму што баяліся іудзеяў; бо іудзеі ўжо ўмовіліся: каб таго, хто вызнае Яго за Хрыста, адлучыць ад сінагогі.
Гэтак бацькі казалі, бо баяліся Юдэяў, бо Юдэі ўжо дагаварыліся, што вылучаць з сынагогі таго, хто прызнае Яго за Хрыста.
Таму яго бацькі сказалі: «Ён дарослы, у яго спытайцеся».
Дзеля таго бацькі яго сказалі: "Мае гады, яго самога пытайцеся".
Дык яны другі раз паклікалі чалавека, што быў сляпы, і сказалі яму: Уздай славу Богу; мы ведаем, што Гэты Чалавек — грэшнік.
Затым паўторна пазвалі чалавека, што быў сьляпым, і сказалі яму: "Дай хвалу Богу, мы ведаем, што той чалавек грэшны".
Дык той адказаў: Ці Ён грэшнік, я не ведаю; адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу.
Але ён ім адказаў: "Ці Ён грэшны, ня ведаю, але толькі ведаю, што быў сьляпым, а цяпер віджу".
Тады яны сказалі яму: Што Ён зрабіў табе? Як адкрыў табе вочы?
Дык паўторна пыталіся яго: "Што Ён зрабіў? У які спосаб адкрыў табе вочы?"
Ён адказаў ім: Я ўжо сказаў вам, ды вы не слухалі. Што хочаце зноў пачуць? Ці не хочаце і вы зрабіцца Яго вучнямі?
Ён адказаў ім: "Я ўжо сказаў вам, чулі, чаму зноў хочыце пачуць? Ці і вы хочаце стацца Яго вучнямі?"
І яны вылаялі яго і сказалі: Ты вучань Таго, а мы вучні Маісеевы;
Яны дакаралі яму і казалі: "Ты будзь Яго вучням, а мы вучнямі Майсея.
мы ведаем, што Маісею казаў Бог, а пра Гэтага мы не ведаем, адкуль Ён.
Мы ведаем, што да Майсея прамаўляў Бог, але скуль гэты ня ведаем".
Той чалавек сказаў ім у адказ: Гэта і дзіўна, што вы не ведаеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы.
А той чалавек у адказ сказаў ім: "Гэта вось дзіўнае, што ня ведаеце, скуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы".
Мы [ж] ведаем, што грэшнікаў Бог не слухае, але, калі хто богабоязны і Яго волю выконвае, таго Ён слухае.
Ведаем жа, што грэшнікаў Бог не выслухоўвае, а калі хто спахвальшчыкам Бога і волю Яго спаўняе, то таго выслухоўвае.
Адвеку не было чуваць, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэння.
Ад веку не чута, каб хто сьлепа народжанаму зрэньне вярнуў.
Калі б Гэты не быў ад Бога, Ён не мог бы рабіць нічога.
Каб Ён ня быў ад Бога, ня мог бы нічога зрабіць".
У адказ яны сказалі яму: У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты вучыш нас? — І выгналі яго вон.
У адказ сказалі яны яму: "У грахах увесь ты нарадзіўся і хочаш нас павучаць". І выкінулі яго.
Ісус пачуў, што яго выгналі вон, і, знайшоўшы яго, сказаў: Ці веруеш ты ў Сына Чалавечага?29
Пачуў Езус, што яго выкінулі, і спаткаўшы яго, сказаў яму: "Ці верыш ты ў Сына Божага?"
Той сказаў у адказ: А хто Ён, Госпадзе, каб я вераваў у Яго?
А ён у адказ спытаўся: "А хто Ты, Госпадзе, каб я мог Яму верыць?"
Ісус сказаў яму: І бачыў ты Яго, і Той, Хто гаворыць з табою, — гэта Ён.
Сказаў яму Езус: "Ты бачыў Яго ўжо і Ён Той, Хто з табою гаворыць".
І той сказаў: Верую, Госпадзе, — і пакланіўся Яму.
Ды ён сказаў: "Веру Госпадзе". І ўпаўшы, пакланіўся Яму.
І Ісус сказаў: На суд Я прыйшоў у гэты свет, каб невідушчыя бачылі, а відушчыя зрабіліся сляпымі.
Затым сказаў Езус: "На суд прыйшоў Я на гэты сьвет, каб тыя, што ня відзяць — празрэлі, а тыя, што відзяць, асьлеплі".
Некаторыя з фарысеяў, што былі з Ім, пачулі гэта і сказалі Яму: Няўжо і мы сляпыя?
Пачулі гэта некаторыя з фарызэяў, што пры Ім былі, дык пыталіся ў Яго: "Ці і мы сьляпыя?"
Ісус сказаў ім: Калі б вы былі сляпыя, не мелі б граху; а як цяпер вы кажаце: «Мы бачым», то ваш грэх застаецца на вас.
Сказаў ім Езус: "Калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б віны. Вы аднак цяпер уважаеце, што відзіце, таму грэх трывае ў вас".