1 Яна 3 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Паглядзіце, якую любоў даў нам Бацька, каб мы былі названыя дзецьмі Божымі; і мы ёсць дзеці Божыя. Таму свет не ведае нас, бо не ўведаў Яго.
 
Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы [імі] ёсць! Свет таму не ведае нас, што не пазнаў Яго.

Улюбёныя, мы цяпер дзеці Божыя і яшчэ не адкрыта, якія будзем. Ведаем, што калі Ён адкрыецца, мы будзем падобныя да Яго, бо ўбачым Яго, як Ён ёсць.
 
Дарагія, мы цяпер дзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, кім мы будзем. Ведаем, што, калі гэта само выявіцца, мы будзем падобныя да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім Ён ёсць.

І кожны, хто мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе так, як Ён чысты.
 
І кожны, хто мае такую надзею ў Ім, ачышчае сябе падобна таму, як Ён чысты.

Кожны, хто чыніць грэх, чыніць і беззаконне, і грэх ёсць беззаконне.
 
Кожны, хто ўчыняе грэх, дапускаецца і беззаконня, бо грэх ёсць беззаконне.

І вы ведаеце, што Ён з’явіўся, каб узяць [нашы] грахі, і граху ў Ім няма.
 
І ведаеце, што Ён аб’явіўся на тое, каб забраць грахі, і ў Ім няма граху.

Кожны, хто застаецца ў Ім, не грашыць; кожны, хто грашыць, не бачыў Яго і не ўведаў Яго.
 
Кожны, хто застаецца ў Ім, не грашыць; ніводзін жа з тых, што грашаць, не бачыў Яго і не пазнаў Яго.

Дзеткі, няхай ніхто не ўводзіць вас у зман; хто творыць праведнасць, той праведны, як і Ён праведны.
 
Дзеткі! Хай ніхто вас не зводзіць. Хто робіць справядлівасць, той справядлівы, як і Ён справядлівы.

Хто чыніць грэх, той ад д’ябла, бо д’ябал грашыць ад пачатку. Дзеля таго з’явіўся Сын Божы, каб разбурыць зробленае д’яблам.
 
Хто ўчыняе грэх, той ад д’ябла, бо д’ябал ад пачатку грашыць. Дзеля гэтага і аб’явіўся Сын Божы, каб знішчыць справы д’ябла.

Кожны, народжаны ад Бога, не чыніць граху, бо насенне Яго застаецца ў ім, і ён не можа грашыць, бо ад Бога народжаны.
 
Кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не ўчыняе граху, бо застаецца ў ім семя Яго; і не можа ён грашыць, бо нарадзіўся ад Бога.

Гэтым выяўляюцца дзеці Божыя і дзеці д’ябла: кожны, хто не творыць праведнасці, — не ад Бога, як і той, хто не любіць свайго брата.
 
Гэтым выяўляюцца дзеці Божыя і дзеці д’ябла: кожны, хто не ўчыняе справядлівасці, не ёсць ад Бога, таксама як і той, хто не любіць брата свайго.

Бо вось гэтая вестка, якую вы чулі ад пачатку: каб мы любілі адзін аднаго,
 
Бо такое ёсць абвяшчэнне, каторае чулі вы ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго.

не так, як Каін, які быў ад ліхога і забіў свайго брата. І чаму ён забіў яго? Бо ўчынкі яго былі ліхія, а яго брата — праведныя.
 
Не як Каін: ад ліхога быў і забіў брата свайго. А чаму яго забіў? Бо ўчынкі яго былі благія, а брата яго — справядлівыя.

Не здзіўляйцеся, браты, калі свет ненавідзіць вас.
 
Не дзівіцеся, браты, калі свет ненавідзіць вас.

Мы ведаем, што мы перайшлі са смерці ў жыццё, бо любім братоў; той, хто не любіць, застаецца ў смерці.
 
Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, бо любім братоў; хто не любіць, той застаецца ў смерці.

Кожны, хто ненавідзіць свайго брата, — чалавеказабойца, а вы ведаеце, што ніводзін чалавеказабойца не мае вечнага жыцця, што заставалася б у ім.
 
Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсць забойца, а вы ведаеце, што ніводзін забойца не мае ў сабе жыцця вечнага, якое з ім застаецца.

З таго ведаем мы любоў, што Ён за нас паклаў жыццё Сваё; і мы павінны за братоў жыцці класці.
 
З таго пазналі мы любоў, што Ён аддаў душу Сваю за нас; і мы павінны аддаваць душу за братоў.

А хто мае дабрабыт у гэтым свеце і бачыць свайго брата ў нястачы і закрые ад яго сваё сэрца, як можа застацца ў ім любоў Божая?
 
Калі хто мае багацце [гэтага] свету і бачыць, што брат яго жыве ў бядзе, і зачыняе сэрца сваё ад яго, дык як можа трываць у ім любоў Божая?

Дзеткі, будзем любіць не словам і не языком, але ўчынкамі і праўдаю.
 
Дзеткі, будзем любіць не словам ці языком, але справай і праўдай.

І з гэтага мы ўведаем, што мы — ад праўды і супакоім перад Ім наша сэрца,
 
Па гэтым пазнаём, што мы ад праўды, ды супакоім перад абліччам Яго сэрцы нашыя,

бо калі сэрца абвінавачвае нас, гэта таму, што Бог большы за наша сэрца і ведае ўсё.
 
бо калі нашае сэрца асуджае нас, дык Бог большы за нашае сэрца і ведае ўсё.

Улюбёныя, калі наша сэрца не абвінавачвае нас, мы маем адкрытасць да Бога;
 
Даражэнькія, калі сэрца нашае не асуджае нас, маем адвагу перад Богам,

і чаго б мы ні прасілі, атрымаем ад Яго, бо выконваем Яго запаведзі і робім тое, што Яму падабаецца.
 
і, пра што прасіць будзем, атрымаем ад Яго, бо захоўваем прыказанні Яго і робім тое, што Яму падабаецца.

А запаведзь Яго гэтая, каб мы верылі ў імя Яго Сына Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён і даў нам запаведзь.
 
А прыказанне Яго такое: каб мы верылі ў імя Яго Сына Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён нам загадаў.

І той, хто выконвае Яго запаведзі, застаецца ў Ім, і Ён — у тым. А што Ён застаецца ў нас, мы пазнаём па Духу, Які Ён даў нам.
 
І хто выконвае пастановы Яго, той трывае ў Ім, а Ён — у тым, і тое, што Ён трывае ў нас, пазнаём па Духу, Якога Ён нам даў.