1 Яна 3 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Станкевіча
Паглядзіце, якую любоў даў нам Бацька, каб мы былі названыя дзецьмі Божымі; і мы ёсць дзеці Божыя. Таму свет не ведае нас, бо не ўведаў Яго.
Глядзіце, што за міласьць даў нам Айцец, каб нам звацца дзецьмі Божымі, і мы імі ё. Сьвет затым ня знае нас, што не пазнаў Яго.
Улюбёныя, мы цяпер дзеці Божыя і яшчэ не адкрыта, якія будзем. Ведаем, што калі Ён адкрыецца, мы будзем падобныя да Яго, бо ўбачым Яго, як Ён ёсць.
Умілаваныя! мы цяпер дзеткі Божыя; але яшчэ ня зьяўлена, што будзем. Ведаем толькі, што, як зьявіцца, будзем падобныя да Яго, бо абачым Яго, як Ён ё.
І кожны, хто мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе так, як Ён чысты.
І кажны, што мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе, як Ё чысты.
Кожны, хто чыніць грэх, чыніць і беззаконне, і грэх ёсць беззаконне.
Кажны, хто чыне грэх, чыне й бяспраўе; і грэх ё бяспраўе.
І вы ведаеце, што Ён з’явіўся, каб узяць [нашы] грахі, і граху ў Ім няма.
І вы ведаеце, што Ён зьявіўся, каб узяць грахі нашы, а ў Ім няма грэху.
Кожны, хто застаецца ў Ім, не грашыць; кожны, хто грашыць, не бачыў Яго і не ўведаў Яго.
Кажны, хто трывае ў Ім, ня грэша; кажны, хто грэша, ня бачыў Яго ані пазнаў Яго.
Дзеткі, няхай ніхто не ўводзіць вас у зман; хто творыць праведнасць, той праведны, як і Ён праведны.
Дзеткі! няхай ня зводзе вас ніхто. Хто чыне справядлівасьць, тый справядлівы, як і Ён справядлівы;
Хто чыніць грэх, той ад д’ябла, бо д’ябал грашыць ад пачатку. Дзеля таго з’явіўся Сын Божы, каб разбурыць зробленае д’яблам.
Хто чыне грэх, тый ад дзявала, бо ад пачатку дзявал грэша. Дзеля таго зьявіўся Сын Божы, каб памярцьвіць учынкі дзявалавы.
Кожны, народжаны ад Бога, не чыніць граху, бо насенне Яго застаецца ў ім, і ён не можа грашыць, бо ад Бога народжаны.
Кажны, хто нарадзіўся з Бога, ня чыне грэху, бо семя Ягонае трывае ў ім; і ён ня можа грашыць, бо народжаны з Бога.
Гэтым выяўляюцца дзеці Божыя і дзеці д’ябла: кожны, хто не творыць праведнасці, — не ад Бога, як і той, хто не любіць свайго брата.
Гэтым паказаны дзеці Божыя й дзеці дзявалавы: кажны, хто ня чыне справядлівасьці, ня ё з Бога, і хто ня любе брата свайго.
Бо вось гэтая вестка, якую вы чулі ад пачатку: каб мы любілі адзін аднаго,
Бо гэткая ведамка, што вы чулі ад пачатку, каб мы мілавалі адно аднаго,
не так, як Каін, які быў ад ліхога і забіў свайго брата. І чаму ён забіў яго? Бо ўчынкі яго былі ліхія, а яго брата — праведныя.
Ня як Каін, што быў із злога і забіў брата свайго. І чаму забіў яго? Бо ўчынкі ягоныя былі нягодныя, а брата ягонага справядлівыя.
Не здзіўляйцеся, браты, калі свет ненавідзіць вас.
Ня дзівуйцеся, браты, калі сьвет ненавідзе вас.
Мы ведаем, што мы перайшлі са смерці ў жыццё, бо любім братоў; той, хто не любіць, застаецца ў смерці.
Мы ведаем, што мы перайшлі ізь сьмерці да жыцьця, бо мілуем братоў; хто ня мілуе брата, трывае ў сьмерці.
Кожны, хто ненавідзіць свайго брата, — чалавеказабойца, а вы ведаеце, што ніводзін чалавеказабойца не мае вечнага жыцця, што заставалася б у ім.
Кажны, хто ненавідзе брата свайго, ёсьць убіўца; а вы ведаеце, што ніякі ўбіўца ня мае жыцьця, ў ім трываючага.
З таго ведаем мы любоў, што Ён за нас паклаў жыццё Сваё; і мы павінны за братоў жыцці класці.
Міласьць пазналі мы з тога, што Ён аддаў за нас жыцьцё Свае: і мы маем за братоў аддаваць жыцьці свае.
А хто мае дабрабыт у гэтым свеце і бачыць свайго брата ў нястачы і закрые ад яго сваё сэрца, як можа застацца ў ім любоў Божая?
Бо хто бы меў меньне гэтага сьвету, і бачыў брата свайго ў нудзе, і зачыніў сэрца свае перад ім, — як трывае міласьць Божая ў ім?
Дзеткі, будзем любіць не словам і не языком, але ўчынкамі і праўдаю.
Дзеткі! мілуйма ня словам ані языком, але ўчынкамі а праўдаю.
І з гэтага мы ўведаем, што мы — ад праўды і супакоім перад Ім наша сэрца,
З гэтага пазнаем, што мы з праўды, і супакоім сэрцы свае перад Ім;
бо калі сэрца абвінавачвае нас, гэта таму, што Бог большы за наша сэрца і ведае ўсё.
Бо калі сэрца наша судзе нас, пагатове Бог, вялікшы за сэрца нашае і зналы ўсяго.
Улюбёныя, калі наша сэрца не абвінавачвае нас, мы маем адкрытасць да Бога;
Умілаваныя! калі сэрца наша ня судзе нас, мы маем адвагу да Бога,
і чаго б мы ні прасілі, атрымаем ад Яго, бо выконваем Яго запаведзі і робім тое, што Яму падабаецца.
І, чаго толькі папросім у Яго, адзяржым, бо дзяржым расказаньні Ягоныя і чынім любае перад Ім.
А запаведзь Яго гэтая, каб мы верылі ў імя Яго Сына Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён і даў нам запаведзь.
А гэта расказаньне Ягонае, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага, Ісуса Хрыста, і мілавалі адзін аднаго, як Ён выдаў нам расказаньне.
І той, хто выконвае Яго запаведзі, застаецца ў Ім, і Ён — у тым. А што Ён застаецца ў нас, мы пазнаём па Духу, Які Ён даў нам.
І хто дзяржыць расказаньні Ягоныя, тый трывае ў Ім, і Ён у тым. І з тога пазнаем, што Ён перабывае ў нас, з Духа, каторага Ён даў нам.