1 Яна 3 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі! Свет таму не ведае нас, што не пазнаў Яго.
Глядзіце, што за міласьць даў нам Айцец, каб нам звацца дзецьмі Божымі, і мы імі ё. Сьвет затым ня знае нас, што не пазнаў Яго.
Улюбёныя, мы цяпер дзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, кім мы будзем. Ведаем, што, калі гэта выявіцца, мы будзем падобныя да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім Ён ёсць.
Умілаваныя! мы цяпер дзеткі Божыя; але яшчэ ня зьяўлена, што будзем. Ведаем толькі, што, як зьявіцца, будзем падобныя да Яго, бо абачым Яго, як Ён ё.
І кожны, хто мае такую надзею ў Ім, ачышчае сябе падобна таму, як Ён чысты.
І кажны, што мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе, як Ё чысты.
Кожны, хто ўчыняе грэх, дапускаецца і беззаконня, бо грэх ёсць беззаконне.
Кажны, хто чыне грэх, чыне й бяспраўе; і грэх ё бяспраўе.
І ведаеце, што Ён аб’явіўся на тое, каб забраць нашы грахі, і ў Ім няма граху.
І вы ведаеце, што Ён зьявіўся, каб узяць грахі нашы, а ў Ім няма грэху.
Кожны, хто застаецца ў Ім, не грашыць; ніводзін жа з тых, што грашаць, не бачыў Яго і не пазнаў Яго.
Кажны, хто трывае ў Ім, ня грэша; кажны, хто грэша, ня бачыў Яго ані пазнаў Яго.
Дзеткі! Хай ніхто вас не зводзіць. Хто робіць справядлівасць, той справядлівы, як і Ён справядлівы.
Дзеткі! няхай ня зводзе вас ніхто. Хто чыне справядлівасьць, тый справядлівы, як і Ён справядлівы;
Хто ўчыняе грэх, той ад д’ябла, бо д’ябал ад пачатку грашыць. Дзеля гэтага і аб’явіўся Сын Божы, каб знішчыць справы д’ябла.
Хто чыне грэх, тый ад дзявала, бо ад пачатку дзявал грэша. Дзеля таго зьявіўся Сын Божы, каб памярцьвіць учынкі дзявалавы.
Кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не ўчыняе граху, бо застаецца ў ім семя Яго; і не можа ён грашыць, бо нарадзіўся ад Бога.
Кажны, хто нарадзіўся з Бога, ня чыне грэху, бо семя Ягонае трывае ў ім; і ён ня можа грашыць, бо народжаны з Бога.
Гэтым выяўляюцца дзеці Божыя і дзеці д’ябла: кожны, хто не робіць справядлівасці, не ёсць ад Бога, таксама як і той, хто не любіць брата свайго.
Гэтым паказаны дзеці Божыя й дзеці дзявалавы: кажны, хто ня чыне справядлівасьці, ня ё з Бога, і хто ня любе брата свайго.
Бо такое ёсць абвяшчэнне, каторае чулі вы ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго.
Бо гэткая ведамка, што вы чулі ад пачатку, каб мы мілавалі адно аднаго,
Не як Каін: ён быў ад ліхога і забіў брата свайго. А чаму яго забіў? Бо ўчынкі яго былі благія, а брата яго — справядлівыя.
Ня як Каін, што быў із злога і забіў брата свайго. І чаму забіў яго? Бо ўчынкі ягоныя былі нягодныя, а брата ягонага справядлівыя.
Не дзівіцеся, браты, калі свет ненавідзіць вас.
Ня дзівуйцеся, браты, калі сьвет ненавідзе вас.
Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, бо любім братоў; хто не любіць брата, той трывае ў смерці.
Мы ведаем, што мы перайшлі ізь сьмерці да жыцьця, бо мілуем братоў; хто ня мілуе брата, трывае ў сьмерці.
Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсць забойца, а вы ведаеце, што ніводзін забойца не мае ў сабе жыцця вечнага, якое трывае ў Ім.
Кажны, хто ненавідзе брата свайго, ёсьць убіўца; а вы ведаеце, што ніякі ўбіўца ня мае жыцьця, ў ім трываючага.
З таго пазналі мы любоў, што Ён аддаў душу Сваю за нас; і мы павінны аддаваць душу за братоў.
Міласьць пазналі мы з тога, што Ён аддаў за нас жыцьцё Свае: і мы маем за братоў аддаваць жыцьці свае.
Калі хто мае багацце гэтага свету і бачыць, што брат яго жыве ў нястачы, і зачыняе сэрца сваё ад яго, дык як можа трываць у ім любоў Божая?
Бо хто бы меў меньне гэтага сьвету, і бачыў брата свайго ў нудзе, і зачыніў сэрца свае перад ім, — як трывае міласьць Божая ў ім?
Дзеткі мае, будзем любіць не словам ці языком, але справай і праўдай.
Дзеткі! мілуйма ня словам ані языком, але ўчынкамі а праўдаю.
Па гэтым пазнаем, што мы ад праўды, ды супакоім перад абліччам Яго сэрцы нашы,
З гэтага пазнаем, што мы з праўды, і супакоім сэрцы свае перад Ім;
бо калі наша сэрца асуджае нас, дык Бог большы за наша сэрца і ведае ўсё.
Бо калі сэрца наша судзе нас, пагатове Бог, вялікшы за сэрца нашае і зналы ўсяго.
Улюбёныя, калі сэрца наша не асуджае нас, маем адвагу перад Богам
Умілаваныя! калі сэрца наша ня судзе нас, мы маем адвагу да Бога,
і, пра што прасіць будзем, атрымаем ад Яго, бо захоўваем прыказанні Яго і робім тое, што Яму падабаецца.
І, чаго толькі папросім у Яго, адзяржым, бо дзяржым расказаньні Ягоныя і чынім любае перад Ім.
А прыказанне Яго такое: каб мы верылі ў імя Яго Сына Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён нам загадаў.
А гэта расказаньне Ягонае, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага, Ісуса Хрыста, і мілавалі адзін аднаго, як Ён выдаў нам расказаньне.
І хто выконвае прыказанні Яго, той трывае ў Ім, а Ён — у тым, і тое, што Ён трывае ў нас, пазнаём па Духу, Якога Ён нам даў.
І хто дзяржыць расказаньні Ягоныя, тый трывае ў Ім, і Ён у тым. І з тога пазнаем, што Ён перабывае ў нас, з Духа, каторага Ён даў нам.