Марка 2 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад В. Гадлеўскага
Праз колькі дзён Ён зноў прыйшоў у Капэрнаум, і стала ведама, што Ён у доме.
І па днях ён ізноў увайшоў у Капарнаум, і пачулі, што ён ёсьць у доме.
Хутка зыйшлося народу столькі, што ўжо ня было месца і каля дзьвярэй, і Ён прамаўляў ім слова.
І зыйшлося многа, так што не хватала месца нават каля дзьвярэй, і ён гаварыў да іх слова.
I прыйшлі да Яго, нясучы спараліжаванага ўчатырох.
І прыйшлі да яго, нясучы спаралізаванага, якога нясьлі чатырох.
Калі-ж не маглі данясьці яго да Ісуса з-за народу, яны разабралі страху над месцам, дзе Ён быў і, зрабіўшы атворыну, спусьцілі пасьцель, на якой ляжаў спараліжаваны.
І ня могучы яго палажыць перад ім дзеля грамады, разабралі дах, дзе ён быў і зрабіўшы дзіру, спусьцілі ложа, на каторым ляжаў спаралізаваны.
Ісус, бачачы веру іхную, кажа спараліжаванаму: — сыне, адпускаюцца табе грахі твае.
Калі-ж Езус убачыў іх веру, сказаў спаралізаванаму: Сыне, адпушчаюцца табе грахі твае.
Былі-ж там некаторыя з кніжнікаў і, седзячы, разважалі ў сэрцах сваіх.
Былі-ж там некаторыя з кніжнікаў, седзячы і думаючы ў сэрцах сваіх:
Што гэты чалавек гаворыць? Ён блюзьнерыць прад Богам: хто можа адпускаць грахі, апрача самога Бога?
Што гэта ён гаворыць? Ён блюзьніць. Хто можа адпусьціць грахі, апрача аднаго Бога?
Ісус, адразу спасьцярогшы Духам Сваім, што яны гэтак думаюць, сказаў ім: — нашто гэтак думаеце ў сэрцах вашых?
Езус, зараз пазнаўшы гэтае духам сваім, што яны гэтак у сабе, сказаў ім: Нашто вы гэта думаеце ў сэрцах вашых?
Што лягчэй сказаць спараліжаванаму: — адпускаюцца табе грахі твае, ці сказаць: — устань, вазьмі пасьцель сваю і хадзі?
Што лягчэй сказаць спаралізаванаму: «Адпушчаюцца табе грахі», ці сказаць: «Устань, вазьмі ложа тваё і хадзі».
Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — і гаворыць спараліжаванаму:
Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі — сказаў спаралізаванаму:
— кажу табе, устань, вазьмі пасьцель тваю ды йдзі ў дом твой.
Табе кажу: Устань, вазьмі ложа тваё і ідзі ў дом твой.
I той ураз-жа ўстаў, узяў пасьцель сваю і выйшаў прад усімі; і ўсе дзівіліся, славячы Бога, і гаварылі: — ніколі нічога такога мы ня бачылі.
І той зараз-жа ўстаў, і падняўшы ложа, пайшоў перад усімі, так што дзівіліся ўсе і славілі Бога, кажучы: Што ніколі мы гэтак ня бачылі.
І выйшаў зноў да мора, і грамада народу пайшла да Яго, і Ён навучаў іх.
І выйшаў ізноў да мора, а ўся грамада прыходзіла да яго і ён вучыў іх.
І, праходзячы, убачыў Левія, сына Алфеева, які сядзеў пры зборніцы падатковай, і кажа яму: — ідзі за Мною, і той, устаўшы, пайшоў сьледам за Ім.
І праходзячы, угледзеў Левія Альфэявага, сядзячага пры мытніцы і сказаў яму: Ідзі за мною. І ён устаўшы, пайшоў за ім.
І было-ж, калі Ісус сядзеў за сталом у доме яго, разам з Ім сядзелі і вучні Ягоныя, і мытнікі, і грэшнікі, бо многа іх было, і яны хадзілі за Ісусам.
І сталася, калі сядзеў за сталом у ягоным доме, многа мытнікаў і грэшнікаў сядзела разам з Езусам і вучнямі яго, бо іх многа было, што ішлі за ім.
А кніжнікі і фарысеі, убачыўшы, што Ён спажывае яду разам з мытнікамі і грэшнікамі, кажуць вучням Ягоным: — як гэта Ён есьць і п’е разам з мытнікамі і грэшнікамі?
А кніжнікі і фарызэі, бачачы, што ён еў з мытнікамі і грэшнікамі, казалі ягоным вучням: Чаму з мытнікамі і грэшнікамі есьць і п’е ваш вучыцель?
Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў ім: — не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя; і Я прыйшоў паклікаць ня праведнікаў, але грэшнікаў да пакаяньня.
Езус, пачуўшы гэтае, сказаў ім: Здаровым ня трэба лекара, але хворым, бо я ня прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшных.
А было-ж тады, што вучні Янавы, а і фарысейскія, трымаліся посту, і вось падыходзяць да Яго і кажуць: — чаму вучні Янавы і фарысейскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?
А вучні Яна і фарызэі пасьцілі. І прыйшлі і сказалі яму: Чаму вучні Янавы і фарызэявы посьцяць, а твае вучні ня посьцяць?
I сказаў ім Ісус: — ці-ж могуць пасьціць сыны бяседы вясельнае, пакуль з імі жаніх? у часе калі жаніх з імі, ня могуць пасьціь.
І сказаў ім Езус: Ці-ж могуць вясельныя госьці пасьціць, пакуль з імі ёсьць малады? Пакуль яны маюць з сабою маладога, ня могуць пасьціць.
Але прыйдуць дні, калі адыймецца ад іх жаніх, і тады будуць пасьціць у дні тыя.
Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога і тады будуць пасьціць у гэныя дні.
I ніхто ня прыстаўляе латкі з суравога палатна да старое адзежыны, бо новая латка адарвецца ад старога, і дзіра зробіцца яшчэ большая.
Ніхто не прышывае латы з сырога сукна да старое адзежы, бо інакш новая лата адрывае ад старога і робіцца большая дзіра.
I ніхто ня ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо інакш — маладое віно прарве старыя мяхі, і віно выцеча, і мяхі зглумяцца; але маладое віно трэба наліваць у мяхі новыя.
І ніхто ня лье новага віна ў старыя мяхі, бо інакш віно разарве мяхі, і віно разальецца, і мяхі прападуць. Але новае віно трэба ліць у новыя мяхі.
I было-ж зноў, калі выдарылася Яму прайходзіць у сыботу праз поле збажыны, і вучні Яго, прайходзячы, пачалі зрываць каласы.
І ізноў сталася, калі Пан праходзіў у суботу праз збожа і вучні ягоны пачалі ісьці і рваць каласы.
I фарысеі сказалі Яму: — глядзі, што яны робяць у сыботу, чаго не павінны рабіць? Ён-жа сказаў ім:
А фарызэі казалі яму: Вось што яны робяць у суботу, чаго ня можна.
— няўжо вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давыд, калі меў патрэбу, і згаладаў сам і ўсе, хто з ім былі?
І сказаў ім: Ці-ж вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і захацеў есьці сам і тыя, што з ім былі?
Калі ўвайшоў ён у дом Божы пры архісьвятару Авіяфару, і еў хлеб ахвярныя, якіх не належала есьці нікому, апрача сьвятароў, і даў тым, хто быў з ім.
Як ён увайшоў у дом Божы за Абіятара, архісьвятара і еў ахвярныя хлябы, якіх ня можна было есьці, як толькі сьвятарам, і даў тым, што з ім былі?
I сказаў ім: — сыбота для чалавека, а не чалавек для сыботы.
І сказаў ім: Субота ўстаноўлена для чалавека, а не чалавек для суботы.
Дзля таго Сын Чалавечы ёсьць гаспадаром і сыботы.
І так Сын чалавечы ёсьць панам так-жа і суботы.