Мацьвея 2 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

Калі-ж Ісус нарадзіўся ў Бэтлеэме Юдэйскім у днёх караля Ірада, вось прыйшлі мудрацы з усходу ў Ерусалім і кажуць:
 
Калі Ісус нарадзіўся ў Бэтлеэме Юдэйскім у днёх караля Ірада, вось прыйшлі мудрацы з усходу ў Ерусалім і кажуць:

Дзе ёсьць народжаны кароль Юдэйскі? Бо мы бачылі зьвязду Ягоную на ўсходзе, і прыйшлі пакланіцца Яму.
 
— Дзе народжаны кароль Юдэйскі? Бо мы бачылі зару Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.

Пачуўшы гэтае, кароль Ірад занепакоіўся, а з ім і ўвесь Ерусалім.
 
Пачуўшы гэтае, кароль Ірад занепакоіўся, а зь ім і ўвесь Ерусалім.

І склікаўшы першасьвятароў і кніжнікаў народных, выпытваў у іх: дзе прызначана нарадзіцца Хрысту?
 
І склікаўшы вышэйшае сьвятарства й кніжнікаў народных, выпытваў у іх, дзе прызначана нарадзіцца Хрысту.

Яны-ж сказалі яму: — У Бэтлеэме Юдэйскім, бо гэтак напісана ў прарока:
 
Яны-ж сказалі яму: — У Бэтлеэме Юдэйскім, бо гэтак напісана ў прарока:

І ты, Бэтлеэме, зямля Юдава, нічым ня меншу ў падуладнасьцях Юдавых, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які зьберажэ народ мой Ізраэльскі.
 
«І ты, Бэтлеэме, зямля Юдава, нічым ня меншы ў ваяводзтвах Юдавых, бо з цябе выйдзе Правадыр, які будзе кіраваць народам маім Ізраельскім».

Тады Ірад, тайком прызваўшы мудрацоў, выведаў ў іх час зьяўленьня зьвязды.
 
Тады Ірад, тайком паклікаўшы мудрацоў, выведаў ў іх час з’яўленьня зары.

І, пасылаючы іх у Бэтлеэм, сказаў: — пайдзеце дакладна разьведайце пра Дзяцёнка, і, калі знойдзеце, паведамеце мне, каб і я мог пайсьці пакланіцца Яму.
 
І, паслаўшы іх у Бэтлеэм, сказаў: «Пайдзеце і дакладна даведайцеся пра Дзіцятка, і калі знойдзеце, паведамеце мне, каб і я мог пайсьці пакланіцца Яму».

Яны-ж, выслухаўшы караля, адыйшлі; і вось зьвязда, якую бачылі яны на Ўсходзе, ішла перад імі, аж пакуль, дайшоўшы, запынілася над месцам, дзе было Дзіцятка.
 
Яны-ж, выслухаўшы караля, адыйшлі; і вось зара, якую бачылі яны на Ўсходзе, ішла прад імі, аж пакуль, дайшоўшы, спынілася над месцам, дзе было Дзіцятка.

Угледзеўшы-ж зорку яны ўзрадаваліся радасьцю надзвычайнаю.
 
Угледзеўшы-ж зорку яны ўзрадаваліся вельмі радасьцю вялікаю.

І, увайшоўшы ў будыніну, убачылі Дзіцятка з Марыяй, Маці Ягонаю, і, паўшы ніц, пакланіліся Яму; і, адчыніўшы скарбы свае, прынясьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну.
 
І, увайшоўшы ў будыніну, убачылі Дзіцятка з Марыяй, Маці Ягонаю, і паўшы ніц, пакланіліся Яму; і, адчыніўшы скарбы свае, прынясьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну.

Атрымаўшы-ж у сьне перасьцярогу не варачацца да Ірада, іншым шляхам адыйшлі ў краіну сваю.
 
Атрымаўшы-ж у сьне перасьцярогу не варачацца да Ірада, іншым шляхам адыйшлі ў краіну сваю.

Калі-ж яны адыйшлі, вось Ангел Гасподні зьяўляецца ў сьне Язэпу і кажа: — устань, вазьмі Дзіцятка і Маці Ягоную і бяжы ў Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго.
 
Калі-ж яны адыйшлі, вось Ангел Гасподні зьяўляецца ў сьне Язэпу й кажа: «Устань, вазьмі Дзіцятка й Маці Ягоную й бяжы ў Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго».

Ён устаў, узяў Дзіцятка і Маці Ягоную і ўначы пайшоў у Егіпет.
 
Ён устаў, узяў Дзіцятка і Маці Ягоную і ўначы пайшоў у Егіпет.

І быў там да сьмерці Ірада, каб збылося сказанае ад Госпада праз прарока, які гаворыць: — з Егіпту паклікаў Я Сына Майго.
 
І быў там да сьмерці Ірада, каб збылося сказанае ад Госпада праз прарока, які гаворыць: — «Зь Егіпту паклікаў Я Сына Майго».

Тады Ірад, зазнаўшы зьнявагі ад мудрацоў, разьярыўся гневам, і паслаў выбіць у Бэтлеэме і ўсіх ваколіцах яго ўсіх дзяцей ад двух гадоў і ніжэй, по-для часу, выведанага ад мудрацоў.
 
Тады Ірад, зазнаўшы зьнявагі ад мудрацоў, разьярыўся гневам і паслаў выбіць у Бэтлеэме і ў ваколіцах яго ўсіх дзяцей ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, выведанага ад мудрацоў.

Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які гаворыць:
 
Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які гаворыць:

— голас у Раме чуцён, плач, галашэньне і лямант вялікі: Рахіль плача па дзецях і ня хоча суцешыцца, бо няма ўжо іх. —
 
— «Голас у Раме чуцён, плач, галашэньне й лямант вялікі: Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца, бо няма ўжо іх».

Калі-ж Ірад памёр, вось Ангел Гасподні ў сьне зьяўляецца Язэпу у Егіпце і кажа:
 
Калі-ж Ірад памёр, вось Ангел Гасподні ў сьне зьяўляецца Язэпу й кажа:

— устань, вазьмі Дзіцятка і Маці Ягоную ды ідзі ў зямлю Ізраілеву, бо зьмерлі тыя, якія шукалі душы Дзіцяці.
 
— «Устань, вазьмі Дзіцятка й Маці Ягоную ды ідзі ў зямлю Ізраілеву, бо зьмерлі тыя, якія шукалі душы Дзіцяці».

Ён устаўшы, узяў Дзіцятка і Маці Ягоную і прыйшоў у зямлю Ізраілеву.
 
І ён, устаўшы, узяў Дзіцятка й Маці Яго ды прыйшоў у зямлю Ізраілеву.

А, дачуўшыся, што ў Юдэі ўладарыць Архелай, на месцы бацькі свайго Ірада, пабаяўся туды ісьці; атрымаўшы-ж вестку ў сьне, пайшоў у краіну Галілейскую.
 
А, дачуўшыся, што ў Юдэі ўладарыць Архелай на месцы бацькі свайго Ірада, пабаяўся туды йсьці; атрымаўшы-ж вестку ў сьне, пайшоў у краіну Галілейскую.

І, прыйшоўшы, пасяліўся ў месьце, званым Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў — Ён Назарэем назавецца.
 
І, прыйшоўшы, пасяліўся ў месьце, званым Назарэт, каб споўнілася сказанае праз прарокаў, што: «Ён Назарэем назавецца».