Марка 15 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Назаўтра, адразу зрана, першасьвятары разам з кніжнікамі і старшынямі, і ўвесь сынедрыён — зрабілі нараду, і зьвязаўшы Ісуса, павялі і перадалі Яго Пілату.
Назаўтра, адразу зранку, першасьвятары з кніжнікамі й старшынямі і ўвесь сынедрыён, зрабіўшы нараду, зьвязалі Ісуса, і павялі, і перадалі Яго Пілату.
I спытаўся ў Яго Пілат: — ці Ты Кароль Юдэйскі? Ён-жа ў адказ сказаў яму — ты кажаш!
I спытаўся ў Яго Пілат: «Ці Ты Кароль Юдэйскі?» Ён-жа ў адказ сказаў яму. «Ты кажаш!»
I шмат у чым архісьвятары абвінавачвалі Яго.
I шмат абвінавачаньняў архісьвятары ўзводзілі на Яго.
Пілат-жа зноў спытаўся ў Яго, кажучы: — ты нічога не адказваеш? глядзі, колькі абвінавачаньняў падаюць на Цябе.
Пілат-жа ізноў спытаўся ў Яго, кажучы: «Ты нічога не адказваеш? Глядзі, колькі абвінавачаньняў падаюць на Цябе».
Але Ісус і на гэта нічога не адказваў, аж Пілат дзівіўся.
Але Ісус і на гэта нічога не адказваў, аж Пілат дзівіўся.
Пад усякае-ж сьвята меўся ён адпусчаць аднаго з вязьняў, за якога прасілі.
Меў-жа ён звычай падчас сьвята адпускаць ім аднаго зь вязьняў, за якога прасілі.
Быў у вязьніцы нейкі Вараўва, адзін з бунтаўнікоў, якія ў часе бунту ўчыніў забойства.
Быў-жа ў вязьніцы нейкі Вараўва з сваім супольнікам, якія ў часе бунту ўчынілі забойства.
I народ, сабраўшыся, голасна пачаў прасіць Пілата, каб выканаў для іх, як і заўсёды рабіў гэта.
I народ, сабраўшыся, стаў голасна дамагацца, ад Пілата таго, што ён рабіў для іх заўсёды.
І Пілат, адазваўшыся да іх, сказаў: — калі хочаце, адпушчу вам караля Юдэйскага.
Пілат, адазваўшыся да іх, сказаў: «Калі хочаце, адпушчу вам караля Юдэйскага».
Ведаў-жа ён, што першасьвятары выдалі Яго праз зайздрасьць.
Бо ведаў, што першасьвятары выдалі Яго праз зайздрасьць.
Але першасьвятары падбурылі народ, каб прасілі адпусьціць замест Яго Вараўву.
Але першасьвятары падбурылі народ, каб лепш адпусьціў ім Вараўву.
Пілат-жа ў адказ зноў сказаў ім: — што-ж хочаце, каб я зрабіў з Тым, каго завяце Каралём Юдэйскім?
Пілат у адказ ізноў сказаў ім: «Што-ж хочаце, каб я зрабіў з Тым, каго завяце Каралём Юдэйскім?»
І яны зноў загаласілі: — укрыжуй Яго!
А яны ізноў закрычалі: «Укрыжуй Яго!»
Пілат сказаў ім: — што-ж ліхое ўчыніў Ён? але яны яшчэ мацней крычалі: — укрыжуй Яго!
Пілат сказаў ім: «Якое-ж зло ўчыніў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Укрыжуй Яго!»
Тады Пілат, дагаджаючы народу, адпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, зьбіванага, выдаў на ўкрыжаваньне.
Тады Пілат, дагаджаючы натоўпу, адпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, зьбіваючы пугаю, выдаў на ўкрыжаваньне.
Воіны-ж завялі Яго на двор суду, званым Прэторыя, і склікалі цэлую кагорту войска.
Жаўнеры-ж завялі Яго на двор суду, званым Прэторыя, і пазвалі ўжо кагорту войска.
I адзелі Яго ў баграніцу, і сплёўшы з цярніны вянец, узлажылі на Яго.
I апранулі Яго ў баграніцу і, сплёўшы зь цярніны вянок, узлажылі на Яго.
І пачалі вітаць Яго, кажучы: — радуйся, Кароль Юдэйскі.
І пачалі голасна ўсклікаць: «Вітай, Кароль Юдэйскі».
І білі Яго трысьцінаю па галаве, і плявалі на Яго, і становячыся на калены, пакланяліся Яму.
І білі Яго трысьцінаю па галаве, і плявалі на Яго, і стаючы на калены, пакланяліся Яму.
А калі назьдзекаваліся з Яго, зьнялі з Яго баграніцу і адзелі ў адзеньне ўласнае, і павялі Яго на ўкрыжаваньне Яго.
А калі назьдзекаваліся зь Яго, зьнялі зь Яго баграніцу й адзелі ў вопратку ўласную, і павялі Яго на ўкрыжаваньне.
А сустрэўшы аднаго кірынейяніна, Сымона, бацьку Аляксандра і Руфа, — які йшоў з поля, таго прымусілі нясьці крыж Ягоны.
А сустрэўшы аднаго кірынеяніна, бацьку Аляксандра й Руфа, які йшоў з поля, — прымусілі таго нясьці крыж Ягоны.
I прывялі Яго на месца, званае Галгофа, што значыць Чараповішча.
I прывялі Яго на месца, званае Галгофа, што значыць Чараповішча.
I давалі Яму піць віно, зьмяшанае з мірраю, але Ён ня прыняў.
I давалі Яму піць віно, зьмяшанае зь міраю, але Ён ня прыняў.
I калі ўкрыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы лёсы, каму што ўзяць.
I, укрыжаваўшы Яго, падзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабе, каму што ўзяць.
Была-ж трэйцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго.
Была-ж трэйцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго.
I быў напіс віны Ягонае: «Кароль Юдэйскі».
I быў прыложаны напіс віны Ягонае: — Кароль Юдэйскі.
А з Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, а другога з левага боку Яго.
А зь Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, а другога зь левага боку ад Яго.
I споўнілася Пісаньне, у якім напісана: «I да злачынцаў прылічаны».
I споўнілася Пісаньне, у якім напісана: «I да злачынцаў прылічаны».
I калі прайходзілі міма Яго, зьдзекліва дакаралі Яму, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: — ага, Той, Хто храмы руйнуе і ў тры дні адбудоўвае.
I праходзячы побач Яго, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі й кажучы: «Ага, руйнуеш храм і ў тры дні адбудуеш.
Выбаві Сам Сябе, і сыйдзе з крыжа.
Выбаві Сам Сябе й зыйдзі з крыжа».
Таксама і архісьвятары з кніжнікамі насьміхаліся, гаворачы адзін аднаму: — іншых выбаўляў, а Сябе ня можа выбавіць.
Таксама й архісьвятары з кніжнікамі насьміхаліся зь Яго, гаворачы адзін аднаму: «Іншых выбаўляў, а Сябе ня можа выбавіць.
Няхай Хрыстос, Кароль Юдэйскі, зыйдзе з крыжа цяпер, каб мы пабачылі і ўверылі. І ўкрыжаваныя зь Ім дакаралі Яму.
Няхай Хрыстос, Кароль Ізраэльскі, зыйдзе цяпер з крыжа, каб мы пабачылі, і уверым». І ўкрыжаваныя зь Ім дакаралі Яму.
А шостай гадзіне цемра агарнула ўсю зямлю да гадзіны дзявятай.
А шостай гадзіне цемра агарнула ўсю зямлю да гадзіны дзявятай.
А дзявятай гадзіне Ісус усклікнуў моцным голасам: — Элоі, Элоі, ліма савахфані! — гэта значыць: Божа Мой, Божа Мой, нашто Ты Мяне пакінуў?
А дзявятай гадзіне Ісус усклікнуў моцным голасам: «Элоі, элоі, лама савахфані!» Што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў».
Некаторыя з тых, якія там стаялі, пачуўшы, гаварылі: — вось Ільлю кліча.
Некаторыя з тых, што там стаялі, пачуўшы, гаварылі: «Вось Ільлю кліча».
Адзін-жа пабег напаіў губку воцатам ды, насадзіўшы на трысьціну, даваў Яму піць, кажучы: — чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго.
Адзін-жа пабег намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысьціну, даваў Яму піць, кажучы: «Чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго».
Ісус-жа, загаласіўшы моцным голасам, сканаў.
Ісус-жа, загаласіўшы моцным голасам, сканаў.
І заслона ў храме разьдзерлася папалам, зьверху да нізу.
І заслона ў храме разьдзерлася папалам, зьверху да нізу.
А сотнік, які стаяў насупраць Яго, бачачы скананьне з такім голасам, сказаў: — запраўды гэты Чалавек быў Сын Божы.
А сотнік, які стаяў насупраць Яго, бачачы скананьне з такім голасам, сказаў: «Запраўды, гэты Чалавек быў Сын Божы».
Былі тут і жанчыны, якія наглядалі здалёк, між імі была і Марыя Магдалена, і Марыя маці Якуба меншага і Ёсіі, і Саламія.
Былі тут і жанчыны, якія наглядалі здалёк, а між імі была Марыя Магдалена й Марыя маці Якуба меншага й Ёсі, і Саламія.
Яны былі пры Ім і слугавалі Яму, калі Ён быў у Галілеі, ды многа іншых жанчын, якія прыйшлі, з Ім у Ерусалім.
Яны былі пры Ім і слугавалі Яму, калі Ён быў у Галілеі; і многа іншых жанчын, якія прыйшлі, зь Ім у Ерусалім.
I вось надыйшоў вечар дня Прыгатовы, гэта вечар перадсыботні — Саббате.
I калі надыйшоў ужо вечар, — была-ж пятніца, дзень прыгатовы, — перадсыботні.
Прыйшоў Язэп з Арымафеі, паважаны раднік, які і сам чакаў Уладарства Божага; ён сьмела увайшоў да Пілата, і прасіў цела Ісусавага.
Прыйшоў Язэп з Арымафеў, паважаны раднік, які й сам чакаў Уладарства Божага; і ён сьмела увайшоў да Пілата, і прасіў цела Ісусавага.
Пілат-жа зьдзівіўся, што ўжо памёр і, паклікаўшы сотніка, пытаўся ў яго, ці ужо памёр.
Пілат-жа зьдзівіўся, што ўжо памёр; і, паклікаўшы сотніка, пытаўся ў яго, ці запраўды памёр.
А даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу.
А даведаўшыся ад сотніка, што ўжо памёршы, аддаў цела Язэпу.
Язэп-жа, купіўшы плашчаніцу, і зьняўшы Яго, плашчаніцаю авінуў, і палажыў Яго ў гробе, высечаным у скале, і прываліў камень да дзьвярэй гробу.
Язэп, купіўшы плашчаніцу й зьняўшы Яго, плашчаніцаю авінуў і палажыў Яго ў гробе, высечаным у скале, і прываліў камень да дзьвярэй гробу.
Марыя-ж Магдалена і Марыя Йосева глядзелі, дзе Яго палажылі.
Марыя-ж Магдалена й Марыя Ёсева глядзелі, дзе Яго палажылі.