Марка 6 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
I выйшаў адтуль і прыйшоў на сваю радзіму; за Ім ішлі і вучні Ягоныя.
I выйшаў адтуль і прыйшоў на сваю радзіму, за Ім ішлі й вучні Ягоныя.
Калі прыйшла сыбота, Ён пачаў навучаць у сынагозе; і многія, якія слухалі Яго навуку, з падзіўленьнем, гаварылі: — адкуль Ён бярэ ўсё гэта? і што за мудрасьць дадзена Яму, што і цуды гэткія ўчыняюцца рукамі Ягонымі?
Калі настала сыбота, пачаў навучаць у сынагозе, і многія слухаючы з падзіўленьнем, гаварылі: «Адкуль у Яго гэта? Што за мудрасьць дадзена Яму, што цуды гэткія чыняцца рукамі Ягонымі?
Ці-ж ня цесьля гэта, сын Марыі, брат Якуба, Йосіі, Юды і Сымона, і ці-ж ня сёстры Ягоныя тут пасярод нас? і блазнавалі над Ім.
Ці-ж ня цесьля гэта, сын Марыі, брат Якуба, Ясіі, Юды й Сымона? Ці-ж ня тут між намі й сёстры Ягоныя?» I блазнавалі над Ім.
Ісус-жа казаў ім: — ня бывае прарока без павагі, хіба толькі на радзіме сваёй, ці між радні, ці ў доме сваім.
Ісус-жа сказаў ім: «Ня бывае прарок без пашаны, хіба толькі на радзіме сваёй, ці між радні, ці ў доме сваім».
I не стварыў там ніякага цуду, толькі аздаравіў некаторых нядужых, усклаўшы на іх рукі.
I ня мог там учыніць ніякага цуду, толькі аздаравіў некаторых нядужых, усклаўшы на іх рукі Свае.
I дзівіўся з недаверства іхнага; і хадзіў па навакольных паселішчах, навучаючы.
I дзівіўся зь недаверства іхнага; і хадзіў па навакольных паселішчах, навучаючы.
Паклікаўшы-ж дванаццацёх, пачаў пасылаць іх па двух, і даў ім уладу над духамі нячыстымі.
Паклікаўшы дванаццацёх, пачаў іх пасылаць па двух і даў ім уладу над духамі нячыстымі.
I даў настаўленьні — у дарогу нічога ня браць, апрача падарожнага кія: ані торбы, ані хлеба, ані медзякоў у поясе.
I запавядаў ім — у дарогу нічога ня браць, апрача падарожнага кія: ні торбы, ні хлеба, ні медзякоў у поясе.
На абутак сандалі, а на адзеньне — адна адзежына.
На абутак — сандалі і не апранацца ў дзьве вопраткі.
I гаварыў ім: — калі дзе ўвойдзеце ў дом, аставайцеся ў ім, пакуль ня выйдзеце з таго места.
I сказаў ім: «Калі дзе ўвойдзеце ў дом, аставайцеся ў ім, пакуль ня выйдзеце зь места таго.
Калі-ж хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць вас, адыходзячы адтуль, абтрасеце пыл з ног вашых, на сьвядоцтва супраць іх; папраўдзе кажу вам: лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень Судны, ніж месту таму.
Калі-ж дзе ня прымуць вас, ці ня будуць слухаць вас, адыходзячы адтуль, атрасеце пыл зног вашых, на сьвядоцтва супраць іх; папраўдзе кажу вам: лягчэй будзе Садоме й Гаморы ў дзень судны, чым месту таму».
Яны пайшлі, і абвяшчалі і клікалі да пакаяньня.
Яны пайшлі, і абвяшчалі й клікалі да пакаяньня.
І выганялі шмат злыдухаў, і ацалялі многіх нядужых, памазваючы іх алеем.
І выганялі шмат злыдухаў, і ацалялі многа нядужых намазваючы іх алеем.
Кароль Ірад, пачуўшы пра Ісуса, — бо Імя Яго было разгалошана, — гаварыў: — гэта Ян Хрысьціцель уваскрос з мёртвых, дзеля гэтага цуды праз яго дзеюцца.
Кароль Ірад, пачуўшы пра Ісуса, бо Імя Яго было разгалошана, — гаварыў: «Гэта Ян Хрысьціцель уваскрос зь мёртвых, і дзеля гэтага цуды праз яго дзеюцца».
Іншыя-ж гаварылі: — гэта Ільля, — а іншыя, што гэта прарок, ці адзін з прарокаў.
Іншыя-ж гаварылі: «Гэта Ільля», а яшчэ іншыя, што гэта прарок.
Ірад, пачуўшы, сказаў: — гэта Ян, якому я сьцяў галаву, ён паўстаў з мёртвых.
Ірад-жа, пачуўшы, сказаў: «Гэта Ян, якому я сьцяў галаву, ён устаў зь мёртвых».
Бо той самы Ірад паслаў узяць Яна і, зьвязаўшы, ўкінуць яго ў цямніцу за Ірадыяду — жонку брата свайго Піліпа, — якую ўзяў сабе за жонку.
Бо той-жа Ірад паслаў узяць Яна і ўкінуць яго ў вязьніцу за Ірадыяду, жонку брата свайго Піліпа, якую ўзяў за жонку сабе.
Бо Ян казаў Іраду: — ня можна табе мець жонку брата твайго.
Ян-жа гаварыў Іраду. «Ня можна табе мець жонку брата твайго».
Ірадыяда-ж, узлаваўшыся на яго, шукала спосабу забіць яго, але не магла.
Ірадыяда-ж узлавалася на яго, і хацела яго загубіць, але не магла.
Бо Ірад баяўся Яна, ведаючы яго, як чалавека справядлівага і сьвятога, і сьцярог яго, і часта рабіў, слухаючы яго, і слухаў яго з павагай.
Бо Ірад баяўся Яна, ведаючы яго, як мужа справядлівага й сьвятога, і сьцярог яго, і часта дзеяў слухаючы яго, і слухаў яго з павагай.
І надыйшоў адпаведны дзень, калі Ірад у дзень сваіх народзін спраўляў банкет для вяльможаў сваіх, тысячнікаў і старшыняў Галілейскіх.
Але надыйшоў дзень лёсу, калі Ірад у дзень сваіх народзінаў спраўляў банкет для вяльможаў сваіх, тысячнікаў і старшыняў Галілейскіх.
I дачка тэй Ірадыяды, увайшоўшы, танцавала і ўзьвесяліла Ірада і гасьцей яго; тады сказаў кароль дзяўчыне: — прасі ў мяне, чаго хочаш, і дам табе.
I дачка тэй Ірадыяды, увайшоўшы, танцавала, і так дагадзіла Іраду й усім на банкеце, што кароль сказаў дзяўчыне: «Прасі ў мяне, чаго хочаш, і дам табе».
І кляўся ёй: — чаго-б ні папросіла, дам табе, хоць бы палову каралеўства майго.
І кляўся ёй: «Чаго ні папросіш, дам табе, хоць-бы палавіну каралеўства майго».
Яна-ж выйшла і папыталася ў маці свае, чаго прасіць, тая-ж адказала: — галаву Яна Хрысьціцеля.
Яна-ж выйшла й папыталася ў маці свае, чаго прасіць, а тая сказала: «Галаву Яна Хрысьціцеля».
І ўраз-жа, вярнуўшыся борзда да караля, папрасіла, кажучы: — хачу, каб ты даў мне цяпер-жа на падносе галаву Яна Хрысьціцеля.
I дачка, вярнуўшыся да караля, папрасіла, кажучы: «Хачу, каб ты даў мне цяпер на падносе галаву Яна Хрысьціцеля».
Кароль засмуціўся, але з увагі на кляцьбу і на гасьцей сваіх, не захацеў адмовіць ёй.
І засмуціўся кароль, але з увагі на клятву й на гасьцей сваіх не захацеў адмовіць ёй.
І у той-жа час, паслаўшы ката, кароль загадаў прынесьці галаву яго; той пайшоў і сьцяў галаву яму ў цямніцы.
У той-жа час кароль паслаў ката, загадаўшы яму прынесьці галаву Яна, той пайшоў і сьцяў галаву яму ў цямніцы.
I прынёс галаву на падносе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе маці сваёй.
I прынёс галаву на падносе й аддаў дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе маці сваёй.
Вучні-ж ягоныя, дачуўшыся, прыйшлі і узялі цела яго і палажылі яго ў гробе.
Вучні-ж ягоныя дачуўшыся, прыйшлі й узялі цела яго й палажылі ў магілу.
Апосталы-ж, вярнуўшыся, зыйшліся ўсе да Ісуса, і расказалі Яму ўсё, што яны стварылі і чаго навучылі.
Апосталы, вярнуўшыся, зыйшліся да Ісуса й расказалі Яму ўсё, што яны зрабілі й чаго навучылі.
I Ён сказаў ім: — пайдзеце вы самі адны ў месца зацішное і супачыньце крыху; бо так шмат да іх прыходзіла і адыходзіла, што і есьці ім было некалі.
I сказаў ім: «Пайдзеце вы самі адны ў месца пустыннае й супачыньце крыху, бо так многа прыходзіла да іх і адыходзіла, што нават есьці ім было некалі».
І, увайшоўшы ў лодку, адплылі ў месца безьлюднае адны.
I адплылі ў чаўне у месца пустыннае адны.
Але многія бачылі, як адыходзілі і пазналі іх, і беглі туды пешша з усіх местаў і, апярэдзіўшы іх, зьбегліся да Яго.
Але многія бачылі, як адыходзілі й пазналі іх, і пешша беглі туды з усіх местаў і, апярэдзіўшы іх, зыйшліся да Яго.
Ісус, выйшаўшы, убачыў шмат людзей, і зьлітаваўся над імі, бо былі, як авечкі, без пастуха; і пачаў шмат чаго навучаць іх.
Ісус, выйшаўшы, убачыў шмат людзей і зьлітаваўся над імі, бо былі яны, як авечкі, без пастуха, і пачаў навучаць іх многаму.
І калі прайшло шмат часу, ужо на зыходзе дня падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: — месца тут пустыннае, а час ужо позьні.
Па нейкім часе, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Месца тут пустыннае, а час ужо позьні.
Адпусьці іх, каб маглі пайсьці ў акалічныя вёскі купіць сабе хлеба, бо ня маюць чаго есьці.
Адпусьці іх, каб маглі пайсьці ў акалічныя паселішчы дабыць сабе хлеба, бо ня маюць чаго есьці.»
Ён-жа ў адказ сказаў: ім: — вы дайце ім есьці, — яны-ж кажуць Яму: — можам пайсьці купіць за дзьвесьце дынараў хлеба і даць ім есьці.
Ён-жа у адказ сказаў ім: «Вы дайце ім есьці». Яны-ж кажуць Яму: «Можам пайсьці купіць за дзьвесьце дынараў хлеба й даць ім есьці».
Але Ён сказаў ім: — колькі хлябін вы маеце, пайдзеце паглядзеце; яны, даведаўшыся, сказалі — пяць хлябін і дзьве рыбы.
Але Ён спытаў ў іх: «Колькі хлябоў вы маеце? Пайдзеце паглядзеце». Яны, даведаўшыся, сказалі: «Пяць хлябоў і дзьве рыбы».
Тады загадаў ім рассадзіць усіх гурткамі на зялёнай траве.
Тады загадаў ім рассадзіць усіх гурткамі на зялёнай траве.
I паселі радамі па сто і па пяцьдзесят.
I паселі радамі па сто й па пяцьдзесят.
I узяўшы пяць хлябін і дзьве рыбы, узглянуў у неба і, дабраславіўшы, разламаў хлябы і даў вучням сваім, каб разлажылі прад людзьмі; і дзьве рыбы разьдзяліў на ўсіх.
I, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуў на неба і, дабраславіўшы, разламаў хлябы й даў вучням Сваім, каб разлажылі перад людзьмі; і дзьве рыбы разьдзяліў на ўсіх.
I елі ўсе і задаволіліся.
I елі ўсе й задаволіліся.
I набралі кускоў хлеба і астаткаў ад рыб дванаццаць поўных карабоў.
I набралі кускоў хлеба й астаткаў ад рыбы дванаццаць поўных карабоў.
Было-ж усіх, хто спажываў яду, пяць тысяч мужоў.
Было-ж усіх, якія елі, блізу пяці тысячаў мужчын.
I зараз-жа загадаў вучням Сваім увайсьці ў лодку ды плысьці перад Ім на другі бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусьціць народ.
I зараз-жа загадаў вучням Сваім увайсьці ў човен і плысьці наперад на другі бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусьціць народ.
Адпусьціўшы-ж народ, пайшоу на гару памаліцца.
Адпусьціўшы-ж народ, пайшоу на гару памаліцца.
Позным вечарам лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі.
Калі настаў вечар, човен быў пасярэдзтне мора, а Ён адзін на зямлі.
I ўбачыў іх у трывозе і турбоце, бо вецер быў супраціўны, а каля чацьвёртай старожы ночнай падыйшоў да іх, ідучы па моры, і хацеў мінаць іх.
I ўбачыў іх зьняможаных вяславаньнем, бо вецер быў супраціўны, каля чацьвёртай старожы ночы падыйшоў да іх, ідучы па моры, і хацеў мінаць іх.
Яны-ж, убачыўшы Яго ідучы па моры, падумалі, што гэта здань, і закрычалі.
Яны-ж, убачылі Яго, як ішоў па моры, падумалі, што гэта здань, і закрычалі.
Бо ўсе бачылі Яго, і перапужаліся; тады ўраз-жа загаварыў да іх, прамовіўшы: — сьмелыя будзьце, гэта Я, ня бойцеся.
Бо ўсе бачылі Яго й спалохаліся. Тады Ён загаварыў да іх, прамовіўшы: «Сьмялей дзяржэцеся, гэта Я, ня бойцеся».
I ўвайшоў да іх у лодку, і вецер улёгся, яны-ж моцна сумеліся ў сабе і дзівіліся.
I ўвайшоў да іх у човен. Вецер улёгся. Яны-ж моцна сумеліся ў сабе й дзівіліся.
Бо яны ня ўсьведамілі цуда з хлебамі, бо сэрцы іхныя былі зацемленыя.
Не ўсьведамілі яны сабе цуду з хлебамі, бо сэрцы іхныя былі ацьвярдзелыя.
I пераплыўшы прыбылі ў зямлю Гэнісарэцкую і прысталі да берагу.
I, пераплыўшы, прыбылі ў зямлю Гэнісарэцкую, і прысталі да берагу.
Калі яны выйшлі з лодкі, людзі зараз-жа пазналі Яго.
Калі яны выйшлі з чаўна, людзі зараз-жа пазналі Яго.
I, абегшы ўсю тую аколіцу, пачалі прыносіць хворых на ложах іхных, туды, дзе думалі Ён быў.
I, абегшы ўсю тую ваколіцу, пачалі прыносіць хворых на пасьцелях іхных, туды, дзе, як чулі, Ён быў.
I куды-б ні прыходзіў Ён — ці ў пасёлкі, ці ў вёскі, ці ў месты, — клалі хворых на плошчах, і прасілі Яго, каб ім дакрануцца хоць да краю адзеньня Ягонай; і хто дакранаўся да Яго, быў ацалены.
I куды-б ні прыходзіў Ён: ці ў пасёлкі, ў ці вёскі, ці ў месты, — клалі хворых на плошчах, і прасілі Яго, каб ім дакрануцца хоць да краю вопраткі Ягонай. I хто дакранаўся да Яго, быў ацалены.