Мацьвея 15 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003
Тады прыходзяць да Іісуса іерусалімскія кніжнікі і фарысеі і кажуць:
Потым падышлі да Яго кніжнікі і фарызеі з Ерузаліма, кажучы:
чаму вучні Твае паруша́юць пада́нне ста́рцаў? бо не ўмываюць яны рук сваіх, калі ядуць хлеб.
«Чаму вучні Твае пераступаюць звычаі старэйшых? Бо яны не мыюць рук сваіх, калі ядуць хлеб».
А Ён сказаў ім у адказ: чаму і вы паруша́еце за́паведзь Божую дзе́ля пада́ння вашага?
А Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Чаму і вы пераступаеце прыказанні Божыя дзеля вашай традыцыі? Бо Бог сказаў:
Бо запаве́даў Бог, сказаўшы: «шануй бацьку і маці»; і: «хто зласло́віць на бацьку альбо маці, смерцю няхай памрэ».
«Шануй бацьку свайго і маці сваю», і таксама: «Хто зняважыць бацьку або маці — хай будзе смерцю пакараны».
А вы ка́жаце: калі хто скажа бацьку альбо маці: «дар Богу — тое, што ты ад мяне скарыста́ў бы»,
Вы ж кажаце: «Той, хто скажа бацьку або маці: дар [Богу] ёсць тое, у чым табе ад мяне была б карысць,
той можа і не ўшанаваць бацьку свайго альбо маці сваю; такім чы́нам вы скасава́лі за́паведзь Божую дзе́ля пада́ння вашага.
той можа не шанаваць бацькі свайго». Так скасавалі вы слова Божае дзеля вашай традыцыі.
Крываду́шнікі! добра прарочыў пра вас Іса́ія, ка́жучы:
Крывадушнікі! Добра пра вас праракаваў Ісая, кажучы:
«набліжа́юцца да Мяне людзі гэтыя ву́снамі сваімі і ўшаноўваюць Мяне языком; а сэрца іх знахо́дзіцца далёка ад Мяне;
«Гэты народ шануе Мяне вуснамі, але сэрца іх далёка ад Мяне;
але ма́рна шануюць Мяне, навуча́ючы вучэнням, устанаўле́нням чалавечым».
Ды дарэмна ўшаноўваюць Мяне, выкладаючы вучэнні і прыказанні людскія».
І, паклíкаўшы народ, сказаў ім: слухайце і разумейце:
І, склікаўшы людзей да Сябе, казаў ім: «Слухайце і разумейце:
не тое, што ўваходзіць у ву́сны, апага́ньвае чалавека; а што выходзіць з ву́снаў, тое апага́ньвае чалавека.
не тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека, але тое, што з вуснаў выходзіць, тое апаганьвае чалавека».
Тады вучні Яго, прыступíўшы, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы слова гэтае, спакусíліся?
Тады падышлі вучні Яго і кажуць Яму: «Ці ведаеш, што фарызеі, пачуўшы гэтае слова, пачалі блюзніць?»
А Ён сказаў у адказ: усякая расліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, будзе вы́каранена.
А Ён, адказаваючы, гаворыць ім: «Усякая расліна, якой не пасадзіў Айцец Мой нябесны, выкарчавана будзе.
Пакіньце іх: яны — сляпыя павадыры́ сляпых; а калі сляпы сляпога вядзе, дык або́два ў яму ўпаду́ць.
Пакіньце іх: яны сляпыя правадыры сляпых; а калі сляпы сляпога наперадзе вядзе, дык абодва ўваляцца ў яму».
А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую.
А Пётра, адказваючы, сказаў Яму: «Растлумач нам гэтую прыпавесць».
Іісус жа сказаў: няўжо і вы яшчэ не ма́еце разуме́ння?
А Ён сказаў: «І вы таксама яшчэ без розуму?
Хіба́ яшчэ не разуме́еце, што ўсё, што ўваходзіць у ву́сны, праходзіць у чэ́рава і выво́дзіцца прэч?
Не разумееце, што ўсё, што ў вусны ўваходзіць, ідзе ў чэрава і выкідваецца вонкі?
А тое, што выходзіць з ву́снаў, — з сэ́рца выхо́дзіць; і яно апаганьвае чалавека.
А што з вуснаў выходзіць, паходзіць ад сэрца, і гэта апаганьвае чалавека.
Бо з сэ́рца выхо́дзяць ліхíя по́мыслы, забойствы, пралюбадзе́йствы, блуд, крадзяжы́, ілжы́выя све́дчанні, блюзне́рствы —
Бо з сэрца паходзяць благія думкі, забойства, чужаложства, распуста, рабункі, фальшывыя сведчанні, блюзнерствы.
гэта апага́ньвае чалавека. а есці няўмытымі рукамі — не апага́ньвае чалавека.
Гэта тое, што апаганьвае чалавека. А есці нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека».
І, выйшаўшы адтуль, адышоў Іісус у ме́жы Ты́рскія і Сідо́нскія.
І, выйшаўшы адтуль, Ісус накіраваўся ў межы Тыра і Сідона.
І вось, жанчына Ханане́янка, выйшаўшы з тых мясцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзі, Сыне Давідаў, дачка́ мая ця́жка паку́туе ад дэмана.
І вось, жанчына Хананейка, выйшаўшы з тых мясцін, крычала Ісусу, кажучы: «Злітуйся нада мной, Госпадзе, Сыне Давіда! Дачка мая моцна ад дэмана пакутуе».
Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Яго, прыступíўшы, прасілі Яго, ка́жучы: адпусці яе, бо крычыць услед нам.
А Ён не адказаў ёй ані слова. А вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго, кажучы: «Адпусці яе, бо яна крычыць нам услед».
А Ён сказаў у адказ: Я пасла́ны толькі да загíнуўшых авечак дому Ізра́ілевага.
Але Ён, адказваючы, гаворыць: «Пасланы Я толькі да авец, якія пакінулі дом Ізраэля».
А яна, падышоўшы, кла́нялася Яму, ка́жучы: Госпадзі! памажы мне.
А яна падышла і пакланілася Яму, кажучы: «Госпадзе, дапамажы мне!»
А Ён сказаў у адказ: нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабачаня́там.
Ён, адказваючы, гаворыць: «Не добра забіраць хлеб ад дзяцей і кідаць шчанюкам».
Яна ж сказала: так, Госпадзі! але і сабачаня́ты ядуць крошкі, якія па́даюць са стала гаспадаро́ў іх.
А яна сказала: «Так, Госпадзе, але і шчанюкі ядуць ад крошак, якія падаюць са стала гаспадароў іх».
Тады Іісус сказаў ёй у адказ: о, жанчына! вялікая вера твая; няхай будзе табе, як ты хочаш. І ацалíлася яе дачка́ ў тую ж гадзíну.
Тады, адказваючы, Ісус гаворыць ёй: «О жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца табе, як ты хочаш». І ў тую ж гадзіну дачка яе была аздароўлена.
І, адышоўшы адтуль, прыйшоў Іісус да мора Галіле́йскага і, падняўшыся на гару, сеў там.
І, калі выйшаў адтуль Ісус, прыйшоў Ён на бераг мора Галілейскага, і, узышоўшы на гару, сядзеў там.
І прыступíла да Яго мноства людзей, ма́ючы з сабою кульга́вых, сляпых, нямы́х, зняве́чаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Іісусавых; і Ён ацалíў іх;
І падышлі да Яго шматлікія натоўпы, маючы з сабой кульгавых, сляпых, нямоглых, нямых ды многа іншых, і клалі іх да ног Яго, і Ён аздаравіў іх,
так што народ здзіўля́ўся, ба́чачы, як нямы́я гаво́раць, зняве́чаныя становяцца здаровымі, кульга́выя ходзяць і сляпы́я бачаць; і праслаўля́ў ён Бога Ізра́ілевага.
так што людзі дзівіліся, бачачы, што нямыя гавораць, нямоглыя ацаляюцца, і кульгавыя ходзяць, і сляпыя бачаць. І ўслаўлялі Бога Ізраэля.
А Іісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада́ Мне людзей, бо ўжо тры дні застаю́цца пры Мне, і няма чаго ім есці; і адпусцíць іх галоднымі не хачу, каб не аслабе́лі ў дарозе.
Ісус жа, паклікаўшы вучняў Сваіх, казаў: «Шкада мне людзей, бо ўжо тры дні знаходзяцца пры Мне і не маюць чаго есці. А Я не хачу адправіць іх галодных, каб не аслабелі ў дарозе».
І кажуць Яму вучні Яго: адкуль нам узяць у пусты́ні столькі хлябо́ў, каб накармíць гэ́тулькі людзей?
І кажуць Яму вучні: «Адкуль у нас у пустыні столькі хлеба, каб накарміць гэткі натоўп?»
І кажа ім Іісус: колькі ў вас хлябо́ў? А яны адказалі: сем, і некалькі ры́бінак.
І гаворыць ім Ісус: «Колькі маеце хлябоў?» Яны ж сказалі: «Сем, і крыху рыбы».
І загадаў лю́дзям узле́гчы на зямлю́.
І загадаў Ісус людзям узлегчы на зямлі.
І, узяўшы сем хлябо́ў і рыбу, узнёс падзяку, пераламíў і даў вучням Сваім, а вучні — лю́дзям.
І, узяўшы сем хлябоў і рыбы і падзяку складаючы, разламаў і даў вучням Сваім, а вучні людзям.
І елі ўсе, і насы́ціліся; і назбіра́лі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных.
І елі ўсе, і наеліся. А таго, што засталося з кавалкаў, назбіралі сем поўных кашоў.
А тых, што елі, было́ чатыры тысячы чалавек, акрамя́ жанчын і дзяцей.
А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, апрача дзяцей і жанчын.
І, адпусціўшы народ, Ён увайшоў у лодку і прыбы́ў у ме́жы Магдалíнскія.
І, адпусціўшы людзей, Ён увайшоў у лодку і прыплыў у край Магаданскі.