Мацьвея 26 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І ста́лася: калі скончыў Іісус усе словы гэтыя, то сказаў вучням Сваім:
 
І сталася, калі скончыў Ісус усе гэтыя словы, сказаў Ён вучням Сваім:

вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы вы́дадзены будзе на распя́цце.
 
«Вы ведаеце, што праз два дні Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаванне».

Тады сабра́ліся першасвятары́, і кніжнікі, і старэйшыны народа ў двор першасвятара́, якога звалі Каіа́фа,
 
Тады сабраліся першасвятары і старшыні народа ў палац першасвятара, званага Кайфам,

і дамовіліся ўзяць Іісуса хітрасцю і забіць.
 
і радзіліся, як бы Ісуса ўзяць подступам і забіць.

Але казалі: толькі не ў свята, каб не ўзнікла абурэ́нне ў народзе.
 
Казалі аднак: «Не ў дзень святочны, каб не выклікаць абурэння ў народзе».

Калі ж Іісус быў у Віфа́ніі, у доме Сíмана пракажонага,
 
А калі Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сімона пракажонага,

прыступíла да Яго жанчына з алеба́стравай пасу́дзінай мíра шматкашто́ўнага і ўзліва́ла Яму на галаву́, калі Ён узляжа́ў за сталом.
 
падышла да Яго жанчына, трымаючы алябастравую пасудзіну каштоўнага алейку, і пачала ліць Яму на галаву, калі Ён узлягаў за сталом.

Убачыўшы, вучні Яго абу́рыліся і казалі: навошта такая тра́та?
 
Бачачы гэта, вучні разгневаліся і казалі: «Нашто гэта марнатраўства?

Бо можна было́ б прадаць гэтае мíра за вялікія грошы і даць убогім.
 
Бо можна было дорага прадаць яго і раздаць убогім».

Але Іісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: навошта бянтэ́жыце жанчыну? яна добрую справу зрабіла для Мяне;
 
А Ісус, ведаючы пра гэта, гаворыць ім: «Што вы надакучаеце гэтай жанчыне? Яна зрабіла добры ўчынак для Мяне.

бо ўбогіх вы заўсёды ма́еце з сабою, а Мяне не заўсёды ма́еце.
 
Убогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды будзеце мець.

Бо ўзліўшы гэтае мíра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахава́ння.
 
Яна, выліваючы гэты алеек на Маё цела, учыніла гэта для пахавання Майго.

Праўду кажу вам: дзе толькі будзе прапаве́дана Ева́нгелле гэтае ва ўсім свеце, ска́зана будзе і пра тое, што́ зрабіла яна, у памяць аб ёй.
 
Сапраўды кажу вам, дзе па ўсім свеце будзе прапаведана гэтае Евангелле, будзе гаварыцца і пра тое, што яна зрабіла, на памяць пра яе».

Тады адзін з двана́ццаці, якога звалі Іуда Іскарыёт, пайшоўшы да першасвятароў,
 
Тады адышоў адзін з дванаццаці, якога звалі Юда Іскарыёт, да першасвятароў

сказаў: што вы дасце́ мне, і я вам вы́дам Яго? Яны прапанава́лі яму трыццаць срэ́бранікаў.
 
і гаворыць ім: «Што дасце мне, і я вам выдам Яго?» А яны дамовіліся з ім на трыццаць срэбранцаў.

І з таго часу ён шукаў нагоды вы́даць Яго.
 
І ад гэтай  гадзіны ён шукаў нагоды, каб выдаць Ісуса.

У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Іісуса і сказалі Яму: дзе хочаш, каб мы прыгатава́лі Табе есці пасху?
 
У першы дзень праснакоў прыйшлі да Ісуса вучні Яго, кажучы: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есці Пасху?»

Ён жа сказаў: ідзіце ў горад да такога і такога чалавека і скажыце яму: «Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе спра́ўлю пасху з вучнямі Маімі».
 
І Ён сказаў ім: «Ідзіце ў горад да аднаго чалавека і скажыце яму: Настаўнік кажа: час Мой блізкі, у цябе ўчыню Я Пасху з вучнямі Маімі».

І зрабілі вучні, як загадаў ім Іісус, і прыгатава́лі пасху.
 
І вучні зрабілі, як ім загадаў Ісус, і прыгатавалі Пасху.

Калі ж звечарэ́ла, Ён узлёг з двана́ццацю вучнямі.
 
А калі звечарэла, Ісус разам з дванаццаццю ўзлёг пры стале.

І, калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас вы́дасць Мяне.
 
І, калі яны вячэралі, сказаў: «Сапраўды кажу вам: адзін з вас выдасць Мяне».

Яны вельмі засмуцíліся і пачалí гаварыць Яму, кожны з іх: ці не я, Госпадзі?
 
Яны, дужа засмучаныя, пачалі пытацца кожны асобна: «Ці не я гэта, Госпадзе?»

А Ён сказаў у адказ: хто апусціў са Мною руку́ ў блю́да, той вы́дасць Мяне.
 
А Ён, адказваючы, гаворыць: «Хто апускае са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне.

Зрэ́шты, Сын Чалавечы ідзе, як напíсана пра Яго; але го́ра таму чалавеку, які выдае́ Сына Чалавечага: лепш было б таму чалавеку не радзíцца.
 
Сапраўды, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены. Лепш было б, каб той чалавек не нарадзіўся».

У адказ жа Іуда, які меў вы́даць Яго, сказаў: ці не я, Раввí? Іісус кажа яму: ты сказаў.
 
І, адказваючы, Юда, які Яго выдаў, сказаў: «Ці не я гэта, Раббі?» Ён гаворыць яму: «Ты сказаў».

А калі яны елі: Іісус, узяўшы хлеб і благаславіўшы, пераламíў і, раздаючы́ вучням, сказаў: прыміце, ежце: гэта Цела Маё.
 
І, калі яны елі, узяў Ісус хлеб, і блаславіў, і паламаў, і раздаў вучням, і гаворыць: «Бярыце, ешце, гэта ёсць Цела Маё».

І, узяўшы чашу, узнёс падзяку, пада́ў ім і сказаў: пíце з яе ўсе,
 
І, узяўшы келіх, склаў падзяку і даў ім, кажучы: «Піце з гэтага ўсе.

бо гэта Кроў Мая́ новага запавету, якая за многіх праліва́ецца дзе́ля адпушчэ́ння грахоў.
 
Бо гэта ёсць Кроў Мая Новага Запавету, якая праліваецца за многіх на адпушчэнне грахоў.

Кажу ж вам, што з гэтага часу не буду піць ад пло́ду гэтага вінагра́днага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.
 
Кажу вам: ад гэтай гадзіны не буду піць з гэтага вінаграднага плода аж да таго дня, калі з вамі буду піць новае ў Валадарстве Айца Майго».

І, праспява́ўшы хвалу́, яны пайшлі на гару Елеонскую.
 
І, адгаварыўшы гімн, пайшлі на Аліўную гару.

Тады кажа ім Іісус: усе вы ўсумніце́ся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напíсана: «паражу́ пастыра, і рассе́юцца авечкі ста́да».
 
Тады гаворыць ім Ісус: «У гэтую ноч усе вы згоршыцеся з Мяне. Бо напісана: «Удару пастыра, і разбягуцца авечкі статка».

Пасля ж уваскрасе́ння Майго Я апярэ́джу вас у Галілеі.
 
Але калі ўваскрэсну, раней за вас прыйду ў Галілею».

У адказ Пётр сказаў Яму: калі і ўсе ўсумня́цца ў Табе, я не ўсумню́ся.
 
І, адказваючы, Пётра гаворыць Яму: «Хоць бы ўсе згоршыліся з Цябе, я не згоршуся».

Сказаў яму Іісус: праўду кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым заспявае певень, тройчы адрачэ́шся ад Мяне.
 
Гаворыць яму Ісус: «Сапраўды кажу табе: у гэтую ноч, перш чым певень запяе, ты тры разы зрачэшся Мяне».

Кажа Яму Пётр: калі б мне трэба было і паме́рці з Табою, не адраку́ся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.
 
Гаворыць Яму Пётра: «Калі б мне і памерці прыйшлося з Табой, не зракуся Цябе». Падобна казалі і ўсе вучні.

Потым прыхо́дзіць з імі Іісус у мясціну, званую Гефсіма́нія, і кажа вучням: пасядзіце тут, пакуль Я пайду памалюся там.
 
Потым прыйшоў Ісус з імі ў сяленне, якое завуць Гетсэмань. І кажа Ён вучням: «Пасядзіце тут, пакуль Я пайду туды і памалюся».

І, узяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзе́евых, пачаў смуткава́ць і тужы́ць.
 
І, узяўшы Пётру і двух сыноў Зебядзеевых, пачаў сумаваць і журыцца.

Тады кажа ім Іісус: душа Мая́ смуткуе смяротна; пабудзьце тут са Мною і не спíце.
 
Тады гаворыць Ён ім: «Журботная душа Мая аж да смерці, пабудзьце тут і чувайце разам са Мной».

І, адышоўшы крыху́, прыпаў тварам Сваім да зямлі, маліўся і казаў: Ойча Мой! калі магчыма, няхай абміне́ Мяне чаша гэтая; але не як Я хачу, а як Ты.
 
І, адышоўшы крыху, упаў на твар Свой, молячыся і кажучы: «Ойча Мой, калі гэта магчыма, хай абміне Мяне гэты келіх, але не як Я хачу, а як Ты».

І прыхо́дзіць да вучняў і знахо́дзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: няўжо не маглі вы і адной гадзíны патрыва́ць са Мною?
 
І прыйшоў Ён да вучняў, і ўбачыў, што яны спяць, і кажа Пётры: «Ці так не змаглі вы адну гадзіну не спаць разам са Мной?

Не спíце і маліцеся, каб не ўпа́сці ў спакусу: дух бадзёры, а плоць не́мачная.
 
Чувайце і маліцеся, каб не ўвайшлі вы ў спакусу: бо дух руплівы, а цела кволае».

І зноў, другі раз адышоўшы, маліўся, ка́жучы: Ойча Мой! калі не можа чаша гэтая абміну́ць Мяне, каб Мне не піць яе, няхай будзе воля Твая.
 
І адышоўся другі раз, і маліўся, кажучы: «Ойча Мой, калі не можа гэта абмінуць, каб Я не піў таго, хай будзе воля Твая».

І, прыйшоўшы, знайшоў, што зноў яны спяць, бо ў іх вочы ацяжэ́лі.
 
І вярнуўся ізноў, і ўбачыў, што яны спяць, бо вочы іх былі ацяжэлыя.

І, пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэці раз, тое самае слова сказаўшы.
 
І, пакінуўшы іх і адышоўшы, маліўся трэці раз, тыя самыя словы кажучы ізноў.

Тады прыхо́дзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсё яшчэ спіце́ і спачыва́еце; вось, наблізілася гадзíна, і Сын Чалавечы аддае́цца ў ру́кі грэшнікаў.
 
Потым прыйшоў да вучняў Сваіх і кажа ім: «Вы яшчэ спіце і адпачываеце; вось надышла гадзіна, і Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.

Уставайце, хадзе́м; вось наблізіўся той, хто выдае́ Мяне.
 
Падыміцеся, пойдзем: вось наблізіўся той, хто Мяне выдае».

І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Іуда, адзін з двана́ццаці, прыйшоў, і з ім мноства людзей з мяча́мі і кала́мі, ад першасвятаро́ў і старэйшын народа.
 
А калі Ён яшчэ гаварыў, вось Юда, адзін з дванаццаці, падышоў, а з ім вялікі натоўп з мячамі і палкамі, накіраваны першасвятарамі і старшынямі народа.

А той, хто выдава́ў Яго, даў ім знак, ка́жучы: Каго я пацалую, Той і ёсць, вазьмíце Яго.
 
Той жа, хто выдаў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён; хапайце Яго».

І, адразу падышоўшы да Іісуса, сказаў: радуйся, Раввí! І пацалаваў Яго.
 
І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: «Прывітаны будзь, Раббі!» і пацалаваў Яго.

Іісус жа сказаў яму: дру́жа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлí, і ўскла́лі ру́кі на Іісуса, і ўзялí Яго.
 
А Ісус сказаў яму: «Дружа, пашто прыйшоў?» Тады кінуліся яны, і ўсклалі рукі на Ісуса, і схапілі Яго.

І вось, адзін з тых, што былí з Іісусам, працягнуўшы руку́, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасвятаро́вага, адсе́к яму вуха.
 
І вось адзін з тых, што былі з Ісусам, выцягнуўшы руку, выняў меч свой і, ударыўшы слугу першасвятара, адсёк яму вуха.

Тады кажа яму Іісус: вярні меч твой у месца яго, бо ўсе, хто возьме меч, ад мяча і загíнуць.
 
Тады гаворыць яму Ісус: «Схавай меч твой на сваё месца. Бо ўсе, што возьмуць меч, пагінуць ад мяча.

Ці ты думаеш, што Я не магу цяпер упрасíць Айца Майго, каб Ён даў Мне больш за дванаццаць легіёнаў Ангелаў?
 
Ці не разумееш, што Я мог бы прасіць Айца Майго, і Ён выставіў бы Мне зараз больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?

Як жа збудуцца Пісанні, што так павінна быць?
 
Але як жа тады збудуцца Пісанні, што так мусіць стацца?»

У той час сказаў Іісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы з мяча́мі і кала́мі, каб узяць Мяне? Кожны дзень з вамі сядзеў Я, ву́чачы ў храме, і вы не ўзялí Мяне.
 
У той час сказаў Ісус народу: «Ці не так, як на разбойніка, выйшлі вы з мячамі і палкамі, каб Мяне ўзяць? Штодня сядзеў Я, навучаючы ў святыні, і вы не схапілі Мяне».

А ўсё гэта было́, каб збылíся пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцяка́лі.
 
Усё гэта сталася, каб споўніліся пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.

А тыя, што ўзялí Іісуса, прывялі Яго да Каіа́фы першасвятара́, куды сабра́ліся кніжнікі і старэйшыны.
 
Узяўшы Ісуса, павялі Яго да Кайфы, першасвятара, дзе сабраліся кніжнікі і старшыні.

Пётр жа ішоў следам за Ім воддаль, да двара першасвятаро́вага; і, увайшоўшы ўсярэ́дзіну, сеў са слу́гамі, каб бачыць канец.
 
Пётра ішоў за Ім здалёку аж да палаца першасвятара. І, увайшоўшы ў сярэдзіну, ён сядзеў са слугамі, каб убачыць канец.

Першасвятары́, і старэйшыны, і ўвесь сінедрыён шукалі лжывага све́дчання су́праць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць,
 
А першасвятары і ўся рада шукалі фальшывага сведчання супраць Ісуса, каб выдаць Яго на смерць,

і не знахо́дзілі; і хоць шмат ілжы́вых све́дкаў прыхо́дзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжы́выя све́дкі
 
і не знаходзілі, хоць прыходзіла многа фальшывых сведкаў. Нарэшце двое, прыйшоўшы,

і сказалі: Ён гаварыў: «магу разбуры́ць храм Божы і за тры дні збудаваць яго».
 
сказалі: «Ён сказаў: «Я магу разбурыць святыню Божую і ў тры дні адбудаваць яе».

І, устаўшы, першасвятар сказаў Яму: нічога не адказваеш на тое, што яны су́праць Цябе све́дчаць?
 
І, падняўшыся, першасвятар гаворыць Яму: «Ты нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сведчаць?»

Іісус жа маўчаў. І першасвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывы́м, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?
 
Але Ісус маўчаў. І першасвятар гаворыць Яму: «Запрысягаю Цябе Богам жывым, каб Ты нам сказаў, ці Ты  Хрыстос, Сын Божы?»

Кажа яму Іісус: ты сказаў; нават кажу вам: з гэтага часу ўбачыце Сына Чалавечага, што сядзíць правару́ч сілы і пры́йдзе на воблаках нябесных.
 
Кажа яму Ісус: «Ты сказаў. Аднак кажу вам: ад гэтага часу ўбачыце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Магутнасці і прыходзіць у аблоках нябесных».

Тады першасвятар разадра́ў адзе́нне сваё і сказаў: Ён блюзне́рыць! якую яшчэ патрэ́бу мы маем у све́дках? вось, цяпер вы чулі блюзне́рства Яго!
 
Тады першасвятар, разадраўшы шаты свае, сказаў: «Ён зблюзніў! Нашто яшчэ нам патрэбны сведкі? Цяпер вы чулі блюзнерства.

як вам здаецца? Яны ж сказалі ў адказ: Ён ва́рты смерці.
 
Што вы думаеце?» Яны ж, адказваючы, сказалі: «Ён варты смерці!»

Тады плявалі Яму ў твар і штурха́лі Яго; а некаторыя білі па шчо́ках
 
Тады пачалі пляваць у твар Яму і біць Яго кулакамі, а іншыя далонямі па твары Яго білі,

і казалі: скажы нам, Хрысце́, хто ўдарыў Цябе?
 
кажучы: «Праракуй нам, Хрысце, хто Цябе ўдарыў?»

А Пётр сядзеў зво́нку на двары. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў з Іісусам Галіле́янінам.
 
А Пётра сядзеў звонку на падворку. Адна ж служка падышла да яго, кажучы: «І ты быў з Ісусам Галілейскім».

Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: не ведаю, што́ ты кажаш.
 
А ён зрокся перад усімі, кажучы: «Я не ведаю, што ты кажаш».

А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, якія былí там: і гэты быў з Іісусам Назарэ́ем.
 
А калі ён выходзіў з дзвярэй, другая ўбачыла яго і гаворыць тым, хто былі там: «І ён быў з Ісусам з Назарэта».

І зноў адрокся ён з клятвай: я не ведаю Гэтага Чалавека.
 
Ён ізноў зрокся з прысягай: «Я не ведаю [гэтага] чалавека».

Крыху пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды́ і ты з іх, бо і гаворка твая выдае́ цябе.
 
Крыху пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пётры: «Сапраўды, ты з іх, бо і гаворка твая выдае цябе».

Тады ён пачаў кля́сціся і бажы́цца: я не ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа заспяваў певень.
 
Тады пачаў ён клясціся і прысягаць: «Я не ведаю [гэтага] чалавека». І зараз запяяў певень.

І ўспомніў Пётр словы Іісуса, Які сказаў яму: перш чым заспявае певень, ты тройчы адрачэ́шся ад Мяне. І, выйшаўшы вон, заплакаў горка.
 
І прыгадаў Пётра слова Ісуса, якое Ён сказаў: «Перш, чым певень запяе, ты тройчы зрачэшся Мяне». І, выйшаўшы вонкі, ён горка заплакаў.