Мацьвея 5 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003
Убачыўшы люд, Ён узышо́ў на гару; і калі сеў, прыступíлі да Яго вучні Яго.
І, бачачы натоўпы, Ён узышоў на гару; і, калі сеў, падышлі да Яго вучні Яго;
І, адкрыўшы ву́сны Свае, Ён вучыў іх, ка́жучы:
і, адкрыўшы вусны Свае, стаў іх навучаць, кажучы:
блажэ́нныя ўбо́гія духам, бо іх ёсць Царства Нябеснае.
«Шчасныя ўбогія духам, бо іх Валадарства Нябеснае.
Блажэ́нныя тыя, што плачуць, бо яны суце́шацца.
Шчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.
Блажэ́нныя лаго́дныя, бо яны ўнасле́дуюць зямлю́.
Шчасныя пакорлівыя, бо яны завалодаюць зямлёю.
Блажэ́нныя тыя, што жада́юць і пра́гнуць праўды, бо яны насы́цяцца.
Шчасныя тыя, што прагнуць і смагнуць справядлівасці, бо яны насыцяцца.
Блажэ́нныя мíласцівыя, бо яны памíлаваны будуць.
Шчасныя міласэрныя, бо яны атрымаюць міласэрнасць.
Блажэ́нныя чыстыя сэ́рцам, бо яны Бога ўбачаць.
Шчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Блажэ́нныя міратво́рцы, бо яны сына́мі Божымі назаву́цца.
Шчасныя міратворцы, бо іх назавуць сынамі Божымі.
Блажэ́нныя гна́ныя за праўду, бо іх ёсць Царства Нябеснае.
Шчасныя, што пераслед церпяць дзеля справядлівасці, бо іх Валадарства Нябеснае.
Блажэ́нныя вы, калі будуць вас га́ньбіць і гнаць, і ўсякім словам ліхíм несправядліва зневажа́ць за Мяне.
Шчасныя вы, калі з-за Мяне вас будуць зневажаць, і пераследаваць, і ўсякае ліха гаварыць будуць супраць вас, узводзячы паклёп.
Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гна́лі прарокаў, што былí перад вамі.
Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша шчодрая ў небе; так вось пераследавалі прарокаў, якія да вас жылі.
Вы — соль зямлі. Калі ж соль стра́ціць сілу, то чым папра́віць яе? Яна ўжо ні на што не прыда́тная, хіба́ што вы́кінуць яе прэч на патапта́нне лю́дзям.
Вы — соль зямлі. А калі соль страціць сілу, то чым пасоліцца? Яна ўжо ні на што больш не прыдатная, як толькі быць выкінутай на двор, каб яе людзі патапталі.
Вы — святло свету. Не можа схава́цца горад, які стаіць на гары.
Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, што размешчаны на гары.
І, запалíўшы све́чку, не ставяць яе пад пасу́дзінаю, а на падсве́чніку, і све́ціць усім, хто ў доме.
Таксама не запальваюць свечкі і не ставяць яе пад пасудзіну, але ставяць на падсвечніку, каб свяціла ўсім, хто ёсць у доме.
Так няхай све́ціць святло ваша перад людзьмí, каб яны бачылі вашы добрыя ўчы́нкі і ўслаўля́лі Айца вашага, Які на нябёсах.
Так хай свеціць святло вашае на віду ў людзей, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі ды хвалілі Айца вашага, Які ў небе.
Не думайце, што Я прыйшоў пару́шыць закон, альбо прарокаў: не пару́шыць прыйшоў Я, а здзе́йсніць.
Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон і прарокаў. Я прыйшоў не парушыць, але выканаць.
Бо праўду кажу вам: пакуль не знíкнуць неба і зямля, ані ёта адна, ані ры́ска адзіная не знíкне з закона, пакуль не збу́дзецца ўсё.
Бо сапраўды кажу вам: пакуль неба і зямля не прамінуць, ані адна ёта, ані адна рыска не зменіцца ў законе, аж пакуль ўсё не збудзецца.
Дык вось, хто пару́шыць адну з за́паведзяў гэтых найме́ншых і наву́чыць так людзей, той найме́ншым назаве́цца ў Царстве Нябесным; а хто вы́канае і наву́чыць, той вялікім назаве́цца ў Царстве Нябесным.
Таго, хто парушыць адно з гэтых прыказанняў найменшых і навучыць так людзей, таго назавуць найменшым у Валадарстве Нябесным. А хто выканае і навучыць, таго назавуць вялікім у Валадарстве Нябесным.
Бо, кажу вам, калі пра́веднасць ваша не перавы́сіць пра́веднасці кніжнікаў і фарысеяў, то не ўво́йдзеце вы ў Царства Нябеснае.
Бо кажу вам: калі ваша справядлівасць не будзе большай, чым у кніжнікаў і ў фарызеяў, не ўвойдзеце вы ў Валадарства Нябеснае.
Вы чулі, што ска́зана продкам: «не забівай; а хто заб’е, падляга́е суду́».
Чулі, што сказана было продкам: «Не забівай», а хто заб’е, будзе асуджаны.
А Я кажу вам, што кожны, хто гне́ваецца на брата свайго ма́рна, падляга́е суду; а хто скажа брату свайму: «рака́», падляга́е сінедрыёну; а хто скажа: «неразумны», падляга́е гее́не вогненнай.
А Я вам кажу, што той, хто дарэмна гневаецца на брата свайго, будзе асуджаны; а хто скажа брату свайму: «рака», — будзе асуджаны радай, а хто скажа: «дурны», — будзе асуджаны агнём пякельным.
Дык вось, калі ты прынясе́ш дар твой да ахвя́рніка і ўспо́мніш там, што брат твой ма́е нешта су́праць цябе,
І таму, калі панясеш ахвяру сваю на алтар, а там прыпомніш, што брат твой мае нешта супраць цябе,
пакінь там дар твой перад ахвя́рнікам, і ідзі перш паміры́ся з братам тваім, і тады прыйдзí і прынясі дар твой.
дык пакінь ахвяру тваю каля алтара, і ідзі перш пагадзіся з братам тваім, і тады, прыйшоўшы, прынясеш ахвяру тваю.
Міры́ся з працíўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб не аддаў цябе працíўнік суддзí, а суддзя́ не аддаў цябе слузе́, і не кíнулі цябе ў цямнíцу.
Пагадзіся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты з ім у дарозе, каб выпадкам не аддаў цябе супраціўнік суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і каб не быў ты кінуты ў вязніцу.
Праўду кажу табе: не вы́йдзеш адтуль, пакуль не аддасí апошняга кадра́нта.
Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга квадранта.
Вы чулі, што ска́зана продкам: «не пралюбадзе́йнічай».
Чулі, што сказана: «Не чужалож!»
А Я кажу вам, што кожны, хто глядзíць на жанчы́ну з пажа́длівасцю, ужо пралюбадзе́йнічаў з ёю ў сэ́рцы сваім.
А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну, прагнучы яе, ужо яе зчужаложыў у сэрцы сваім.
Калі ж правае вока тваё спакуша́е цябе, вы́рві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё це́ла тваё было ўкíнута ў гее́ну.
Бо калі тваё правае вока горшыць цябе, вырві яго ды адкінь ад сябе; бо лепш табе, каб згінуў адзін з членаў тваіх, чымся ўсё цела тваё сышло б у пекла.
І калі правая твая рука спакуша́е цябе, адсячы́ яе і кінь ад сябе; бо ле́пей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё це́ла тваё было ўкíнута ў гее́ну.
І калі правая твая рука горшыць цябе, адрэж яе ды адкінь ад сябе; бо лепш табе, каб згінуў адзін з членаў тваіх, чымся ўсё цела тваё сышло б у пекла.
Ска́зана таксама, што, калі хто развядзе́цца з жонкаю сваёю, няхай дасць ёй разво́дны ліст.
Сказана таксама: «Хто пакіне жонку сваю, хай дасць ёй разводны ліст».
А Я кажу вам: кожны, хто разво́дзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны блу́ду, той даво́дзіць яе да пралюбадзе́йства; і хто ажэ́ніцца з разве́дзенай, той пралюбадзе́йнічае.
А Я кажу вам: кожны, хто пакідае жонку сваю, акрамя як з прычыны яе распусты, выстаўляе яе на чужаложства. І той, хто жэніцца з ёю, чужаложыць.
Яшчэ чулі вы, што ска́зана продкам: «не паруша́й кля́твы, а выко́нвай перад Госпадам кля́твы твае».
Чулі яшчэ аб тым, што было сказана продкам: «Не парушай прысягі, але выконвай сваю прысягу перад Госпадам».
А Я кажу вам: не клянíся зусім: ні небам, бо яно — Прастол Божы;
А Я кажу вам, каб вы зусім не прысягалі, ані небам, бо яно ёсць пасад Божы,
ні зямлёю, бо яна — падно́жжа нага́м Яго; ні Іерусалімам, бо ён — горад Вялікага Цара;
ані зямлёю, бо яна — падножжа ног Яго; ані Ерузалімам, бо ён — горад вялікага Валадара.
ні галавою тваёю не клянíся, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым альбо чорным.
Ані таксама сваёй галавой не прысягай, бо ты не можаш аніводнага воласа зрабіць белым або чорным.
А няхай будзе слова ваша: «так — так», «не — не»; а што звыш гэтага, тое ад злога.
Хай жа тады слова вашае будзе: «так—так», «не—не». А што звыш таго, гэта ад злога.
Вы чулі, што ска́зана: «вока за вока, і зуб за зуб».
Чулі вы, што сказана было: «Вока за вока, зуб за зуб»?
А Я кажу вам не працíвіцца злому. А калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ́ тваёй, падстаў яму і другую;
А Я кажу вам: не праціўцеся злому; а калі б хто ўдарыў цябе ў правую шчаку тваю, настаў яму і другую.
і калі хто захоча судзíцца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму і вопратку;
І таму, хто хоча з табой судзіцца і кашулю тваю ўзяць, аддай яму і плашч.
і калі хто цябе зму́сіць ісці з ім адно по́прышча, ідзі з ім два.
І калі б хто цябе змушаў ісці з ім мілю, ідзі з ім дзве.
Таму, хто просіць у цябе, дай; і ад таго, хто хоча пазы́чыць у цябе, не адваро́чвайся.
Дай таму, хто просіць у цябе; і не ўхіляйся ад таго, хто жадае ў цябе пазычыць.
Вы чулі, што ска́зана: «любí блíжняга твайго і ненавíдзь ворага твайго».
Чулі вы, што сказана было: «Любі бліжняга свайго і нянавісць адчувай да ворага твайго».
А Я кажу вам: любíце ворагаў вашых, благаслаўля́йце тых, хто пракліна́е вас, рабíце дабро тым, што ненавíдзяць вас, і маліцеся за тых, што кры́ўдзяць вас і гоняць вас;
А Я кажу вам: любіце ворагаў сваіх і маліцеся за тых, што прыгнятаюць вас,
каб сталі вы сына́мі Айца вашага, Які на нябёсах; бо Ён зага́двае сонцу Свайму ўзыхо́дзіць над злымі і добрымі і пасылае дождж на пра́ведных і няпра́ведных.
каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсць на небе, бо Ён чыніць, каб сонца Яго ўзыходзіла над добрымі і ліхімі, і дождж пралівае над справядлівымі і несправядлівымі.
Бо, калі вы будзеце любíць тых, што лю́бяць вас, якая вам узнагарода? Ці не тое ж самае робяць і мы́тнікі?
Калі ж вы любіце тых, што вас любяць, дык што за ўзнагароду будзеце мець? Ці ж і мытнікі не робяць таго?
І калі вы віта́еце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не гэтак робяць і язычнікі?
Або калі вітаеце толькі братоў вашых, дык што асаблівага робіце? Ці ж гэтак і пагане не робяць?
Дык вось, будзьце даскана́лыя, як даскана́лы Айцец ваш Нябесны.
Дык будзьце ж вы дасканалыя, як і Айцец ваш нябесны дасканалы.