Яна 3 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Быў жа чалавек з фарысеяў, імя́ яму Нікадзíм, начальнік Іудзейскі;
 
Між фарызеяў быў чалавек імем Нікадэм, начальнік Юдэйскі;

ён прыйшоў да Іісуса ўначы́ і сказаў Яму: Раввí! мы ведаем, што Ты Вучыцель, Які прыйшоў ад Бога, бо ніхто не можа твары́ць такіх цу́даў, якія Ты тво́рыш, калі Бог не будзе з ім.
 
уночы прыйшоў ён і сказаў Яму: «Раббі, мы ведаем, што Ты ад Бога прыйшоў як Настаўнік; бо ніхто не можа чыніць такіх знакаў, як Ты чыніш, калі б Бог не быў з ім».

У адказ Іісус сказаў яму: праўду, праўду кажу табе: калі хто не наро́дзіцца звыш, не можа ўба́чыць Царства Божага.
 
Ісус, адказваючы, сказаў яму: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца нанова, не можа бачыць Валадарства Божага».

Кажа Яму Нікадзíм: як можа чалавек нарадзíцца, калі ён стары́? хіба́ можа ён другі раз увайсці ва ўло́нне маці сваёй і нарадзíцца?
 
Кажа Яму Нікадэм: «Як жа можа нарадзіцца чалавек, калі ён ужо стары? Ці ж можа паўторна ўвайсці ва ўлонне сваёй маці ды зноў нарадзіцца?»

Адказаў Іісус: праўду, праўду кажу табе: калі хто не наро́дзіцца ад вады і Духа, не можа ўвайсці ў Царства Божае:
 
Адказаў Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца з вады і з Духа, не можа ўвайсці ў Валадарства Божае.

наро́джанае ад плоці ёсць плоць, а наро́джанае ад Духа ёсць дух.
 
Тое, што нарадзілася з цела, ёсць цела, а што нарадзілася з Духа, ёсць дух.

Не здзіўля́йся, што Я сказаў табе: «трэба вам нарадзíцца звыш».
 
Не дзівіся, што Я табе гэта сказаў: трэба вам нарадзіцца нанова.

Вецер вее, дзе хоча , і голас яго чуеш, а не ведаеш, адкуль прыхо́дзіць і куды адыхо́дзіць; так і з кожным наро́джаным ад Духа.
 
Дух дзьме, куды хоча, і шум яго чуеш, але не ведаеш, скуль прыходзіць і куды адыходзіць; таксама адбываецца з кожным, хто з Духа нарадзіўся».

Тады Нікадзíм сказаў Яму: як гэта можа быць?
 
Адказаў Мікадэм і сказаў Яму: «Як можа гэта стацца?»

У адказ Іісус сказаў яму: ты вучыцель Ізра́ілеў, і гэтага не ведаеш?
 
Сказаў яму Ісус, адказваючы: «Ты — настаўнік Ізраэля і не ведаеш гэтага?

Праўду, праўду кажу табе: што́ Мы ведаем, пра тое гаворым, і што́ бачылі, пра тое све́дчым, і вы све́дчання Нашага не прыма́еце;
 
Сапраўды, сапраўды кажу табе: мы гаворым тое, што ведаем, і сведчым пра тое, што мы бачылі, але сведчання нашага не прымаеце.

калі Я пра зямное сказаў вам, і вы не верыце, як паверыце, калі скажу вам пра нябеснае?
 
Калі Я казаў вам пра зямное, і вы не верыце, дык як паверыце, калі вам буду гаварыць пра нябеснае?

Ніхто не ўзыхо́дзіў на неба, толькі Сын Чалавечы, Які, бу́дучы на небе, сышоў з неба;
 
І ніхто не ўзышоў на неба, толькі Той, Хто сышоў з неба, Сын Чалавечы.

і, як Маісей узняў зме́я ў пустыні, так нале́жыць быць узня́тым Сыну Чалавечаму,
 
І як Майсей падняў змяю ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,

каб кожны, хто ве́руе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае.
 
каб кожны, хто верыць, меў у Ім жыццё вечнае.

Бо так узлюбíў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто ве́руе ў Яго, не загíнуў, але меў жыццё вечнае;
 
Бо так палюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто верыць у Яго, не памёр, але меў жыццё вечнае.

бо не паслаў Бог Сына Свайго ў свет, каб судзíць свет, але каб свет быў спасёны праз Яго;
 
Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго.

хто ве́руе ў Яго, не будзе асу́джаны, а хто не ве́руе, той ужо асу́джаны, бо не ўве́раваў у імя́ Адзінароднага Сына Божага.
 
Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны; а хто не верыць, ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.

А суд у тым, што святло прыйшло ў свет, але палюбíлі людзі це́мру больш за святло, бо ўчынкі іх былí ліхíя;
 
А вось што такое суд: Святло прыйшло ў свет, але людзі ўзлюбілі цемру болей за святло, бо ліхімі былі іх учынкі.

бо кожны, хто робіць зло, той ненавíдзіць святло і не ідзе да святла, каб не былí вы́крыты ўчы́нкі яго, бо яны ліхíя;
 
Бо кожны, хто блага робіць, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не асудзілі яго ўчынкаў;

а хто робіць па праўдзе, той ідзе да святла, каб вы́явіліся ўчы́нкі яго, бо яны ў Богу зро́блены.
 
а кожны, хто чыніць праўду, ідзе да святла, каб выявіліся ўчынкі яго, бо яны ў Богу былі ўчынены».

Пасля гэтага прыйшоў Іісус і вучні Яго ў Іудзейскую зямлю́; і там Ён жыў з імі і хрысцíў.
 
Пасля таго прыйшоў Ісус і вучні Яго ў зямлю Юдэйскую і там затрымаўся  з імі і хрысціў.

Іаан жа таксама хрысцíў у Эно́не, недалёка ад Салíма, бо там было́ многа вады, і прыхо́дзілі туды і хрысцíліся;
 
І Ян таксама хрысціў у Эноне блізка Саліма, бо там было шмат вады, і [людзі] прыходзілі і прымалі хрост;

таму што не быў яшчэ паса́джаны ў цямнíцу Іаан.
 
бо Ян не быў яшчэ кінуты ў вязніцу.

І ўзнíкла спрэ́чка ў вучняў Іаанавых з Іудзеямі пра ачышчэ́нне;
 
І сталася: узнікла спрэчка між вучнямі Яна і Юдэямі наконт ачышчэння.

і прыйшлі да Іаана і сказалі яму: раввí! Той, Хто быў з табою на тым баку́ Іардана і пра Каго ты све́дчыў, вось, Ён хры́сціць, і ўсе ідуць да Яго.
 
Дык прыйшлі да Яна і сказалі яму: «Раббі, Той, што з табой быў за Ярданам і пра Якога ты сведчыў, вось, Ён хрысціць, ды ўсе ідуць да Яго».

У адказ Іаан сказаў: не можа чалавек нічога браць на сябе, калі не будзе да́дзена яму з неба.
 
Адказаў Ян і сказаў ім: «Нічога не можа атрымаць чалавек, калі яму не будзе дадзена з неба.

Вы самі мне све́дчыце, што я сказаў: «я не Хрыстос, але я пасла́ны перад Ім».
 
Вы самі можаце засведчыць пра мяне, што я вам сказаў: Я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім.

Хто ма́е нявесту, той жаніх, а друг жаніха, які стаіць і слухае яго, ра́дасцю ра́дуецца, чу́ючы голас жаніха; гэтая вось ра́дасць мая спо́ўнілася;
 
Хто мае абранніцу, той жаніх, а сябра жаніха, які побач стаіць і слухае яго, радуецца ўсцешна з голасу жаніха. І гэтая радасць мая споўнілася.

Яму нале́жыць узраста́ць, а мне ме́ншаць.
 
Ён мае расці, а я — змяншацца.

Хто прыхо́дзіць з вышынí, Той над усімі, а хто ад зямлí, той зямны́ і па-зямному гаво́рыць; Хто прыхо́дзіць з неба, Той над усімі,
 
Хто прыходзіць звысока, Той вышэй за ўсіх; а хто з зямлі, той з зямлі і пра зямное гаворыць. Хто прыходзіць з неба, Той па-над усімі;

і што Ён бачыў і чуў, пра тое све́дчыць, ды све́дчання Яго ніхто не прыма́е;
 
і Ён сведчыць аб тым, што ўбачыў і пачуў, і сведчання Яго ніхто не прымае.

хто прыня́ў Яго све́дчанне, той сцве́рдзіў, што Бог íсцінны.
 
А хто прыняў Яго сведчанне, той адзначыў, што Бог праўдамоўны.

Бо Той, Каго паслаў Бог, словы Божыя гаворыць, таму што не ме́раю дае Бог Духа.
 
І Той, Каго Бог паслаў, прамаўляе словы Божыя, бо не мераючы дае Ён Духа.

Бо Айцец лю́біць Сына і ўсё даў у руку́ Яго.
 
Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у рукі Яго.

Хто ве́руе ў Сына, той ма́е жыццё вечнае, а хто не ве́руе ў Сына, той не ўбачыць жыцця́, але гнеў Божы застае́цца на ім.
 
Хто верыць у Сына, мае жыццё вечнае; а хто бязверны ў Сына, той не ўбачыць жыцця, але гнеў Божы застаецца на ім».