Лукаша 8 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І ста́лася пасля гэтага: Ён праходзіў па гарадах і вёсках, прапаве́дуючы і дабраве́сцячы Царства Божае, і дванаццаць з Ім,
 
І было: хадзіў Ён пасля па гарадах і сёлах, навучаючы і добравесцячы Божае Царства, і Дванаццаць з Ім

і некато́рыя жанчыны, што былí ацалёныя ад духаў злых і не́мачаў: Марыя, зва́ная Магдалíнаю, з якой выйшла сем дэманаў,
 
і некаторыя з жанчын, што былі вылечаны ад ліхіх духау і немачаў: Марыя, званая Магдаленаю, з якой выйшла сем дэманаў,

Іаанна, жонка Хузы́, домаўпра́ўніка Ірадавага, і Суса́нна, і многія іншыя, што служы́лі Яму маёмасцю сваёй.
 
і Іаанна, жонка Худзы, Ірадавага аканома, і Сусана, і многія іншыя, што служылі ім сваёю маёмасцю.

Калі ж сабра́лася мноства народу і з усіх гарадоў папрыхо́дзілі да Яго, Ён сказаў прытчай:
 
Калі ж сабраўся вялікі натоўп і папрыходзілі да Яго з горада, Ён сказаў праз упадабненне:

выйшаў се́йбіт сеяць насе́нне сваё; і калі сеяў, адно ўпала пры дарозе і было́ патапта́на, і птушкі нябесныя падзяўблí яго;
 
«Выйшаў сейбіт сеяць сваё насенне. І калі сеяў, адно ўпала край дарогі і было вытаптана, і нябесныя птушкі падзяўблі яго.

а іншае ўпала на ка́мень і, узышоўшы, засохла, бо не ме́ла вíльгаці;
 
А другое ўпала на скалу і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці.

а іншае ўпала ў це́рні, і вы́раслі це́рні і заглушы́лі яго;
 
А іншае ўпала між церняў, ды, узышоўшы з ім, церні заглушылі яго.

а іншае ўпала на добрую зямлю і, узышоўшы, урадзíла плод у сто крат. Сказаўшы гэта, Іісус заклíкаў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
 
А іншае ўпала ў добрую зямлю і ўзышло, і дало стакротны плён». Кажучы гэта, заклікаў: «Хто мае вушы слухаць, няхай слухае!»

Вучні ж Яго пыталіся ў Яго, ка́жучы: што б зна́чыла прытча гэтая?
 
І пыталіся ў Яго вучні Яго: «Што магло б значыць гэтае ўпадабненне?»

Ён жа сказаў: вам да́дзена ведаць тайны Царства Божага, а аста́тнім — у прытчах, каб яны ба́чачы не бачылі і чу́ючы не разумелі.
 
Ён жа сказаў: «Вам дадзена пазнаць таямніцы Божага Царства, а рэшце ва ўпадабненнях, каб яны бачачы не бачылі і слухаючы не разумелі».

Вось што значыць прытча гэтая: насе́нне ёсць сло́ва Божае;
 
Вось што азначае гэтае ўпадабненне: насенне — ёсць Божае слова.

і якое пры дарозе — гэта тыя, што слухаюць, але потым прыхо́дзіць дыявал і забірае сло́ва з сэ́рцаў іх, каб не ўве́равалі яны і не спаслíся;
 
І край дарогі, — гэта тыя, што слухаюць, ды пасля прыходзіць д’ябал і забірае слова з іх сэрца, каб не уверавалі яны і не былі збавёныя.

а якое на ка́мень ўпа́ла — гэта тыя, што, пачуўшы, з радасцю прыма́юць сло́ва, але яны не ма́юць ко́раня і да часу веруюць, а ў час выпрабава́ння адпада́юць;
 
А на скале, — гэта тыя, што пачуўшы, з радасцю прыймаюць слова, ды не маюць кораня, яны вераць да часу і ў часе выпрабавання адпадаюць.

а што ўпала ў це́рні — гэта тыя, што пачулі, але турботамі, багаццем і ўце́хамі жыццёвымі на шляху́ сваім заглуша́юцца і не даюць плёну;
 
А ўпалае між церняў — гэта тыя, што слухаюць, але ходзячы душацца турботамі і багаццем, і жыццёвымі раскошамі і плоду не даюць.

а што на добрай зямлі — гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць яго ў шчы́рым і добрым сэрцы і даюць плод у цярплíвасці. Сказаўшы гэта, Іісус заклíкаў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
 
А на добрай зямлі, гэта тыя, што, пачуўшы слова, берагуць у добрым і шчырым сэрцы і даюць плод праз цярплівасць.

Ніхто, запалíўшы свечку, не пакрыва́е яе пасу́дзінай або не ставіць пад ложак, а ставіць яе на падсве́чнік, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.
 
Ніхто, запаліўшы каганец, не пакрывае яго пасудзінаю і не ставіць пад ложак, а ставіць яго на падстаўку, каб бачылі святло тыя, што ўваходзяць.

Бо няма нічога тае́мнага, што́ не стала б я́ўным, ні схава́нага, што не стала б вядомым і не вы́явілася.
 
Бо няма закрытага, што не адкрылася б, ні таемнага, што не стала б вядомым і не выйшла наверх.

Так што сачы́це, як вы слухаеце; бо хто ма́е, таму да́дзена будзе, а хто не ма́е, ады́мецца ў таго і тое, што ён думае, нíбы ма́е.
 
. Дык глядзіце, як вы слухаеце. Бо хто мае, таму дасца; а хто не мае, у таго забярэцца і тое, што яму здаецца, нібы мае».

І прыйшлі да Яго Маці і браты Яго, і не маглі даступíцца да Яго з-за натоўпу.
 
І прыйшлі да Яго Маці і браты Яго і не маглі падступіцца да Яго 3-за натоўпу.

І паве́дамілі Яму, ка́жучы: Маці Твая і браты Твае стаяць на дварэ і хочуць Цябе ўбачыць.
 
І паведамілі Яму: «Твая Маці і браты Твае стаяць знадворку і хочуць убачыць Цябе».

Ён жа сказаў ім у адказ: Маці Мая? і браты Мае? — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выко́нваюць яго.
 
Ён жа ў адказ сказаў ім: «Мая Маці і Мае браты — гэта тыя, што слухаюць Божае слова і выконваюць яго».

І ста́лася ў адзін з тых дзён: увайшоў Ён у лодку з вучнямі Сваімі і сказаў ім: перапра́вімся на той бок возера. І яны адплылí.
 
І было: у адзін з тых дзён ступіў Ён у човен і Яго вучні, і Ён сказаў ім: «Пераплывем на другі бок возера». І яны ад’ехалі.

Калі ж плылí, Ён заснуў. І наляцеў бу́рны вецер на возера, і пачало́ заліваць іх, і былí яны ў небяспе́цы.
 
А калі плылі, Ён заснуў. І наляцела бура на возера, і іх пачало заліваць, і яны былі ў небяспецы.

І, падышоўшы, разбудзілі Яго і сказалі: Настаўнік! Настаўнік! мы гінем! Ён жа, устаўшы, забаранíў ветру і хва́лям вады, і яны супако́іліся і настала цíша.
 
Падышоўшы ж, яны разбудзілі Яго кажучы: «Майстру, майстру, гінем!» Ён жа, прачнуўшыся, загадаў ветру і ўзбуранай вадзе; і яны супакоіліся і настала ціша.

Тады Ён сказаў ім: дзе вера ваша? Яны ж, спало́ханыя, дзівíліся і казалі адзін аднаму: хто ж гэта Ён, што і вятра́м загадвае і вадзе, і слухаюцца Яго?
 
А да іх Ён сказаў: «Дзе ваша вера?» Яны ж, перапапоханыя, дзівіліся, кажучы адзін аднаму: «Хто ж Гэты, што і вятрам загадвае і вадзе, і яны слухаюцца Яго?»

І прыплылí ў зямлю Гадары́нскую, што насу́праць Галілеі.
 
І прыплылі яны ў краіну герасіням, што насупроць Галілеі.

Калі ж Ён выйшаў на зямлю, сустрэў Яго нейкі чалавек з горада, апанта́ны дэманамі з даўняга часу, і адзе́ння не насіў ён, і ў доме не жыў, а ў магíльных пячорах.
 
Калі ж Ён выйшаў на зямлю, перастрэў Яго адзін чалавек з горада, апантаны дэманамі; і даволі даўно ён не насіў вопраткі і не жыў дома, а ў магільных пячорах.

Убачыўшы Іісуса і закрычаўшы, ён упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: што́ Табе да мяне, Іісусе, Сы́не Бога Усявышняга? малю́ Цябе, не муч мяне.
 
Убачыўшы ж Ісуса, ён закрычау, упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: «Што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Малю Цябе, не муч мяне».

Таму што загадаў Іісус духу нячыстаму вы́йсці з чалавека; бо доўгі час той хапа́ў яго, і звя́звалі яго ланцуга́мі і ако́вамі, і сцераглí; але ён разрыва́ў пу́ты, і дэман гнаў яго ў пусты́ні.
 
Бо загадваў Ён нячыстаму духу выйсці з чалавека. Бо доўгі час ён хапаў яго і звязвалі таго ланцугамі і кайданамі і сцераглі, ды ён разрываў ланцугі, і дэман гнаў яго ў пустэльні.

І спытаўся ў яго Іісус, ка́жучы: як імя́ тваё? Той адказаў: легіён; бо многа дэманаў увайшло ў яго.
 
Спытаўся ж у яго Ісус: «Як табе імя?» Ён жа сказаў: «Легіён», таму што шмат дэманаў увайшло ў яго.

І яны прасілі Іісуса, каб не загадаў ім ісці ў бе́здань.
 
І яны прасілі Яго, каб не загадаў ім ісці ў бяздонне.

Пасвіўся ж там вялікі ста́так свіне́й на гары; і папрасілі Яго дэманы, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім.
 
Пасвіўся ж там немалы гурт свіней на гары. І папрасілі Яго, каб дазволіў ім ўвайсці ў тых. І дазволіў Ён ім.

І дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў свіне́й; і ры́нуўся ста́так з кру́чы ў возера і патану́ў.
 
І дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў свіней, і рынуўся гурт са стромы ў возера і ўтапіўся.

Пастухі ж, убачыўшы, што зда́рылася, пабе́глі ды абвясцíлі ў горадзе і ў вёсках.
 
Пастухі ж, убачыўшы, што зрабілася, паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках.

І людзі выйшлі пабачыць, што зда́рылася; і прыйшлі да Іісуса і знайшлі, што чалавек, з якога вы́йшлі дэманы, сядзíць каля ног Іісуса адзе́ты і пры розуме; і спало́халіся.
 
І тыя выйшлі паглядзець, што здарылася, і прыйшлі да Ісуса і знайшлі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы, сядзіць у нагах Ісуса апрануты і ў здаровым розуме, і спалохаліся.

А тыя, хто бачыў, расказалі ім, як быў вы́ратаваны апанта́ны.
 
Відавочцы ж расказалі ім, як быў уратаваны апантаны дэманамі.

І прасіў Яго ўвесь люд кра́ю Гадары́нскага адысцí ад іх, бо стра́хам вялікім былí яны ахо́плены. І Ён, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся.
 
І папрасіў Яго ўвесь народ Герасінянскай краіны адысці ад іх, бо вялікі страх ахапіў іх. Ён жа, ступіўшы ў човен, вярнуўся.

А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім. Але Іісус адпусціў яго, ка́жучы:
 
А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць Ім; Ён жа адпусціў яго, кажучы:

вяртайся ў дом твой і расказвай, што́ зрабіў табе Бог. І ён пайшоў, абвяшча́ючы па ўсім горадзе, што́ зрабіў яму Іісус.
 
«Вяртайся дадому і кажы, як шмат зрабіў табе Бог». І той адышоў, абвяшчаючы ўсяму гораду, як шмат зрабіў яму Ісус.

І ста́лася: калі вярнуўся Іісус, народ прыня́ў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
 
Калі Ісус вярнуўся, натоўп прымаў Яго; бо ўсе чакалі Яго.

І вось прыйшоў чалавек, íмем Іаíр, які быў старэйшынам сінагогі; і, упаўшы да ног Іісуса, ён прасіў Яго ўвайсці ў дом яго,
 
І вось прыйшоў чалавек на імя Іаір і быў ён старшыня сінагогі. І упаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго увайсці ў яго дом,

бо ў яго была́ адзіная дачка́, гадоў двана́ццаці, і яна паміра́ла. Калі ж Ён ішоў, народ напіра́ў на Яго.
 
таму што была ў яго адзіная дачка гадоў з дванаццаць, і яна ўмірала. І калі Ён ішоў, натоўпы напіралі на Яго.

І жанчына, якая ме́ла кровацячэ́нне ўжо дванаццаць гадоў, і патра́ціла на ле́караў усю маёмасць ды ні ў аднаго не магла вы́лечыцца,
 
І жанчына, што цярпела на крывацёк дванаццаць гадоў і выдала на дактароў усю маёмасць, і ніхто німог яе вылечыць, —

падышоўшы ззаду, дакрану́лася да кра́ю вопраткі Яго; і адразу спынíлася кровацячэ́нне ў яе.
 
падышоўшы ззаду, дакранулася да краю Яго вопраткі, і зараз жа спыніўся ў яе крывацёк.

І сказаў Іісус: хто дакрану́ўся да Мяне? Калі ж адмаўляліся ўсе, казаў Пётр і тыя, што з ім: Настаўнік! народ абступіў Цябе і напіра́е, а Ты гаворыш: хто дакрану́ўся да Мяне?
 
І сказаў Ісус: «Хто дакрануўся да Мяне?» Калі ж усе адмаўляліся, сказаў Пятро: «Майстру, натоўпы абступілі Цябе і сціскаюць».

Але Іісус сказаў: дакрану́ўся нехта да Мяне, бо Я адчуў сілу, што выйшла з Мяне.
 
Ісус жа сказаў: «Дакрануўся да Мяне хтосьці, бо Я адчуў сілу, што выйшла з Мяне».

Жанчына, убачыўшы, што не ўтаíлася, дрыжучы́, падышла і, упаўшы перад Ім, паве́даміла Яму перад усім народам, з якой прычыны дакрану́лася да Яго і як ацалíлася адразу.
 
Жанчына ж, убачыўшы, што не ўтаілася, падышла дрыжучы і, ўпаўшы перад Ім, прызналася перад усім народам, з якое прычыны дакранулася да Яго, і як зараз жа была вылечана.

Ён жа сказаў ёй: мацу́йся, дачка́! вера твая ўратава́ла цябе; ідзі з мірам.
 
Ён жа сказаў ёй: «Дачка, вера твая ўратавала цябе; ідзі ў спакоі».

Яшчэ калі Ён гаварыў, прыходзіць нехта з дому старэ́йшыны сінагогі і кажа яму: паме́рла дачка́ твая, не турбуй ужо Настаўніка.
 
Калі яшчэ Ён гаварыў, прыходзіць адзін ад старшыні сінагогі, кажучы: «Памерла твая дачка: не турбуй больш Настаўніка».

Іісус жа, пачуўшы гэта, сказаў, звярта́ючыся да яго: не бойся, толькі веруй, і яна будзе ўратава́на.
 
Ісус жа, пачуўшы, адказаў яму: «Не бойся, толькі веруй, і яна будзе ўратавана».

І, прыйшоўшы ў дом, Ён не дазволіў увайсці нікому, апрача́ Пятра, Іаана і Іакава, і ба́цькі дзяўчынкі і маці.
 
І, прыйшоўшы ў дом, не дазволіў увайсціш з Ім нікому, толькі Пятру, і Іаану, і Якаву, і бацьку дзяўчаці, і маці.

Усе пла́калі і рыда́лі па ёй. Ён жа сказаў: не пла́чце, яна не паме́рла, а спіць.
 
А ўсе плакалі і галасілі па ёй. Ён жа сказаў: «Не плачце, бо яна не памерла, але спіць».

І насміхаліся з Яго, ведаючы, што яна паме́рла.
 
І насміхаліся з Яго, ведаючы, што яна памерла.

Ён жа, вы́правадзіўшы ўсіх прэч і ўзяўшы яе за руку́, усклікнуў, ка́жучы: дзяўчынка! устань.
 
Ён жа, узяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: «Дзіця, устань!»

І вярнуўся дух яе, і падняла́ся адразу; і Ён загадаў даць ёй есці.
 
І вярнуўся дух яе, і яна зараз жа паднялася, і Ён загадаў даць ёй есці.

І моцна ўра́зіліся бацькí яе. Ён жа загадаў ім не расказваць нікому пра тое, што адбыло́ся.
 
І ўразіліся яе бацькі. Ён жа наказаў ім нікому не расказваць пра тое, што адбылося.