Яна 17 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна
Гэтае сказаў Ісус і падняў вочы Свае да Неба і сказаў: Тата Мой! надыйшла гадзіна: услаў Сына Твайго, каб і Сын Твой уславіў Цябе;
Гэта сказаў Ісус, і падняў вочы Свае да неба, і прамовіў: «Ойча! Прыйшла гадзіна. Праслаў Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе,
бо Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён усім, якіх Ты даў Яму, даў бы ім Жыцьцё Вечнае.
бо Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб усяму, што Ты даў Яму, Ён даў жыцьцё вечнае.
Гэтае ж Жыцьцё Вечнае ёсьць (у тым), каб пазналі Цябе, Адзінага Сапраўднага Бога і Ісуса Хрыста, Якога Ты паслаў.
А гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Таго, Каго Ты паслаў, — Ісуса Хрыста.
Я ўславіў Цябе на зямлі, завяршыў Справу, якую Ты даў Мне, каб Я зрабіў.
Я праславіў Цябе на зямлі, скончыў справу, якую Ты даў Мне зрабіць.
І цяпер услаў Мяне Ты, Тата Мой, у Цябе Самога тэй Славаю, якую Я меў у Цябе раней існаваньня сьвету.
Дык цяпер праслаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Самога той славаю, якую Я меў у Цябе раней, чым сьвет быў.
Я зрабіў вядо́мым Імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне ад сьвету; (яны) былі Твае, і Ты іх даў Мне, і (яны) захавалі Слова Тваё.
Я зьявіў імя Тваё людзям, якіх Ты Мне даў са сьвету. Яны былі Твае, і Ты іх даў Мне, і яны захавалі слова Тваё.
Цяпер уразумелі (яны), што ўсё, што Ты даў Мне, ёсьць ад Цябе.
Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, гэта ад Цябе.
Бо Словы, якія Ты даў Мне, Я перадаў ім, і яны прынялі, і правільна ўразумелі, што Я ад Цябе зыйшоў, і паверылі, што Ты Мяне паслаў.
Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны ўзялі і сапраўды зразумелі, што Я ад Цябе зыйшоў, і паверылі, што Ты Мяне паслаў.
Я за іх прашу, ня за (ўве́сь) сьвет прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне, бо яны — Твае.
Я за іх прашу, не за сьвет прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне, бо яны Твае.
І ўсе Мае — Твае, і Твае — Мае; і ў іх Я ўславіўся.
І ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і ў іх Я ўславіўся.
І Я ўжо — ня на сьве́це, але яны — на сьвеце, Я ж да Цябе іду. Тата Мой Сьвяты! Захавай іх у Імя Тваё, тых, якіх Ты Мне даў, каб (яны) былі адно, як (і) Мы.
І Я ўжо не ў сьвеце, але яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Ойча сьвяты! Захавай іх у імя Тваё, тых, якіх Ты Мне даў, каб яны былі адно, як і Мы.
Калі Я быў на сьвеце зь імі, Я захоўваў іх у Імя Тваё, тых, якіх Ты даў Мне, Я зьбяро́г, і ніхто зь іх ня загíнуў, апрача сына загубы, каб збылося Пісаньне. (Пс. 109:17).
Калі Я быў з імі ў сьвеце, Я захоўваў іх у імя Тваё; тых, якіх Ты Мне даў, Я захаваў, і ніхто з іх не загінуў, акрамя сына загубы, каб споўнілася Пісаньне.
Цяпе́р жа да Цябе іду і гэтае кажу на сьвеце, каб (яны) мелі Радасьць Маю поўную ў сабе.
Цяпер жа Я да Цябе іду і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі радасьць Маю ў сабе поўную.
Я перадаў ім Слова Тваё, і сьвет зьнянавідзіў іх, бо яны — ня ад сьве́ту, як і Я — ня ад сьве́ту.
Я даў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.
Я ня прашу́, каб Ты ўзяў іх ізь сьвету, але каб захаваў іх ад зла.
Не прашу, каб Ты ўзяў іх са сьвету, але каб захаваў іх ад зла.
Яны — ня ад сьве́ту, як і Я — ня ад сьве́ту.
Яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.
Асьвяці іх у Праўдзе Тваёй: Слова Тваё ёсьць Праўда.
Асьвяці іх у праўдзе Тваёй! Слова Тваё — праўда.
Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, гэтак і Я паслаў іх у сьвет.
Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я паслаў іх у сьвет.
І за іх Я пасьвячаю Сябе, каб і яны былі пасьвенчаны Праўдаю.
І за іх Я пасьвячаю Сябе, каб і яны былі асьвечаны ў праўдзе.
Ня за іх жа толькі прашу, але й за тых, што будуць верыць у Мяне па слову іхнаму.
Не за іх жа толькі прашу, але і за тых, якія павераць у Мяне праз слова іх,
Каб усе былі адно: як Ты, Тата Мой, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі адно ў Нас, каб уверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне.
каб усе былі адно, як Ты, Айцец, у-ва Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас адно, каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне.
І Славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як Мы — Адно.
І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як Мы адно.
Я ў іх, і Ты ўва Мне; каб былі злучаны ў адно, і каб сьвет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.
Я ў іх, і Ты ў-ва Мне; каб былі злучаны ў адно, і каб пазнаў сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.
Тата Мой! каго Ты Мне даў, хачу, каб і яны былі са Мною, там, дзе Я, каб бачылі Славу Маю, якую Ты Мне даў, бо палюбіў Мяне раней заснаваньня сьвету.
Ойча, тыя, якіх Ты даў Мне, хачу, каб і яны былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо Ты палюбіў Мяне раней заснаваньня сьвету.
Тата Мой Справядлівы! і сьвет Цябе ня пазна́ў, але Я пазна́ў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне.
Ойча праведны! І сьвет Цябе не пазнаў, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне.
І Я адкрыў ім Імя Тваё і (больш) адкрыю, каб Любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх.
І Я паведаміў ім імя Тваё і паведамлю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх».