Дзеі 19 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І сталася як Апальлёс быў у Карыньце, Паўла, прайшоўшы вышэйшыя краіны, прыйшоў у Эхвес і знайшоўшы нікаторых вучняў,
 

сказаў ім: ці прынялі (вы) Духа Сьвятога, паверыўшы? А яны сказалі яму: мы нават ня чулі, што ёсьць Дух Сьвяты.
 

А (ён) сказаў ім: дык ува што (вы) былі ахрышчаны? А яны сказалі: у Яанава хрышчэньне.
 

Паўла ж сказаў: Яан хрысьціў хрышчэньнем пакаяньня, кажучы народу, каб паверылі ў Таго, Хто прыходзе пасьля яго, гэта значыць у Ісуса Хрыста.
 

Пачуўшы ж яны былі ахрышчаны ў Імя Госпада Ісуса.
 

І, як Паўла ўзлажыў на іх ру́кі, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, і (яны) гаварылі мовамі і прарочылі.
 

Было ж усіх мужчын каля дванаццаці.
 

Увайшоўшы ж у сынагогу, адважна прамаўляў тры месяцы, гутаручы і пераконваючы пра Валадарства Бога.
 

А як нікаторыя закамянелі і ня верылі, зьняважаючы гэты шлях перад народам, пакінуўшы іх аддзяліў вучняў кожны дзень гутаручы ў школе нейкага Тыранна.
 

І гэта было два гады, так што ўсе жыхары Азіі, і жыды і грэкі, (маглі) чуць Слова Госпада Ісуса.
 

І Бог чыніў рукамі Паўлы вялікія цуды,
 

так што зь цела ягонага ўскладалі на хворых хусткі ды павязкі, і пакідалі іх хваробы, і духі нячыстыя выходзілі зь іх.
 

Нікаторыя ж із вандроўных жыдоўскіх заклінальнікаў асьмеліліся ўжываць Імя Госпада Ісуса над апанаванымі злымі духамі, мовячы: заклінаем вас Ісусам, Якога абвяшчае Паўла.
 

Былі ж нейкія сямёра сыноў Скевы, жыдоўскага архірэя, якія рабілі гэта.
 

А злы дух сказаў у адказ: Ісуса ведаю ды і Паўлу ведаю. А вы хто такія?
 

І чалавек, што ў ім быў злы дух, накінуўшыся на іх і ўзяўшы верх над імі, перамог іх, так што голыя і ізраненыя (яны) уцяклі із дому гэнага.
 

І гэта сталася ведама ўсім жыдам і грэкам, што жылí ў Эхвесе, і напаў страх на ўсіх іх, і было ўзьвялічаемым Імя Госпада Ісуса.
 

І многа із тых, што паверылі, прыходзілі вызнаваючы і апавядаючы ўчынкі свае.
 

І многія з тых, што чынілі чары, сабраўшы кнігі спалілі (іх) перад усімі і палічылі цэны іхныя (кнігаў), і аказа́лася пяцьдзясят тысячаў срэбранцаў.
 

З гэткаю сілаю Слова Госпада расло і перамагала.
 

Калі ж (усё) гэта адбылося, Паўла пастанавіў у духу, прайшоўшы Македоню ды Ахаю, ісьці ў Ярузалім, сказаўшы: пасьля майго зьяўленьня там належыць мне пабачыць і Рым.
 

Паслаўшы ж у Македоню двух служак сваіх, Цімахвея і Эраста, сам затрымаўся (нікаторы) час у Азіі.
 

У гэны час ўзьняўся нямалы бунт супраць гэтага шляху,
 

бо нехта на ймя Зьмітра, майстра з срэбра, які вырабляў срэбныя будынкі Артэміды ды даваў рамесьнікам нямалы заробак,
 

сабраўшы якіх ды (іншых) падобных працаўнікоў сказаў: Мужчыны! вы ведаеце, што ад гэтага занятку ёсьць наш дабрабыт.
 

І вы бачыце і чуеце, што ня толькі ў Эхвесе, але амаль па ўсёй Азіі, гэты Паўла пераканаўшы адвярнуў нямала людзей кажучы, што ня тыя ёсьць багі, якіх вырабляюць рукамі.
 

А гэта пагражае ўпадкам ня толькі нашаму рамяству, але і тым, што капішча вялікае багіні Артэміды за нішто лічыцца будзе, ды зьніштожыцца веліч тае, якую паважае ўся Азія і (увесь) сьвет.
 

Пачуўшы ж і напоўніўшыся лютасьцю яны крычалі, кажучы: вялікая Артэміда эхвеская!
 

І ўсё места напоўнілася смутай. І (усе) аднадушна рынуліся да тэатру, захапіўшы з сабою Гая і Арыстарха, македонцаў, спадарожнікаў Паўлы.
 

Калі ж Паўла маніўся выйсьці да натоўпу, вучні яго ня пускалі.
 

Дый нікаторыя начальнікі Азійскія, што былі прыяцелямі ягонымі, паслаўшы да яго, прасілі ня прыходзіць да тэатру.
 

І кожны крычаў што-небудзь адрознае, бо сход быў узварушаны, і большасьць ня ведала, дзеля чаго (яны) сабра́ліся.
 

І з натоўпу выставілі наперад (нейкага) Аляксандру, а вылучылі (і падбухторылі) яго жыды. Дык вось, Аляксандра, даўшы знак рукою, хацеў перад народам сказаць нейкую прамову.
 

А даведаўшыся, што ён жыд, узьняўся адзінагалосны ад усіх крык, (і) крычалі каля дзьвюх гадзін: вялікая Артэміда эхвеская!
 

Уціхамірыўшы ж натоўп мястовы чыноўнік кажа: мужчыны эхвескія! Які ж чалавек ня ведае места Эхвес, якое ёсьць служкай вялікай багіні Артэміды і Дыяпэта?
 

Так як гэта бясспрэчна, то вам трэба быць стрыманымі і ня чыніць нічога няразважліва.
 

Бо вы прывялі гэтых мужчын, якія ані капішча ня абакралі, ані багіні вашае ня зьняважылі.
 

Пагэтаму, калі Зьмітра і рамесьнікі, што зь ім, маюць скаргу на каго, дык судзяць судзьдзі, і ёсьць праконсулы: няхай адны адных пазыва́юць.
 

Калі ж дамагаецеся чаго іншага, дык будзе вырашана на законным сходзе.
 

Таксама мы находзімся ў нябясьпецы быць абвінавачанымі ў буньце, што быў сёньня, бо ня маем ніякае прычыны, каб апраўдаць гэтую заваруху.
 

І сказаўшы гэта распусьціў сход.