Яна 9 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І, праходзячы міма, (Ісус) угледзіў чалавека, сьляпога ад нараджэньня.
 
І, праходзячы, убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння.

І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: Раббі! хто саграшыў: ён, ці бацькí ягоныя, што народжаны сьляпым?
 
Дык спыталіся ў Яго вучні Яго, кажучы: «Раббі, хто саграшыў: ён ці бацькі яго, што ён сляпым нарадзіўся?»

Адказаў Ісус: ані ён ня саграшыў, ані бацькí ягоныя, але каб выяўлены былі ў ім Чыны Боскія.
 
Адказаў Ісус: «Ані ён не саграшыў, ані бацькі яго, але каб справы Божыя выявіліся на ім.

Мне належыць рабіць Чыны Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; надыходзе ноч, калі ніхто ня мо́жа рабіць.
 
Мне належыць выконваць справы Таго, Хто Мяне паслаў, дакуль дзень; надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць.

Пакуль Я ў сьвеце, Я ёсьць Сьвятло сьвету.
 
Пакуль Я на свеце, Я — святло свету».

Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, і зрабіў ізь сьліны (і зямлі) мяшанíну, і памазаў (гэтай) мяшанíнай вочы сьляпому,
 
Як сказаў гэта, плюнуў на зямлю і зрабіў бруд са сліны і намазаў бруд на вочы яго,

і сказаў яму: пайдзі, умыйся ў купальні Сылаам, што перакладаецца Пасланы. Тады (ён) пайшоў і ўмыўся, і прыйшоў відушчы.
 
і сказаў яму: «Ідзі, абмый у купальні Сілоі», што значыць «Пасланы». Дык ён пайшоў, і абмыўся, і вярнуўся відушчы.

Суседзі ж і тыя, што бачылі яго раней, як быў сьляпы, казалі: ці ня то́й гэта, што сядзеў і жабраваў?
 
Суседзі ж і тыя, што яго раней бачылі, як быў жабраком, казалі: «Ці ж гэта не той, што сядзеў і жабраваў?»;

Іншыя казалі: гэта ён, а іншыя — падобны да яго; ён казаў: (гэта) я.
 
адны казалі: «Гэта ён!»; другія казалі: «Ніякім чынам, але падобны на яго». А ён казаў: «Гэта я».

Тады (яны) казалі яму: як былі адчынены вочы твае?
 
Дык казалі тады яму: «Як вочы адкрыліся ў цябе?»

Адказаў ён і сказаў: Чалавек, называны Ісусам, зрабіў мяшанíну і памазаў мае вочы, і сказаў мне: пайдзі ў купальню Сылаам і ўмыйся. А пайшоўшы і ўмыўшыся, (я) стаў бачыць.
 
І ён адказаў: «Чалавек, якога завуць Ісус, зрабіў бруд, памазаў вочы мае ды сказаў мне: «Ідзі да Сілоі і абмыйся». Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць».

Тады (яны) сказалі яму: дзе Ён ёсьць? Кажа (ён): ня ве́даю.
 
І сказалі  яму: «А дзе Ён?» Ён гаворыць: «Не ведаю».

Вядуць яго да хварысэяў, (гэтага) некалі сьляпога.
 
Дык завялі таго, што быў сляпым, да фарызеяў.

А была субота, калі Ісус зрабіў мяшанíну і адчыніў яму вочы.
 
А была субота ў той дзень, калі Ісус зрабіў бруд і адкрыў вочы яго.

І вось ізноў пыталіся ў яго такжа хварысэі, як (ён) стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: мяшанíну паклаў Ён на вочы мае, і (я) ўмыўся і бачу.
 
Дык ізноў пыталіся ў яго фарызеі, якім чынам ён стаў бачыць. А ён сказаў ім: «Бруд паклаў Ён на вочы мае, я абмыўся і бачу».

Тады нікаторыя із хварысэяў казалі: Гэты Чалавек ня ад Бо́га, бо ня спаўняе суботы. Другія казалі: як можа чалавек грэшны рабіць вось гэткія цуды? І быў падзел паміж імі.
 
Дык казалі некаторыя з фарызеяў: «Чалавек той, што не пільнуе суботы, не ёсць ад Бога»; другія ж казалі: «Як жа чалавек грэшнік можа чыніць такія знакі?» Гэтак дайшло да нязгоды між імі.

Кажуць (яны) сьляпому ізноў: што кажаш аб Ім ты, што Ён адчыніў табе вочы? Той жа сказаў: Ён ёсьць Прарок.
 
Дык кажуць ізноў сляпому: «Што ты скажаш пра Таго, што адкрыў вочы твае?» Ён жа сказаў: «Гэта прарок!»

Тады ня паве́рылі жыды адносна яго, што (ён) быў сьляпы і стаў бачыць, пакуль ня паклíкалі бацькоў (таго) самага, што стаў бачыць.
 
Юдэі аднак не паверылі ў тое, што ён быў сляпы і стаў бачыць, пакуль не пазвалі бацькоў таго, хто стаў бачыць.

І спыталі (яны) іх, кажучы: ці гэта сын ваш, (пра) якога вы кажаце, што (ён) нарадзіўся сьляпы? Як жа (ён) цяпер бачыць?
 
Дык пыталіся іх, кажучы: «Ці сапраўды ён — ваш сын, аб якім кажаце, што нарадзіўся сляпым? Дык як жа ён цяпер бачыць?»

Адказалі ім бацькі ягоныя і сказалі: (мы) ведаем, што ён сын наш, і што (ён) нарадзіўся сьляпы;
 
Дык адказалі бацькі яго і сказалі: «Ведаем, што ён — наш сын ды што сляпым нарадзіўся,

а як цяпер бачыць — ня ве́даем, альбо хто адчыніў яму вочы — мы ня ве́даем; сам ён дарослы, самога спытайцеся, сам пра сябе скажа.
 
але якім чынам цяпер бачыць — не ведаем, не ведаем таксама, хто яму адкрыў вочы; у яго самога пытайцеся. Ён мае гады, хай сам аб сабе расказвае».

Гэтае сказалі бацькí ягоныя, бо баяліся жыдоў, бо жыды ўжо згаварыліся, каб калі хто вызнаў Яго за Хрыста, (таго) адлучаць ад сынагогі.
 
Гэтак сказалі бацькі яго, бо баяліся Юдэяў, бо Юдэі ўжо змовіліся, што, калі хто прызнае Яго за Хрыста, вылучаць таго з сінагогі.

Дзеля гэтага бацькí ягоныя сказалі: (ён) дарослы, яго самога запытайце.
 
Дзеля таго бацькі яго сказалі: «Мае гады, яго самога пытайцеся».

І вось паклікалі ў другі раз чалавека, што быў сьляпы, і сказалі яму: аддай славу Богу: мы ведаем, што Чалавек Гэты — грэшнік.
 
Затым паўторна пазвалі чалавека, што быў сляпы, і сказалі яму: «Услаў Бога! Мы ведаем, што той чалавек — грэшнік».

Ён жа адказаў і сказаў: ці Ён ёсьць грэшнік, ня ве́даю, адно ведаю, што быўшы сьляпы, цяпер (я) бачу.
 
Але ён адказаў: «Ці Ён грэшнік, не ведаю, але толькі ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу».

Сказалі ж яму ізноў: што Ён зрабіў табе? Як Ён адчыніў табе вочы?
 
Зноў сказалі яму: «Што Ён зрабіў табе? Якім спосабам адкрыў твае вочы?»

Адказаў ім: (я) ўжо сказаў вам, і (вы) ня слу́халі; што больш таго хочаце чуць? Няўжо і вы хочаце стацца Ягонымі вучнямі?
 
Ён адказаў ім: «Я ўжо сказаў вам, і вы не чулі; што яшчэ вы хочаце пачуць? Ці і вы хочаце быць Яго вучнямі?»

Тады (яны) вылаялі яго і сказалі: ты ёсьць вучань Ягоны, мы ж ёсьць Масеявы вучні.
 
Яны дакаралі яго і сказалі: «Гэта ты — Яго вучань, а мы — вучні Майсея.

Мы ведаем, што Бог гаварыў Масею; Гэтага ж ня ве́даем, адкуль Ён ёсьць.
 
Мы ведаем, што да Майсея прамаўляў Бог, але скуль Гэты — не ведаем».

Адказаў чалавек гэты і сказаў ім: гэта й дзіўна, што вы ня ве́даеце, адкуль Ён ёсьць, а Ён адчыніў мне вочы;
 
Чалавек адказаў і сказаў ім: «Гэта вось і дзіўна, што вы не ведаеце, скуль Ён, а Ён адкрыў мае вочы.

а (мы) ведаем, што грэшнікаў Бог ня слу́хае, але калі хто багабойлівы і Волю Ягоную робіць, таго Ён слухае.
 
Ведаем жа, што грэшнікаў Бог не слухае, а калі хто спахвальнік Бога і волю Яго выконвае, таго слухае.

Ад веку ня чува́на было, каб хто адчыніў вочы сьляпому ад нараджэньня.
 
Ад веку не чута, каб хто народжанаму сляпым вочы адкрыў;

Калі б Ён ня быў ад Бога, ня мо́г бы рабіць нічога.
 
каб Ён не быў ад Бога, не мог бы нічога зрабіць».

Адказалі (яны) і сказалі яму: у грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты вучыш нас? І выгналі яго вон.
 
Адказваючы, сказалі яны яму: «У грахах увесь ты нарадзіўся і ты павучаеш нас?» І прагналі яго прэч.

Ісус пачуў, што выгналі яго вон, і, знайшоўшы яго, сказаў яму: ты верыш у Сына Божага?
 
Пачуў Ісус, што яго прагналі, і, калі спаткаў яго, сказаў яму: «Ці верыш ты ў Сына Чалавечага?»

Адказаў ён і сказаў: хто Ён ёсьць, Госпадзе, каб (я) уверыў у Яго?
 
Ён, адказваючы, спытаўся: «А хто Ён, Госпадзе, каб я паверыў у Яго?»

Сказаў жа яму Ісус: і (ты) бачыў Яго, і Той, Хто гаворыць з табою, (гэта) ёсьць Ён.
 
Сказаў яму Ісус: «І ты ўжо бачыў Яго, і Той, Хто з табою гаворыць, гэта Ён».

Ён жа сказаў: веру, Госпадзе! і пакланіўся Яму.
 
Дык ён гаворыць: «Веру, Госпадзе!»; і пакланіўся Яму.

І сказаў Ісус: на суд прыйшоў Я ў сьвет гэты, каб нябачучыя — бачылі, а відучыя — сталіся сьляпымі.
 
І сказаў Ісус: «На суд прыйшоў Я на гэты свет, каб тыя, што не бачаць, бачылі, а тыя, што бачаць, сталіся сляпымі».

І пачулі гэтае (нікаторыя) з хварысэяў, што былі зь Ім, і сказалі Яму: няўжо́ і мы ёсьць сьляпыя?
 
Пачулі гэта некаторыя з фарызеяў, што пры Ім былі, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сляпыя?»

Сказаў ім Ісус: калі б (вы) былі сьляпыя, ня мелі бы грэху; цяпер жа (вы) кажаце: (мы) бачым. І вось грэх ваш застаецца.
 
Сказаў ім Ісус: «Калі б вы былі сляпыя, не мелі б віны. Вы, аднак, кажаце: «Мы бачым!»; і грэх ваш застаецца.