Псалтыр 101 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

Псальм Давідавы. Пра міласэрнасьць і суд я буду сьпяваць. Табе, Ягова, я буду сьпяваць і іграць.
 

Я буду трымацца шляху бяззаганнага. Калі Ты прыйдзеш да мяне? Я буду хадзіць у шчырасьці сэрца майго сярод дому майго.
 

Я ня пастаўлю перад вачамі маімі рэч нікчэмную. Я нянавіджу ўчынак адступнікаў: ён ня прыліпне да мяне.
 

Перакорлівае сэрца ўхіліцца ад мяне. Ліхога я ня буду ведаць.
 

Хто бліжняга свайго таемна абгаворвае, я таго праганю. Ганарыстага вачамі і пага́рдлівага сэрцам я ня пацярплю.
 

Вочы мае на верных зямлі, каб яны жылі са мною. Хто ходзіць шляхам бяззаганным, той будзе служыць мне.
 

Ня будзе жыць у доме маім той, хто робіць хітрасьць. Хто гаворыць ілжу, той ня выстаіць перад вачамі маімі.
 

Кожнай раніцай буду зьнішчаць усіх бязбожнікаў зямлі, каб выкараніць зь места Яговы ўсіх ліхадзеяў.