Да Піліпянаў 2 разьдзел
Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Васіля Сёмухі
Дык калі ёсьць якое суцяшэньне ў Хрысьце, калі ёсьць якая патоля любві, калі ёсьць якая супольнасьць Духу, калі ёсьць якая міласэрнасьць і спага́да,
Дык вось, калі ёсьць якая ўцеха ў Хрысьце, калі ёсьць якая радасьць любові, калі ёсьць якая супольнасьць Духа, калі ёсьць які мілажаль у сэрцы і спагадлівасьць,
то дапоўніце маю радасьць, мейце адны думкі, мейце любоў (Божую), будзьце аднадушнымі і аднадумнымі;
дык дапоўніце маю радасьць: майце адны думкі, майце тую ж любоў, будзьце аднадушныя і аднамысныя;
нічога ня робячы праз перакорлівасьць альбо пустую славу, але ў пакорлівай мудрасьці лічачы адзін аднаго вышэй за сябе.
нічога не рабеце зь перакорлівасьці альбо дзеля марнае славы, а ў пакорлівай мудрасьці ўважайце адно аднаго вышэй за сябе.
Кожны клапацíся ня аб сабе толькі, але кожны і аб другіх,
Не за сябе толькі клопат майце, а кожны і за іншых.
бо ў вас павінны быць тыя ж пачуцьці, што і ў Хрысьце Ісусе,
Бо ў вас павінны быць тыя самыя адчуваньні, як і ў Хрысьце Ісусе;
Які будучы адной прыроды з Богам, таму Ён і лічыў ня захопам аб’яўляць Сябе роўным Богу;
Ён, быўшы ў Божай прыродзе, не палічыў за рабунак Сваю роўнасьць з Богам,
але зрабіў Сябе нікім, прыняўшы абраз раба, зрабіўшыся падобным да людзей,
а прынізіў Сябе Самога, узяўшы вобраз раба, зрабіўшыся падобным на людзей і з выгляду стаўшыся, як чалавек;
і па выгляду быў выяўлены як чалавек; Ён упакорыў Сябе, стаўшы паслухмяным аж да сьмерці, і сьмерці на крыжы.
упакорыў Сябе і быў паслухмяны аж да сьмерці, і сьмерці крыжовай.
Таму і Бог вельмі ўзвысіў Яго і даў Яму Імя, вышэй за ўсякае імя,
Таму і Бог узьнёс Яго і даў Яму імя вышэй за ўсякае імя,
каб перад Імем Ісуса ўкленчыла ўсякае калена нябесных і зямных і падземных,
каб прад імем Ісуса схілілася кожнае калена на небе, зямлі і ў апраметнай,
і каб усякі язык вызнаў, што Ісус Хрыстос ёсьць Госпад на славу Бога Бацькі.
і кожныя вусны вызнавалі, што Ісус Хрыстос ёсьць Гасподзь на славу Бога Айца.
Дык вось, любасныя мае, як вы заўсёды былі паслухмяныя і ня толькі ў маёй прысутнасьці, але цяпер яшчэ больш у маю адсутнасьць, дык са страхам і трымценьнем выконвайце сваё выратаваньне;
Дык вось, любасныя мае, як вы заўсёды былі паслухмяныя ня толькі ў прысутнасьці маёй, але яшчэ болей сёньня ў адсутнасьці маёй, са страхам і трымценьнем выконвайце сваё збавеньне,
бо Бог ёсьць Той, Хто дзейнічае ў вас, каб вам і жадаць і дзейнічаць па Ягонай добрай волі.
бо гэта Бог учыняе ў вас і хаценьне і дзеяньне па Сваім упадабаньні.
Усё рабіце бяз нараканьняў і спораў,
Усё рабеце без нараканьня і сумненьня,
каб вам быць бяздакорнымі і чыстымі дзецьмі Бога, бяззаганнымі сярод сапсаванага і распуснага роду, у якім вы зьзяеце, як сьветачы ў гэтым сьвеце,
каб вам быць бездакорнымі і чыстымі дзецьмі Божымі, беспахібнымі сярод упарцістага і разбэшчанага роду, у якім вы зьзяеце, як сьвяцілы ў сьвеце,
трымаючыся слова жыцьця на пахвалу маю ў дзень Хрыста, таму што я сярод вас ня ма́рна прыкладаў усе свае сілы і ня ма́рна працаваў.
ашчаджаючы слова жыцьця на пахвалу мне ў дзень Хрыстовы, што я ня марна змагаўся і ня марна працаваў.
Але калі я і ахвярую сябе на ахвяру і служэньне веры вашай, дык я і радуюся і саўдзельнічаю супольна са ўсімі вамі ў вашай радасьці.
Але калі я і мушу зрабіцца ахвяраю за ахвяру і служэньне веры вашай, дык радуюся і цешуся разам з усімі за вас;
І гэтаму самаму радуйцеся і вы і саўдзельнічайце са мною ў маёй радасьці.
за гэта самае і вы радуйцеся і цешцеся са мною.
Спадзяюся ж у Госпадзе Ісусе няўзабаве паслаць да вас Цімахвея, каб і я, даведаўшыся пра вас, суцешыўся духам.
Спадзяюся ж у Госпадзе Ісусе неўзабаве паслаць да вас Цімафея, каб і я, даведаўшыся пра вашыя абставіны, суцешыўся духам.
Бо я ня маю нікога такога адзінадушнага, хто б так шчыра пра вас клапаціўся,
Бо няма ў мяне нікога роўнага яму ў рупнасьці, хто б так шчыра дбаў пра вас;
бо ўсе шукаюць свайго, але ня таго, што Ісуса Хрыста.
бо ўсе шукаюць свайго, а не таго, што даспадобы Ісусу Хрысту.
А вернасьць ягоную вы ведаеце, што ён як сын бацьку служыў мне ў Дабравешчаньні.
А ягоная вернасьць вам вядомая, бо ён, як сын пры бацьку, служыў мне ў зьвеставаньні.
Яго я спадзяюся зараз жа паслаць, як толькі даведаюся, што будзе са мною.
І вось я спадзяюся паслаць яго адразу ж, як толькі даведаюся, што будзе са мною.
Але я ўпэўнены ў Госпадзе, што і сам хутка прыйду да вас.
Я ўпэўнены ў Госпадзе, што і сам хутка прыйду да вас.
І я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпатрадзіта, брата і супрацоўніка і супольніка майго ў змаганьні, а вашага пасланца і служку ў патрэбе маёй,
Урэшце я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадыта, брата і супрацоўніка і падзьвіжніка майго ў змаганьні, а вашага пасланца і службіта ў патрэбе маёй,
бо ён прагнуў убачыць усіх вас і вельмі журыўся, таму што вы пачулі, што ён захварэў.
бо ён моцна хацеў бачыць вас і цяжка журыўся, што да вас дайшлі чуткі пра ягоную хваробу.
Бо ён захварэў і быў блізкі да сьмерці, але Бог зьлітаваўся над ім; і ня толькі над ім, але і нада мною, каб я ня меў жа́льбы да жа́льбы.
Бо ён быў хворы пры сьмерці; але Бог памілаваў яго, і не яго толькі, але і мяне, каб не дадалося мне жальбы да жальбы.
Таму я хутчэй паслаў яго, каб вы, убачыўшы яго ізноў, узрадаваліся, дый каб я быў менш сумны.
Таму я хутчэй паслаў яго, каб вы, убачыўшы яго зноў, парадаваліся, і я быў меней засмучаны.
Прыміце ж яго ў Госпадзе з усякай радасьцю, і такіх майце ў пашане,
Прымеце ж яго ў Госпадзе з усякаю радасьцю, і такіх майце ў пашане,
таму што за справу Хрыста ён быў блізка да сьмерці, ня дбаючы аб жыцьці, каб дапоўніць нястачу вашага служэньня мне.
бо ён за справу Хрыстовую хадзіў каля сьмерці, ставіў жыцьцё пад пагрозу, каб дапоўніць недахоп вашых паслугаў мне.