Лукаша 9 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Склікаўшы ж дванаццаць вучняў Сваіх, даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі і аздараўляць ад хваробаў.
І паслаў іх апавяшчаць пра Гаспадарства Боскае і аздараўляць хворых.
І сказаў ім: нічога ня бярэце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і двух вопратак ня мець;
і ў які дом увойдзеце, там заставайцеся, і адтуль адпраўляйцеся;
а на ўсіх, хто ня прыйме вас, (то) выходзячы з таго места абтрасеце і пыл з ног вашых у сьведчаньне на іх.
Выходзячы ж (яны) праходзілі цераз сёлы, абвяшчаючы Эвангельле і ўсюды аздараўляючы.
Пачуў жа Гірад чацьвертаўладнік пра ўсё, што робіцца празь Яго і быў зьбянтэжаны, бо нікаторыя казалі, што Яан уваскрос зь мёртвых;
а нікаторыя, што Ільля зьявіўся, а іншыя, што адзін са старажытных прарокаў уваскрос.
І сказаў Гірад: Яана я сьцяў; Хто ж Гэты, пра Якога я чую такое? І імкнуўся ўбачыць Яго.
І, вярнуўшыся, Апосталы расказалі Яму ўсё, што зрабілі; і (Ён) узяўшы іх (з Сабою) пайшоў асобна ў пустэльнае мейсца (каля) места называнага Бэтсаідаю.
Але людзі, даведаўшыся, пайшлі за Ім; І (Ён), прыняўшы іх, гаварыў ім пра Гаспадарства Боскае і тых, хто меў патрэбу ў аздараўленьні, аздараўляў.
Калі ж дзень схіліўся да вечара, дык дванаццаць, падыйшоўшы, сказалі Яму: адпусьці людзей, каб пайшлі ў навакольныя сёлы і вёскі, пераначавалі і знайшлі ежу, бо мы тут у пустэльным мейсцы.
Але (Ён) сказаў ім: вы дайце ім есьці. Яны ж сказалі: няма ў нас больш, чым пяць хлябоў і дзьвух рыбаў, хíба нам пайсьці купіць ежы для ўсяго гэтага народу?
Бо (іх) было каля пяцёх тысячаў мужчын. Але (Ён) сказаў вучням Сваім: рассадзіце іх групамі па пяцьдзясят.
І зрабілі так, і рассадзілі ўсіх.
(Ён) жа, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы і паглядзеўшы ў неба, багаславіў іх і паламаў і даў вучням, каб раздаць народу.
І пад’елі і насыціліся ўсе, і было сабрана ў іх дванаццаць кашоў астаўшыхся кавалкаў.
І сталася, як маліўся насамоце, і вучні былі зь Ім, Ён спытаўся ў іх, кажучы: за Каго лічыць Мяне народ?
Яны ж, адказаўшы, сказалі: за Яана Хрысьціцеля, іншыя ж за Ільлю; другія ж (кажуць), што нехта з старадаўных прарокаў уваскрос.
(Ён) жа спытаўся ў іх: а вы за Каго маеце Мяне? Адказаўшы ж, Пётра сказаў: за Хрыста Божага.
Але Ён, забараніўшы, загадаў ім нікому ня казаць пра гэта,
сказаўшы: Сыну Чалавечаму належыць шмат адпакутаваць і быць адрынутым старэйшынамі і архірэямі, і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэйці дзень быць уваскрэшаным.
А да ўсіх казаў: калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой кожны дзень і ідзе ўсьлед за Мною.
Бо хто хоча жыцьцё сваё зьберагці, (той) загубіць яго; а хто загубіць жыцьцё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго.
Бо якую карысьць атрымлівае чалавек, здабыўшы ўвесь сьвет, а сябе загубіўшы ці (сабе) пашкодзіўшы?
Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў Славе Сваёй і Бацькі і сьвятых Ангелаў.
Кажу ж вам праўду: ёсьць нікаторыя з тых, што тут стаяць, якія ня зазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Гаспадарства Боскага.
І сталася дзён праз восем пасьля слоў гэтых: узяўшы Пятра і Яана і Якуба ўзыйшоў (Ён) на гару памаліцца.
У час малітвы Ягонай выгляд Аблічча Ягонага стаў іншым, і вопратка Ягоная стала белай, зіхатлівай.
І вось два мужчыны размаўлялі зь Ім, каторыя былі Масей і Ільля;
якія былі зьяўлены ў славе; (яны) гаварылі аб сьмерці Ягонай, што належала (Яму) споўніць у Ярузаліме.
Пётра ж і тыя, што (былі) зь ім былі апанаваны сном; прабудзіўшыся ж, (яны) убачылі Славу Ягоную і двух мужчын, што стаялі зь Ім.
І сталася: калі яны адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр да Ісуса: Настаўнік! добра нам тут быць; і зробім тры буданы: адзін Табе і адзін Масею, і адзін Ільлі, ня ведаючы, што кажа.
Калі ж ён гаварыў гэтае, сталася хмара і ахінула іх; і яны спалохаліся, як увайшлі ў хмару.
І быў з хмары Голас, гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой узьлюблены, Яго слухайце.
І калі быў Голас гэты, апынуўся Ісус адзін. І яны прамаўчалі і нікому ня расказалі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі.
І сталася, у наступны дзень, калі яны зыйшлі з гары, сустрэла Яго мноства народу.
І вось мужчына з натоўпу крыкнуў, гаворачы: Настаўнік! малю Цябе, глянь на сына майго, бо ён у мяне адзіны;
і вось, дух хапае яго, і ён раптам крычыць, і курчыць яго зь пенай, мучае яго і ледзь адступае ад яго;
і я папрасіў вучняў Тваіх, каб выгналі яго, і (яны) ня змаглі.
Ісус жа, адказваючы, сказаў: о, родзе няверны і распусны! Дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? Прывядзі сюды сына твайго.
І калі той яшчэ падыходзіў, кінуў яго дэман і скурчыў. Але Ісус забараніў духу нячыстаму і аздаравіў хлопца, і аддаў яго ба́цьку ягонаму.
І ўсе дзівіліся велічы Бога. Калі ж усе дзівіліся ўсяму, што зрабіў Ісус, (Ён) сказаў вучням Сваім:
укладзеце вы ў вушы вашыя словы гэтыя: бо Сыну Чалавечаму належыць быць пераданаму ў рукі чалавечыя.
Яны ж ня разумелі слова гэтага, і было (яно) закрыта ад іх, так што яны ня спасціглі яго; і (яны) баяліся спытацца ў Яго пра слова гэтае.
Прыйшла ж ім спрэчная думка: хто бы (сярод) іх ёсьць большы?
Ісус жа, убачыўшы помысел сэрца іхнага, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою,
і сказаў ім: калі хто прыйме гэтае дзіця ў Імя Маё, той Мяне прыймае; а калі хто Мяне прыйме, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне; бо хто ёсьць сярод усіх вас меншы, той будзе вялікі.
Загаварыўшы ж Яан сказаў: Настаўнік! (Мы) убачылі нейкага (чалавека) Іменем Тваім выганяючага дэманаў, і забаранілі яму, бо (ён) ня ходзіць з намі.
І сказаў яму Ісус: ня забараняйце; бо хто ня супраць нас, той за нас.
Наступіў жа час набліжэньня дзён забраньня Ягонага, і Ён умацаваў Аблічча Сваё ісьці ў Ярузалім.
І паслаў пасланцоў перад Абліччам Сваім, і, пайшоўшы, увайшлі ў сяло самарскае, каб прыгатаваць Яму;
але (там) ня прынялі Яго, бо Выгляд Ягоны быў (як у) ідучага ў Ярузалім.
Убачыўшы ж (гэтае) вучні Ягоныя Якуб і Яан сказалі: Госпадзе! хочаш, (мы) скажам, каб агонь зыйшоў зь неба і зьнішчыў іх, як і Ільля зрабіў?
Але Ён, зьвярнуўшыся (да іх), забараніў ім і сказаў: ня ведаеце якога вы духу;
бо Сын Чалавечы ня прыйшоў душы чалавечыя загубіць, але выратаваць. І пайшлі ў другое сяло.
І сталася: (як) яны былі ў дарозе, нехта сказаў Яму: Госпадзе, (я) пайду за Табою куды б (Ты) ні ішоў.
І сказаў яму Ісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе Галаву прыхіліць.
А другому сказаў: ідзі за Мною. Той жа сказаў: Госпадзе! дазволь мне перш пайсьці пахаваць бацьку майго.
Але Ісус сказаў яму: пакінь мёртвым хаваць сваіх нябожчыкаў; а ты ідзі абвяшчай Гаспадарства Боскае.
Сказаў жа (яшчэ) і другі: (я) пайду за Табою, Госпадзе, але перш дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі.
Але Ісус сказаў яму: ніхто з тых, што кладзе руку́ сваю на плуг і азіраецца назад, ня прыдатны для Гаспадарства Бога.