Да Піліпянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

У астатнім, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам пра гэта самае мне ня цяжка, а вам карысна.
 
Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам тое самае мне ня цяжка, вам жа яно патрэбнае.

Пільнуйцеся ад сабак, пільнуйцеся ад ліхіх дзеячаў, пільнуйцеся ад абразаньня;
 
Высьцерагайцеся сабак, высьцерагайцеся ліхіх работнікаў, высьцерагайцеся абразаньня!

бо абразаньне — мы, калі служым Богу духам і хвалімся Хрыстом Ісусам, і не на плоць спадзяёмся;
 
Бо мы ёсьць абразаныя, якія духам служым Богу і хвалімся Езусам Хрыстом, і не ў целе маем надзею,

хоць я магу спадзявацца і на плоць. Калі хто іншы думае пакласьціся на плоць, дык тым болей я,
 
хоць я мог бы спадзявацца і на цела. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык тым больш я:

абрэзаны на восьмы дзень, з роду Ізраілевага, калена Веньямінавага, Габрэй ад Габрэяў, паводле закона — фарысэй,
 
абрэзаны ў восьмы дзень, родам Ізраэлец з пакаленьня Бен'яміна, Гебрай з Гебраяў, фарысэй паводле закону,

а ў руплівасьці — ганіцель царквы Божай, па праўдзе закона — беззаганны.
 
праз руплівасьць перасьледаваў Царкву, адносна справядлівасьці паводле закону-беззаганны.

Але што мне было перавагаю, тое дзеля Хрыста я палічыў марнасьцю.
 
Але ўсё, што лічыў я здабыткам, тое дзеля Хрыста прызнаў я за страту.

Ды і ўсё лічу марнасьцю дзеля перавагі пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго: дзеля Яго я ад усяго адмовіўся, і ўсё лічу сьмецьцем, каб здабыць Хрыста,
 
Ды ўсё лічу за страту дзеля вышэйшага пазнаньня Езуса Хрыста, Госпада майго, дзеля якога я ўсё страціў і лічу за сьмецьце, каб Хрыста здабыць

і знайсьці сябе ў Ім не з маёю праведнасьцю, якая ад закона, а з тою, якая празь веру ў Хрыста, з праведнасьцю ад Бога па веры;
 
і апынуцца ў Ім, маючы не маю справядлівасьць, якая з закону, але тую, якая (паўстае) з веры ў Хрыста, справядлівасьць ад Бога ў веры,.

каб спазнаць Яго, і сілу ўваскрэсеньня Ягонага, і мець удзел у пакутах Ягоных, прыпадобніцца да Яго ў сьмерці,
 
каб пазнаць Яго і магутнасьць уваскрасеньня Ягонага, і супольнасьць мукаў Ягоных, каб упадобніцца сьмерці Ягонай,

каб дасягнуць уваскрэсеньня зь мёртвых.
 
каб такім чынам дасягнуць уваскрасеньня, з памёршых.

Ня тое, каб я ўжо дасягнуў мэты, альбо ўдасканаліўся; але прагну, а ці не дасягну і я, як дасягнуў мяне Хрыстос Ісус.
 
Не (кажу) так, што я ўжо дасягнуў або ўжо стаўся дасканалым; але імкнуся, каб як здабыць (яго), як здабыў мяне Хрыстос Езус.

Браты, я ня лічу, што я ўжо дасягнуў; а толькі, забываючы тое, што ўжо за мною, і сягаючы наперад,
 
Браты, я не лічу сябе дасягнуўшым; толькі вось, забываючыся пра тое, што ёсьць за мною, імкнучыся да таго, што прада мною,

імкнуся да мэты, да гонару вышэйшага пакліканьня Божага ў Хрысьце Ісусе.
 
імкнуся да мэты, да ўзнагароды, вышэйшага пакліканьня Божага ў Хрысьце Езусе.

І вось, хто з нас дасканалы, так і мусіць думаць; калі ж вы пра што іначай думаеце, дык і гэта Бог вам прасьветліць.
 
Дык, калі хто з нас (чуецца) дасканалым, гэтак думайма; а калі што адчуваеце інакш, і гэта Бог вам выявіць;

Тым часам, чаго б мы ні дасягнулі, так і павінны мысьліць і паводле таго правіла жыць.
 
але чаго дасягнулі, у тым і хадзіце.

Пераймайце, браты, мяне і дзівецеся на тых, якія робяць згодна з прыкладам, які маеце ў нас.
 
Браты, будзьце пасьлядоўнікамі маімі і ўзірайцеся на тых, якія так паступаюць, як маеце прыклад у нас.

Бо многія, пра каго я часта казаў вам, а цяпер нават са сьлязьмі кажу, робяць, як ворагі крыжа Хрыстовага;
 
Многія ж, аб якіх я вам часта казаў, а цяпер вось і плачучы паўтараю паступаюць, як ворагі крыжа Хрыстовага,

іхні канец — пагібель, іхні бог — чэрава, і слава іхняя — у ганьбе: яны думаюць пра зямное.
 
якіх канец — загуба, якіх бог — жывот, слава якіх — у ганьбе іхняй, якія думаюць аб зямным.

А нашае жыцьцё — на нябёсах, адкуль мы чакаем і Збаўцу, Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
Нашае ж бытаваньне — у небе, адкуль таксама чакаем Збаўцу, Госпада нашага Езуса Хрыста,

Які нашае паганьбёнае цела пераўтворыць так, што яно прыпадобніцца праслаўленаму Целу Ягонаму, станецца сілаю, якою Ён дзейнічае і ўпакорвае Сабе ўсё.
 
які пераменіць целы прыніжэньня нашага на падабенства цела славы сваёй, якою ўсё падчыніць сабе можа.