Езэкііля 30 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І было мне слова Гасподняе:
 
І Госпад прамовіў да мяне гэтыя словы:

сыне чалавечы! вымаві прароцтва і скажы: так кажа Гасподзь Бог: галасеце! о, ліхашчасны дзень!
 
«Сын чалавечы, праракуй і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “Бядуйце дзеля таго дня!

Бо блізкі дзень, так! блізкі дзень Госпада, дзень змрочны; гадзіна народаў настае.
 
Бо блізкі дзень, і набліжаецца дзень Госпада, дзень хмары; будзе час для плямёнаў.

І пойдзе меч на Егіпет, і жудасьць пашырыцца па Эфіопіі, калі ў Егіпце будуць падаць пабітыя, калі возьмуць багацьце яго, і асновы яго будуць разбураны;
 
І меч прыйдзе на Егіпет, і страх запануе ў Кушы, калі ў Егіпце будуць падаць забітыя, калі забяруць багацце яго і калі будуць развалены яго падмуркі.

Эфіопія і Лівія і Лідыя і ўвесь зьмешаны народ і Хуб, і сыны зямлі запавету разам зь імі ўпадуць ад меча.
 
Куш, і Пут, і Луд, і ўвесь просты народ, і Куб ды сыны зямлі запавету разам з імі загінуць ад меча”.

Так кажа Гасподзь: упадуць падпоры Егіпта, і ўпадзе пыха магутнасьці яго; ад Мігдола да Сіены будуць падаць у ім ад меча, сказаў Гасподзь Бог.
 
Гэта кажа Госпад Бог: “І ўпадуць падпоры Егіпта, і ўпадзе гонар яго магутнасці; ад Магдола аж да Сіэна будуць падаць ад меча ў ім, — кажа Госпад Бог. —

І апусьцее ён сярод спустошаных земляў, і гарады яго будуць сярод спустошаных гарадоў.
 
І між краёў спустошаных будзе ён спустошаны, і гарады яго будуць між гарадоў зруйнаваных;

І ўведаюць, што Я — Гасподзь, калі пашлю агонь на Егіпет, і ўсе падпоры яго будуць скрышаны.
 
і даведаюцца яны, што Я — Госпад, калі Я нашлю агонь на Егіпет, і ўсе яго паплечнікі будуць знішчаны.

У той дзень пойдуць ад мяне вястуны на караблях, каб запалохаць бястурботных Эфіопаў, і распаўсюдзіцца ў ім жах, як у дзень Егіпта; бо вось, ён ідзе.
 
У той дзень выйдуць ад Мяне пасланцы на караблях, каб патаптаць дзёрзкасць Куша, і трывога падымецца сярод іх у той дзень Егіпта, бо ён надыдзе”.

Так кажа Гасподзь Бог: пакладу канец шматлюдству Егіпта рукою Навухаданосара, цара Вавілонскага.
 
Гэта кажа Госпад Бог: “Рукой Набукаданосара, цара Бабілона, Я зраблю канец багаццю Егіпта.

Ён і зь ім народ ягоны, самы люты з народаў, будуць прыведзены на пагібель гэтай зямлі, і аголяць мечы свае на Егіпет, і напоўняць зямлю пабітымі.
 
Ён і яго народ з ім, наймужнейшыя між народаў, прыйдуць, каб нішчыць гэтую зямлю; і вынуць яны мечы свае супраць Егіпта, і напоўняць зямлю забітымі.

І рэкі зраблю сушаю і аддам зямлю ў рукі ліхім, і рукою іншаземцаў спустошу зямлю і ўсё, што запаўняе яе. Я Гасподзь сказаў гэта.
 
І высушу Я рэчышчы, і аддам зямлю ў рукі найгоршых людзей, і спустошу зямлю з усім, што ў ёй ёсць, рукою чужынцаў. Я, Госпад, сказаў гэта”.

Так кажа Гасподзь Бог: вынішчу ідалаў і зьнішчу ілжэбагоў у Мэмфісе, і зь зямлі Егіпецкай ня будзе ўжо валадара, і навяду страх на зямлю Егіпецкую.
 
Гэта кажа Госпад Бог: “І Я знішчу выявы і выдалю ідалаў з Мемфіса, і валадара не будзе ўжо ў зямлі Егіпецкай, і навяду Я страх на зямлю Егіпта.

І спустошу Патрос і пашлю агонь на Цаан, і ўчыню суд над Но.
 
І спустошу зямлю Патрос, і пушчу агонь на Танею, і ўчыню суды над Но.

І вылью лютасьць Маю на Сін, крэпасьць Егіпта, і зьнішчу шматлюдства ў Но.
 
І Я вылью гнеў Свой на Сін, крэпасць Егіпецкую, і вынішчу шматлюддзе ў Но.

І пашлю агонь на Егіпет; затрымціць Сін, і Но рухне, і на Мэмфіс нападуць ворагі сярод дня.
 
І Я выпушчу агонь на Егіпет; быццам парадзіха, будзе цярпець боль Сін, і ў Но адкрыецца вылам, і на Мемфіс нападуць ворагі ўдзень.

Маладыя людзі Она і Бубаста ўпадуць ад меча, а астатнія пойдуць у палон.
 
Юнакі з Геліяполіса і Бубаста будуць падаць ад меча, і гарады гэтыя пойдуць у няволю.

І ў Тафнісе памеркне дзень, калі Я скрышу там ярмо Егіпта, і спыніцца ў ім ганарыстая магутнасьць яго. Хмара заслоніць яго, і дочкі яго пойдуць у палон.
 
І ў Тапнэсе сцямнее дзень, калі Я зламлю там скіпетры Егіпта, і спыніцца ў ім пыхлівасць сілы яго; чорная хмара ахутае яго, а дочкі яго пойдуць у няволю.

Так учыню я суд над Егіптам, і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
 
І Я здзейсню суды ў Егіпце, і будуць ведаць, што Я — Госпад”».

У адзінаццатым годзе, у першы месяц, на сёмы дзень месяца, было мне слова Гасподняе:
 
І ў адзінаццатым годзе, у першым месяцы, у сёмы дзень прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:

сыне чалавечы! Я ўжо скрышыў мышцу фараону, цару Егіпецкаму; і вось, яна яшчэ не абвязана на гаеньне яе і не спавіта лекарскімі перавязкамі, ад якіх бы яна атрымала сілу трымаць меч.
 
«Сын чалавечы, я зламаў руку фараона, цара Егіпта, і вось, яна не падвязаная, каб ён, атрымаўшы сілу, мог трымаць меч.

Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, Я — на фараона, цара Егіпецкага, і скрышу мышцы яго, здаровую і паламаную, так што меч выпадзе з рукі ягонай.
 
Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я выступаю супраць фараона, цара Егіпецкага, і аслаблю яму руку здаровую, але зламаную і меч выкіну з рукі яго,

І расьсею Егіпцянаў па народах, і разьвею іх па землях.
 
і Я расцерушу егіпцян паміж народаў, і раскідаю іх па землях.

А мышцы цара Вавілонскага зраблю моцнымі, і дам яму меч Мой у руку, а мышцы фараона скрышу, і ён змушаны будзе моцна енчыць перад ім.
 
І ўмацую я рукі цара Бабілона, і дам яму ў руку меч Свой; і зламлю Я рукі фараона, і будзе ён стагнаць стогнамі перад ім, як паранены.

Умацую мышцы цара Вавілонскага, а мышцы ў фараона апусьцяцца; і ўведаюць, што Я — Гасподзь, калі меч Мой дам у руку цару Вавілонскаму, і ён працягне яго на зямлю Егіпецкую.
 
І Я ўмацую рукі цара Бабілона і рукі фараона аслаблю; і даведаюцца, што Я — Госпад, калі Свой меч Я ўкладу ў руку цара Бабілона і ён выцягне яго супраць зямлі Егіпецкай.

І расьсею Егіпцянаў па народах, і разьвею іх па землях і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
 
І Я расцярушу егіпцянў паміж народаў, і раскідаю іх па землях, і даведаюцца яны, што Я — Госпад”».