Езэкііля 28 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І было мне слова Гасподняе:
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
сыне чалавечы! скажы начальніку ў Тыры: так кажа Гасподзь Бог: за тое, што ўзьнеслася сэрца тваё і ты кажаш: «я бог, сяджу на пасадзе божым, у сэрцы мораў», і, як што ты чалавек, а ня Бог, ставіш розум твой нароўні з розумам Божым,
«Сын чалавечы, скажы валадару Тыра: гэта кажа Госпад Бог: “Таму што сэрца тваё стала пыхлівым і ты сказаў: “Я — Бог, і я сяджу на Божым пасадзе ў сэрцы мораў!”, хаця ты толькі чалавек, і не бог, хоць розум свой хацеў мець роўным Божаму розуму.
і вось, ты мудрэйшы за Данііла, няма таямніцы, схаванай ад цябе;
Вось, ты мудрэйшы за Даніэля, ніякая таямніца не схавана ад цябе,
тваёй мудрасьцю і тваім розумам ты здабыў сабе багацьце і ў свае скарбніцы сабраў золата і срэбра;
дзеля сваёй мудрасці і разважлівасці здабыў ты сабе багацці і назбіраў золата і срэбра ў скарбоўнях сваіх;
вялікай тваёй мудрасьцю, шляхам твайго гандлю, ты памножыў сваё багацьце, і твой розум заганарыўся тваім багацьцем,
дзеля сваёй вялікай мудрасці ды дзеля сваіх здольнасцей купецкіх павялічыў ты сваю маёмасць, і сэрца тваё стала пыхлівым з прычыны багаццяў тваіх”.
за тое так кажа Гасподзь Бог: як што ты свой розум ставіш нароўні з розумам Божым,
Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што ты свой розум хацеў лічыць роўным Божаму розуму,
вось, Я навяду на цябе іншаземцаў, самых лютых з народаў, і яны аголяць свае мечы супроць красы тваёй мудрасьці і запамрочаць твой бляск;
таму, вось, Я ўзвяду на цябе чужынцаў, найгоршых паміж народаў, і яны вынуць мечы свае супраць прыгажосці мудрасці тваёй і збэсцяць бляск твой.
зьвядуць цябе ў магілу, і памрэш у сэрцы мораў сьмерцю забітых.
Зацягнуць цябе ў яму, і памрэш ты раптоўнай смерцю ў сэрцы мора.
Ці скажаш тады перад тваім забойцам: «я бог», тым часам як у руцэ ў таго, хто цябе пабівае, ты будзеш чалавек, а ня бог?
Ці будзеш яшчэ гаварыць: “Я — Бог!” на віду тых, што забіваць будуць цябе, хаця ты толькі чалавек, а не Бог, у руцэ забойцаў тваіх.
Ты памрэш ад рукі іншаземцаў сьмерцю неабрэзаных; бо я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог.
Ты памрэш смерцю неабрэзаных ад рукі чужынцаў, бо Я сказаў гэта”, — кажа Госпад Бог».
І было мне слова Гасподняе:
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
сыне чалавечы! плач па цары Тырскім і скажы яму: так кажа Гасподзь Бог: ты пячатка дасканаласьці, паўната мудрасьці і вянок прыгажосьці.
«Сын чалавечы, бядуй над царом Тыра і скажы яму: гэта кажа Госпад Бог: “Быў ты адбіткам дасканаласці, поўны мудрасці і вялікай прыгажосці;
Ты быў у Эдэме, у садзе Божым; твая вопратка была ўпрыгожана рознымі каштоўнымі камянямі; рубін, тапаз і алмаз, хрызаліт, анікс, ясьпіс, сапфір, карбункул і смарагд і золата, усё па-майстэрску пасаджанае ў цябе ў гнязьдзечках і нанізанае на цябе, прыгатавана было ў дзень твайго стварэньня.
ты жыў у раскошы раю Божага, пакрывалі цябе ўсякія каштоўныя камяні; сардый, тапаз і яшма, хрызаліт і онікс, і берыл, і сапфір, і карбункул, і смарагд, і золата чаканнага гатунку былі ў цябе; у дзень нараджэння твайго былі яны прыгатаваны.
Ты быў памазаны херувім, каб асяняць, і Я паставіў цябе на тое; ты быў на сьвятой гары Божай, хадзіў сярод агнявых камянёў.
Паставіў Я цябе з херубінам ахінутым, апекуном тваім, на святой гары Божай ты знаходзіўся, хадзіў ты між бліскучых камянёў,
Ты беззаганны быў на шляхах тваіх з дня твайго стварэньня, пакуль не знайшлося ў табе пахібы.
дасканалы ў шляхах сваіх ад дня нараджэння твайго, аж пакуль не знайшлася ў цябе злачыннасць.
Ад пашыранасьці гандлю твайго сярэдзіна твая напоўнілася няпраўдаю, і ты зграшыў; і Я скінуў цябе, як нячыстага, з гары Божай, выгнаў цябе, херувіме асяняльны, з асяродзьдзя агністых камянёў.
З пашырэннем гандлю твайго напоўнілася нутро тваё злачыннасцю і зграшыў ты. І скінуў Я цябе з гары Божай, і прагнаў цябе херубін апякун паміж бліскучых камянёў.
Ад прыгажосьці тваёй заганарылася сэрца тваё, ад славалюбства твайго загубіў сваю мудрасьць; за тое Я скіну цябе на зямлю, перад царамі аддам цябе на ганьбу.
Надзьмулася сэрца тваё дзеля прыгажосці тваёй; згубіў ты мудрасць тваю дзеля бляску твайго: кінуў Я цябе на зямлю, на віду цароў выставіў цябе, каб бачылі цябе.
Мноствам пахібаў тваіх у няправедным тваім гандлі ты апаганіў свае сьвятыні; і Я дастану спасярод цябе агонь, які і зжарэ цябе: і Я ператвару цябе ў попел на зямлі перад вачыма ўсіх, хто цябе бачыць.
Мноствам правіннасцей сваіх і несправядлівасцю гандлю свайго апаганіў ты святыні свае; дык Я выведу агонь з нутра твайго, які з’есць цябе, і зраблю цябе попелам на зямлі ў прысутнасці ўсіх, хто бачыць цябе.
Усе, хто ведаў цябе сярод народаў, дзіву дадуцца зь цябе; ты зробішся жахам, і ня будзе цябе вавекі.
Усе з народаў, якія бачаць цябе, здзівяцца дзеля цябе, бо стаў ты страхоццем, і не будзе цябе вечна”».
І было мне слова Гасподняе:
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
сыне чалавечы! павярні аблічча тваё да Сідона і вымаві на яго прароцтва,
«Сын чалавечы, звярні аблічча сваё на Сідон і праракуй супраць яго,
і скажы: вось, Я на цябе, Сідоне, і праслаўлюся сярод цябе, і ўведаюць, што Я — Гасподзь, калі ўчыню суд над ім і яўлю ў ім сьвятасьць Маю;
і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, Сідоне, і хачу, каб хвалілі Мяне ў цябе, ды няхай ведаюць, што Я — Госпад, калі буду рабіць у ім суды і буду ў ім асвячоны.
і пашлю на яго згубную пошасьць і праліцьцё крыві на вуліцы яго, і ўпадуць сярод яго забітыя мечам, які пажырацьме яго адусюль; і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
І нашлю на яго пошасць і кроў на вуліцы яго, і будуць падаць пасярод яго забітыя ад меча, што паўстае з усіх бакоў, і даведаюцца, што Я — Госпад.
І ня будзе ён больш дому Ізраілеваму калючым цернем і болепрычынным ваўчком, больш за ўсіх суседзяў зласьлівым да яго, і ўведаюць, што Я — Гасподзь Бог.
І больш не будзе для дому Ізраэля пакуты і церня, што нясе гора адусюль з боку тых, якія акружаюць яго, і будуць ведаць, што Я — Госпад Бог”.
Так кажа Гасподзь Бог: калі я зьбяру дом Ізраілеў з народаў, сярод якіх яны расьсеяныя, і аб’яўлю сярод іх сьвятасьць Маю перад вачыма плямёнаў, і яны будуць жыць на сваёй зямлі, якую Я даў рабу Майму Якаву;
Гэта кажа Госпад Бог: “Калі Я збяру дом Ізраэля паміж паганаў, сярод якіх былі яны параскіданыя, у іх Я ўслаўлюся на віду ўсіх плямёнаў, і будуць жыць яны на сваёй зямлі, якую даў Я слузе Майму Якубу;
тады яны будуць жыць на ёй ў бясьпецы і пабудуюць дамы, і насадзяць вінаграднікі і жыцьмуць у бясьпецы, бо Я ўчыню суд над усімі зласьліўцамі іхнімі і вакол іх, і ўведаюць, што Я — Гасподзь Бог іхні.
і будуць у ёй жыць спакойна, і будуць будаваць дамы, і будуць садзіць вінаграднікі; і будуць жыць бяспечна ў той час, калі над усімі ворагамі іх вакол Я буду праводзіць суд, і даведаюцца, што Я — Госпад, Бог іх”».