Езэкііля 45 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Калі будзеце па жэрабі дзяліць зямлю на дзялянкі, тады аддзялеце сьвяшчэнны пляц Госпаду ў дваццаць пяць тысяч трысьцін даўжыні і дзесяць тысяч шырыні; хай будзе сьвятое месца ва ўсёй поўніцы сваёй, навакол.
 
І калі будзеце дзяліць зямлю жэрабем, выдзеліце Госпаду святую ахвяру з зямлі даўжынёю ў дваццаць пяць тысяч прутоў і шырынёю ў дваццаць тысяч прутоў; мае гэта быць ва ўсім сваім абсягу вакол абшар святы;

Ад яго да сьвяцілішча адыдзе чатырохкутнік па пяцьсот трысьцін вакол, і вакол яго пляц у пяцьдзясят локцяў.
 
з гэтага да святыні будзе належаць чатырохкутнік пяцьсот на пяцьсот прутоў навокал, і на пяцьдзесят локцяў вакол будуць пашы яго.

З гэтай меры адмер дваццаць пяць тысяч трысьцін у даўжыню і дзесяць тысяч у шырыню, дзе будзе сьвяцілішча, Сьвятое Сьвятых.
 
І з гэтага абсягу адмераеш абшар даўжынёю дваццаць пяць тысяч прутоў і шырынёй у дзесяць тысяч прутоў, і на гэтым абшары будзе святыня, месца найсвяцейшае.

Гэта сьвяшчэнная частка зямлі належыць будзе сьвятарам, службітам сьвяцілішча, якія прыступаюць да служэньня Госпаду: гэта будзе ім месцам для дамоў і сьвятыняю для сьвяцілішча.
 
Гэта мае быць асвячоная частка зямлі для святароў, спаўняючых службу пры святыні, якія прыходзяць на служэнне Госпаду; і будзе гэта месца ім на дамы і на пашы для жывёлы.

Дваццаць пяць тысяч трысьцін даўжыні і дзесяць тысяч шырыні будуць належаць Лявітам, службітам храма, як іх валоданьне для пражытку іхняга.
 
А абшар даўжынёй у дваццаць пяць тысяч прутоў і шырынёй у дзесяць тысяч прутоў будзе належаць левітам, якія спаўняюць службу пры доме; гэта месца мае быць іх уласнасцю разам з гарадамі на пражыванне.

І на валоданьне гораду дайце пяць тысяч шырыні і дваццаць пяць тысяч даўжыні, насупраць сьвяшчэннага месца, выдзеленага Госпаду; гэта належыць павінна ўсяму дому Гасподняму.
 
І ва ўласнасць гораду дасцё абшар шырынёй у пяць тысяч прутоў і даўжынёй у дваццаць пяць тысяч прутоў, адпаведна да святой ахвяры; гэта мае належаць да ўсяго дому Ізраэля.

І князю дайце долю па той і другі бок, як каля сьвяшчэннага месца, выдзеленага Госпаду, так і каля гарадскога валоданьня, на захад з заходняга боку і на ўсход з усходняга боку, даўжынёю нароўні з адным з гэтых надзелаў ад заходняй мяжы да ўсходняй.
 
Таксама кіраўніку маеце выдзеліць абшар па абодвух баках святой ахвяры і ўласнасці горада ўздоўж святой ахвяры і ўласнасці горада з боку мора аж да мора і з боку ўсходняга на ўсход, даўжынёй жа адпаведнай паасобным часткам пакаленняў, ад мяжы заходняй да мяжы ўсходняй зямлі.

Гэта ягоная зямля, яго валоданьне ў Ізраілі, каб князі Мае наперад ня ўціскалі народу Майго, і каб далі зямлю дому Ізраілеваму паводле плямёнаў яго.
 
Гэта зямля будзе яму ва ўласнасць у Ізраэлі, і валадары Мае не пакрыўдзяць ужо народ Мой; але пакінуць зямлю для дому Ізраэля паводле яго пакаленняў».

Так кажа Гасподзь Бог: годзе вам, князі Ізраілевыя! адкладзеце крыўды і ўціскі і чынеце справядлівасьць і праўду, перастаньце выцясьняць народ Мой з валоданьняў ягоных, кажа Гасподзь Бог.
 
Вось што кажа Госпад Бог: «Хопіць вам, валадары Ізраэля; кіньце гвалт і прыгнёт і спаганяйце закон і справядлівасць! Перастаньце абдзіраць народ Мой! — кажа Госпад Бог.

Хай будуць у вас правільныя вагі і правільная эфа і правільны бат.
 
Хай у вас будзе справядлівая вага, і справядлівая эфа, і справядлівы бат;

Эфа і бат павінны быць аднолькавай меры, так каб бат умяшчаў у сябе дзясятую частку хомэра і эфа дзясятую частку хомэра; мера іх павінна вызначацца па хомэры.
 
эфа і бат няхай будуць аднолькавай меры, каб бат меў дзесятую частку гамера і эфа мела дзесятую частку гамера.

У сіклі дваццаць гераў; а дваццаць сікляў, дваццаць пяць сікляў і пятнаццаць сікляў складаць будуць у вас міну.
 
Сікль жа мае мець дваццаць гер; пяць сікляў хай будзе пяць, і дзесяць сікляў хай будзе дзесяць, і пяцьдзесят хай будзе вам міна.

Вось даніна, якую вы павінны даваць князю: шостую частку эфы ад хомэра пшаніцы і шостую частку эфы ад хомэра ячменю;
 
Гэта ёсць ахвяра, якую будзеце ахвяроўваць: шостую частку эфы з гамера пшаніцы і шостую частку эфы з гамера ячменю.

пастанова пра алей: ад кора алею дзясятую частку бата: дзесяць батаў складаюць хомэр, бо ў хомэры дзесяць батаў;
 
Таксама вызначана колькасць алею: бат — гэта мера для алею; павінны вы прынесці дзесятую частку бата з кора: дзесяць батаў утвараюць гамер, бо дзесяць батаў напаўняюць кор.

адну авечку ад статку ў дзьвесьце авечак з тлустай пашы Ізраіля: усё гэта дзеля хлебнага прынашэньня і падзякавальнай ахвяры, на ачышчэньне іх, кажа Гасподзь Бог.
 
І адна авечка са статка ў дзвесце авечак з сакавітых пашаў Ізраэля як падатак, і на ахвяру з ежы, і на ахвяру прымірэння для ачышчэння для іх, — кажа Госпад Бог.

Увесь народ зямлі абавязваецца рабіць гэтае прынашэньне князю ў Ізраіле.
 
Увесь народ зямлі павінен гэтыя дары даваць на рукі валадара Ізраэля;

А ў абавязках князя будуць ляжаць цэласпаленьне і хлебнае прынашэньне, і выліваньне на сьвяты і на маладзіка і ў суботы, падчас усіх урачыстасьцяў дома Ізраілевага; ён павінен будзе прыносіць ахвяру за грэх і хлебнае прынашэньне, і цэласпаленьне і ахвяру падзякавальную, на ачышчэньне дому Ізраілевага.
 
і кіраўнік мае рупіцца пра цэласпаленні, і ахвяры з ежы, і ўзліванні ў святочныя дні, маладзікі, суботы ды ва ўсе ўрачыстасці народа Ізраэльскага: ён мае прыносіць ахвяру за грэх, і ахвяру з ежы, і цэласпаленні, і ахвяры прымірэння, каб ачысціць дом Ізраэля».

Так кажа Гасподзь Бог: у першым месяцы, у першы дзень месяца вазьмі са статку валоў цялушку без заганы і ачысьці сьвяцілішча.
 
Вось што кажа Госпад Бог: «У першы месяц, у першы дзень месяца возьмеш са статка маладое цяля без заганы і ачысціш свяцілішча.

Сьвятар няхай возьме крыві ад гэтай ахвяры за грахі і пакропіць ёю на вяроўкі храма і на чатыры куты пляцоўкі каля ахвярніка, і на вяроўкі брамы ўнутранага двара.
 
І святар хай возьме з крыві ахвяры за грэх і пакропіць ёй на вушакі дома, і на чатыры рогі падножжа ахвярніка, на дзверы брамы ўнутранага панадворку.

Тое самае зрабі і ў сёмы дзень месяца за тых, што грэшаць наўмысна і з прастадушнасьці, і так ачышчайце храм.
 
І падобна будзеш рабіць у сёмы дзень першага месяца за кожнага, хто быў у няведанні або зграшыў, — і так ачысціце святыню.

У першым месяцы, у чатырнаццаты дзень месяца павінна быць у вас Пасха, сьвята сямідзённае, калі павіны быць праснакі.
 
У першы месяц, чатырнаццатага дня месяца, будзеце святкаваць Пасху; сем дзён будзеце есці толькі праснакі.

У гэты дзень князь за сябе і за ўвесь народ зямлі прынясе цяля ў ахвяру за грэх.
 
І валадар павінен у той дзень як ахвяру за грэх за сябе і за ўвесь народ зямлі ахвяраваць маладое цяля;

У гэтыя сем дзён сьвята ён павінен прыносіць на цэласпаленьне Госпаду кожны дзень па сем цялят і па сем бараноў без заганы і ў ахвяру за грэх кожны дзень па казлу з казінага статку.
 
і на працягу сямі дзён мусіць ён як цэласпаленне ахвяраваць для Госпада сем маладых цялят, і сем бараноў, жывёлу без заганы, сем дзён кожны дзень, а як ахвяру за грэх кожны дзень казла з казлінага статка;

Хлебнага прынашэньня ён павінен прыносіць па эфе на цяля і па эфе на барана, і па гіне алею на эфу.
 
і як ахвяру з ежы мусіць ён ускласці па адной эфе да маладога цяляці і па эфе да барана, і гін алею на кожную эфу.

У сёмым месяцы, у пятнаццаты дзень месяца, у сьвята, на працягу сямі дзён ён павінен прыносіць тое самае: такую самую ахвяру за грэх, такое самае цэласпаленьне, і столькі сама хлебнага прынашэньня і столькі сама алею.
 
У сёмы месяц, у пятнаццаты дзень таго ж месяца з нагоды свята будзе ён ахвяроўваць, аб чым вышэй было казана, на працягу сямі дзён, як ахвяру за грэх, так і цэласпаленне, і ахвяру з ежы, і з алею».