Езэкііля 17 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І было мне слова Гасподняе:
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
сыне чалавечы! прапануй загадку і скажы прыпавесьць дому Ізраілеваму.
«Сын чалавечы, прыдумай загадку і раскажы прыпавесць дому Ізраэльскаму
Скажы: так кажа Гасподзь Бог: вялікі арол зь вялікімі крыламі, з доўгімі пёрамі, пушысты, перысты прыляцеў на Ліван і зьняў з кедра вяршаліну,
і скажы: гэта кажа Госпад Бог: “Вялікі арол з велізарнымі крыламі з доўгімі пёрамі, пакрыты рознакаляровым пер’ем, прыляцеў у Лібан і сарваў вершаліну кедра;
сарваў верхні малады парастак і прынёс яго ў зямлю Ханаанскую, у горадзе гандляроў пасадзіў яго;
адарваў найвышэйшую галінку яго, і занёс яе ў зямлю Ханаан, і паклаў яе ў горадзе гандлёвым.
і ўзяў з насеньня гэтай зямлі і пасадзіў на зямлі насеньня, разьмясьціў каля вялікіх водаў, як садзяць вярбу.
І ўзяў насенне з той зямлі, і пасадзіў яго на зямлі ўрадлівай, над шчодрымі водамі, як вярбу, пасадзіў яго,
І яно вырасла і зрабілася вінаграднаю лазою, шырокаю, нізкаю ростам, гольле якое хілілася да яе, і карані яе былі пад ёю, і зрабілася вінаграднаю лазою — і дало парасьці і пусьціла вецьце.
каб расло і разрасталася яно ў буйны вінаград, невялікі ў вышыню, каб галіны яго паварочваліся да яго і карані яго былі пад ім. Такім чынам, стаўся вінаградны куст, і прынёс плады на галінках, і выпусціў парасткі.
І яшчэ быў арол зь вялікімі крыламі і пушысты; і вось, гэтая вінаградная лаза пацягнулася да яго сваімі каранямі і працягнула да яго галіны свае, каб ён паліваў яе з барознаў расадніка свайго.
І быў другі арол вялікі, з вялікімі крыламі і доўгімі пёрамі; і вось, вінаград той, як быццам пасылаючы да яго свае карані, да яго выцягнуў свае галіны, каб навадніць яго шчадрэй, чым грады, на якіх быў пасаджаны.
Яна была пасаджана на добрым полі, каля вялікіх водаў, так што магла пускаць вецьце і радзіць плод, зрабіцца лазою цудоўнаю.
На зямлі добрай, над шчодрымі водамі быў ён пасаджаны, каб пускаць галіны і прыносіць плады ды стаць вялікім вінаградам”.
Скажы: так кажа Гасподзь Бог: ці будзе ёй посьпех? Ці ня вырвуць карэньне яе і ці не абарвуць плады яе, так што яна ўсохне? усе маладыя галіны, што адрасьлі ад яе, усохнуць. І не зь вялікаю сілаю і ня з многімі людзьмі сарвуць яе з каранёў яе.
Скажы: гэта кажа Госпад Бог: “Ці пашчасціць яму? Ці не вырвуць яго каранёў? Ці не пазрываюць яго плады? Ці не звянуць усе яго свежыя парасткі? Ці не засохне ён? І не патрэбна будзе ані моцнае рукі, ані вялікага народа, каб вырваць яго з каранямі.
І вось, хоць яна пасаджана, але ці будзе посьпех? ці ня высахне яна, як толькі дыхне на яе ўсходні вецер? высахне на градах, дзе вырасла.
Вось, ён пасаджаны; ці пашчасціць яму? Ці не ссохне ён, калі кране яго гарачы вецер, ці не ссохне на зямлі, на якой выпускаў парасткі свае?”»
І было мне слова Гасподняе:
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
скажы мяцежнаму дому: хіба ня ведаеце, што гэта азначае? — Скажы: прыйшоў цар Вавілонскі ў Ерусалім, і ўзяў цара ягонага і князёў ягоных і прывёў іх да сябе ў Вавілон.
«Кажы народу ўпорыстаму: “Ці вы не ведаеце, што гэта значыць?” Скажы: “Вось, прыбыў цар Бабілона ў Ерузалім, схапіў цара і князёў яго, і завёў іх да сябе, у Бабілон;
І ўзяў іншага з царскага роду і ўчыніў зь ім спрымірэнства, і абавязаў яго клятваю і ўзяў моцных зямлі той з сабою,
і ўзяў аднаго з нашчадкаў царскіх, і заключыў з ім запавет, і прысягаю звязаў яго, але і магнатаў перасяліў з зямлі,
каб царства было пакорлівае, каб не магло падняцца, каб захоўвалася спрымірэнства і стаяла цьвёрда.
каб было царства пакорным, не паўставала, але захоўвала запавет яго і было яму верным.
Але той адпаў ад яго, паслаўшы паслоў сваіх у Егіпет, каб далі яму коней і шмат людзей. Ці будзе яму посьпех? Ці ацалее той, хто гэта робіць? Ён парушыў спрымірэнства — і ці ацалее?
Ён адступіўся ад яго і паслаў пасланцоў у Егіпет, каб даў яму той коней і многа войска. Ці пашчасціць яму, ці выратуецца той, хто зрабіў гэтак? І ці ўхаваецца той, хто парушыў запавет?”»
Жыву Я, кажа Гасподзь Бог: у месцы, дзе цар, які паставіў яго царом, і дадзеную яму клятву ён пагардзіў і парушыў спрымірэнства сваё зь ім, ён памрэ ў яго ў Вавілоне.
«Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — на месцы цара, які паставіў яго царом, той, што зламаў прысягу і парушыў запавет, які ён меў з ім, у Бабілоне памрэ.
Зь вялікаю сілаю і шматлікім народам фараон нічога ня зробіць дзеля яго ў гэтай вайне, калі будзе насыпаны вал і пабудаваны будуць абложныя вежы на пагібель многіх душаў.
І не дапаможа яму фараон вялікім войскам і шматлікім народам у баі, калі насыплюць вал і пабудуюць умацаванні, каб загубіць мноства людзей.
Ён пагардзіў клятваю, каб парушыць спрымірэнства, і вось, даў руку сваю і зрабіў усё гэта; ён не ацалее.
Ён бо зламаў прысягу, каб парушыць запавет, і вось, прыклаў руку сваю, і паколькі ён усё гэта зрабіў, таму не ўцячэ».
Таму так кажа Гасподзь Бог: жыву Я! клятву Маю, якою ён пагардзіў, і спрымірэнства Маё, якое ён парушыў, Я абярну на яго галаву.
Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: «Жыву Я, за тое, што адкінуў Маю прысягу і парушыў Мой запавет, адказнасць ускладу на яго галаву
І закіну на яго сетку Маю, і злоўлены будзе ў цянёты Мае; і прывяду яго ў Вавілон і там буду судзіцца зь ім за вераломства яго супроць Мяне.
і закіну на яго сетку Маю, і будзе злоўлены ў пастку Маю, і прывяду яго ў Бабілон, і асуджу яго там за крывадушнасць, якою ён крывадушнічаў адносна Мяне.
І ўсе ўцекачы ягоныя з усіх рушэньняў ягоных загінуць ад меча, а хто застанецца, разьвеяныя будуць па ўсіх вятрах; і ўведаеце, што Я, Гасподзь, сказаў гэта.
І ўсе выбранцы яго з усяго войска яго загінуць ад меча; а астатнія будуць раскіданы на ўсе вятры, і даведаецеся, што Я, Госпад, сказаў».
Так кажа Гасподзь Бог: і вазьму я зь верху высокага кедра — і пасаджу; зь верхніх парасткаў ягоных адарву пяшчотную парасьліну і пасаджу на высокай і велічнай гары.
Гэта кажа Госпад Бог: «І Я вазьму вершаліну вялікага кедра і пасаджу; з маладых верхніх парасткаў яго выламлю галінку і пасаджу яе на высокай і стромкай гары.
На высокай гары Ізраілевай пасаджу яго, — і пусьціць вецьце і ўродзіць плод і зробіцца велічным кедрам, і будуць вадзіцца пад ім усякія птушкі, усякія крылатыя будуць вадзіцца ў цяні гольля яго.
На высокай гары Ізраэля пасаджу яе; і яна пусціць галіны, і дасць плод, і стане кедрам высокім; і абжывуцца пад ім усялякія птушкі, ды ўсё крылатае будзе гнездавацца ў засені яго галін.
І ўведаюць усе дрэвы польныя, што Я, Гасподзь, высокае дрэва паніжаю, нізкае дрэва павышаю, зялёнае дрэва сушу, а сухое дрэва раблю квяцістым: Я, Гасподзь, сказаў і зраблю.
І ўсе дрэвы той мясцовасці даведаюцца, што Я — Госпад, Які панізіў дрэва высокае, і ўзвысіў дрэва нізкае, і высушыў дрэва зялёнае, і зазеляніў дрэва ссохлае. Я — Госпад, сказаў і здзейсніў».