Езэкііля 10 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І бачыў я: і вось на скляпеньні, якое над галовамі ў херувімаў, як бы камень сапфір, як бы нешта падобнае на прастол відаць было над імі.
 
І ўбачыў я, і вось, над цвярдыняй, раскінутай над галовамі херубінаў, было штосьці, быццам сапфір; штосьці, з выгляду падобнае да пасада, з’явілася над імі.

І гаварыў Ён чалавеку, які быў апрануты ў ільняную вопратку, і сказаў: увайдзі паміж калёсамі херувімаў і вазьмі поўныя прыгаршчы жару, і кінь на горад; і ён увайшоў на маіх вачах.
 
І Ён сказаў чалавеку, які быў апрануты ў ільняныя шаты, і прамовіў: «Увайдзі паміж колаў пад херубінамі, і напоўні свае далоні вугалямі агню з месца між херубінамі, і раскінь іх па горадзе». Ды ўвайшоў туды на маіх вачах.

А херувімы стаялі па правы бок Дома, калі ўвайшоў той чалавек, і воблака напаўняла ўнутраны двор.
 
А херубіны стаялі на правым баку дома, калі той чалавек туды ўваходзіў, і воблака запоўніла ўнутраны панадворак.

І паднялася слава Гасподняя з херувіма да парога Дома, і дом напоўніўся воблакам, і двор напоўніўся зьзяньнем славы Госпада.
 
І слава Госпада паднялася з-над херубінаў да парога святыні, і святыня напоўнілася воблакам, і панадворак напоўніўся бляскам хвалы Госпада.

І шум ад крылаў херувімаў чутны быў нават на зьнешнім двары, як бы голас Бога Ўсемагутнага, калі Ён гаворыць.
 
І быў чутны шум крылаў херубінаў аж на вонкавым панадворку, падобны да голасу Бога Усемагутнага, калі Ён прамаўляе.

І калі Ён даў загад чалавеку, апранутаму ў ільняную вопратку, сказаўшы: «вазьмі агню паміж коламі, паміж херувімамі», і калі ён увайшоў і стаяў каля кола,
 
І калі таму чалавеку, які быў апрануты ў ільняныя шаты, даў Ён такі загад, кажучы: «Вазьмі агонь спаміж колаў, спаміж херубінаў», — той пайшоў і стаў побач з колам;

тады спасярод херувімаў адзін херувім працягнуў руку сваю да агню, які паміж херувімамі, і ўзяў і даў у прыгаршчы апранутаму ў ільняную вопратку. Ён узяў, і выйшаў.
 
і адзін з херубінаў выцягнуў руку ў напрамку агню, што быў між херубінамі, і, узяўшы яго, паклаў на далоні чалавека, які быў апрануты ў ільняныя шаты; той узяў агонь і выйшаў.

І відаць было ў херувімаў падабенства рук чалавечых пад крыламі іхнімі.
 
І пад крыламі херубінаў з’явілася нешта накшталт рук чалавечых,

І бачыў я: вось чатыры колы каля херувімаў, па адным коле каля кожнага херувіма, і колы з выгляду — як бы з каменя тапаза.
 
і я ўбачыў, і вось, побач з херубінамі чатыры колы: па адным коле побач з кожным херубінам, выгляд жа тых колаў — нібы выгляд каменя хрызаліта.

І з выгляду ўсе чатыры падобныя, быццам кола было ў коле.
 
І выглядалі яны так, як быццам кожнае з чатырох мела аднолькавую форму, як быццам адно кола знаходзілася ў другім.

Калі ішлі яны, дык ішлі па чатыры свае бакі; падчас шэсьця свайго не азіраліся, але да таго месца, куды павернута была галава, і яны туды ішлі; падчас шэсьця свайго не азіраліся.
 
І калі ішлі ў чатырох сваіх напрамках, то ішлі і не адварочваліся, калі ішлі, але да таго месца, куды вяло іх кола, што было першым, ішлі і іншыя, і не адварочваліся, калі ішлі.

І ўсё цела іх і сьпіна іх, і рукі іх і крылы іх, і колы навокал былі поўныя вачэй, — усе чатыры колы іхнія.
 
І ўсё іх цела, і плечы, і рукі, і крылы, і колы ва ўсіх чатырох былі запоўнены кругом вачамі;

Колы гэтыя, як я чуў, былі названы: «галгал».
 
і, як пачуў я, колам гэтым была дадзена назва «галгал».

І ў кожнае жывёліны чатыры твары: першы твар — твар херувімавы, другі твар — твар чалавечы, трэці твар — ільвіны і чацьвёрты — твар арліны.
 
А кожная істота мела па чатыры абліччы: першае аблічча было аблічча херубіна, і другое аблічча — аблічча чалавека, і трэцяе — аблічча льва, і чацвёртае — аблічча арла.

Херувімы падняліся. Гэта былі тыя самыя жывёліны, якіх бачыў я каля ракі Хавар.
 
І падняліся херубіны: была гэта тая самая істота, якую бачыў я над ракой Кэбар.

І калі ішлі херувімы, тады ішлі каля іх і колы; і калі херувімы падымалі крылы свае, каб падняцца ад зямлі, і колы не аддзяляліся, а былі каля іх.
 
І калі херубіны ішлі, ішлі побач херубіны і пры іх колы, і калі херубіны падымалі крылы свае, каб падняцца з зямлі, колы не адварочваліся, але і самі былі побач з імі.

Калі тыя стаялі, стаялі і яны; калі тыя падымаліся, падымаліся і яны, бо ў іх быў дух жывёлін.
 
Калі херубіны затрымліваліся, таксама і яны затрымліваліся, і калі падымаліся, то падымаліся таксама і яны разам з імі; бо быў у іх дух істоты жывой.

І адышла слава Гасподняя ад парога Дома і стала над херувімамі.
 
І адышла слава Госпада ад парога святыні, і затрымалася над херубінамі;

І паднялі херувімы крылы свае і падняліся на маіх вачах ад зямлі; калі яны адыходзілі, дык і колы каля іх; і сталі каля ўваходу ва ўсходнюю браму Дома Гасподняга, і слава Бога Ізраілевага ўгары над імі.
 
і херубіны, падняўшы крылы свае, падняліся з зямлі на маіх вачах, і, калі яны падняліся, колы таксама вырушылі; і затрымаліся ля ўваходу ўсходняй брамы святыні Госпада, і слава Бога Ізраэля супачывала над імі ўгары.

Гэта былі тыя самыя жывёліны, якіх бачыў я каля падножжа Бога Ізраілевага каля ракі Хавар. І я пазнаў, што гэта — херувімы.
 
Была гэта тая самая істота жывая, якую я ўбачыў пад Богам Ізраэля над ракою Кэбар, і даведаўся я, што гэта былі херубіны.

У кожнага — па чатыры твары, і ў кожнага — па чатыры крылы, і пад крыламі ў іх падабенства рук чалавечых.
 
Кожны з іх меў па чатыры абліччы і кожны — па чатыры крылы, і пад крыламі іх — штосьці накшталт рук чалавечых;

А падабенства твараў іхніх — тое самае, якія твары бачыў я каля ракі Хавар, — і выгляд у іх, і самыя яны. Кожны ішоў проста ў той бок, які быў перад абліччам ягоным.
 
і выгляд іх твараў быў падобны да тых самых твараў, якія бачыў я над ракою Кэбар. І кожны ішоў проста перад сабою.