Езэкііля 7 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І было мне слова Гасподняе:
 
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:

І ты, сын чалавечы, скажы: так кажа Гасподзь Бог: зямлі Ізраілевай канец, — канец прыйшоў на чатыры краі зямлі.
 
«І ты, сын чалавечы, кажы: гэта вось кажа Госпад, Бог зямлі Ізраэля: “Канец прыходзіць, канец для чатырох канцоў свету;

Вось — канец табе; і пашлю на цябе гнеў Мой, і буду судзіць цябе паводле шляхоў тваіх, і ўскладу на цябе ўсе гідоты твае.
 
цяпер прыходзіць канец на цябе, і Я пашлю абурэнне Маё супраць цябе, і асуджу цябе паводле шляхоў тваіх ды залічу табе ўсе агіднасці твае.

І не ўмілажаліцца зь цябе вока Маё, і не памілую, і аддам табе паводле шляхоў тваіх, і гідоты твае з табою будуць, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
 
І не пашкадуе вока Маё цябе, і не злітуюся, але ўскладу адказнасць на цябе за шляхі твае, і твае агіднасці застануцца ў цябе, і даведаецеся, што Я — Госпад”.

Так кажа Гасподзь Бог: бяда адзіная, вось, ідзе бяда.
 
Гэта кажа Госпад Бог: “Вось, надыходзіць смутак за смуткам.

Канец прыйшоў, прыйшоў канец, стаў на цябе; вось дайшла,
 
Прыходзіць канец, прыходзіць канец; прачнуўся ён супраць цябе, вось, ён надыходзіць.

дайшла ліхата да цябе, жыхар зямлі! прыходзіць час, набліжаецца дзень смуты, а не вясёлых гуканьняў у горах.
 
Надышла на цябе няшчасная доля, о жыхар зямлі; надышоў час, блізкі дзень гора, і няма радасці на ўзгорках.

Вось, неўзабаве вылью на цябе лютасьць Маю і зьдзейсьню над табою гнеў Мой, і буду судзіць цябе паводле ўчынкаў тваіх і ўскладу на цябе ўсе гідоты твае.
 
Цяпер Я вылью паблізу Мой гнеў на цябе ды супакою Маё абурэнне на табе, і асуджу цябе паводле шляхоў тваіх, і ўскладу на цябе ўсе злачынствы твае;

І не ўмілажаліцца зь цябе вока Маё, і не памілую. Паводле ўчынкаў тваіх дам табе, і гідоты твае з табою будуць; і ўведаеце, што Я — Гасподзь каральнік.
 
вока Маё не пашкадуе, і не злітуюся, але паводле тваіх шляхоў атрымаеш адплату, і твае агіднасці будуць пасярод цябе, і вы даведаецеся, што Я — Госпад, Які карае.

Вось дзень! вось прыйшла, настала ліхата! жазло вырасла, ганарлівасьць разраслася.
 
Вось той дзень, вось, ён прыходзіць; выйшла няшчасная доля, расцвіла несправядлівасць, запанавала пыха;

Паўстае сіла на жазло няверства; нічога не застанецца ад іх, і ад багацьця іхняга і ад шуму іхняга, і ад пышнаты іхняй.
 
падняўся гвалт, каб стаць кіем бязбожнасці: нічога ад іх не застанецца, ані з іх гоману, і не будзе супакою сярод іх.

Прыйшоў час, настаў дзень; хто купіў, ня радуйся, і хто прадаў, ня плач, бо гнеў — над усім мноствам іх.
 
Прыходзіць час, набліжаецца дзень: хто купляе — хай не цешыцца, і хто прадае — хай не сумуе, бо надыходзіць гнеў на ўсё багацце яго.

Бо, хто прадаў, ня вернецца да прададзенага, хоць бы і засталіся яны жывыя; бо прарочая ўява пра ўсё мноства іх не адменіцца, і ніхто сваім беззаконьнем не ўмацуе свайго жыцьця.
 
Бо хто прадае, да таго, што прадаў, не вернецца, нават калі застанецца пры жыцці. Бо бачанне над усім багаццем яго не спыніцца, і ніхто дзеля сваёй правіннасці не зможа захаваць жыццё.

Затрубяць у трубу, і ўсё рыхтуецца, але ніхто ня йдзе на вайну; бо гнеў Мой над усім мноствам іх.
 
Трубіце ў трубы, падрыхтуйце ўсё, але няма нікога, хто б ішоў ваяваць; бо гнеў Мой на ўсё багацце яго.

Па-за домам меч, а ў доме — пошасьць і голад. Хто ў полі, той памрэ ад меча; а хто ў горадзе, таго зжаруць голад і згубная пошасьць.
 
Меч звонку, пошасць і голад у сярэдзіне; хто апынецца на полі — загіне ад меча, а хто ў горадзе — таго голад і пошасць загубяць.

А ацалелыя зь іх уцякуць і будуць на горах, як галубы далін; усе яны будуць стагнаць, кожны за сваё беззаконьне.
 
І тыя з іх, якія ўцякуць — уратуюцца, і стануць на гарах, як быццам галубы з далін, будуць стагнаць кожны дзеля сваёй злачыннасці.

Ва ўсіх рукі апусьцяцца, і ва ўсіх калені задрыжаць, як вада.
 
Усе рукі памлеюць ды ўсе калені задрыжаць, як вада.

Тады яны апярэжуцца вярэтаю, і ахопіць іх трымценьне: і ва ўсіх на тварах будзе сорам, і ва ўсіх на галовах плешына.
 
І апрануцца ў рыззё, і апануе іх страх; і на ўсіх тварах з’явіцца сорам, і на ўсіх галовах іх — лысіна.

Срэбра сваё яны выкінуць на вуліцы, і золата ў іх будзе ў пагардзе. Срэбра іхняе і золата іхняе ня мецьме сілы выратаваць іх у дзень лютасьці Госпада. Яны не насыцяць імі душаў сваіх і не напоўняць нутробаў сваіх, бо яно было прычынаю беззаконьня іхняга.
 
Срэбра сваё яны выкінуць на вуліцу, і золата іх стане смеццем; іх срэбра і золата не зможа вызваліць іх у дзень абурэння Госпада: голаду свайго ім не заспакояць, ані не запоўняць сваё нутро, бо яно было для іх прычынай злачыннасці.

І ў чырвоных уборах сваіх яны ператваралі яго ў гонар і рабілі зь яго выявы гнюсных сваіх ідалаў; затое і зраблю яго нячыстым для іх.
 
і аздабленне сябе каштоўнасцямі напоўніла іх пыхлівасцю, і з іх зрабілі яны выявы агіднасцей сваіх і ідалаў; таму даў Я ім гэта на нячыстасць.

і аддам яго ў рукі чужым на здабычу і беззаконцам землі на рабаваньне, і яны апаганяць яго.
 
І аддам гэта ў рукі чужынцаў на рабунак і мясцовым бязбожнікам на рабаванне, і яны апаганяць гэта.

І адвярну ад іх аблічча Маё, і апаганяць запаветнае Маё; і прыйдуць туды рабаўнікі і апаганяць яго.
 
Ды адвярну ад іх аблічча Маё, і Мой скарб схаваны яны спустошаць; і ўварвуцца да яго рабаўнікі, і яго апаганяць,

Зрабі ланцуг, бо зямля гэтая напоўнена крывавымі зладзействамі, і горад поўны гвалту.
 
і зробяць з яго ланцугі; бо зямля поўная крывавых прысудаў і горад поўны злачыннасці.

Я прывяду найзлосьнейшых з народаў, і завалодаюць дамамі іхнімі. І пакладу канец пагардлівасьці моцных, і будуць апаганены сьвятыні іхнія.
 
І Я прывяду найгоршыя з плямёнаў, і зоймуць яны дамы іх; і спыню пыхлівасць магнатаў, і зоймуць яны святыні іх.

Ідзе пагібель: будуць шукаць міру, і ня знойдуць.
 
Калі надыдзе небяспека, будуць яны шукаць ратунку, і не знойдуць.

Бяда пойдзе за бядою і вестка за весткаю; і будуць прасіць у прарока ўявы, і ня будзе вучэньня ў сьвятара і рады ў старцаў.
 
Бяда за бядою нахлыне, і чутка за чуткаю; і будуць вымагаць бачанне ад прарока, і загіне закон ад святара і рада ад старэйшын.

Цар будзе бедаваць, і князь апранецца ў жудасьць, і ў народу зямлі будуць дрыжаць рукі. Учыню зь імі паводле ўчынкаў іхніх, паводле судоў іхніх буду судзіць іх; і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
 
Цар будзе хадзіць у жалобе, і князь перапоўніцца страхам, і рукі народа гэтай зямлі будуць дрыжаць. Я зраблю ім паводле іх шляхоў і паводле іх судоў судзіць іх буду, і даведаюцца, што Я — Госпад”».