Лікі 3 разьдзел

Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Вось радавод Ааронаў і Майсееў, калі гаварыў Гасподзь Майсею на гары Сінаі,
 

вось імёны сыноў Ааронавых: першынец Надаў, Авіуд, Элеазар і Ітамар;
 

гэта імёны сыноў Ааронавых, сьвятароў, памазаных, якіх ён прысьвяціў, каб сьвятарылі;
 

але Надаў і Авіуд памерлі перад абліччам Гасподнім, калі яны прынесьлі агонь чужы перад аблічча Госпада ў пустыні Сінайскай, а дзяцей у іх ня было, і засталіся сьвятарамі Элеазар і Ітамар пры Аароне,
 

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
 

прывядзі племя Лявіінае і пастаў яго перад Ааронам сьвятаром, каб яны служылі яму;
 

і няхай яны будуць на варце замест яго і на варце замест усяго супольства пры скініі сходу, каб несьці службы пры скініі;
 

і няхай шануюць усе рэчы скініі сходу і будуць на варце замест сыноў Ізраілевых, каб несьці службу пры скініі;
 

аддай лявітаў Аарону і сынам ягоным: няхай будуць яны аддадзены яму з сыноў Ізраілевых;
 

а Аарону і сынам ягоным даручы, каб яны даглядалі сьвятарскую пасаду сваю; а калі падступіцца хто староньні, аддадзены будзе сьмерці.
 

І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
 

вось, я ўзяў лявітаў з сыноў Ізраілевых замест усіх першынцаў, якія размыкаюць сьцёгны з сыноў Ізраілевых; лявіты будуць Мае,
 

бо ўсе першынцы — Мае; таго дня, калі пабіў Я ўсіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, асьвяціў Я Сабе ўсіх першынцаў Ізраілевых ад чалавека да быдла: яны павінны быць Мае. Я Гасподзь.
 

І наказаў Гасподзь Майсею ў пустыні Сінайскай:
 

палічы сыноў Лявііных паводле сямействаў іхніх, паводле родаў іхніх, усіх мужчынскага полу ад аднаго месяца і вышэй палічы.
 

І палічыў іх Майсей па слове Гасподнім, як загадана.
 

І вось сыны Лявііныя па імёнах іхніх: Гірсон, Каат і Мэрары.
 

І вось імёны сыноў Гірсонавых па родах іхніх: Ліўні і Шымэй.
 

І сыны Каата па родах іхніх: Амрам і Іцгар, Хэўрон і Ўзііл.
 

І сыны Мэрары па родах іхніх, Махлі і Мушы. Вось роды Лявііныя па сямействах іхніх.
 

Ад Гірсона род Ліўні і род Шымэя: гэта роды Гірсонавыя.
 

Палічаных было ўсіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй, сем тысяч пяцьсот.
 

Роды Гірсонавыя павінны спыняцца за скініяй на захад;
 

правадыр пакаленьня сыноў Гірсонавых Эліясаф, сын Лаэлаў;
 

ахове сыноў Гірсонавых у скініі сходу даручаецца скінія і покрыва яе, і заслона на ўваходзе ў скінію сходу,
 

і заслоны двара, і заслона на ўваходзе ў двор, які вакол скініі і ахвярніка, і вяроўкі яе, з усімі іх прыладамі.
 

Ад Каата род Амрамаў і род Іцгараў, і род Хэўронаў і род Узіілаў: гэта роды Каатавыя.
 

Па ліку ўсіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй, восем тысяч шэсьцьсот, якія ахоўвалі сьвятыню.
 

Роды сыноў Каатавых павінны ставіць табар свой з паўднёвага боку скініі;
 

а правадыр пакаленьня родаў Каатавых Элцатан, сын Узіілаў;
 

пад аховаю ў іх каўчэг, стол, сьвяцільня, ахвярнікі, сьвяшчэнны посуд, які ўжываецца пры службе, і заслона з усімі яе прыладамі.
 

Правадыр над правадырамі лявітаў Элеазар, сын Аарона сьвятара; пад яго наглядам тыя, каму даверана ахова сьвятыні.
 

Ад Мэрары род Махлі і род Мушы: гэта род Мэрары;
 

палічаных па ліку ўсіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй — шэсьць тысяч дзьвесьце;
 

правадыр пакаленьня родаў Мэрары Цурыіл, сын Авіхаілаў; яны павінны ставіць табар свой на паўночным баку скініі;
 

ахове сыноў Мэрары даручаюцца брусы скініі і жэрдзі яе, і слупы яе і падножжы яе і ўсе рэчы яе, з усім уладкаваньнем іх.
 

І слупы двара з усіх бакоў і падножжа іхняе, і колцы іхнія і вяроўкі іхнія.
 

А зь пярэдняга боку скініі, на ўсход перад скініяй сходу, павінны ставіць табар Майсей і Аарон і сыны ягоныя, якім даверана ахаваньне сьвятыні за сыноў Ізраілевых; а калі падступіцца хто староньні, аддадзены будзе сьмерці.
 

Усіх палічаных лявітаў, якіх палічыў Майсей і Аарон па загадзе Гасподнім, паводле родаў іхніх, усіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй, дваццаць дзьве тысячы.
 

І сказаў Гасподзь Майсею: палічы ўсіх першынцаў мужчынскага полу з сыноў Ізраілевых, ад аднаго месяца і вышэй, і пералічы іх паіменна;
 

і вазьмі лявітаў дзеля Мяне, — Я Гасподзь, — замест усіх першынцаў з сыноў Ізраіля, а быдла лявітаў замест усяго першароднага быдла сыноў Ізраілевых.
 

І палічыў Майсей, як загадаў яму Гасподзь, усіх, першынцаў з сыноў Ізраілевых,
 

і было ўсіх першынцаў мужчынскага полу, па ліку імёнаў, ад аднаго месяца і вышэй, дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце семдзесят тры.
 

І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
 

вазьмі лявітаў замест усіх першынцаў з сыноў Ізраіля і быдла лявітаў замест быдла іхняга; няхай лявіты будуць Мае. Я Гасподзь.
 

А выкуп двухсот сямідзесяці трох, якія лішнія ў ліку лявітаў, зь першынцаў Ізраілевых,
 

вазьмі па пяць сікляў за чалавека, па сіклі сьвяшчэнным вазьмі, дваццаць гераў у сіклі
 

і аддай срэбра гэта Аарону і сынам ягоным, у выкуп за лішніх у ліку іхнім.
 

І ўзяў Майсей срэбра выкупу за лішніх у ліку замененых лявітамі,
 

ад першынцаў Ізраілевых узяў срэбра тысячу трыста шэсьцьдзясят пяць сікляў, па сіклі сьвяшчэнным,
 

і аддаў Майсей срэбра выкупу Аарону і сынам ягоным па слове Гасподнім, як загадаў Гасподзь Майсею.