Лікі 3 разьдзел
Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Вось радавод Ааронаў і Майсееў, калі гаварыў Гасподзь Майсею на гары Сінаі,
Вось такі радавод Аарона і Майсея ў дні, калі прамаўляў ГОСПАД да Майсея на гары Сынай.
вось імёны сыноў Ааронавых: першынец Надаў, Авіуд, Элеазар і Ітамар;
Вось гэта імёны сыноў Аарона: першародны Надаў, Абігу, Элеазар і Ітамар.
гэта імёны сыноў Ааронавых, сьвятароў, памазаных, якіх ён прысьвяціў, каб сьвятарылі;
Вось гэта імёны сыноў Аарона, памазаных сьвятароў, якім напоўнілі рукі іхнія, каб былі сьвятарамі.
але Надаў і Авіуд памерлі перад абліччам Гасподнім, калі яны прынесьлі агонь чужы перад аблічча Госпада ў пустыні Сінайскай, а дзяцей у іх ня было, і засталіся сьвятарамі Элеазар і Ітамар пры Аароне,
Але Надаў і Абігу памерлі перад абліччам ГОСПАДА ў пустыні Сынай, калі наблізіліся з чужым агнём перад аблічча ГОСПАДА, і не было ў іх сыноў. І былі сьвятарамі Элеазар і Ітамар перад абліччам Аарона, бацькі свайго.
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
прывядзі племя Лявіінае і пастаў яго перад Ааронам сьвятаром, каб яны служылі яму;
«Прывядзі пакаленьне Левія, і пастаў яго перад абліччам Аарона сьвятара, і няхай яны паслугуюць яму.
і няхай яны будуць на варце замест яго і на варце замест усяго супольства пры скініі сходу, каб несьці службы пры скініі;
Няхай захоўваюць усё, што пад вартай яго і пад вартай ўсёй грамады адносна Намёту Спатканьня, каб выконваць службу пры Сялібе,
і няхай шануюць усе рэчы скініі сходу і будуць на варце замест сыноў Ізраілевых, каб несьці службу пры скініі;
і няхай захоўваюць усе прыналежнасьці Намёту Спатканьня, спаўняючы абавязкі сыноў Ізраіля, каб выконваць службу пры Сялібе.
аддай лявітаў Аарону і сынам ягоным: няхай будуць яны аддадзены яму з сыноў Ізраілевых;
Аддай лявітаў Аарону і сынам ягоным, няхай яны будуць дадзеныя яму з сыноў Ізраіля.
а Аарону і сынам ягоным даручы, каб яны даглядалі сьвятарскую пасаду сваю; а калі падступіцца хто староньні, аддадзены будзе сьмерці.
А Аарона і сыноў ягоных пастаў, каб яны захоўвалі [службу] сьвятарскую. А калі нехта чужы наблізіцца [да службы], мае памерці».
І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
вось, я ўзяў лявітаў з сыноў Ізраілевых замест усіх першынцаў, якія размыкаюць сьцёгны з сыноў Ізраілевых; лявіты будуць Мае,
«Вось, Я ўзяў лявітаў спасярод сыноў Ізраіля замест усіх першародных, якія адчыняюць улоньне, і лявіты будуць Маімі.
бо ўсе першынцы — Мае; таго дня, калі пабіў Я ўсіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, асьвяціў Я Сабе ўсіх першынцаў Ізраілевых ад чалавека да быдла: яны павінны быць Мае. Я Гасподзь.
Бо Мой кожны першародны. У той дзень, калі ў зямлі Эгіпецкай Я выбіў усё першароднае, Я пасьвяціў для Сябе ўсё першароднае ў Ізраілі, ад чалавека аж да жывёлы. Яны Мае! Я — ГОСПАД!»
І наказаў Гасподзь Майсею ў пустыні Сінайскай:
І прамовіў ГОСПАД да Майсея ў пустыні Сынай, кажучы:
палічы сыноў Лявііных паводле сямействаў іхніх, паводле родаў іхніх, усіх мужчынскага полу ад аднаго месяца і вышэй палічы.
«Палічы сыноў Левія паводле дамоў бацькоў іхніх, і паводле сем’яў іхніх, усіх мужчынскага роду ад аднаго месяца і вышэй».
І палічыў іх Майсей па слове Гасподнім, як загадана.
І палічыў іх Майсей паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, як Ён загадаў яму.
І вось сыны Лявііныя па імёнах іхніх: Гірсон, Каат і Мэрары.
І вось імёны сыноў Левія: Гершон, Кегат і Мэрары.
І вось імёны сыноў Гірсонавых па родах іхніх: Ліўні і Шымэй.
А вось імёны сыноў Гершона паводле сем’яў іхніх: Лібні і Шымэй.
І сыны Каата па родах іхніх: Амрам і Іцгар, Хэўрон і Ўзііл.
Сыны Кегата паводле сем’яў іхніх: Амрам, Іцгар, Хеўрон і Узіэль.
І сыны Мэрары па родах іхніх, Махлі і Мушы. Вось роды Лявііныя па сямействах іхніх.
Сыны Мэрары паводле сем’яў іхніх: Махлі і Мушы. Вось гэта сем’і Левія паводле дамоў бацькоў іхніх.
Ад Гірсона род Ліўні і род Шымэя: гэта роды Гірсонавыя.
Ад Гершона [паходзяць] сям’я Лібні і сям’я Шымэя. Гэта сем’і Гершона
Палічаных было ўсіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй, сем тысяч пяцьсот.
Лік палічаных мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — сем тысячаў пяцьсот.
Роды Гірсонавыя павінны спыняцца за скініяй на захад;
Сем’і Гершона разложацца табарам за Сялібай з захаду.
правадыр пакаленьня сыноў Гірсонавых Эліясаф, сын Лаэлаў;
Князем дому бацькоў Гершона [быў] Эліясаф, сын Ляэля.
ахове сыноў Гірсонавых у скініі сходу даручаецца скінія і покрыва яе, і заслона на ўваходзе ў скінію сходу,
Сынам Гершона ў Намёце Спатканьня даручана Сяліба, Намёт і пакрыцьцё ягонае, заслона пры ўваходзе ў Намёт Спатканьня,
і заслоны двара, і заслона на ўваходзе ў двор, які вакол скініі і ахвярніка, і вяроўкі яе, з усімі іх прыладамі.
заслоны панадворку, заслона пры выхадзе на панадворак, які пры Сялібе і ахвярніку, і вяроўкі, патрэбныя для ўсялякай службы.
Ад Каата род Амрамаў і род Іцгараў, і род Хэўронаў і род Узіілаў: гэта роды Каатавыя.
Ад Кегата [паходзяць] сем’і Амрама, Іцгара, Хеўрона і Узіэля. Гэта сем’і Кегата.
Па ліку ўсіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй, восем тысяч шэсьцьсот, якія ахоўвалі сьвятыню.
Лік усіх мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — восем тысячаў шэсьцьсот. Яны маюць вартаваць Сялібу.
Роды сыноў Каатавых павінны ставіць табар свой з паўднёвага боку скініі;
Сем’і сыноў Кегата разложацца табарам з паўднёвага боку Сялібы.
а правадыр пакаленьня родаў Каатавых Элцатан, сын Узіілаў;
Князем дому бацькоў Кегата [быў] Эліцафан, сын Узіэля.
пад аховаю ў іх каўчэг, стол, сьвяцільня, ахвярнікі, сьвяшчэнны посуд, які ўжываецца пры службе, і заслона з усімі яе прыладамі.
Яны мелі рупіцца пра каўчэг, стол, сьвечнік, ахвярнікі, пра прылады сьвятыні, прызначаныя для служэньня, пра заслону і абслугу яе.
Правадыр над правадырамі лявітаў Элеазар, сын Аарона сьвятара; пад яго наглядам тыя, каму даверана ахова сьвятыні.
А князем князёў лявітаў [быў] Элеазар, сын Аарона сьвятара. Ён наглядаў за тымі, што спаўнялі служэньне ў сьвятыні.
Ад Мэрары род Махлі і род Мушы: гэта род Мэрары;
Ад Мэрары [паходзяць] сем’і Махлі і Мушы. Гэта сем’і Мэрары.
палічаных па ліку ўсіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй — шэсьць тысяч дзьвесьце;
Лік палічаных мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — шэсьць тысячаў дзьвесьце.
правадыр пакаленьня родаў Мэрары Цурыіл, сын Авіхаілаў; яны павінны ставіць табар свой на паўночным баку скініі;
А князем дамоў бацькоў Мэрары [быў] Цурыэль, сын Абігаіля. Яны разложацца табарам з паўночнага боку Сялібы.
ахове сыноў Мэрары даручаюцца брусы скініі і жэрдзі яе, і слупы яе і падножжы яе і ўсе рэчы яе, з усім уладкаваньнем іх.
Сынам Мэрары даручаны былі дошкі Сялібы, жэрдкі іхнія, слупкі, падставы і ўсе [рэчы] для абслугі яе,
І слупы двара з усіх бакоў і падножжа іхняе, і колцы іхнія і вяроўкі іхнія.
і слупкі панадворку з усіх бакоў, і падставы іхнія, і колцы іхнія з вяроўкамі іхнімі.
А зь пярэдняга боку скініі, на ўсход перад скініяй сходу, павінны ставіць табар Майсей і Аарон і сыны ягоныя, якім даверана ахаваньне сьвятыні за сыноў Ізраілевых; а калі падступіцца хто староньні, аддадзены будзе сьмерці.
А з пярэдняга боку Сялібы, з усходу, перад Намётам Спатканьня разложацца табарам Майсей, і Аарон, і сыны ягоныя, якім даручана Сяліба ад імя сыноў Ізраіля. Калі хто наблізіцца чужы, будзе забіты.
Усіх палічаных лявітаў, якіх палічыў Майсей і Аарон па загадзе Гасподнім, паводле родаў іхніх, усіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй, дваццаць дзьве тысячы.
Поўны лік лявітаў, якіх палічылі Майсей і Аарон паводле слова з вуснаў ГОСПАДА, усіх мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — дваццаць дзьве тысячы.
І сказаў Гасподзь Майсею: палічы ўсіх першынцаў мужчынскага полу з сыноў Ізраілевых, ад аднаго месяца і вышэй, і пералічы іх паіменна;
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Падлічы ўсіх першародных мужчынаў сыноў Ізраіля ад аднаго месяца і вышэй, і палічы іх паіменна,
і вазьмі лявітаў дзеля Мяне, — Я Гасподзь, — замест усіх першынцаў з сыноў Ізраіля, а быдла лявітаў замест усяго першароднага быдла сыноў Ізраілевых.
і вазьмі лявітаў для Мяне як замену ўсіх першародных сярод сыноў Ізраіля. Я — ГОСПАД. І вазьмі жывёлу лявітаў замест усёй першароднай жывёлы сыноў Ізраіля».
І палічыў Майсей, як загадаў яму Гасподзь, усіх, першынцаў з сыноў Ізраілевых,
І палічыў Майсей, як загадаў яму ГОСПАД, усіх першародных сыноў Ізраіля.
і было ўсіх першынцаў мужчынскага полу, па ліку імёнаў, ад аднаго месяца і вышэй, дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце семдзесят тры.
І было ўсіх першародных мужчынаў па ліку імёнаў, ад аднаго месяца і вышэй, паводле падліку — дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце семдзясят тры.
І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
вазьмі лявітаў замест усіх першынцаў з сыноў Ізраіля і быдла лявітаў замест быдла іхняга; няхай лявіты будуць Мае. Я Гасподзь.
«Вазьмі лявітаў замест усіх першародных сыноў Ізраіля і жывёлу лявітаў замест жывёлы іхняй. І лявіты будуць Маімі. Я — ГОСПАД.
А выкуп двухсот сямідзесяці трох, якія лішнія ў ліку лявітаў, зь першынцаў Ізраілевых,
Як выкуп за гэтых дзьвесьце семдзясят трох з першародных сыноў Ізраіля, што перавышаюць лік лявітаў,
вазьмі па пяць сікляў за чалавека, па сіклі сьвяшчэнным вазьмі, дваццаць гераў у сіклі
вазьмі па пяць сыкляў ад галавы, паводле сыкля сьвятыні; сыкль мае дваццаць гераў.
і аддай срэбра гэта Аарону і сынам ягоным, у выкуп за лішніх у ліку іхнім.
І дасі срэбра Аарону і сынам ягоным як выкуп за тых, што перавышаюць лік».
І ўзяў Майсей срэбра выкупу за лішніх у ліку замененых лявітамі,
І ўзяў Майсей срэбра выкупу за тых, што перавышалі лік выкупленых лявітамі.
ад першынцаў Ізраілевых узяў срэбра тысячу трыста шэсьцьдзясят пяць сікляў, па сіклі сьвяшчэнным,
Ад першародных сыноў Ізраіля атрымаў [Майсей] срэбра тысячу трыста шэсьцьдзясят пяць [сыкляў] паводле сыкля сьвятыні.
і аддаў Майсей срэбра выкупу Аарону і сынам ягоным па слове Гасподнім, як загадаў Гасподзь Майсею.
І аддаў Майсей срэбра выкупу Аарону і сынам ягоным паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею.