Лікі 10 разьдзел

Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

зрабі сабе дзьве срэбраныя трубы, каваныя зрабі іх, каб яны служылі табе на скліканьне супольства і каб здымаць табары;
 
«Зрабі сабе дзьве трубы срэбныя, кутыя, і будуць яны склікаць усю грамаду, каб рыхтаваць табар [у дарогу].

калі затрубяць у іх, зьбярэцца да цябе ўсё супольства да ўваходу ў скінію сходу:
 
І затрубяць [у трубы], і зьбярэцца да цябе ўся грамада да ўваходу ў Намёт Спатканьня.

калі ў адну трубу затрубяць, зьбяруцца да цябе князі і тысячнікі Ізраільскія;
 
А калі ў адну затрубяць, зьбяруцца да цябе князі і начальнікі дружынаў Ізраіля.

калі затрубіце трывогу, падымуцца табары, што стаяць з усходу;
 
Калі затрубіш працягла, выйдзе [ў дарогу] табар, які з усходняга боку.

калі другі раз затрубіце трывогу, падымуцца табары, што стаяць з поўдня; трывогу няхай трубяць, калі яны выпраўляюцца ў дарогу;
 
Калі другі раз працягла затрубіш, выйдзе [ў дарогу] табар, які з паўднёвага боку. Знакам на вырушаньне табару будзе працяглае трубеньне.

а калі трэба склікаць сход, трубеце, але ня трывогу;
 
На зьбіраньне царквы затрубіце, але не працягла.

сыны Ааронавыя, сьвятары, павінны трубіць у трубы: гэта будзе вам пастанова вечная ў роды вашыя;
 
Трубіць у трубы будуць сыны Аарона, сьвятары. Будзе гэта вам і нашчадкам вашым пастанова вечная.

і калі пойдзеце на вайну ў зямлі вашай супроць ворага, які наступацьме на вас, трубеце трывогу ў трубы, — і будзеце ўспомненыя перад Госпадам, Богам вашым, і ўратаваныя будзеце ад ворагаў вашых;
 
Калі будзеш ісьці на вайну ў зямлі вашай супраць ворага, які наступае на вас, будзеце трубіць у трубы. Гэта будзе кліч ваш перад абліччам ГОСПАДА, Бога вашага, і Ён збавіць вас ад ворагаў вашых.

і ў дзень весялосьці вашай, і ў сьвяты вашыя, і ў час маладзікоў вашых трубеце ў трубы пры цэласпаленьнях вашых і пры мірных ахвярах вашых, — і гэта будзе нагадваць пра вас перад Богам вашым. Я Гасподзь, Бог ваш.
 
У дзень радасьці вашай, у сьвяты і ў маладзікі, пры вашых цэласпаленьнях і ахвярах мірных, будзеце трубіць у трубы; і яны будуць нагадваньнем перад абліччам Бога вашага пра вас. Я — ГОСПАД, Бог ваш!»

На другі год, у другі месяц, на дваццаты дзень месяца, паднялося воблака ад скініі адкрыцьця;
 
І сталася ў другі год, у другі месяц, у дваццаты [дзень] месяца, паднялося воблака з-над Сялібы Сьведчаньня.

і выправіліся сыны Ізраілевыя па табарах сваіх з пустыні Сінайскай, і спынілася воблака ў пустыні Фаран.
 
І вырушылі сыны Ізраіля ў дарогу сваю з пустыні Сынай, і спынілася воблака ў пустыні Паран.

І падняліся яны першы раз, па загадзе Гасподнім, дадзеным праз Майсея.
 
Першы раз паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, [дадзенага] праз Майсея, вырушылі ў дарогу.

Падняты быў найперш прапар сыноў Юдавых па рушэньнях іхніх; над рушэньнем іхнім Наасон, сын Амінадаваў;
 
Першым вырушыў сьцяг табару сыноў Юды з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі [быў] Нахшон, сын Амінадава.

і над рушэньнем племені сыноў Ісахаравых Натанаіл, сын Цуараў;
 
А над дружынамі пакаленьня сыноў Ісахара [быў] Натанаэль, сын Цуара.

і над рушэньнем племені сыноў Завулонавых Эліяў, сын Хэлонаў.
 
А над дружынамі пакаленьня сыноў Завулёна [быў] Эліяў, сын Хэлёна.

І зьнята была скінія, і пайшлі сыны Гірсонавыя і сыны Мэрарыныя, якія носяць скінію.
 
І разабралі Сялібу, і вырушылі сыны Гершона і сыны Мэрары, несучы Сялібу.

І падняты быў сьцяг табару Рувімавага па рушэньнях іхніх; і над рушэньнем ягоным Эліцур, сын Шэдэураў;
 
І выйшаў [у дарогу] сьцяг табару сыноў Рубэна з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі [быў] Эліцур, сын Шэдэура.

і над рушэньнем племені сыноў Сымонавых Шэлумііл, сын Цурышадаеў;
 
А над дружынамі пакаленьня сыноў Сымона [быў] Шэлюміэль, сын Цурышадая.

і над рушэньнем племені сыноў Гадавых Эліясаф, сын Рэгуілаў.
 
Над дружынамі пакаленьня сыноў Гада [быў] Эліясаф, сын Дэўэля.

Потым пайшлі сыны Каатавыя, якія носяць сьвятыню; а скінію ставілі да іхняга прыходу.
 
І выйшлі [ў дарогу] сыны Кегата, несучы [рэчы] сьвятыя, і пакуль яны прыйшлі, Сяліба была ўжо пастаўлена.

і падняты быў сьцяг табару сыноў Яфрэмавых па рушэньнях іхніх; і над рушэньнем іхнім Элішама, сын Аміудаў;
 
І выйшаў [у дарогу] сьцяг табару сыноў Эфраіма з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі [быў] Элішама, сын Амігуда.

і над рушэньнем племені сыноў Манасііных Гамалііл, сын Пэдацураў:
 
А над дружынай пакаленьня сыноў Манасы [быў] Гамаліэль, сын Пэдагсура.

і над рушэньнем племені сыноў Веньямінавых Авідан, сын Гідэонаў.
 
А над дружынамі пакаленьня сыноў Бэн’яміна [быў] Абідан, сын Гідэоні.

Апошні з усіх табараў падняты быў сьцяг табару сыноў Данавых з рушэньнямі іхнімі: і над рушэньнем іхнім Ахіезэр, сын Амішадаеў;
 
І выйшаў [у дарогу] сьцяг табару сыноў Дана з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі [быў] Ахіезэр, сын Амішадая.

і над рушэньнем племені сыноў Асіравых Пагііл, сын Ахранаў;
 
А над дружынамі пакаленьня сыноў Асэра [быў] Пагіэль, сын Акрана.

і над рушэньнем племені сыноў Нэфталімавых Ахіра, сын Энанаў.
 
А над дружынамі сыноў Нэфталі [быў] Ахіра, сын Энана.

Вось парадак шэсьця сыноў Ізраілевых па рушэньнях іхніх. І выправіліся яны.
 
Вось такі быў [парадак] паходу сыноў Ізраіля з дружынамі сваімі, калі выходзілі [ў дарогу].

І сказаў Майсей Хававу, сыну Рагуілаваму, Мадыяніцяніну, родзічу Майсееваму: мы выпраўляемся ў тую мясьціну, пра якую Гасподзь сказаў: вам аддам яе; ідзі з намі, мы зробім табе дабро, бо Гасподзь добрае мовіў пра Ізраіля.
 
І сказаў Майсей Хававу, сыну Рэгуэля, Мадыянца, цесьця свайго: «Мы выходзім у месца, пра якое сказаў ГОСПАД: "Я дам [яго] вам". Хадзі з намі, і будзе табе добра, бо ГОСПАД абяцаў дабро Ізраілю».

Але ён сказаў яму: не пайду; я пайду ў сваю зямлю і на сваю радзіму.
 
Той сказаў яму: «Не пайду, але пайду ў зямлю маю і да сваякоў маіх».

А Майсей сказаў: не пакідай нас, бо ты ведаеш, як разьмяшчаемся мы табарам у пустыні, і будзеш нам вокам;
 
І сказаў [Майсей]: «Не пакідай нас, бо ты ведаеш, як мы маем раскладацца табарам у пустыні, і будзеш для нас вачыма.

калі пойдзеш з намі, дык дабро, якое Гасподзь зробіць нам, мы зробім табе.
 
Калі пойдзеш з намі, тады калі будзе нешта добрае, што дасьць нам ГОСПАД, мы дамо табе».

І выправіліся яны ад гары Гасподняй на тры дні дарогі, і, каб нагледзець мясьціну, дзе спыніцца.
 
І вырушылі яны з гары ГОСПАДА, і ішлі на працягу трох дзён. Каўчэг Запавету ГОСПАДА ішоў наперадзе іх на працягу трох дзён, каб знайсьці месца на табар.

І воблака Гасподняе ахінала іх удзень, калі яны выпраўляліся з табару.
 
І воблака ГОСПАДА [было] над імі ўдзень, калі яны выходзілі з табару.

Калі падымаўся каўчэг у дарогу, Майсей казаў: паўстань, Госпадзе, і рассыплюцца ворагі Твае, і пабягуць ад аблічча Твайго ненавісьнікі Твае!
 
І было, калі вырушаў Каўчэг [у дарогу], Майсей казаў: «Паўстань, ГОСПАДЗЕ, і няхай разьбягуцца ворагі Твае, і няхай паўцякаюць тыя, што ненавідзяць Цябе, перад абліччам Тваім».

А калі спыняўся каўчэг, ён казаў: вярніся, Госпадзе, да тысячаў і цьмоў Ізраілевых!
 
А калі ставілі [Каўчэг], казаў: «Вярніся, ГОСПАДЗЕ, да шматлікага войска Ізраіля!»