Лікі 35 разьдзел

Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І сказаў Гасподзь Майсею на раўнінах Маавіцкіх каля Ярдана насупраць Ерыхона, кажучы:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея на раўнінах Мааву каля Ярдану насупраць Ерыхону, кажучы:

загадай сынам Ізраілевым, каб яны з надзелаў валоданьня свайго далі лявітам гарады для жыхарства; і палі пры гарадах з усіх бакоў дайце лявітам.
 
«Загадай сынам Ізраіля, каб далі лявітам са спадчыны сваёй гарады, у якіх яны б жылі, і пашы кругом гарадоў дайце лявітам.

Гарады будуць ім для жыхарства, а палі будуць для быдла іхняга і для маёмасьці іхняй і для ўсіх жыцьцёвых патрэбаў іхніх.
 
У гарадах яны будуць жыць, а пашы будуць для быдла іхняга, для статку іхняга і для ўсёй жывёлы іхняй.

Палі каля гарадоў, якія вы павінны даць лявітам, ад сьцяны горада павінны прасьцірацца на дзьве тысячы локцяў, ва ўсе бакі.
 
І будуць пашы гарадоў, якія дасьцё лявітам, ад муроў гарадзкіх на тысячу локцяў наўкола.

І адмерце за горадам на ўсходні бок дзьве тысячы локцяў, і на паўднёвы бок дзьве тысячы локцяў, а пасярэдзіне горад: такія будуць у іх палі каля гарадоў.
 
Адмерайце за горадам дзьве тысячы локцяў з боку ўсходняга, дзьве тысячы локцяў з боку паўднёвага, дзьве тысячы локцяў з боку заходняга і дзьве тысячы локцяў з боку паўночнага, каб сам горад быў пасярэдзіне; гэта будуць пашы вакол тых гарадоў.

З гарадоў, якія вы дасьце лявітам, будуць шэсьць гарадоў пад сховы, у якія вы дазволіце ўцякаць забойцу; і звыш іх дайце сорак два гарады.
 
Гарады, якія дасьцё лявітам, [будуць] шэсьць гарадоў прыбежышча, каб забойца мог у іх схавацца, і апрача іх [яшчэ] сорак два гарады.

Усіх гарадоў, якія вы павінны даць лявітам, будзе сорак восем гарадоў, з палямі каля іх.
 
Усіх гарадоў, якія разам з пашамі дасьцё лявітам, будзе сорак восем.

І калі будзеце даваць гарады з валоданьня сыноў Ізраілевых, тады з большага дайце больш, зь меншага менш; кожнае племя, гледзячы па надзеле, які атрымае, павінна даць з гарадоў сваіх лявітам.
 
Адносна гарадоў, якія дасьцё са спадчыны сыноў Ізраіля: ад шматлікага [пакаленьня] — большую [лічбу], ад малалікага — меншую. Кожнае [пакаленьне] паводле вялікасьці атрыманай спадчыны дасьць гарады свае лявітам».

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі вы пяройдзеце празь Ярдан у зямлю Ханаанскую,
 
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі пяройдзеце праз Ярдан у зямлю Ханаан,

выберце сабе гарады, якія былі б у вас гарадамі пад сховы, куды мог бы ўцячы забойца, які забіў чалавека ненаўмысна.
 
выбярыце сабе гарады, якія будуць для вас прыбежышчам, уцячэ туды забойца, які выпадкова забіў душу.

І будуць у вас гарады гэтыя сховішчам ад помсьніка, каб ня быў забіты забойца, перш чым ён стане перад супольствам на суд.
 
І яны будуць вам гарадамі прыбежышча ад мсьціўцы [за кроў], і забойца не памрэ, пакуль ня стане перад грамадою на суд.

А гарадоў, якія вы павінны даць, гарадоў-сховішчаў, павінна быць у вас шэсьць.
 
А гарадоў, якія дасьцё як гарады прыбежышча, будзе шэсьць.

Тры гарады дайце па гэты бок Ярдана, і тры гарады дайце ў зямлі Ханаанскай; гарадамі-сховішчамі павінны быць яны.
 
Тры гарады дайце за Ярданам, а тры гарады — у зямлі Ханаан як гарады прыбежышча.

Сынам Ізраілевым і прыхадням і пасяленцам сярод вас будуць гэтыя шэсьць гарадоў сховішчам, каб уцякаць туды кожнаму, хто забіў чалавека ненаўмысна.
 
Для сыноў Ізраіля і для прыхадняў, і для тых, хто пасяліўся сярод вас, будуць тыя шэсьць гарадоў прыбежышча, каб [мог] у іх уцячы той, хто ненаўмысна забіў душу.

Калі хто ўдарыць каго жалезнай прыладай, так што той памрэ, — дык ён забойца: забойцу трэба аддаць на сьмерць.
 
Калі чалавек ударыць іншага жалезам, і той памрэ, той, [хто ўдарыў], — забойца; забойца сьмерцю памрэ.

І калі хто ўдарыць каго з рукі каменем, ад якога можна памерці, так што той памрэ, — дык ён забойца: забойцу трэба аддаць на сьмерць.
 
Калі чалавек ударыў камянём, якім можна забіць, і забіў, ён — забойца; забойца сьмерцю памрэ.

Альбо, калі драўлянай прыладай, ад якое можна памерці, ударыць з рукі так, што той памрэ, — дык ён забойца: забойцу трэба аддаць на сьмерць.
 
Калі чалавек паленам, якім можна забіць, так ударыў чалавека, што той памёр, ён — забойца, забойца сьмерцю памрэ.

Помсьнік за кроў сам можа забіць забойцу; як толькі спаткае таго, сам можа ўсьмерціць яго.
 
Мсьціўца за кроў заб’е забойцу; дзе сустрэне яго, заб’е яго.

Калі хто штурхне каго зь нянавісьці, альбо наўмысна кіне на яго што-небудзь, так што той памрэ,
 
Калі хто з нянавісьці напаў на чалавека, або кінуў у яго штосьці з намерам забіць, і той памёр,

альбо з варожасьці ўдарыць яго рукою, так што той памрэ: дык таго, хто ўдарыў, трэба аддаць сьмерці, — ён забойца; помсьнік за кроў можа ўсьмерціць забойцу, як толькі спаткае яго.
 
або калі хто ў злосьці ўдарыў рукою сваёй, і той памёр, той, хто ўдарыў, сьмерцю памрэ, бо ён — забойца; і мсьціўца за кроў заб’е яго, калі сустрэне.

Калі ж ён штурхне яго незнарок, без варожасьці, альбо кіне на яго што-небудзь без намыслу,
 
А калі нехта выпадкова і бяз злосьці ўдарыў чалавека або кінуў у яго нечым ненаўмысна,

альбо які-небудзь камень, ад якога можна памерці, ня бачачы ўпусьціць на яго, так што той памрэ, але ён ня быў ворагам яму і не хацеў яму благога:
 
або, ня бачачы яго, пусьціў у яго камень, які можа забіць, і той памёр, але ён ня быў яго ворагам і ён не хацеў яму зла,

дык супольства павінна рассудзіць забойцу і помсьніка за кроў паводле гэтых пастановаў;
 
тады грамада павінна судзіць паміж тым, які ўдарыў, і мсьціўцам за кроў паводле судоў гэтых.

і павінна супольства ўратаваць забойцу ад рукі помсьніка за кроў, і павінна вярнуць яго супольства ў горад сховішча ягонага, куды ён уцёк, каб ён жыў там да сьмерці вялікага сьвятара, які памазаны сьвяшчэнным алеем.
 
І выратуе грамада забойцу ад рукі мсьціўца за кроў і верне яго грамада ў горад прыбежышча, куды ён уцёк, і ён будзе там жыць да сьмерці сьвятара вялікага, які памазаны сьвятым алеем.

Калі ж забойца выйдзе за мяжу горада-сховішча, у які ён уцёк,
 
Калі ж забойца выйдзе за межы гораду прыбежышча, у які схаваўся,

і знойдзе яго помсьнік за кроў па-за межамі горада схову ягонага, і заб’е забойцу гэтага помсьнік за кроў, дык ня будзе на ім віны праліцьця крыві.
 
і калі мсьціўца за кроў сустрэне яго па-за межамі гораду прыбежышча, і заб’е мсьціўца за кроў забойцу, ён ня мае [віны] за кроў.

Бо той павінен быў жыць у горадзе схову свайго да сьмерці вялікага сьвятара; а пасьля сьмерці вялікага сьвятара павінен быў вярнуцца забойца ў зямлю валоданьня свайго.
 
Бо да сьмерці сьвятара вялікага павінен забойца быць у горадзе прыбежышча свайго. Пасьля сьмерці сьвятара вялікага можа ён вярнуцца ў зямлю спадчыны сваёй.

Хай будзе гэта ў вас устаноўлена законам у роды вашыя, ва ўсіх селішчах вашых.
 
І будзе гэта для вас пастановай у-ва ўсе пакаленьні вашыя і ў-ва ўсіх месцах пражываньня вашага.

Калі хто заб’е чалавека, дык забойцу трэба забіць па словах сьведак; але аднаго сьведкі недастаткова, каб засудзіць на сьмерць.
 
Кожны, хто забіў душу, на падставе [словаў] з вуснаў сьведкаў будзе забіты як забойца. Але адзін сьведка ня будзе асуджаць душу на сьмерць.

Не бярэце выкупу за душу ўбойцы, які заслужыў сьмерці, ён сьмерцю памрэ.
 
Не бярыце выкупу за душу забойцы, які варты сьмерці; ён сьмерцю памрэ.

І не бярэце адкупу за таго, хто ўцёк у горад схову, каб яму дазволіць жыць у зямлі сваёй да сьмерці вялікага сьвятара.
 
Не бярыце выкупу за ўцёкшага ў горад прыбежышча, каб яму дазволіць жыць у зямлі сваёй перад сьмерцю першасьвятара.

Не апаганьвайце зямлі, на якой вы будзеце жыць; бо кроў апаганьвае зямлю, і зямля ня йнакш ачышчаецца ад пралітай на ёй крыві, як крывёю таго, хто праліў яе.
 
Не паганьце зямлі пражываньня вашага, бо кроў паганіць зямлю, і ніяк ня можа быць перапрошана за кроў, пралітую на зямлю, як толькі праз кроў таго, хто праліў яе.

Нельга апаганьваць зямлю, на якой вы жывяце, сярод якое жыву Я; бо Я Гасподзь жыву сярод сыноў Ізраілевых.
 
Не рабіце нячыстай зямлю, на якой будзеце жыць, бо Я буду жыць пасярод вас. Бо Я — ГОСПАД, Які жыву пасярод сыноў Ізраіля”».