Лікі 24 разьдзел

Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Валаам убачыў, што Госпаду заўгодна дабраслаўляць Ізраіля, і не пайшоў, як раней, чарадзейнічаць, а павярнуўся тварам сваім да пустыні.
 
І ўбачыў Білеам, што добра ў вачах ГОСПАДА, каб дабраславіць Ізраіля, і ён не пайшоў, як раней хадзіў, каб варажыць, але павярнуў аблічча сваё на пустыню.

І зірнуў Валаам і ўбачыў Ізраіля, які стаяў паводле родаў сваіх, і быў на ім Дух Божы.
 
І падняў Білеам вочы свае, і ўбачыў Ізраіля, што стаяў паводле каленаў сваіх, і агарнуў яго Дух Божы,

І прамовіў ён прытчу і сказаў: гаворыць Валаам, сын Вэораў, гаворыць муж з адкрытым вокам,
 
і абвясьціў ён прароцтва сваё, і сказаў: «Кажа Білеам, сын Бэора, кажа чалавек, у якога адкрытыя вочы,

гаворыць той, хто чуе словы Божыя, які бачыць уявы Ўсемагутнага; падае, але адкрытыя вочы ягоныя:
 
кажа той, хто чуе слова Божае, той, хто бачыць відзежы Усемагутнага, той, хто падае, але мае вочы адкрытыя.

такія цудоўныя намёты твае, Якаў, селішчы твае, Ізраіле!
 
Якія добрыя намёты твае, Якубе, і сялібы твае, Ізраілю!

расьсьцілаюцца яны як даліны, як сады над ракою, як альясавыя дрэвы, пасаджаныя Госпадам, як кедры каля вады;
 
Раскінуліся яны як даліны рэкаў, як сады на беразе ручая, як альвасы, якія ГОСПАД пасадзіў, як кедры над водамі.

пальецца вада зь вёдраў ягоных, і насеньне ягонае будзе як вялікія воды, пераўзыдзе Агага цар яго і ўзвысіцца царства ягонае.
 
Цячэ вада з нетраў ягоных, і зерне ягонае мае ўдосталь вады. Валадар ягоны мацнейшы за Агага, і ўзвышаецца валадарства ягонае.

Бог вывеў яго зь Егіпта, імклівасьць адзінарога ў яго, пажырае народы, варожыя яму, дробіць косьці іхнія і стрэламі сваімі б’е.
 
Бог вывеў яго з Эгіпту. Ён для яго — як рог аднарога. Праглыне ён народы, прыгнятальнікаў сваіх, косткі іхнія патрушчыць і праб’е стрэламі сваімі.

Нахіліўся, і лёг, як леў і як ільвіца, — хто падыме яго? Хто дабраслаўляе цябе, той дабраславёны, і хто праклінае цябе, той пракляты!
 
Ён прыхіліўся, лёг, як леў і як ільвіца. Хто адважыцца пабудзіць яго? Хто дабраслаўляе цябе, сам будзе дабраслаўлёны; хто праклінае цябе, сам будзе пракляты!»

І ўспалымніўся гнеў Валака на Валаама, і пляснуў ён рукамі сваімі, і сказаў Валак Валааму: я паклікаў цябе праклясьці ворагаў маіх, а ты дабраслаўляеш іх вось ужо трэці раз;
 
І разгневаўся Балак на Білеама, і пляснуў у далоні свае, і сказаў Балак Білеаму: «Праклінаць ворагаў маіх я паклікаў цябе. А вось, ты іх ўжо трэці раз, дабраслаўлючы, дабраслаўляеш!

дык вось, бяжы ў сваё месца; я хацеў ушанаваць цябе, але вось, Гасподзь пазбаўляе цябе гонару.
 
Дык цяпер уцякай у месца сваё! Хацеў я цябе, ушаноўваючы, ушанаваць, але вось, ГОСПАД пазбавіў цябе ўшанаваньня».

І сказаў Валаам Валаку: «ці не казаў я паслам тваім, якіх ты пасылаеш да мяне:
 
І сказаў Білеам Балаку: «Ці ж да пасланцоў тваіх, якіх ты паслаў да мяне, я не прамаўляў, кажучы:

«хоць бы даваў мне Валак поўны свой дом срэбра і золата, не магу пераступіць загаду Гасподняга, каб зрабіць што-небудзь добрае альбо благое па сваёй волі: што скажа Гасподзь, тое і буду казаць»?
 
“Хоць бы Балак даваў мне поўны дом свой срэбра або золата, не магу працівіцца [слову] з вуснаў ГОСПАДА, каб што добрае, ці што ліхое ўчыніць з сэрца майго, але тое, што ГОСПАД прамовіць, я прамаўляць буду”.

дык вось, я іду да народу свайго; ідзі, я абвяшчу табе, што зробіць народ гэты з народам тваім зь бегам часу.
 
І цяпер, вось, я іду да народу майго, але падыйдзі, я паведамлю табе, што зробіць народ гэты з народам тваім у наступныя дні».

І прамовіў прыпавесьць сваю і сказаў: гаворыць Валаам, сын Вэораў, гаворыць муж з адкрытым вокам,
 
І абвясьціў ён прароцтва сваё, і сказаў: «Кажа Білеам, сын Бэора, кажа чалавек, які мае адкрытыя вочы,

гаворыць той, хто чуе словы Божыя, хто мае ўяву ад Усявышняга, хто бачыць уявы Ўсемагутнага, падае, але адкрытыя вочы ў яго.
 
кажа той, хто чуе словы Божыя, які ведае думку Найвышэйшага і бачыць відзежы Усемагутнага, які падае, але мае адкрытыя вочы.

Бачу Яго, але яшчэ ня сёньня; бачу Яго, але ня блізка. Узыходзіць зорка ад Якава і паўстае жазло ад Ізраіля, і б’е князёў Маава і валіць усіх сыноў Сітавых.
 
Бачу яго, але [яшчэ] не цяпер, аглядаю яго, але ня зблізка. Узыходзіць зорка з Якуба, і паўстае скіпетр з Ізраіля; і ён струшчыць скроні Мааву і зьнішчыць усіх сыноў Сэта.

Эдом будзе пад валоданьнем, Сэір будзе пад валоданьнем ворагаў сваіх, а Ізраіль пакажа сілу.
 
І Эдом станецца ўласнасьцю ягонай, і Сэір станецца ўласнасьцю ворагаў сваіх, а Ізраіль станецца моцным.

Той, хто паходзіць ад Якава, авалодае і загубіць рэшткі горада.
 
Ад Якуба выйдзе той, які мае ўладу, і зьнішчыць ён рэшткі гораду».

І ўгледзеў ён Амаліка, і прамовіў прытчу сваю, і сказаў: першы з народаў Амалік, але канец ягоны — пагібель.
 
І ўбачыў ён Амалека, і абвясьціў прароцтва сваё, і сказаў: «Амалек — першы з народаў, але канец ягоны — загуба».

І ўгледзеў ён Кенэяў, і прамовіў ён прыпавесьць сваю, і сказаў: моцнае селішча тваё, і на скале ўладжана гняздо тваё;
 
І ўбачыў ён Кенэяў, і абвясьціў прароцтва сваё, і сказаў: «Моцнае жытло тваё, і на скале пабудаванае гняздо тваё;

але спустошаны будзе Каін, і неўзабаве Асур паняволіць цябе.
 
але будзе на спаленьне Кенэй, калі Асур зьняволіць цябе».

І прамовіў прыпавесьць сваю і сказаў: гора, хто ацалее, калі навядзе гэта Бог!
 
І абвясьціў ён прароцтва сваё, і сказаў: «Гора! Хто будзе жыць, калі Бог зробіць гэта?

прыйдуць караблі ад Кітыма і ўрымсьцяць Асура і ўрымсьцяць Эвэра; але і ім пагібель!
 
Прыплывуць караблі з Кіттыму, і перамогуць Асура, і перамогуць Эвэра, але ўрэшце самі загінуць».

І ўстаў Валаам і пайшоў назад у сваю мясьціну, а Валак таксама пайшоў сваёю дарогаю.
 
І ўстаў Білеам, і вярнуўся ў месца сваё, а Балак таксама пайшоў дарогай сваёй.