Лікі 11 разьдзел

Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Народ пачаў наракаць уголас на Госпада; і Гасподзь пачуў, і ўспалымніўся гнеў Ягоны, і загарэўся ў іх агонь Гасподні і пачаў паліць край табару.
 
І сталася, што народ наракаў, і кепска [гэта было] ў вушах ГОСПАДА. І пачуў гэта ГОСПАД, і разгневаўся, і ўзгарэўся на іх агонь ГОСПАДА, і зьнішчыў крайнюю частку табара.

І закрычаў народ Майсею; і памаліўся Майсей Госпаду, і патух агонь.
 
І народ стаў клікаць Майсея, і Майсей маліў ГОСПАДА, і агонь спыніўся.

І далі назву мясьціне гэтай: Тавэра, бо загарэўся ў іх агонь Гасподні.
 
І назвалі тое месца Табэра, бо [там] узгарэўся супраць іх агонь ГОСПАДА.

Прыхадні сярод іх пачалі аддавацца прыхамаці; а зь імі і сыны Ізраілевыя сядзелі і плакалі і казалі: хто накорміць нас мясам?
 
Іншапляменьнікі, якія [былі] паміж імі, зажадалі пажаданьнем і [захацелі] вярнуцца, і разам з імі сыны Ізраіля плакалі і казалі: «Хто дасьць нам есьці мяса?

мы памятаем рыбу, якую ў Егіпце мы елі задарам, гуркі і дыні, цыбулю-рэпку і часнык:
 
Мы памятаем, як у Эгіпце мы елі дарма рыбу, і агуркі, дыні, салат, цыбулю і часнык.

а цяпер душа нашая зьнемагае; нічога няма, толькі манна ў вачах нашых.
 
А цяпер душа нашая ссохла, нічога іншага ня бачаць вочы нашыя, апрача манны».

А манна была падобная на каляндравае насеньне, з выгляду, як бдолах;
 
А манна была падобная да насеньня каляндры і мела выгляд як бдалах.

народ хадзіў і зьбіраў яе, і малоў у жорнах альбо тоўк у ступе, і гатаваў у катле, і рабіў зь яе ляпёшкі; а смак яе падобны быў да смаку ляпёшак з алеем.
 
Людзі выходзілі і зьбіралі яе, і малолі ў жорнах або таўклі ў ступе і варылі ў гаршчках, і рабілі з яе аладкі; і смак іх быў падобны да аладак з алеем.

І калі раса ападала ўначы на табар, тады сыходзіла на яго і манна.
 
Калі ноччу раса ападала на табар, [адначасова] ападала і манна.

Майсей чуў, што народ плача ў сем’ях сваіх, кожны каля дзьвярэй намёта свайго; і моцна ўспалымнеў гнеў Гасподні, і скрушліва зрабілася Майсею.
 
І пачуў Майсей, як народ плача сем’ямі сваімі, кожны каля ўваходу ў намёт свой. І вельмі ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА, і гэта кепскім [было] ў вачах Майсея.

І сказаў Майсей Госпаду: навошта Ты мучыш раба Твайго? і чаму я не знайшоў літасьці перад вачыма Тваімі, што Ты ўсклаў на мяне цяжар усяго народу гэтага?
 
І сказаў Майсей ГОСПАДУ: «Чаму Ты мучыш слугу Твайго? Чаму не магу я знайсьці ласкі ў вачах Тваіх? Чаму Ты ўсклаў на мяне цяжар усяго народу гэтага?

хіба я насіў у чэраве ўвесь народ гэты і хіба я спарадзіў яго, што Ты кажаш мне: нясі яго на руках тваіх, як нянька носіць дзіця, у зямлю, якую Ты прысягаю абяцаў бацькам ягоным?
 
Ці ж з мяне пачаўся ўвесь народ гэты, або я нарадзіў яго, што Ты кажаш мне: “Насі яго на ўлоньні тваім, як носіць карміцелька дзіцятка, і [занясі] ў зямлю, якую запрысяг бацькам іхнім”?

дзе мне ўзяць мяса, каб даць усяму народу гэтаму? бо яны плачуць перад мною і кажуць: дай нам есьці мяса.
 
Адкуль у мяне мяса, каб даць усяму народу гэтаму? З плачам [наракаюць] на мяне, кажучы: “Дай нам мяса, каб мы наеліся!”

Я адзін не магу несьці народу гэтага, бо ён цяжкі мне;
 
Не магу я сам насіць увесь народ гэты, бо ён зацяжкі для мяне.

калі Ты так робіш са мною, дык лепей аддай мяне сьмерці, калі я знайшоў літасьць перад вачыма Тваімі, каб ня бачыць мне бедства майго.
 
Калі Ты такім чынам робіш са мною, прашу, забі мяне, калі я знайшоў ласку ў вачах Тваіх, каб ня бачыў я няшчасьця майго!»

І сказаў Гасподзь Майсею: зьбяры мне семдзесят мужчын са старэйшынаў Ізраілевых, якіх ты ведаеш, што яны старэйшыны і наглядчыкі ягоныя і вазьмі іх да скініі сходу, каб яны сталі там з табою;
 
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Скліч Мне семдзясят чалавек спасярод старшыняў Ізраіля, пра якіх ты ведаеш, што яны паважаныя ў народзе і наглядаюць за ім, і прывядзі іх у Намёт Спатканьня, і няхай там яны стануць разам з табою.

Я сыду, і буду гутарыць там з табою, і вазьму ад Духа, Які на табе, і ўскладу на іх несьці цяжар народу, каб не адзін ты насіў.
 
А Я зыйду і буду гаварыць з табою, і вазьму з духа, які на табе, і дам ім, каб яны разам з табою насілі цяжар народу, а ня толькі ты насіў [цяжар гэты].

А народу скажы: ачысьціцеся да заўтрашняга дня, і будзеце есьці мяса; бо вы ўголас плакаліся Богу і казалі: хто накорміць нас мясам? добра нам было ў Егіпце, — дык і дасьць вам Гасподзь мяса, і есьцімеце:
 
А народу скажы: “Ачысьціцеся назаўтра і будзеце есьці мяса, бо вы плакалі на вачах ГОСПАДА, кажучы: 'Хто дасьць нам есьці мяса? Добра было нам у Эгіпце'. І дасьць вам ГОСПАД мяса, і будзеце есьці,

не адзін дзень будзеце есьці, ня два дні, ня пяць дзён, ня дзесяць дзён і ня дваццаць дзён,
 
і не адзін дзень будзеце есьці, і ня два або пяць, або дзесяць, або дваццаць,

а цэлы месяц, пакуль ня пойдзе яно з ноздраў вашых і ня зробіцца вам агідным за тое, што вы пагардзілі Госпадам, Які сярод вас, і енчылі перад Ім, кажучы: навошта нам было выходзіць зь Егіпта?
 
але ўвесь месяц, аж пакуль вам ня выйдзе [мяса] праз ноздры вашыя і не абрыдзіць вам, бо вы адвярнуліся ад ГОСПАДА, Які сярод вас, і наракалі перад абліччам Ягоным, кажучы: 'Навошта выйшлі мы з Эгіпту?'”»

І сказаў Майсей: шэсьцьсот тысяч пешых у народзе гэтым, сярод якога і я; а Ты кажаш: Я дам ім мяса, і будуць есьці цэлы месяц!
 
І сказаў Майсей: «Шэсьцьсот тысячаў пешых у народзе гэтым, пасярод якога я [жыву], а Ты кажаш: “Я дам ім мяса, і будуць есьці цэлы месяц”?

ці закалоць усіх авечак і валоў, каб ім было даволі? альбо ўся рыба марская зьбярэцца, каб задаволіць іх?
 
Ці ж [усе] авечкі і валы будуць забітыя для іх, каб ім хапіла? Або ці ўсе рыбы ў моры будуць сабраныя для іх, каб ім хапіла?»

І сказаў Гасподзь Майсею: хіба рука Гасподняя кароткая? сёньня ты ўбачыш, ці збудзецца слова Маё табе, а ці не.
 
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Ці ж рука ГОСПАДА скарацілася? Цяпер убачыш, ці слова Маё споўніцца, ці не».

Майсей выйшаў і сказаў народу словы Гасподнія, і сабраў семдзесят мужчын са старэйшынаў народу і паставіў іх каля скініі.
 
І выйшаў Майсей, і прамовіў да народу словы ГОСПАДА, і склікаў семдзясят старшыняў народу, і паставіў іх вакол Намёту.

І сышоў Гасподзь у воблаку і гутарыў зь ім, і ўзяў ад Духа, Які на ім, і даў сямідзесяці мужчынам старэйшынам. І калі спачыў на іх Дух, яны пачалі прарочыць, але потым перасталі.
 
І ГОСПАД зыйшоў у воблаку, і гаварыў з ім, і ўзяў з духа, які быў на [Майсею], і даў сямідзесяці старшыням. І сталася, што дух супачыў на іх, і яны прарочылі, і перасталі.

Двое мужчын заставаліся ў табары, імя аднаго Элдад, а імя другога Модад; але і на іх спачыў дух, і яны прарочылі ў табары.
 
А два чалавекі засталіся ў табары, імя аднаго Эльдад, а другога — Мэдад. І на іх зыйшоў дух, бо былі яны пакліканыя, але не пайшлі ў Намёт. І яны прарочылі ў табары.

І прыбег хлопчык, і данёс Майсею, і сказаў: Элдад і Модад прарочаць у табары.
 
І прыбег юнак, і паведаміў Майсею, і сказаў: «Эльдад і Мэдад прарочаць у табары».

У адказ на гэта Ісус, сын Наваў, службіт Майсееў, адзін з выбраных ягоных, сказаў: спадару мой Майсею! забарані ім.
 
І адказаў Егошуа, сын Нуна, які ад юнацтва свайго быў на паслузе ў Майсея: «Гаспадару мой, Майсей, забарані ім!»

Але Майсей сказаў яму: ці не раўнуеш ты за мяне? о, калі б усе ў народзе Гасподнім былі прарокі, калі б Гасподзь паслаў Духа Свайго на іх!
 
Але Майсей сказаў яму: «Ці не зайздросны ты замест мяне? Каб жа ўвесь народ так прарочыў, калі дасьць ім ГОСПАД Духа Свайго!»

І вярнуўся Майсей у табар, ён і старэйшыны Ізраілевыя.
 
І вярнуліся ў табар Майсей і старшыні Ізраіля.

І падняўся вецер ад Госпада, і прынёс ад мора перапёлак, і накідаў іх каля табара, на дзень дарогі з аднаго боку і на дзень дарогі з другога боку табара, амаль на два локці ад зямлі.
 
І зыйшоў вецер ад ГОСПАДА, і прынёс ад мора перапёлак, і кінуў іх на табар з абодвух бакоў на дзень дарогі, і пакрылі яны аблічча зямлю на два локці [вышыні].

І ўстаў народ, і ўвесь той дзень і ўсю ноч і ўвесь наступны дзень зьбіралі перапёлак; і хто мала зьбіраў, той назьбіраў дзесяць хомераў: і расклалі іх сабе вакол табара.
 
І ўстаў народ, і ўвесь той дзень і ўсю ноч, і ўвесь наступны дзень зьбіралі перапёлак; хто мала сабраў, прынёс ня менш дзесяці гомараў; і разлажылі іх навакол табару.

Мяса яшчэ было ў зубах у іх і ня было зьедзена, як гнеў Гасподні запаліўся на народ, і пакараў Гасподзь народ даволі моцнаю пошасьцю.
 
Яшчэ мяса было ў зубах іхніх і не было яшчэ зьедзена, калі ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць народу і ўдарыў ГОСПАД народ плягаю вельмі вялікай.

І далі назву мясьціне гэтай: Кіброт-Гатаава, бо там пахавалі прыхаматлівых людзей.
 
І назвалі імя таго месца Кіброт-Гатава, бо там пахавалі прагавіты народ.

Ад Кіброт-Гатаавы рушыў народ у Асірот і спыніліся ў Асіроце.
 
З Кіброт-Гатавы выйшаў народ у Хацэрот і былі там.