Лікі 27 разьдзел

Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І прыйшлі дочкі Салпаада, сына Хэфэра, сына Галаадавага, сына Махіравага, сына Манасіінага з пакаленьня Манасіі, сына Язэпавага, і вось імёны дочак ягоных: Махла, Ноа, Хогла, Мілка і Тырца:
 
І наблізіліся дочкі Цэлафхада, сына Хэфэра, сына Гілеада, сына Махіра, сына Манасы, з сям’і Манасы, сына Язэпа, а імёны іхнія: Махля, Ноа, Хогля, Мілька і Тырца.

і сталі перад Майсеем і перад Элеазарам сьвятаром, і перад князямі і перад усім супольствам, каля ўваходу ў скінію сходу, і сказалі:
 
І сталі яны перад абліччам Майсея і Элеазара сьвятара, і перад абліччам князёў і усёй грамады каля ўваходу ў Намёт Спатканьня, кажучы:

бацька наш памёр у пустыні, і ён ня быў у ліку саўдзельнікаў, што сабраліся супроць Госпада разам з грамадою Карэевай, але за свой грэх памёр, і сыноў у яго ня было;
 
«Бацька наш памёр у пустыні, але ня быў ён сярод грамады, якая сабралася разам з Карахам супраць ГОСПАДА, бо ён памёр у граху сваім, і не было сыноў у яго.

за што зьнікаць імю бацькі нашага зь роду ягонага, бо няма ў яго сына? дай нам долю сярод братоў бацькі нашага.
 
Чаму мае зьнікнуць імя бацькі нашага з сям’і ягонай, бо ня меў ён сына? Дайце нам уласнасьць паміж братоў бацькі нашага».

І падаў Майсей справу іхнюю Госпаду.
 
І прынёс Майсей справу іхнюю перад аблічча ГОСПАДА.

І сказаў Гасподзь Майсею:
 
І сказаў ГОСПАД Майсею, кажучы:

праўду кажуць дочкі Салпаадавыя; дай ім спадчынны надзел сярод братоў бацькі іхняга і перадай ім надзел бацькі іхняга;
 
«[Справядліва] дамагаюцца дочкі Цэлафхада. Дай ім уласнасьць, спадчыну паміж братоў бацькі іхняга, і няхай яны маюць спадчыну бацькі іхняга.

і сынам Ізраілевым абвясьці і скажы: калі хто памрэ, ня маючы сына, дык перадавайце надзел ягоны дачцэ ягонай;
 
А да сыноў Ізраіля прамоў, кажучы: “Калі чалавек памрэ і сына мець ня будзе, спадчына ягоная пераходзіць на дачку ягоную.

а калі няма ў яго дачкі, перадавайце надзел ягоны братам ягоным;
 
Калі ён ня мае дачкі, спадчыну ягоную аддайце братам ягоным.

а калі няма ў яго братоў, аддавайце надзел ягоны братам бацькі ягонага;
 
Калі ён ня мае братоў, аддайце спадчыну ягоную братам бацькі ягонага.

а калі няма братоў бацькі ягонага, аддайце надзел ягоны блізкаму ягонаму родзічу з пакаленьня ягонага, каб ён успадкаваў яго; і хай будзе гэта сынам Ізраілевым пастаўлена ў закон, як загадаў Гасподзь Майсею.
 
Калі няма братоў бацькі ягонага, тады спадчына ягоная пераходзіць найбліжэйшаму сваяку ў сям’і ягонай, і ён возьме спадчыну”. І гэта будзе пастанова для сыноў Ізраіля, прысуд, які загадаў ГОСПАД Майсею».

І сказаў Гасподзь Майсею: падыміся на гэтую гару Аварым, і паглядзі на зямлю, якую Я дам сынам Ізраілевым;
 
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Узыйдзі на гару Абарым і паглядзі на зямлю, якую Я дам сынам Ізраіля.

і калі паглядзіш на яе, прыкладзіся да народу свайго і ты, як прыклаўся Аарон, брат твой;
 
І ты ўбачыш яе, і будзеш далучаны да народу свайго, як быў далучаны Аарон, брат твой,

бо вы не паслухаліся загаду Майго ў пустыні Сін, падчас раздору супольства, каб выявіць перад вачыма іхнімі сьвятасьць Маю каля водаў.
 
бо вы супрацівіліся [слову] з вуснаў Маіх у пустыні Сін падчас бунту грамады, бо вы не зьявілі сьвятасьць Маю перад вачыма іхнімі, [даючы ім] вады». Гэта вада Мэрывы каля Кадэшу ў пустыні Сін.

І сказаў Майсей Госпаду, кажучы:
 
І прамовіў Майсей да ГОСПАДА, кажучы:

хай паставіць Гасподзь, Бог духаў усякай плоці, над супольствам гэтым чалавека,
 
«Няхай ГОСПАД, Бог духаў і кожнага цела, прызначыць чалавека, які [будзе кіраваць] грамадой гэтай,

які выходзіў бы перад імі і які ўваходзіў бы перад імі, які выводзіў бы іх, каб не засталося супольства Гасподняе, як авечкі, у якіх няма пастуха.
 
і які будзе выходзіць і ўваходзіць перад абліччам іхнім, выводзіць іх і ўводзіць, каб ня сталася грамада ГОСПАДА як авечкі без пастуха».

І сказаў Гасподзь Майсею: вазьмі сабе Ісуса, сына Нава, чалавека, у якім ёсьць Дух, і пакладзі на яго руку тваю,
 
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вазьмі Егошуа, сына Нуна, чалавека, на якім Дух [Божы]; і ўскладзі рукі твае на яго.

і пастаў яго перад Элеазарам сьвятаром і перад усім супольствам, і дай яму настаўленьне перад вачыма іхнімі,
 
І пастаў яго перад абліччам Элеазара сьвятара і перад абліччам усёй грамады, і перад вачыма іхнімі пастаў яго [правадыром].

і дай яму ад славы тваёй, каб слухала яго ўсё супольства сыноў Ізраілевых;
 
І ўладай сваёй падтрымай яго, каб слухала яго ўся грамада сыноў Ізраіля.

і будзе ён зьвяртацца да Элеазара сьвятара і пытацца ў яго пра рашэньне праз урым перад Госпадам; і па ягоным слове павінны ўваходзіць ён і ўсе сыны Ізраілевыя зь ім і ўсё супольства.
 
І стане ён перад абліччам Элеазара сьвятара, а ён пра яго спытаецца перад абліччам ГОСПАДА праз суд урыму. Паводле [слова] з вуснаў Ягоных будзе выходзіць і ўваходзіць ён сам, і ўсе сыны Ізраіля з ім, і ўся грамада».

І зрабіў Майсей, як загадаў ім Гасподзь, і ўзяў Ісуса, і паставіў яго перад Элеазарам сьвятаром і перад усім супольствам;
 
І зрабіў Майсей так, як яму загадаў ГОСПАД. І ўзяў Егошуа, і паставіў яго перад абліччам Элеазара сьвятара і ўсёй грамады,

і паклаў на яго рукі свае і даў яму настаўленьне, як казаў Гасподзь праз Майсея.
 
і ўсклаў на яго рукі свае, і паставіў яго [правадыром], як прамовіў ГОСПАД праз Майсея.