Лікі 27 разьдзел
Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
І прыйшлі дочкі Салпаада, сына Хэфэра, сына Галаадавага, сына Махіравага, сына Манасіінага з пакаленьня Манасіі, сына Язэпавага, і вось імёны дочак ягоных: Махла, Ноа, Хогла, Мілка і Тырца:
Прыйшлі ж дочкі Салпаада, сына Хэфэра, сына Галаада, сына Махіра, сына Манасы — з роду Манасы, які быў сынам Язэпа, а імёны іх: Маала, Ноа, Хэгла, Мэлха і Тэрса.
і сталі перад Майсеем і перад Элеазарам сьвятаром, і перад князямі і перад усім супольствам, каля ўваходу ў скінію сходу, і сказалі:
І сталі яны перад Майсеем, і Элеязэрам святаром, і князямі, і перад усёю супольнасцю ля дзвярэй палаткі сустрэчы і сказалі:
бацька наш памёр у пустыні, і ён ня быў у ліку саўдзельнікаў, што сабраліся супроць Госпада разам з грамадою Карэевай, але за свой грэх памёр, і сыноў у яго ня было;
«Бацька наш памёр у пустыні, і не ўдзельнічаў у бунце Корэ супраць Госпада, але памёр у сваім граху; і ён не меў сыноў.
за што зьнікаць імю бацькі нашага зь роду ягонага, бо няма ў яго сына? дай нам долю сярод братоў бацькі нашага.
Чаму вынішчаецца імя яго ў родзе яго, бо ён не меў сына? Дайце нам уласнасць паміж братоў бацькі нашага».
І падаў Майсей справу іхнюю Госпаду.
І прынёс Майсей справу іх на суд Госпада,
І сказаў Гасподзь Майсею:
Які сказаў яму:
праўду кажуць дочкі Салпаадавыя; дай ім спадчынны надзел сярод братоў бацькі іхняга і перадай ім надзел бацькі іхняга;
«Справядліва дамагаюцца дочкі Салпаада. Дай ім уласнасць між братоў бацькі іх, і хай маюць спадчыну.
і сынам Ізраілевым абвясьці і скажы: калі хто памрэ, ня маючы сына, дык перадавайце надзел ягоны дачцэ ягонай;
Сынам жа Ізраэля скажы так: “Калі чалавек памрэ без сына, яго спадчына пераходзіць на дачку;
а калі няма ў яго дачкі, перадавайце надзел ягоны братам ягоным;
калі не будзе ў яго дачкі, спадкаемцамі хай стануць браты яго.
а калі няма ў яго братоў, аддавайце надзел ягоны братам бацькі ягонага;
Калі б і братоў не было, аддасцё спадчыну братам бацькі яго.
а калі няма братоў бацькі ягонага, аддайце надзел ягоны блізкаму ягонаму родзічу з пакаленьня ягонага, каб ён успадкаваў яго; і хай будзе гэта сынам Ізраілевым пастаўлена ў закон, як загадаў Гасподзь Майсею.
Калі і братоў у бацькі не будзе, тады яго спадчына хай пераходзіць найбліжэйшаму сваяку ў яго родзе; і хай ён возьме спадчыну. Як загадаў Госпад Майсею, так хай будзе гэта сынам Ізраэля святыняй па вечным законе”».
І сказаў Гасподзь Майсею: падыміся на гэтую гару Аварым, і паглядзі на зямлю, якую Я дам сынам Ізраілевым;
Таксама сказаў Госпад Майсею: «Узыдзі на гэту гару Абарым і паглядзі адтуль на зямлю, якую Я дам сынам Ізраэля.
і калі паглядзіш на яе, прыкладзіся да народу свайго і ты, як прыклаўся Аарон, брат твой;
І калі агледзіш яе, ты пойдзеш да народа свайго, як пайшоў брат твой, Аарон,
бо вы не паслухаліся загаду Майго ў пустыні Сін, падчас раздору супольства, каб выявіць перад вачыма іхнімі сьвятасьць Маю каля водаў.
бо вы зняважылі Мяне ў пустыні Сін у час бунту супольнасці, бо не пажадалі аб’явіць святасці Маёй перад імі на водах». Гэта вада Мэрыбы каля Кадэса ў пустыні Сін.
І сказаў Майсей Госпаду, кажучы:
Майсей адказаў Госпаду:
хай паставіць Гасподзь, Бог духаў усякай плоці, над супольствам гэтым чалавека,
«Хай прызначыць Госпад, Бог духаў і кожнага цела, чалавека, які кіраваў бы гэтай грамадою
які выходзіў бы перад імі і які ўваходзіў бы перад імі, які выводзіў бы іх, каб не засталося супольства Гасподняе, як авечкі, у якіх няма пастуха.
і мог бы выступіць перад імі, выводзіць іх або ўводзіць, каб не стаў народ Госпадаў, як авечкі без пастуха».
І сказаў Гасподзь Майсею: вазьмі сабе Ісуса, сына Нава, чалавека, у якім ёсьць Дух, і пакладзі на яго руку тваю,
І сказаў Госпад яму: «Вазьмі Ешуа, сына Нуна, чалавека, на якім прабывае Дух, і ўскладзі руку сваю на яго.
і пастаў яго перад Элеазарам сьвятаром і перад усім супольствам, і дай яму настаўленьне перад вачыма іхнімі,
І паставіш яго перад Элеязэрам святаром і ўсёй супольнасцю, і на вачах ва ўсіх дай яму загады,
і дай яму ад славы тваёй, каб слухала яго ўсё супольства сыноў Ізраілевых;
і сваёй уладай падтрымай яго, каб слухала яго ўся супольнасць сыноў Ізраэля.
і будзе ён зьвяртацца да Элеазара сьвятара і пытацца ў яго пра рашэньне праз урым перад Госпадам; і па ягоным слове павінны ўваходзіць ён і ўсе сыны Ізраілевыя зь ім і ўсё супольства.
Стане ён перад Элеязэрам святаром, які пра яго параіцца з Госпадам праз суд урыму. Паводле яго загаду будзе выходзіць і ўваходзіць ён сам, і ўсе сыны Ізраэля з ім, і ўся супольнасць».
І зрабіў Майсей, як загадаў ім Гасподзь, і ўзяў Ісуса, і паставіў яго перад Элеазарам сьвятаром і перад усім супольствам;
Майсей зрабіў так, як яму загадаў Госпад. І, калі паклікаў Ешуа, паставіў яго перад святаром Элеязэрам і ўсім прысутным народам;
і паклаў на яго рукі свае і даў яму настаўленьне, як казаў Гасподзь праз Майсея.
і, усклаўшы на галаву яго рукі, паставіў яго правадыром, як загадаў Госпад праз Майсея.