Лікі 14 разьдзел
Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
І нарабіла ўсё супольства ляманту, і плакаў народ усю тую ноч;
Дык увесь народ ў тую ноч плакаў уголас,
і наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраілевыя, і ўсё супольства сказала ім: о, лепей бы мы памерлі ў зямлі Егіпецкай, альбо сканалі ў пустыні гэтай!
і наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраэля, гаворачы: «Лепш было б, каб мы паўміралі ў Егіпце або ў той бязлюднай пустыні!
і навошта Гасподзь вядзе нас у зямлю гэтую, каб мы загінулі ад меча? жонкі нашыя і дзеці нашыя дастануцца ў здабычу ворагам; ці ня лепей нам вярнуцца ў Егіпет?
Навошта завёў нас Госпад у гэтую зямлю, каб мы загінулі ад меча, а жонкі і дзеці нашы пайшлі ў палон? Ці не лепш нам вярнуцца ў Егіпет?
І сказалі адзін аднаму: паставім сабе правадыра і вернемся ў Егіпет.
Адзін аднаму казалі: “Паставім сабе правадыра і вернемся ў Егіпет”».
І ўпалі Майсей і Аарон на абліччы свае перад усім сходам супольства сыноў Ізраілевых.
Пачуўшы гэта, Майсей і Аарон палі вобліч на зямлю перад усёй грамадою сыноў Ізраэля.
І Ісус, сын Наваў, і Халеў, сын Ефаніін, з тых, што аглядалі зямлю, разадралі вопратку на сабе
А Ешуа, сын Нуна, і Калеб, сын Ефоны, якія самі аглядалі зямлю, раздзёрлі шаты свае
і сказалі ўсяму супольству сыноў Ізраілевых: зямля, якую мы праходзілі дзеля агляду, вельмі, вельмі добрая;
і казалі ўсёй грамадзе сыноў Ізраэля: «Зямля, якую мы абышлі, вельмі добрая.
калі Гасподзь літасьцівы да нас, дык увядзе нас у зямлю гэтую і дасьць нам яе — гэтую зямлю, у якой цячэ малако і мёд;
Калі ласкавы будзе Госпад, то ўвядзе нас у яе і дасць нам зямлю, што ацякае малаком і мёдам.
толькі супроць Госпада не паўставайце і ня бойцеся народу зямлі гэтай, бо ён дастанецца нам у наедак: абароны ў іх ня стала, а з намі Гасподзь; ня бойцеся іх.
Не бунтуйце супраць Госпада і не палохайцеся народа той зямлі, бо, як хлеб, мы можам іх праглынуць. Адышла ад іх уся дапамога; Госпад з намі; не бойцеся».
І сказала ўсё супольства: пабіць іх камянямі! Але слава Гасподняя явілася ў скініі сходу ўсім сынам Ізраілевым.
І калі ўся грамада залямантавала і хацела іх укаменаваць, над палаткай сустрэчы з’явілася слава Госпада перад усімі сынамі Ізраэля,
І сказаў Гасподзь Майсею: дакуль будзе дражніць Мяне народ гэты? і дакуль ён будзе ня верыць Мне пры ўсіх азнаках, якія рабіў Я сярод яго?
і прамовіў Госпад да Майсея: «Дакуль будзе зневажаць Мяне народ гэты? І дакуль не будзе ён верыць усім знакам, якія Я ўчыніў перад ім?
пакараю яго пошасьцю і зьнішчу яго і выведу ад цябе народ болей шматлікі і мацнейшы за яго.
Такім чынам, Я адведаю іх пошасцю і вынішчу; з цябе ж зраблю вялікі народ, мацнейшы за іх».
Але Майсей сказаў Госпаду: пачуюць Егіпцяне, спасярод якіх Ты сілаю Тваёю вывеў народ гэты,
І Майсей сказаў Госпаду: «Хай пачуюць егіпцяне, з грамады якіх вывеў Ты народ гэты магутнасцю Сваёй,
і скажуць жыхарам зямлі гэтай, якія чулі, што Ты, Госпадзе, сярод народу гэтага, і што Ты, Госпадзе, дазваляеш ім бачыць Сябе твар у твар, і воблака Тваё стаіць над імі, і Ты ідзеш перад імі ўдзень у слупе воблачным, а ўначы ў слупе вогненным;
і хай яны скажуць жыхарам той зямлі, бо яны чулі, што Ты, Госпадзе, знаходзішся ў народзе гэтым і паказваешся тварам да твару, і воблака Тваё пакрывае іх, і Ты ідзеш перад імі ўдзень у слупе воблачным, а ўначы — у слупе вогненным.
і калі Ты зьнішчыш народ гэты, як аднаго чалавека, дык народы, якія чулі славу Тваю, скажуць:
І калі гэты народ заб’еш да апошняга чалавека, народы, якія чулі голас Твой, скажуць:
Гасподзь ня мог увесьці народ гэты ў зямлю, якую Ён запрысягнуўся даць яму, а таму і загубіў яго ў пустыні.
“Госпад не мог увесці народ у зямлю, аб якой ім прысягнуў, таму забіў іх у пустыні!”
Дык вось, няхай узьвялічыцца сіла Гасподняя, як Ты сказаў, кажучы:
Дык хай уславіцца магутнасць Госпада, як Ты прысягнуў, кажучы:
Гасподзь доўгацярплівы і шматлітасьцівы, даруе беззаконьні і злачынствы, і не пакідае без пакараньня, а карае беззаконьне бацькоў у дзецях да трэцяга і чацьвёртага роду.
“Госпад цярплівы ў бязмежнай міласэрнасці, што прабачае правіннасць і злачынствы і не пакідае нікога без пакарання, Ён карае грахі бацькоў на сынах да трэцяга і чацвёртага пакалення”.
Даруй грэх народу гэтаму зь вялікай міласьці Тваёй, як Ты дараваў народу гэтаму ад Егіпта дагэтуль.
Малю, даруй грэх народу гэтаму дзеля вялікай міласэрнасці Тваёй, як Ты быў ласкавы да народа гэтага ад Егіпта аж да гэтага месца».
І сказаў Гасподзь: дарую па слове тваім:
І сказаў Госпад: «Вось жа, Я прабачаю паводле слова твайго.
але жывы Я, і славай Гасподняй поўная ўся зямля;
Я жыву, і слава Госпада напаўняе ўсю зямлю!
усе, хто бачыў славу Маю і азнакі Мае, зробленыя Мною ў Егіпце і ў пустыні, і ня слухалі голасу Майго,
І ўсё ж людзі, якія бачылі веліч Маю і знакі, якія чыніў Я ў Егіпце і ў пустыні, спакушалі Мяне ўжо дзесяць разоў і не слухаліся голасу Майго,
ня ўбачаць зямлі, якую Я запрысягнуўся даць бацькам іхнім; усе, хто дражніў Мяне, ня ўбачаць яе;
не пабачаць яны зямлі, якою прысягнуў Я бацькам іх, і ніхто з тых, хто зневажаў Мяне, не будзе аглядаць яе.
але раба Майго, Халева, за тое, што ў ім быў іншы дух, і ён цалкам слухаўся Мяне, увяду ў зямлю, у якую ён хадзіў, і семя ягонае ўспадкуе яе;
Паслугача Свайго Калеба, поўнага іншага духа, які ідзе за Мною, увяду Я ў тую зямлю, якую ён абышоў, і нашчадкі яго авалодаюць ёю.
Амалікіцяне і Хананэі жывуць у даліне; заўтра павярнецеся і ідзеце ў даліну да Чэрмнага мора.
Таму што Амалек і хананеі жывуць у далінах, заўтра здыміцеся з лагера і вярніцеся ў пустыню шляхам да Чырвонага мора».
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
І казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы:
дакуль ліхое супольства гэтае будзе наракаць на Мяне? Нараканьне сыноў Ізраілевых, якім яны наракаюць на Мяне, Я чую.
«Дакуль гэтая грамада найгоршая будзе наракаць на Мяне? Чуў Я нараканні сыноў Ізраэля.
Скажы ім: жыву Я, кажа Гасподзь: як казалі вы ў вушы Мне, так і зраблю вам;
Таму скажы ім: “Жыву Я, кажа Госпад, як вы гаварылі, бо Я чуў, гэтак зраблю вам!
у пустыні гэтай палягуць целы вашыя, і ўсе вы палічаныя, колькі вас лікам, ад дваццаці гадоў і вышэй, якія наракалі на Мяне,
У гэтай пустыні будуць ляжаць трупы вашы! Усе, што палічаны былі ад дваццаці гадоў і вышэй і што наракалі на Мяне,
ня ўвойдзеце ў зямлю, на якой Я, падымаючы руку Маю, прысягаўся асяліць вас, акрамя Халева, сына Ефаніінага, і Ісуса, сына Нававага;
не ўвойдзеце вы ў зямлю, над якой Я падняў руку Сваю, каб пасяліць вас, апрача Калеба, сына Ефоны, і Ешуа, сына Нуна.
дзяцей вашых, пра якіх вы казалі, што яны дастануцца здабычай ворагам, Я ўвяду туды, і яны ўведаюць зямлю, якою вы пагардзілі,
Дзяцей жа вашых, пра якіх вы гаварылі, што будуць яны здабычай ворагаў, Я ўвяду, каб убачылі зямлю, якая вам не спадабалася.
а вашыя трупы палягуць у пустыні гэтай;
Вашы трупы будуць ляжаць у гэтай пустыні;
а сыны вашыя будуць качаваць у пустыні сорак гадоў і будуць несьці кару за блудадзейства вашае, пакуль не загінуць усе целы вашыя ў пустыні;
сыны вашы будуць пастухамі ў пустыні сорак гадоў і будуць цярпець за распусту вашу, пакуль не знікнуць трупы вашы ў пустыні.
па ліку сарака дзён, у якія вы аглядалі зямлю, вы панесяце кару за грахі вашыя сорак гадоў, год за дзень, каб вы спазналі, што значыцца быць пакінутым Мною.
Па ліку сарака дзён, на працягу якіх аглядалі вы зямлю, — год будзе залічаны за дзень, — сорак гадоў вы будзеце выносіць несправядлівасці вашы і даведаецеся, што такое помста Мая.
Я, Гасподзь, кажу і так зраблю з усім гэтым ліхім супольствам, што паўстала супроць Мяне: у пустыні гэтай усе яны загінуць і перамруць.
Я, Госпад, сказаў і так зраблю гэтай найгоршай грамадзе, што ўзбунтавалася супраць Мяне: у гэтай пустыні вы загінеце і памраце”».
І тыя, каго пасылаў Майсей на агледзіны зямлі, і якія, вярнуўшыся, узбурылі супроць яго ўсё гэта супольства, распускаючы ліхія чуткі пра зямлю,
Такім чынам, усе людзі, якіх паслаў Майсей на агляданне зямлі і якія, вярнуўшыся, прымусілі ўсю грамаду наракаць, падаючы ліхія весткі аб зямлі,
гэтыя, што распусьцілі благія чуткі пра зямлю, памерлі, пабітыя прад Госпадам;
памерлі і былі ўдараны ў прысутнасці Госпада.
толькі Ісус, сын Наваў, і Халеў, сын Ефаніін, засталіся жывыя з тых мужоў, якія хадзілі аглядаць зямлю.
Аднак Ешуа, сын Нуна, і Калеб, сын Ефоны, засталіся жывымі з усіх, хто хадзілі аглядаць зямлю.
І сказаў Майсей словы гэтыя перад усімі сынамі Ізраілевымі, і народ моцна засмуціўся.
І ўсе гэтыя словы пераказаў Майсей усім сынам Ізраэля, і народ вельмі засмуткаваў.
І ўстаўшы з самага рана, пайшлі на вяршыню гары, кажучы: вось, мы пойдзем на тое месца, пра якое сказаў Гасподзь, бо мы зграшылі.
І вось, устаўшы раніцай, узышлі яны на вяршыню гары і казалі: «Гатовы мы пайсці ў зямлю, пра якую казаў Госпад, бо мы зграшылі»,
Майсей сказаў: навошта вы пераступаеце загад Гасподні? гэта ня дасьць посьпеху;
Майсей сказаў ім: «Чаму вы пераступаеце слова Госпада? Гэта не пойдзе вам на карысць.
не хадзеце, бо няма сярод вас Госпада, каб не пабілі вас ворагі вашыя;
Не ідзіце, бо няма Госпада з вамі, каб не загінулі вы ад ворагаў вашых!
бо Амалікіцяне і Хананэі там перад вамі, і вы паляжаце ад меча, бо вы адступіліся ад Госпада, і ня будзе з вамі Госпада.
Амалекцы і хананеі перад вамі, ад іх меча загінеце, таму што вы не пажадалі знайсці супакой у Госпадзе, і не будзе з вамі Госпад».
Але яны дзёрзка рашылі падняцца на вяршыню гары; а каўчэг запавета Гасподняга і Майсей не пакідалі табару.
Але, ахутаныя цемраю, яны ўзышлі на вяршыню гары; каўчэг жа Госпадава запавету і Майсей не выйшлі з лагера.
І сышлі Амалікіцяне і Хананэі, якія жылі на гары той, і разьбілі іх, і гналі іх да Хормы.
І выйшлі амалекцы і хананеі, што пражывалі на гары, і, удараючы іх і забіваючы, гналі іх аж да Хормы.