Лікі 31 разьдзел

Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
 
І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:

адпомсьці Мадыяніцянам за сыноў Ізраілевых, і потым адыдзеш да народу твайго.
 
«Адпомсці за сыноў Ізраэля мадыянцам, а потым далучыся да народа свайго».

І сказаў Майсей народу, кажучы: узбройце спаміж сябе людзей на вайну, каб яны пайшлі супроць Мадыяніцянаў учыніць помсту Гасподнюю Мадыяніцянам;
 
І зараз жа загадаў Майсей: «Узбройце з асяроддзя свайго мужчын да бою, каб яны маглі выканаць помсту Госпада над мадыянцамі.

па тысячы з племя, ад усіх плямёнаў Ізраілевых пашлеце на вайну.
 
Выберыце па тысячы мужчын з кожнага пакалення Ізраэля і пашліце іх на вайну».

І вылучана з тысячаў Ізраілевых, па тысячы з племя, дванаццаць тысяч узброеных на вайну.
 
І выдзелена было па тысячы з кожнага пакалення, гэта значыць дванаццаць тысяч здатных да бою,

І паслаў іх Майсей на вайну, па тысячы з племя, іх і Фінээса, сына Элеазара, сьвятара, на вайну, і ў руцэ ў яго сьвяшчэнны посуд і трубы на трывогу.
 
якіх адправіў Майсей з Пінхасам, сынам Элеязэра святара. Даў яму таксама пасудзіны святыя і трубы, каб у трывозе трубіць.

І пайшлі вайною на Мадыяма, як загадаў Гасподзь Майсею, і забілі ўсіх мужчынскага полу;
 
І калі па загадзе Госпада ваявалі яны з мадыянцамі, забілі яны ўсіх мужчын

і разам з забітымі іхнімі забілі цароў Мадыямскіх: Эвія, Рэкема, Цура, Хура і Рэву, пяць цароў Мадыямскіх, і Валаама, сына Вэоравага, забілі мечам;
 
і цароў іх: Эвія, Рэкема, Сура, Гура, Рэбу, пяць цароў гэтага народа, а таксама Балаама, сына Бэора, забілі мечам;

а жанок Мадыямскіх і дзяцей іхніх сыны Ізраілевыя ўзялі ў палон, і ўсё быдла іхняе, і ўсе статкі іхнія, і ўсю маёмасьць іхнюю ўзялі як здабычу,
 
і ўзялі яны ў палон жанчын іх і дзяцей. І, як здабычу, узялі ўсю жывёлу іх і ўсю маёмасць;

і ўсе гарады іхнія ва ўладаньнях іхніх і ўсе селішчы іхнія спалілі агнём;
 
а гарады, пасяленні і лагеры іх спалілі агнём;

і ўзялі ўсё захопленае і ўсю здабычу, ад чалавека да быдла;
 
і забралі яны здабычу сваю, як людзей, так і жывёлу,

і даставілі палонных і здабычу і захопленае да Майсея і да Элеазара сьвятара і да супольства сыноў Ізраілевых, да табара, на раўніны Маавіцкія, што каля Ярдана, насупраць Ерыхона.
 
і прывялі яны палонных, здабычу і нарабаванае да Майсея і Элеязэра святара і да ўсёй супольнасці сыноў Ізраэля ў лагер на раўнінах Мааба, над Ярданам, супраць Ерыхона.

І выйшлі Майсей і Элеазар сьвятар і ўсе князі супольства насустрач ім з табара.
 
Майсей, святар Элеязэр і ўсе князі супольнасці выйшлі з лагера насустрач ім.

І ўгневаўся Майсей на ваеначальнікаў, тысячнікаў і сотнікаў, якія прыйшлі з вайны,
 
І, загневаўшыся на кіраўнікоў войска, на тысячнікаў і сотнікаў, якія вярталіся з вайны, Майсей

і сказаў ім Майсей: вы пакінулі жывымі ўсіх жанчын?
 
казаў ім: «Чаму вы захавалі ўсіх жанчын?

вось яны, з парады Валаамавай, былі сынам Ізраілевым прычынаю адступленьня ад Госпада дзеля дагоды Фэгору, за што і параза была ў супольстве Гасподнім;
 
Ці ж не яны за намовай Балаама псавалі сыноў Ізраэля і нявернымі зрабілі вас перад Госпадам праз Пэгора? Таму і знішчаны быў народ Госпадаў.

дык вось, забеце ўсіх дзяцей мужчынскага полу, і ўсіх жанчын, якія спазналі мужа на мужавым ложку, забеце;
 
Дык забіце ўсіх дзяцей мужчынскага полу ды ўсіх жанчын, якія жылі з мужчынамі, знішчыце,

а ўсіх дзяцей жаночага полу, якія не спазналі мужавага ложка, пакіньце жывымі сабе;
 
дзяўчат жа і ўсіх жанчын, што не жылі з мужчынамі, пакіньце сабе.

і прабудзьце за табарам сем дзён; кожны, хто забіў чалавека і дакрануўся да мёртвага, ачысьціцеся на трэці дзень і на сёмы дзень, вы і палонныя вашыя;
 
І вы будзьце па-за лагерам сем дзён; хто забіў чалавека або дакрануўся да забітага, мусіць ачысціцца трэцяга і сёмага дня, як вы, так і вашы палонныя.

і ўсё адзеньне, і ўсе скураныя рэчы, і ўсё зробленае з казінай воўны, і ўвесь драўляны посуд ачысьціце.
 
І ачысціце ўсю здабычу вашу: або адзенне, або штосьці, падрыхтаванае да ўжывання, з казіных шкур і з поўсці, і з драўляных рэчаў».

І сказаў Элеазар сьвятар воінам, якія хадзілі на вайну: вось пастанова закона, які наказаў Гасподзь Майсею:
 
Таксама сказаў наступнае Элеязэр святар ваярам, якія былі на вайне: «Такое прыказанне закону, што загадаў Госпад Майсею:

золата, срэбра, медзь, жалеза, волава і сьвінец,
 
золата, срэбра, медзь, жалеза, волава і свінец —

і ўсё, што праходзіць праз агонь, правядзеце праз агонь, каб яно ачысьцілася, а акрамя таго і ачышчальнаю вадою трэба ачысьціць; а ўсё, што не праходзіць праз агонь, правядзеце праз ваду;
 
усё, што можа прайсці праз агонь, — хай агнём будзе ачышчана; а што не пераносіць агню, хай будзе асвечана вадой ачышчэння.

і вопратку вашу вымыйце на сёмы дзень, і ачысьціцеся, і пасьля таго ўваходзьце ў табар.
 
Сёмага дня памыеце адзенне ваша, і, ужо ачышчаныя, увойдзеце ў лагер».

І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
 
Таксама сказаў Госпад Майсею:

палічы здабычу палону, ад чалавека да быдла, ты і Элеазар сьвятар і правадыры плямёнаў супольства;
 
«Палічыце ўсё, што здабыта, ад чалавека аж да жывёлы, ты і Элеязэр святар, і кіраўнікі родаў;

і падзялі здабычу напалам паміж ваярамі, якія хадзілі на вайну, і супольствам;
 
і падзеліш здабычу папалам паміж тымі, што ваявалі і выйшлі на вайну, і паміж усёй супольнасцю.

і з ваяроў, якія хадзілі на вайну, вазьмі даніну Госпаду, па адной душы зь пяцісот, зь людзей і буйнога быдла, і з аслоў і з дробнага быдла;
 
І вылучы частку Госпаду ад тых, што ваявалі і былі на вайне, — адно жывое на пяцьсот, як з людзей, так і з валоў, аслоў і авечак,

вазьмі гэта з палавіны іхняй і аддай Элеазару сьвятару дзеля прынашэньня Госпаду;
 
і дасі гэта Элеязэру святару як ахвяру Госпаду.

і з палавіны сыноў Ізраілевых вазьмі па адной долі зь пяцідзесяці, зь людзей, з буйнога быдла, з аслоў і з дробнага быдла і аддай гэта лявітам, якія служаць пры скініі Гасподняй.
 
А з паловы сыноў Ізраэля вазьмі адну частку з пяцідзесяці: з людзей, валоў, аслоў і авечак, з усяго жывога, і дасі гэта левітам, якія служаць пры скініі Госпада».

І зрабіў Майсей і Элеазар сьвятар, як загадаў Гасподзь Майсею.
 
Майсей і святар Элеязэр усё выканалі, як ім загадаў Госпад.

І было здабычы, якая засталася ад захопленага, што захапілі тыя, якія былі на вайне: дробнага быдла шэсьцьсот семдзесят пяць тысяч,
 
А здабыча, якую ваяры здабылі, налічвала шэсцьсот семдзесят пяць тысяч авечак,

буйнога быдла семдзесят дзьве тысячы,
 
семдзесят дзве тысячы валоў,

аслоў шэсьцьдзясят адна тысяча,
 
шэсцьдзесят адну тысячу аслоў,

людзей, жанчын, якія ня ведалі мужчынскага ложка, усіх душ трыццаць дзьве тысячы.
 
а людзей жаночага полу, якія яшчэ не жылі з мужчынамі, было разам трыццаць дзве тысячы.

Палавіна, доля тых, што хадзілі на вайну, пасьля падліку была: дробнага быдла трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот,
 
Палова дадзена была тым, што былі на вайне: трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот авечак,

і даніна Госпаду з дробнага быдла шэсьцьсот семдзесят пяць;
 
з якіх Госпаду далі шэсцьсот семдзесят пяць авечак,

буйнога быдла трыццаць шэсьць тысяч, і даніна зь іх Госпаду семдзесят два;
 
трыццаць шэсць тысяч валоў, з чаго Госпаду далі семдзесят два,

аслоў трыццаць тысяч пяцьсот, і даніна зь іх Госпаду шэсьцьдзясят адзін;
 
аслоў трыццаць тысяч пяцьсот, з іх Госпаду далі семдзесят два.

людзей шаснаццаць тысяч, і даніна зь іх Госпаду трыццаць дзьве душы.
 
І шаснаццаць тысяч дзяўчат, з якіх Госпаду далі трыццаць дзве асобы.

І аддаў Майсей даніну, прынашэньне Госпаду, Элеазару сьвятару, як загадаў Гасподзь Майсею.
 
Вось жа аддаў Майсей святару Элеязэру дары, прызначаныя ў ахвяру Госпаду, па загадзе, дадзеным Госпадам Майсею.

І з палавіны сыноў Ізраілевых, якую аддзяліў Майсей ад тых, што былі на вайне;
 
А з паловы для сыноў Ізраэля, якую Майсей аддзяліў ад часткі тых, хто быў на вайне, ад той паловы, што выпадала на долю супольнасці, гэта значыць:

а палавінам на долю супольства была: дробнага быдла трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот,
 
трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот авечак,

буйнога быдла трыццаць шэсьць тысяч,
 
трыццаць шэсць тысяч валоў,

аслоў трыццаць тысяч пяцьсот,
 
трыццаць тысяч пяцьсот аслоў, і з людзей

людзей шаснаццаць тысяч.
 
шаснаццаць тысяч дзяўчат — узяў Майсей —

З палавіны сыноў Ізраілевых узяў Майсей адну пяцідзясятую частку зь людзей і з быдла і аддаў гэта лявітам, якія выконваюць службу пры скініі Гасподняй, як загадаў Гасподзь Майсею.
 
адну пяцідзесятую частку з людзей і жывёлы — і аддаў яе левітам, што служаць пры скініі Госпада, як загадаў Госпад.

І прыйшлі да Майсея правадыры над тысячамі войска, тысячнікі і сотнікі,
 
І, калі прыйшлі да Майсея кіраўнікі войска, тысячнікі і сотнікі,

і сказалі Майсею: рабы твае палічылі воінаў, якія нам даручаны, і ня было ніводнага зь іх;
 
яны сказалі Майсею: «Мы, паслугачы твае, праверылі лік ваяроў, якіх мы мелі пад сваёй рукой, і высветлілася, што ні адзін не загінуў.

і вось, мы прынесьлі прынашэньне Госпаду, хто што дастаў з залатых рэчаў, ланцужкі, запясьці, пярсьцёнкі, завушніцы і падвескі, дзеля ачышчэньня душаў нашых перад Госпадам.
 
Дзеля гэтае прычыны прыносім мы ў ахвяру Госпаду ўсе знойдзеныя вырабы з золата: нажныя ўпрыгожванні і бранзалеты, пярсцёнкі і завушніцы, і каралі для ачышчэння душ нашых перад Госпадам».

І ўзяў у іх Майсей і Элеазар сьвятар золата ва ўсіх гэтых вырабах;
 
І ўзялі тады Майсей і святар Элеязэр золата і ўсе каштоўнасці;

і было ўсяго золата, якое прынесена ў прынашэньне Госпаду, шаснаццаць тысяч сямсот пяцьдзясят сікляў, ад тысячнікаў і сотнікаў.
 
усяго золата, аддадзенага тысячнікамі і сотнікамі ў ахвяру Госпаду, было шаснаццаць тысяч семсот пяцьдзесят сікляў.

Воіны рабавалі кожны сабе.
 
А кожны з ваяроў меў яшчэ свой здабытак.

І ўзяў Майсей і Элеазар сьвятар золата ад тысячнікаў і сотнікаў, і прынесьлі яго ў скінію сходу, у памяць сыноў Ізраілевых перад Госпадам.
 
І Майсей і святар Элеязэр узятае золата занеслі ў палатку сустрэчы як памятны дар сыноў Ізраэля для Госпада.