Лікі 35 разьдзел

Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І сказаў Гасподзь Майсею на раўнінах Маавіцкіх каля Ярдана насупраць Ерыхона, кажучы:
 
Таксама наступнае сказаў Госпад Майсею на раўнінах Мааба каля Ярдана насупраць Ерыхона:

загадай сынам Ізраілевым, каб яны з надзелаў валоданьня свайго далі лявітам гарады для жыхарства; і палі пры гарадах з усіх бакоў дайце лявітам.
 
«Загадай сынам Ізраэля, каб далі левітам у іх уласнасць гарады, у якіх яны б жылі, і палі вакол гарадоў,

Гарады будуць ім для жыхарства, а палі будуць для быдла іхняга і для маёмасьці іхняй і для ўсіх жыцьцёвых патрэбаў іхніх.
 
каб самі яны ў гарадах жылі, а палі каб былі для статкаў, і для маёмасці, і для ўсёй іх жывёлы;

Палі каля гарадоў, якія вы павінны даць лявітам, ад сьцяны горада павінны прасьцірацца на дзьве тысячы локцяў, ва ўсе бакі.
 
гэтая прастора хай цягнецца ад муроў гарадскіх звонку на тысячу локцяў вакол.

І адмерце за горадам на ўсходні бок дзьве тысячы локцяў, і на паўднёвы бок дзьве тысячы локцяў, а пасярэдзіне горад: такія будуць у іх палі каля гарадоў.
 
Адмерайце за горадам дзве тысячы локцяў з боку ўсходняга, дзве тысячы локцяў з боку паўднёвага, дзве тысячы локцяў з боку заходняга і дзве тысячы локцяў з боку паўночнага, каб гарады былі пасярэдзіне, а палі вакол тых гарадоў звонку.

З гарадоў, якія вы дасьце лявітам, будуць шэсьць гарадоў пад сховы, у якія вы дазволіце ўцякаць забойцу; і звыш іх дайце сорак два гарады.
 
А з саміх гарадоў, якія аддасце левітам, хай будуць шэсць гарадоў вылучаныя на дапамогу ўцекачам, каб бег у іх той, хто па няведанні праліў кроў; і, апрача гэтых гарадоў, дасце яшчэ сорак два гарады,

Усіх гарадоў, якія вы павінны даць лявітам, будзе сорак восем гарадоў, з палямі каля іх.
 
гэта значыць разам з іх палямі будзе сорак восем гарадоў.

І калі будзеце даваць гарады з валоданьня сыноў Ізраілевых, тады з большага дайце больш, зь меншага менш; кожнае племя, гледзячы па надзеле, які атрымае, павінна даць з гарадоў сваіх лявітам.
 
Пры выбары гарадоў, якія аддасце з уласнасці сыноў Ізраэля, так будзеце вырашаць: ад большага пакалення — большую іх колькасць, ад меншага — меншую; кожнае пакаленне павінна аддаць левітам колькасць гарадоў адпаведна памеру сваёй уласнасці».

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
 
Далей сказаў Госпад Майсею:

абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі вы пяройдзеце празь Ярдан у зямлю Ханаанскую,
 
«Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі пяройдзеце праз Ярдан у зямлю Ханаан,

выберце сабе гарады, якія былі б у вас гарадамі пад сховы, куды мог бы ўцячы забойца, які забіў чалавека ненаўмысна.
 
выберыце сабе гарады, што маюць быць дапамогай уцекачам, якія, не хочучы, пралілі кроў;

І будуць у вас гарады гэтыя сховішчам ад помсьніка, каб ня быў забіты забойца, перш чым ён стане перад супольствам на суд.
 
хай гэтыя гарады будуць вам абаронай ад мсціўцаў, і хай забойца захавае жыццё, пакуль не стане перад судом супольнасці.

А гарадоў, якія вы павінны даць, гарадоў-сховішчаў, павінна быць у вас шэсьць.
 
З саміх жа шасці гарадоў, якія будуць вылучаны дзеля дапамогі ўцекачам,

Тры гарады дайце па гэты бок Ярдана, і тры гарады дайце ў зямлі Ханаанскай; гарадамі-сховішчамі павінны быць яны.
 
тры хай будуць за Ярданам, а тры — у зямлі Ханаан як гарады прыбежышча

Сынам Ізраілевым і прыхадням і пасяленцам сярод вас будуць гэтыя шэсьць гарадоў сховішчам, каб уцякаць туды кожнаму, хто забіў чалавека ненаўмысна.
 
як для сыноў Ізраэля, так і для чужаземцаў або падарожнікаў, каб у гэтыя шэсць гарадоў уцякалі тыя, што ненаўмысна пралілі кроў.

Калі хто ўдарыць каго жалезнай прыладай, так што той памрэ, — дык ён забойца: забойцу трэба аддаць на сьмерць.
 
Калі ж хто ўдарыць каго жалезам, што той памрэ, тады той, хто ўдарыў, — забойца, і сам павінен памерці.

І калі хто ўдарыць каго з рукі каменем, ад якога можна памерці, так што той памрэ, — дык ён забойца: забойцу трэба аддаць на сьмерць.
 
Калі хто каго каменем ударыў, якім можна забіць, і ўдараны памер, падобна хай будзе пакараны.

Альбо, калі драўлянай прыладай, ад якое можна памерці, ударыць з рукі так, што той памрэ, — дык ён забойца: забойцу трэба аддаць на сьмерць.
 
Калі хто каго паленам так ударыў, што той памер, — ён забойца; і сам ён хай будзе пакараны смерцю.

Помсьнік за кроў сам можа забіць забойцу; як толькі спаткае таго, сам можа ўсьмерціць яго.
 
Мсціўца за кроў хай заб’е забойцу; адразу ж, як зловіць яго, можа яго забіць.

Калі хто штурхне каго зь нянавісьці, альбо наўмысна кіне на яго што-небудзь, так што той памрэ,
 
Калі хто з нянавісці напаў на чалавека, або кінуў у яго штосьці наўмысна, так што той памер,

альбо з варожасьці ўдарыць яго рукою, так што той памрэ: дык таго, хто ўдарыў, трэба аддаць сьмерці, — ён забойца; помсьнік за кроў можа ўсьмерціць забойцу, як толькі спаткае яго.
 
або калі хто ў злосці ўдарыў кулаком так, што той памер, тады той, хто ўдарыў, — забойца; і мсціўца за кроў можа яго забіць адразу ж, як сустрэне.

Калі ж ён штурхне яго незнарок, без варожасьці, альбо кіне на яго што-небудзь без намыслу,
 
Калі ж хто выпадкова і без нянавісці ўдарыў каго або кінуў у яго чым-небудзь ненаўмысна,

альбо які-небудзь камень, ад якога можна памерці, ня бачачы ўпусьціць на яго, так што той памрэ, але ён ня быў ворагам яму і не хацеў яму благога:
 
або, не бачачы яго, кінуў у яго каменем, які можа забіць, і ўдарыў яго так, што ён памер, але забойца не быў яго ворагам і не жадаў яму ліха,

дык супольства павінна рассудзіць забойцу і помсьніка за кроў паводле гэтых пастановаў;
 
то грамада павінна рассудзіць забойцу і мсціўцу за кроў на гэтай аснове,

і павінна супольства ўратаваць забойцу ад рукі помсьніка за кроў, і павінна вярнуць яго супольства ў горад сховішча ягонага, куды ён уцёк, каб ён жыў там да сьмерці вялікага сьвятара, які памазаны сьвяшчэнным алеем.
 
і грамада павінна выратаваць забойцу ад рукі мсціўцы за кроў і павінна вярнуць яго ў горад — прыбежышча яго, куды ён уцёк, каб ён там жыў да смерці першасвятара, які памазаны святым алеем.

Калі ж забойца выйдзе за мяжу горада-сховішча, у які ён уцёк,
 
Калі ж забойца выйдзе па-за межы горада-прыбежышча, у які ён уцёк,

і знойдзе яго помсьнік за кроў па-за межамі горада схову ягонага, і заб’е забойцу гэтага помсьнік за кроў, дык ня будзе на ім віны праліцьця крыві.
 
і калі мсціўца за кроў сустрэне яго па-за межамі горада прыбежышча і заб’е, тады мсціўца за кроў не вінаваты, што забіў забойцу;

Бо той павінен быў жыць у горадзе схову свайго да сьмерці вялікага сьвятара; а пасьля сьмерці вялікага сьвятара павінен быў вярнуцца забойца ў зямлю валоданьня свайго.
 
бо да смерці першасвятара павінен забойца прабываць у горадзе прыбежышча свайго. Па смерці ж першасвятара можа ён вярнуцца да сваёй спадчыны.

Хай будзе гэта ў вас устаноўлена законам у роды вашыя, ва ўсіх селішчах вашых.
 
Хай гэта будзе вам законам ва ўсе пакаленні вашы і ва ўсіх месцах пражывання вашага.

Калі хто заб’е чалавека, дык забойцу трэба забіць па словах сьведак; але аднаго сьведкі недастаткова, каб засудзіць на сьмерць.
 
Забойцу на падставе слоў сведкаў караюць смерцю; на падставе сведчання аднаго чалавека ніхто на смерць не можа быць асуджаны.

Не бярэце выкупу за душу ўбойцы, які заслужыў сьмерці, ён сьмерцю памрэ.
 
Нельга прымаць выкуп за душу забойцы, які варты смерці, павінен ён быць пакараны смерцю.

І не бярэце адкупу за таго, хто ўцёк у горад схову, каб яму дазволіць жыць у зямлі сваёй да сьмерці вялікага сьвятара.
 
Не бярыце выкуп, каб уцёк ён у горад прыбежышча свайго, а не каб ён вярнуўся і жыў у сваёй зямлі перш, чым памрэ першасвятар.

Не апаганьвайце зямлі, на якой вы будзеце жыць; бо кроў апаганьвае зямлю, і зямля ня йнакш ачышчаецца ад пралітай на ёй крыві, як крывёю таго, хто праліў яе.
 
Не паганьце зямлі прабывання вашага, бо кроў паганіць зямлю, і ніяк яна не можа быць ачышчана, як толькі праз кроў таго, хто праліў яе.

Нельга апаганьваць зямлю, на якой вы жывяце, сярод якое жыву Я; бо Я Гасподзь жыву сярод сыноў Ізраілевых.
 
Не паганьце зямлі, на якой будзеце жыць, бо Я буду жыць з вамі. Бо Я — Госпад, Які жыве сярод сыноў Ізраэля”».