Лікі 24 разьдзел

Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Валаам убачыў, што Госпаду заўгодна дабраслаўляць Ізраіля, і не пайшоў, як раней, чарадзейнічаць, а павярнуўся тварам сваім да пустыні.
 
І калі Балаам пераканаўся, што Госпаду падабаецца, каб ён дабраславіў Ізраэль, не пайшоў, як раней хадзіў, каб варажыць, але, павярнуўшы аблічча сваё да пустыні

І зірнуў Валаам і ўбачыў Ізраіля, які стаяў паводле родаў сваіх, і быў на ім Дух Божы.
 
і падняўшы вочы, убачыў Ізраэль, што стаяў лагерам па сваіх пакаленнях, і, калі агарнуў яго Дух Божы,

І прамовіў ён прытчу і сказаў: гаворыць Валаам, сын Вэораў, гаворыць муж з адкрытым вокам,
 
сказаў ён прароцтва сваё, кажучы: «Кажа Балаам, сын Бэора, кажа чалавек, у якога адкрытыя вочы,

гаворыць той, хто чуе словы Божыя, які бачыць уявы Ўсемагутнага; падае, але адкрытыя вочы ягоныя:
 
кажа той, хто чуе слова Божае, той, перад кім з’яўляецца Усемагутны, той, хто падае, але так вочы яго адкрываюцца.

такія цудоўныя намёты твае, Якаў, селішчы твае, Ізраіле!
 
О, як прыгожыя палаткі твае, Якубе, і паселішчы твае, Ізраэлю!

расьсьцілаюцца яны як даліны, як сады над ракою, як альясавыя дрэвы, пасаджаныя Госпадам, як кедры каля вады;
 
Раскінуліся яны, як даліны, як сады, што арошаны рэкамі, як дрэвы алоэ, якія Госпад пасадзіў, як кедры паблізу водаў.

пальецца вада зь вёдраў ягоных, і насеньне ягонае будзе як вялікія воды, пераўзыдзе Агага цар яго і ўзвысіцца царства ягонае.
 
Хай цячэ вада з вёдзер яго і хай зерне яго мае ўдосталь вільгаці. Хай цар яго ўзвысіцца над Агагам, і хай узнімецца царства яго.

Бог вывеў яго зь Егіпта, імклівасьць адзінарога ў яго, пажырае народы, варожыя яму, дробіць косьці іхнія і стрэламі сваімі б’е.
 
Бог вывеў яго з Егіпта, Ён для яго, як рогі буйвала. Праглыне ён народы, ворагаў сваіх, а косці іх паламае і струшчыць стрэламі сваімі.

Нахіліўся, і лёг, як леў і як ільвіца, — хто падыме яго? Хто дабраслаўляе цябе, той дабраславёны, і хто праклінае цябе, той пракляты!
 
Ён ляжыць і спіць, як леў і як ільвіца, хто адважыцца пабудзіць яго? Хто дабраславіць цябе, той і сам будзе дабраславёны, хто пракляне цябе, сам будзе пракляты!»

І ўспалымніўся гнеў Валака на Валаама, і пляснуў ён рукамі сваімі, і сказаў Валак Валааму: я паклікаў цябе праклясьці ворагаў маіх, а ты дабраслаўляеш іх вось ужо трэці раз;
 
І, разгневаны на Балаама, Балак, пляснуўшы рукамі, кажа: «На праклён ворагаў сваіх паклікаў я цябе, а іх ты ўжо трэці раз дабраславіў!

дык вось, бяжы ў сваё месца; я хацеў ушанаваць цябе, але вось, Гасподзь пазбаўляе цябе гонару.
 
Вяртайся цяпер да свайго дому! Хацеў я цябе багата ўзнагародзіць, але Госпад пазбавіў цябе прыгатаванай узнагароды».

І сказаў Валаам Валаку: «ці не казаў я паслам тваім, якіх ты пасылаеш да мяне:
 
Балаам адказаў Балаку: «Ці ж ужо тваім пасланцам, пасланым табою да мяне, не казаў я:

«хоць бы даваў мне Валак поўны свой дом срэбра і золата, не магу пераступіць загаду Гасподняга, каб зрабіць што-небудзь добрае альбо благое па сваёй волі: што скажа Гасподзь, тое і буду казаць»?
 
“Нават калі Балак дасць мне поўны свой дом срэбра і золата, не змагу працівіцца слову Госпада; ані што добрае, ані што ліхое не выкажу з сэрца свайго, але толькі тое, што Госпад скажа, тое і я скажу?”

дык вось, я іду да народу свайго; ідзі, я абвяшчу табе, што зробіць народ гэты з народам тваім зь бегам часу.
 
І цяпер, адыходзячы да народа майго, я скажу табе, што зробіць народ гэты з народам тваім у апошнія часы».

І прамовіў прыпавесьць сваю і сказаў: гаворыць Валаам, сын Вэораў, гаворыць муж з адкрытым вокам,
 
І выказаў ён прароцтва, кажучы: «Кажа Балаам, сын Бэора, кажа чалавек, які мае адкрытыя вочы;

гаворыць той, хто чуе словы Божыя, хто мае ўяву ад Усявышняга, хто бачыць уявы Ўсемагутнага, падае, але адкрытыя вочы ў яго.
 
кажа той, хто чуе словы Божыя, хто ведае думку Найвышэйшага і бачыць з’яўленні Усемагутнага, які, падаючы, мае адкрытыя вочы.

Бачу Яго, але яшчэ ня сёньня; бачу Яго, але ня блізка. Узыходзіць зорка ад Якава і паўстае жазло ад Ізраіля, і б’е князёў Маава і валіць усіх сыноў Сітавых.
 
Бачу яго, але яшчэ не цяпер; аглядаю яго, але не паблізу. Узыходзіць зорка з Якуба і паўстае скіпетр з Ізраэля; і ён струшчыць галаву Мааба і зруйнуе ўсіх сыноў Сэта.

Эдом будзе пад валоданьнем, Сэір будзе пад валоданьнем ворагаў сваіх, а Ізраіль пакажа сілу.
 
І Эдом будзе ўласнасцю яго, і Сэір стане ўласнасцю яго ад ворагаў яго; Ізраэль будзе рабіць вялікія справы.

Той, хто паходзіць ад Якава, авалодае і загубіць рэшткі горада.
 
Ад Якуба будзе валадар і знішчыць ён рэшткі з народа».

І ўгледзеў ён Амаліка, і прамовіў прытчу сваю, і сказаў: першы з народаў Амалік, але канец ягоны — пагібель.
 
І, калі ўбачыў ён Амалека, абвясціў прароцтва сваё, ён сказаў: «Амалек — першы з народаў, рэшткі яго знікнуць».

І ўгледзеў ён Кенэяў, і прамовіў ён прыпавесьць сваю, і сказаў: моцнае селішча тваё, і на скале ўладжана гняздо тваё;
 
Убачыў таксама кінэяў, і абвясціў прароцтва сваё, і сказаў: «Моцнае жытло тваё і на скале пабудавана тваё гняздо;

але спустошаны будзе Каін, і неўзабаве Асур паняволіць цябе.
 
але і яно прызначана на знішчэнне, калі Асур зняволіць цябе».

І прамовіў прыпавесьць сваю і сказаў: гора, хто ацалее, калі навядзе гэта Бог!
 
І абвясціў прароцтва сваё, і зноў сказаў ён: «Гора! Хто будзе жыць, калі Бог зробіць гэта?

прыйдуць караблі ад Кітыма і ўрымсьцяць Асура і ўрымсьцяць Эвэра; але і ім пагібель!
 
Прыплывуць караблі з Кітыма, і перамогуць асірыйцаў, і спустошаць Гебэр, але ўрэшце і самі загінуць».

І ўстаў Валаам і пайшоў назад у сваю мясьціну, а Валак таксама пайшоў сваёю дарогаю.
 
І ўстаў Балаам і вярнуўся на сваё месца; Балак жа дарогай, якой прыйшоў, пайшоў назад.