Лікі 24 разьдзел

Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Валаам убачыў, што Госпаду заўгодна дабраслаўляць Ізраіля, і не пайшоў, як раней, чарадзейнічаць, а павярнуўся тварам сваім да пустыні.
 
І Валаам абачыў, што люба ў ваччу СПАДАРА дабраславіць Ізраеля, і не пайшоў, як першыя два разы, на сустрэчу з чарамі, але зьвярнуўся відам сваім да пустыні.

І зірнуў Валаам і ўбачыў Ізраіля, які стаяў паводле родаў сваіх, і быў на ім Дух Божы.
 
І ўзьняў Валаам вочы свае, і абачыў Ізраеля, што жыў па плямёнах сваіх, і быў на ім Дух Божы.

І прамовіў ён прытчу і сказаў: гаворыць Валаам, сын Вэораў, гаворыць муж з адкрытым вокам,
 
І падняў ён прыпавесьць сваю, і сказаў: «Цьвердзе Валаам Веаронак, і цьвердзе муж із адчыненым вокам,

гаворыць той, хто чуе словы Божыя, які бачыць уявы Ўсемагутнага; падае, але адкрытыя вочы ягоныя:
 
Цьвердзе тый, што чуе словы Божыя, каторы бача відзень Усемагучага; валіцца, але адчыненыя вочы ў яго.

такія цудоўныя намёты твае, Якаў, селішчы твае, Ізраіле!
 
Якія пазорныя буданы твае, Якаве, вітальні твае, Ізраелю!

расьсьцілаюцца яны як даліны, як сады над ракою, як альясавыя дрэвы, пасаджаныя Госпадам, як кедры каля вады;
 
Як даліны, пашырыліся яны, як сады ля ракі, як алёйныя дзервы, пасаджаныя СПАДАРОМ, як кедры ля водаў.

пальецца вада зь вёдраў ягоных, і насеньне ягонае будзе як вялікія воды, пераўзыдзе Агага цар яго і ўзвысіцца царства ягонае.
 
Пальлецца вада зь ведраў ягоных, і насеньне ягонае ў вялікіх водах, і пярэйдзе Аґаґа кароль ягоны, і ўзьвялічыцца каралеўства ягонае.

Бог вывеў яго зь Егіпта, імклівасьць адзінарога ў яго, пажырае народы, варожыя яму, дробіць косьці іхнія і стрэламі сваімі б’е.
 
Бог вывеў яго зь Ягіпту, барзьдзіня адзінарога ў яго; зжарэць народы, праціўныя яму, і косьці іхныя пакрыша, і стрэламі сваімі паразіць.

Нахіліўся, і лёг, як леў і як ільвіца, — хто падыме яго? Хто дабраслаўляе цябе, той дабраславёны, і хто праклінае цябе, той пракляты!
 
Нахінуўся, ляжыць як леў і як лявіца, хто падыйме яго? Дабраславячы цябе дабраславены, і праклінаючы цябе пракляты!»

І ўспалымніўся гнеў Валака на Валаама, і пляснуў ён рукамі сваімі, і сказаў Валак Валааму: я паклікаў цябе праклясьці ворагаў маіх, а ты дабраслаўляеш іх вось ужо трэці раз;
 
І ўзгарэўся гневам Валак на Валаама, і ляснуў ён рукамі, і сказаў Валак Валааму: «Праклінаць маіх варагоў пазваў я цябе, і вось, ты дабраславячы дабраславіш іх ужо трэйчы.

дык вось, бяжы ў сваё месца; я хацеў ушанаваць цябе, але вось, Гасподзь пазбаўляе цябе гонару.
 
Дык цяпер бяжы сабе на свае месца; казаў я, што ўчшчу цябе, але вось, СПАДАР спабывае цябе сьці».

І сказаў Валаам Валаку: «ці не казаў я паслам тваім, якіх ты пасылаеш да мяне:
 
І сказаў Валаам Валаку: «Ці не таксама паслом тваім, каторых ты паслаў да мяне, гукаў я кажучы:

«хоць бы даваў мне Валак поўны свой дом срэбра і золата, не магу пераступіць загаду Гасподняга, каб зрабіць што-небудзь добрае альбо благое па сваёй волі: што скажа Гасподзь, тое і буду казаць»?
 
"Калі б даваў імне Валак поўны свой дом срэбла а золата, не магу пераступіць слова СПАДАРОВАГА, каб зрабіць добрае альбо ліхое ад сэрца свайго: што скажа СПАДАР, тое й буду гукаць".

дык вось, я іду да народу свайго; ідзі, я абвяшчу табе, што зробіць народ гэты з народам тваім зь бегам часу.
 
Дык, вось, я йду да люду свайго; хадзі, я накажу табе, што зробе люд гэты люду твайму апошніх дзён».

І прамовіў прыпавесьць сваю і сказаў: гаворыць Валаам, сын Вэораў, гаворыць муж з адкрытым вокам,
 
І ўзьняў прыпавесьць сваю, і сказаў: «Цьвердзе Валаам Веаронак, і цьвердзе муж із адчыненым вокам,

гаворыць той, хто чуе словы Божыя, хто мае ўяву ад Усявышняга, хто бачыць уявы Ўсемагутнага, падае, але адкрытыя вочы ў яго.
 
Цьвердзе тый, што чуе словы Божыя, ведае веду Навышняга, каторы мае відзень Усемагучага; валіцца, але адчыненыя вочы ягоныя.

Бачу Яго, але яшчэ ня сёньня; бачу Яго, але ня блізка. Узыходзіць зорка ад Якава і паўстае жазло ад Ізраіля, і б’е князёў Маава і валіць усіх сыноў Сітавых.
 
Бачу Яго, але не цяпер яшчэ; гляджу на Яго, але ня зблізку. Узыходзе зорка зь Якава, і паўстаець посах із Ізраеля, і паломе вуглы Моававы, і зьнішча ўсіх сыноў Сыфовых.

Эдом будзе пад валоданьнем, Сэір будзе пад валоданьнем ворагаў сваіх, а Ізраіль пакажа сілу.
 
І будзе Едом дзяржаваю, і Сэір будзе дзяржаваю варагоў сваіх, а Ізраель будзе дзеяць адважна.

Той, хто паходзіць ад Якава, авалодае і загубіць рэшткі горада.
 
І апануе паходзячы зь Якава, і выгубе астачы зь места».

І ўгледзеў ён Амаліка, і прамовіў прытчу сваю, і сказаў: першы з народаў Амалік, але канец ягоны — пагібель.
 
І абачыў ён Амаліка, і ўзьняў прыпавесьць сваю, і сказаў: «Першы з народаў Амалік, але наапошку навекі загіне».

І ўгледзеў ён Кенэяў, і прамовіў ён прыпавесьць сваю, і сказаў: моцнае селішча тваё, і на скале ўладжана гняздо тваё;
 
І абачыў ён Кенян, і ўзьняў прыпавесьць сваю, і сказаў: «Моцная сяліба твая, і зьвіў ты гняздо свае на скале.

але спустошаны будзе Каін, і неўзабаве Асур паняволіць цябе.
 
Але ты Кеней будзеш на спустошаньне, пакуль Асур павядзець цябе ў палон».

І прамовіў прыпавесьць сваю і сказаў: гора, хто ацалее, калі навядзе гэта Бог!
 
І ўзьняў прыпавесьць сваю, і сказаў: «Гора, хто застанецца жывы, як навядзець гэта Бог!

прыйдуць караблі ад Кітыма і ўрымсьцяць Асура і ўрымсьцяць Эвэра; але і ім пагібель!
 
І прыйдуць караблі з Кітыму, і будуць мучыць Асура, і будуць мучыць Евера, але й самы навекі загінуць».

І ўстаў Валаам і пайшоў назад у сваю мясьціну, а Валак таксама пайшоў сваёю дарогаю.
 
І ўстаў Валаам, і пайшоў, і зьвярнуўся на свае месца; таксама Валак пайшоў сваёй дарогаю.